Главная \ Пресса \ Пра паэзію і прозу (1994 г., Літаратура і мастацтва)
« Назад

ПРА ПАЭЗІЮ І ПРОЗУ

Разважанні пасля прэм'еры аперэты "Халопка" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі

Цудоўнае слова: "паэзія". Цудоўнае яго тлумачэнне: "вытанчанасць і прыгажосць чаго-небудзь, што абуджае пачуццё зачараванасці". Каб звацца паэтам і выклікаць гэтае самае пачуццё, зусім неабавязкова займацца рыфмапляценнем, таму што паэты ёсць у самых розных справах. Паэтамі могуць быць краўцы, шаўцы, кухары. I гэта вельмі добра.

Ну, а зараз давайце ўявім такую гісторыю.

У вас ёсць, напрыклад, добры сябра, якога вы лічыце кулінарам ад Бога. Кухарства для яго – таемны рытуал, сапраўдная магія. Яго стравы заўсёды арыгінальныя, незвычайныя, і кожны раз ён варожыць над імі, быццам паэт над рыфмамі. I вы любіце яго менавіта за тое, што ў сваёй справе ён – чараўнік, і ніякія кулінарныя рэцэпты і парады яму непатрэбны: ён выдумляе іх сам. I вось аднойчы з ім адбываецца нешта незразумелае. Нечакана для сябе і для вас ён купляе кулінарную кнігу – вялікую, разумную, грунтоўную, захапляецца ёю і... замест Паэта робіцца вучоным. Вы прыходзіце да яго, і ён шчыра, як і заўсёды, частуе вас новай стравай, аднак на гэты раз не сваёй, а кніжнай. Паспытаўшы пачастунак, вы адразу ж адчуваеце расчараванне. Ах, як непадобна гэта на тое, што гатаваў ваш сябра без усялякіх кніг! Ён чакае вашай адзнакі яго кулінарнага майстэрства, пераконваючы вас, што страва гэтая – каларыйная, пажыўная, карысная і г. д., і г. д., і г. д. Але ўсе ягоныя словы перабівае неапетытны пах і прэсны смак. Толькі з-за павагі да свайго сябра вы ўсё-такі вымушаеце сябе з'есці пачастунак, аднак моташна робіцца не толькі вашаму страўніку, але й душы таксама. Бо ваш знаёмец ператварыўся з Чараўніка ў звычайнага кашавара, і адным паэтам зрабілася менш... 

Гэтай нафантазіраванай гісторыяй мне чамусьці захацелася пачаць свае разважанні наконт чарговай прэм'еры ў беларускай музкамедыі – "Халопкі" М. Стрэльнікава. Спектакль, на маю думку, атрымаўся бяскрылым, сумным і прэсным, нягледзячы на тое, што ставіў яго безумоўна таленавіты і незвычайны рэжысёр Вячаслаў Цюпа. Для мяне асабіста ягонае імя дужа важкае і аўтарытэтнае, каб лішні раз дакараць ды кпіць з няўдачы. Маё захапленне музычным тэатрам пачыналася менавіта са спектакляў Цюпы, і заўсёды мне здавалася, што ён увасабляе паэзію ў рэжысуры. "Пачуццё зачараванасці" – толькі малая частка тых добрых пачуццяў, якія выклікалі і выклікаюць лепшыя спектаклі В. Цюпы: "Сірано", "Клоп", "Хэло, Долі!" у тэатры музычнай камедыі, "Дзікае паляванне караля Стаха" ў беларускім оперным. У самых удалых сваіх работах ён праявіўся як рэжысёр-рамантык, як сапраўдны Паэт свайго жанру. Яго бязмежная фантазія дапамагала яму ствараць спектаклі унікальныя, адзінкавыя, непаўторныя ў сваёй адметнасці.

Зразумела, не ўсё, што ён ставіў, было бясспрэчна. Мне здаецца, гэтаму рэжысёру больш удаюцца пастаноўкі сучасных твораў – тых, у якіх ён у пэўнай меры з'яўляецца першаадкрывальнікам. Вядома, напрыклад, што "Кармэн", якую В. Цюпа ставіў у ДАВТе, выклікала цэлы шквал дыскусій, і меркаванні большасці гледачоў ды крытыкаў былі зусім не на карысць ягонай трактоўкі. Што зробіш. Класіка ёсць класіка. Яна цягне за сабой цэлы шлейф стэрэатыпаў, якія складваюцца ў гледачоў ці слухачоў ва ўспрыманні добра вядомых твораў. Гэта аксіёма. Іншая справа – добра тое ці дрэнна. Не буду зараз працягваць гэтую тэму. Прынамсі, пастаноўка класічнай оперы "Кармэн" многімі была залічана ў разрад творчых няўдач В. Цюпы.

Але вось – "Халопка", яшчэ адна сустрэча рэжысёра з класічным творам (праўда, "Халопку" і "Кармэн" нельга нават параўноўваць. Розныя жанры, розныя гістарычныя эпохі, розныя ўзроўні музычнай драматургіі. І тым не менш "Халопка" лічыцца класікай. Класікай савецкай аперэты). На гэты раз, лічу, – няўдача бясспрэчная. Можна сказаць, нават правал. У чым прычына?

Можа, у тым, што спектакль рыхтаваўся больш як год? Пастановачна тэрмін расцягнуўся неверагодна, і, можа, на нейкім этапе рэжысёр і акцёры выдыхнуліся? Ва ўсякім разе, мне падалося, што на здачы спектакля і на першых прэм'ерных паказах акцёры працавалі з пэўнай доляй стомленасці, ці, як любілі ў нас раней казаць, "без агеньчыка". I гэта адчувалася ў глядзельнай зале.

А, можа, прычына ў іншым?

Пастаноўшчыкі спектакля з самых найлепшых намераў вырашылі прадставіць стрэльнікаўскі твор у яго першапачатковым выглядзе. Як сказана ў праграмцы, "тэатр ставіў перад сабой задачу максімальнага набліжэння да першакрыніцы, ачышчэння драматургічнага і музычнага матэрыялу ад шматлікіх наслаенняў і пераробак... Раскрыты купюры, адноўлена шмат музычных нумароў, якія існавалі толькі ў чарнавым аўтарскім варыянце і ніколі раней не выконваліся". Дарэчы, аўтарскі клавір дырыжор-пастаноўшчык спектакля Аляксандр Сасноўскі атрымаў літаральна з першых рук – ад сына М. Стрэльнікава, да якога ездзіў у Пецярбург.

Пастаноўшчыкі агоралі сапраўды падзвіжніцкую працу, і ў словах маіх няма ні каліўца іроніі. Але ці патрэбны былі гэткія гераічныя намаганні? Ну, адкрылі купюры, "ачысцілі", "наблізілі", "аднавілі". А ў выніку атрымалі амаль чатырохгадзіннае аморфнае і маруднае дзеянне. Дык, можа, і не трэба было адкрываць і аднаўляць тое, што хтосьці свядома "закрыў" і аддаў забыццю? Аперэта "Халопка" – гэткі савецкі двайнік кальманаўскай "Прынцэсы цырка". Аднак, як высветлілася, Стрэльнікаў, даруйце, – зусім не Кальман. У ягоным творы ёсць некалькі цудоўных мелодый (напрыклад, дуэт галоўных герояў, сцэна "Бразготкі", "Гусарская песня"), аднак, як мне здаецца, не трэба было аддаваць спектакль на водкуп музыцы, колькасць якой перавысіла якасць. Дый лібрэта аказалася грувасткім. Сам В. Цюпа, думаецца, зразумеў гэта, і пасля прэм'еры вырашыў ужо скараціць 3-ю дзею. Аднак агульнага ладу спектакля гэта не змяніла: ён застаўся расцягнутым і сумным.

Мне асабіста не вельмі блізкая ў "Халопцы" і яшчэ адна асаблівасць, якая ў большай ці меншай ступені пачала выяўляцца ва ўсіх апошніх пастаноўках В. Цюпы. Часам, каб дагадзіць уласнай канцэпцыі спектакля, ён жорстка падпарадкоўвае акцёраў сваёй волі, сваім ідэям, якія не заўсёды зразумелыя ні ім, артыстам, ні гледачам. Ну чаму, чаму так дзіўна развіваюцца адносіны галоўных герояў "Халопкі" – Віялеты і Андрэя? Чаму рэжысёр літаральна не дазваляе ім быць побач, проста набліжацца адно да аднаго на сцэне? Чаму кожны з іх існуе сам па сабе і ўсе дыялогі і дуэты прамаўляюцца ды спяваюцца ледзьве не ў процілеглыя кулісы? Чаму ў фінале 2-й дзеі, у той момант, калі зняважаную Віялету нахабны Кутайсаў трасе, як грушу, Андрэй спакойна стаіць спінай да іх, рыхтык манумент на п'едэстале? А ў 3-й дзеі замест развязкі ў адносінах герояў рэжысёр прапануе... іх маўклівы павольны праход злева-направа і справа-налева...

I дзеля гэтага трэба было ставіць спектакль працягласцю ў тры з паловай гадзіны? 

Дарэчы, такі вялікі прамежак часу – не адзіны "рэкорд" новай пастаноўкі. Гэта не толькі самы доўгі, але, мне здаецца, і самы шыкоўны, раскошны спектакль за ўсю гісторыю існавання нашага тэатра музкамедыі. Праўда, такія хвалебныя эпітэты выклікаюць пераважна ўражанні ад касцюмаў – фантастычна, казачна прыгожых (мастак – В. Жалонкіна). А вось дэкарацыі (сцэнограф – У. Жданаў) падаліся мне залішне лапідарнымі, простымі, пазбаўленымі вытанчанасці.

Яшчэ адзін "рэкорд" – незлічоная колькасць дзейных асоб і ўдзельнікаў спектакля. Тут і салісты, і хор (новы галоўны хормайстар тэатра Тамара Гуліна зрабіла хор тэатра моцным, зладжаным калектывам, і гэта ўжо адзначалася не раз. Вось і ў "Халопцы" артысты хору зноў, прадэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства), і артысты балета – у спектаклі ёсць цудоўны балетны дывертысмент (балетмайстар – Н. Дзячэнка), ну і, нарэшце, дзеці, якія таксама ўдзельнічаюць у пастаноўцы, выконваючы "дэкаратыўныя" функцыі. Ой, ледзь не забылася яшчэ пра двух чароўных сабачкаў, якіх дэманструе іхні ўладальнік – акцёр Г. Казлоў. Усё гэта, безумоўна, выклікае замілаванне. Але няўжо фантазія рэжысёра, якой ён заўжды славіўся, так вычарпалася, што для заваёвы гледачоў ён здатны ўжо і на тое, каб выцягваць на сцэну сабак і дзяцей? Якая ўжо тут паэзія...

Усё ў "Халопцы" падаецца адасобленым: хор, салісты, балет, аркестр. Мяне вельмі здзівіла, што заўжды чуйны да спевакоў дырыжор А. Сасноўскі тут дазваляе сабе глушыць іх аркестрам, не дае, магчымасці паспяваць у задавальненне, літаральна абрываючы апошнія, самыя эфектныя ноты. 

На прэс-канферэнцыі пасля здачы спектакля В. Цюпа сказаў: "Я ставіў спектакль-сувенір". Усе неабходныя для гэтага атрыбуты ў "Халопцы" і праўда ёсць: сарафаны, какошнікі, доўгія косы, цыганскія скокі, кашулі да каленяў, узоры гжэлі і нават ансамбль, які сімвалізуе тройку "з бразготкамі"... Як той казаў, "сделали нам красиво". Толькі навошта? Уся гэтая прыгажосць самакаштоўная, не болей, таму што ў спектаклі няма еднасці, нейкай агульнай мэты, дзеля якой яго ставілі. Замест яе – усёпаглынаючая гігантаманія.

Самая галоўная вартасць спектакля, як і заўсёды, – гэта акцёры. Не перастаю паўтараць, што ў беларускім тэатры музкамедыі працуюць цудоўныя, таленавітыя акцёры, дзякуючы якім ужо доўгі час ён лічыцца самым моцным сярод аналагічных тэатраў былога Саюза. У "Халопцы" занятыя акцёры розных пакаленняў, і кожны заслугоўвае самых добрых слоў: Людміла Станевіч і Святлана Лугава, Уладзімір Пятроў і Васіль Мінгалёў, Генадзь Нікіцін і Святлана Якавец, Леся Лют, Герман Казлоў, Зінаіда Вяржбіцкая, Пётр Рыдзігер. Але акцёры – не богі, і іхняе майстэрства ўсё ж не кампенсуе недахопаў пастаноўкі.

Публіка прымае спектакль па-рознаму. Хтосьці паспешліва знікае пасля I акта, хтосьці з суровым тварам цярпліва выседжвае да канца, а хтосьці і "брава" крычыць у фінале. Адна дама нават сказала, што спектаклі накшталт "Халопкі" выклікаюць у яе жаданне надзець новую вопратку, туфлі на высокіх абцасах ды ісці на спектакль, падобна пецярбургскім "нафталінавым бабулям". Адносна апошніх я думаю: няўжо ж гэта тая публіка, пра якую марыў рэжысёр?..


Вольга БРЫЛОН.
Літаратура і мастацтва. – 1994. – 17 чэрв. – С. 11.