Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Падарунак ветэранам (1999 г., Культура)

Падарунак ветэранам (1999 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПАДАРУНАК ВЕТЭРАНАМ

У мяне ёсць звычка не захоўваць старыя рэчы. Куфэркам для асабліва значных рэліквій застаецца мая памяць. Бо яна змяняецца разам са мной – і не баіцца ролі "эксперта-дарадчыка", самастойна ўскладаючы на свае эфемерна-тумановыя плечы адказнасць за тое, што захоўваць і як. Яна – мая "каменная сцяна", што ахоўвае мяне ад расчараванняў. У іншым выпадку, калі дзівосная сукенка былой лялькі-прынцэсы раптам аказваецца кавалкам зашмыганай анучы, вярнуцца да рамантыкі ўспамінаў ужо немагчыма. Як ні смешна, але менавіта гэтая, здавалася б, нічым не абумоўленая думка бураўчыкам свярліла мне галаву падчас прагляду "Севастопальскага вальса".

Рамантычную музычную камедыю К. Лістава наш тэатр аперэты абраў у якасці святочнага падарунка ветэранам. Не будзем удакладняць, хто асабіста спыніў выбар на творы, які быў папулярны ў 60-ыя і нясе на сабе стылістычна-ідэалагічны адбітак 50-ых. Усё ж галоўнае – вынік, які можа быць нечаканым нават пры самай строгай сістэме "заказаў".

Дык вось, бабулі плакалі, успамінаючы свае першыя пасляваенныя вальсы. Паклонніцы Аляксея Ісаева глядзелі на ўлюбёнага артыста-прэм'ера праз акуляры і біноклі з настальгічна-ружовым шклом. А мяне не пакідала ўражанне, што я на гастрольным спектаклі нейкага тэатра з невялічкага правінцыйнага гарадка, якіх так многа параскідана па Расіі.

На сцэну выходзілі аперэтачна-штампаваныя героі са звыклымі амплуа, пераапранутыя па модзе 40-50-ых. Амаль усе артысты "пераігрывалі", утрыравалі і тэкст і жэсты, выглядаючы тэатральна-ненатуральнымі ў ролях "простых савецкіх людзей". Выключэннем была хіба толькі Ала Баранава, якая ўносіла ў гэту "вампуку" свежае дыханне маладосці, чысціні і юначага азарту. Калі крыху перафразаваць радок паэта, яна была – бы той прамень святла на пыльным... не, не еўрапейскім, як у арыгінале Л. Дранько-Майсюка, а на пыльным постсавецкім лісці.

Вядома, гэты пыл старанна здзьмухвалі падчас рэдагавання. Традыцыя татальнага рэдагавання аперэт пайшла ў нас з паслякастрычніцкіх часоў, калі так званае "нэпманаўскае" мастацтва прыстасоўвалі да савецкіх ідэй. Вось толькі не заўсёды згадвалі аўтараў тых пераробак, так што і дасюль рэдакцыі многіх папулярных твораў мы лічым за арыгіналы. На гэты раз на афішах сціпла было пазначана: "літаратурна-сцэнічная рэдакцыя І. Шыцікавай".

На самой жа справе "руку прыкладалі" куды больш творцаў, бо рэдагавалі не толькі літаратурны тэкст, але і музычны. Да таго ж, уласна музычная рэдактура, як мне падалося, была куды больш прынцыповай за трансфармацыі ў лібрэта, бо прывяла да стылістычных змен.

Увядзенне ў партытуру шматлікіх тагачасных песень не толькі нагадала, што ў зачыненыя вокны Тэатра музкамедыі фукае постмадэрн, але і змяніла драматургію спектакля: устаўны канцэртны нумар у другой дзеі пашырыўся да цэлай сцэны, а напрыканцы першай магла б з'явіцца трагічна-ўзнёслая кульмінацыя. Магла б, бо фальшывы сольны запеў вядомай песні "Гібель "Варага", а таксама "фальшыва-старанна" пастаўленая сцэна "няроўнага бою" пакідаюць, замест гераічнай рамантыкі, адчуванне няёмкасці. Затое аркестроўка, у параўнанні з арыгіналам, і сапраўды значна палепшана.

На жаль, нешматлікія знаходкі спектакля (а лепей сказаць – "вынаходніцтвы", выкліканыя імкненнем да таннасці) тонуць сярод тон эстэтычнага смецця, якое ўсплыло з мінулых дзесяцігоддзяў на паверхню 90-ых. І прымушаюць задумацца, куды будзе "вальсіраваць" наш тэатр далей: да "савецкай" аперэты і музычнай камедыі з песнямі і скокамі ці да замежнага мюзікла з усё пакуль новымі для нас рытмамі і пластыкай, а, можа, усё ж да распрацовак нацыянальнага кшталту, якіх апошнім часам так бракуе.

Але ж усё ідзе да таго, што прыйдзе наш тэатр да аперэты новавенскай і будзе тыражыраваць "мыльныя оперы" ў нібыта тэатральным, але зусім не тэатралізавана-відовішчным варыянце – тое, што патрэбна так званаму "сярэднестатыстычнаму" гледачу. Ды толькі – так не хочацца, каб усё гэта спраўдзілася...

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 1999. – 21–27 жн. – С. 9.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: