Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Пакуль ёсць людзі рускія..." (1985 г., Тэатральны Мінск)

"Пакуль ёсць людзі рускія..." (1985 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

"ПАКУЛЬ ЁСЦЬ ЛЮДЗІ РУСКІЯ..."

Сёння проста дзіўна, што гэта прэм'ера не адбылася раней! Сама постаць галоўнага героя – "лятучага гусара" і паэта-эпікурэйца, здавалася, паказвала на жыццялюбівы і яскравы жанр аперэты. Праўда, існавала зусім рэальная пагроза: за гусарскімі ківерамі і менцікамі, за знешнім антуражам прагледзець значныя гісторыка-сацыяльныя моманты (не забудзем, што палкоўнік Давыдаў – адзін з заснавальнікаў партызанскага руху ў Айчыннай вайне 1812 г.), ды вопыт аперэты ў засваенні Шоу, Растана, Грыбаедава, Шолахава абнадзейваў. Толькі ў дадзеным выпадку гаворка ішла аб складанасці спасціжэння не літаратурнага, а жыццёвага матэрыялу. П'еса ж У. Салаўёва выразна грашыла адназначнасцю, аблегчанасцю асноўных характараў, пэўнай сюжэтнай эскізнасцю. Асаблівую адказнасць на ўсю пастановачную групу накладвала тое, што спектакль рыхтаваўся да 40-годдзя Вялікай Перамогі, і не ўлічваць філасофскай і грамадзянскай вышыні новай савецкай "ваеннай" літаратуры было проста немагчыма.

...Неўзабаве адкрыецца заслона, і мы ўбачым на сцэне Расію. На драўляным, шэрым, зямлістым памосце – невялічкія, быццам лялечныя, хаты, над імі ўзвышаюцца фігуры людзей. I ў цэнтры – залацістыя макаўкі царквы. У змене іх колеру – пульсацыя нерва спектакля: ад вечаровага, элегічнага фіялету – да палаючай, трагічнай чырвані, калі са сцен выступяць метафары вечнасці – строгія і смутныя твары святых (сцэнограф У. Жданаў). Вытрымаць іх позіркі, іх маўклівае суседства дадзена не ўсім героям: крыкліва апранутыя арыстакраты (чужыя і свае) – толькі госці на вечным "балі" жыцця, затое ўпэўнена і цвёрда стаяць на шэрым памосце людзі ў гусарскіх мундзірах і стылізаванай народнай вопратцы, для якіх Расія – не толькі месца, дзе жывуць, але і тое, чым жывуць (мастак па касцюмах В. Жалонкіна).

Гэта ідэя супрацьстаяння глыбіннага народнага патрыятызму і бездухоўнага касмапалітызму прасочваецца ў спектаклі літаральна на ўсіх узроўнях.

Кампазітар А. Мдзівані надзяліў прадстаўнікоў народа шчымлівай прастатой і задушэўнасцю народнага меласу (песня Андрэя) і выкарыстаў дысгарманічныя, дысанансныя формы для характарыстыкі "вышэйшага" свету ("Крывы баль"). Прычым ад гэтага музычная партытура не стала аднастайнай: у ёй гучаць стылізаваныя раманс, пастараль, вальс, марш і г. д. Выкарыстанне інтанацый савецкіх масавых песень у фінальных хорах магло б, відаць, разануць вуха слухача, каб не было забяспечана высокім эмацыянальным і сэнсавым напаўненнем. Выклікае здзіўленне хутчэй тое, што гэтыя нумары не маюць лагічнай музычнай кропкі і нечакана заканчваюцца дамінантай у міноры. Хочацца пажадаць кампазітару і большай увагі да тэсітурнай зручнасці яго вакалу, які павінен даць мажлівасць голасу саліста прагучаць больш поўна і нязмушана.

У значнай ступені паклапаціўся пра гэта музычны кіраўнік пастаноўкі і дырыжор Г. Аляксандраў, які дамогся мяккасці і роўнасці гучання аркестра, выразнасці мелодыка-дынамічнай градацыі. Дырыжор не забываецца пра акампаніруючую функцыю аркестра ў спектаклі, таму ў спевах салістаў і хору прачытваюцца не толькі асноўная тэма, але і асобныя нюансы (хормайстар Н. Андросава).

Падобную задачу – спалучыць панарамнасць, маштабнасць гістарычнай фрэскі з дакладнасцю нюансаў, непаўторнасцю, пластычнай канкрэтнасцю жывых чалавечых характараў – паспяхова вырашыў і рэжысёр Б. Утораў. Спектакль яшчэ раз пацвердзіў высокі прафесіяналізм пастаноўшчыка і разам з тым падкрэсліў некаторыя характэрныя асаблівасці яго творчага почырку. Як і ў ранейшых работах, у "Дзянісе Давыдаве" рэжысёр выразна цураецца бытавізму, таго сумнага праўдападабенства, ад якога далёка да высокай мастацкай праўды. Б. Утораў любіць яскравую сцэнічную метафару, але напаўняе, абжывае яе псіхалагічна дакладнымі дэталямі і падрабязнасцямі. I гэта зусім заканамерна, бо чым больш умоўныя абставіны прапануюцца акцёру, тым больш натуральна, "безумоўна" павінен ён у іх існаваць. А аперэта – як вядома, жанр гранічна ўмоўны.

Падыходзячы да працы пастаноўшчыка "з халодным вокам", можна адшукаць у ёй пэўныя выдаткі: прамалінейнасць масавых сцэн, аднатыпнасць фіналаў I і II дзеі, – аднак усё гэта абгрунтавана музычным або драматычным матэрыялам твора. Не баючыся папрокаў у кансерватыўнасці, Б. Утораў выводзіць хор на авансцэну, бо разумее, што і ў вакальным, і ў эмацыянальным плане спектакль ад гэтага толькі выйграе.

Майстэрства рэжысёра выявілася і ў рабоце з акцёрамі. Пастаноўка вызначаецца добрай акцёрскай ансамблевасцю, якая патрабуе разнастайнасці творчых індывідуальнасцей, а не іх нівеліроўкі.

Р. Харык дэманструе ў галоўнай ролі зайздросны прафесіяналізм, іграе тэмпераментна, захоплена, але самыя дарагія ў яго – глыбокія, насычаныя акцёрскія паўзы, пасля якіх кранаюча проста і важна прагучаць словы аб сапраўднай людской славе і сапраўдным высакародстве.

Тонка, імпульсіўна са шматлікімі нюансамі і адначасова выразна акрэсленым стрыжнем характару іграе Агнесу Н. Гайда; дакладна, але больш стрымана, "флегматычна" – В. Пятліцкая; Кутузава – з увагай да знешняй характарнасці і на сённяшні дзень больш пераканаўча – А. Ранцанц, проста і лаканічна – К. Лосеў. С. Якавец у ролі Насці пранізлівая і вострадраматычная, але ў вакале мае схільнасць да пэўнага завышэння гуку, тады як З. Вяржбіцкая спявае больш дакладна, але некалькі прыгладжвае сцэнічны малюнак гераіні. На ўзроўні асабістай абаяльнасці стварае вобраз дзеншчыка Андрэя Г. Казлоў. У гэтай ролі ён некалькі "фрачны", арыстакратычны, што надае вобразу пэўнае адценне стылізацыі "пад народ". Надзвычай арганічна, часам імправізацыйна існуе ў ролі Бекетава А. Кузьмянкоў, яшчэ раз пацвярджаючы сур'ёзнасць свайго стаўлення да прафесіі.

Натуральна і адначасова тэмпераментна пражываюць лёсы сваіх герояў У. Лінкевіч, А. Кузьмін, А. Касцецкі, шчымлівую і чыстую ноту ўносіць у спектакль "маленькі гусар" – Слава Нікіцін. Плённа папрацаваў над агульнай пластычнай культурай пастаноўкі балетмайстар В. Саркісьян.

Высокая суладнасць усіх кампанентаў твора робіць глядацкае ўражанне ад яго цэласным і выразным. Я быў на спектаклі неаднаразова і магу засведчыць: "Дзяніс Давыдаў" карыстаецца вялікім поспехам, выклікае шчырую эмацыянальную рэакцыю залы. I не асобныя рэжысёрскія знаходкі, дэталі афармлення ці нават работы акцёраў хвалююць. Хвалюе глыбінны патрыятызм.

В. КАРАТАЙ.
Тэатральны Мінск. – 1985. – № 6.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: