Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Прафесар Хігінс" з Сан-Францыска (2000 г., Літаратура і мастацтва)

"Прафесар Хігінс" з Сан-Францыска (2000 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

"ПРАФЕСАР ХІГІНС" З САН-ФРАНЦЫСКА

Скончыўся чарговы сезон у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. Сярод яго падзей адмыслова вылучылася адна (дакладней, дзве, якія адбыліся ў адзін вечар на сцэне сталічнай філармоніі). Народная артыстка Беларусі Наталля Гайда ладзіла свой бенефіс. Бенефіс, які прынёс асалоду ад сустрэчы з яе іскрыстым талентам, а таксама ад сюрпрызу, падараванага гледачам (і, як мне здаецца, самой Наталлі Віктараўне) у той вечар.

Бенефіс Прымадонны беларускай аперэты стаўся цудоўным святам вакальнай музыкі. У выкананні Н. Гайды гучалі не толькі арыі з аперэт, але і чароўныя рамансы. На сцэне і ў зале панаваў дзівосны настрой, які гераіні вечара дапамагалі ствараць нашы вядомыя артысты-спевакі: У. Пятроў, А. Мельнікаў, З. Вяржбіцкая, Г. Казлоў, В. Мінгалёў.

Сам канцэрт Н. Гайды – гэта падзея. А ў той вечар быў яшчэ і сюрпрыз. Наталля Віктараўна прызнавалася, што да апошняга моманту не верыла, што ўсё спраўдзіцца. Але, на вялікае шчасце, усё ж адбываюцца чароўныя сустрэчы, сустрэчы праз многія гады. У бенефісе Наталлі Гайды ўзяў удзел... заслужаны артыст Беларусі Рыгор Харык – госць з Сан-Францыска!

Ён літаральна выбег на сцэну. Ён усміхаўся, але ж у вачах, здавалася, стаялі слёзы радасці. Ад сустрэчы з родным Мінскам, з калегамі, з публікай. Такія ж эмоцыі ахоплівалі і залу: упэўненая, што не было сярод гледачоў ніводнага раўнадушнага. Уражанне было такое, як быццам мы вярнуліся на 8 гадоў назад: Р. Харык знешне зусім не змяніўся. Думаю, чытачам – аматарам аперэты не трэба прадстаўляць гэтага артыста, які многія гады быў вядучым салістам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі, пакуль у 1992 годзе не з'ехаў у ЗША.

Сцэны, дуэты, арыі ў выкананні Н. Гайды і Р. Харыка гучалі ў другой частцы канцэртнай праграмы...

На другі дзень мне ўдалося пагутарыць з Рыгорам Ільічом – нягледзячы на тое, што часу зусім не было (назаўтра ён адлятаў з Мінска) і што артыста літаральна "разрывалі на часткі".

– Рыгор Ільіч, якія ўражанні склаліся ў вас ад наведвання роднага тэатра?

– Я вельмі ўсхваляваны: я сустрэў сваіх калег. А калі сядзеў у зале на спектаклі, уяўляў, што стаю на сцэне і іграю ролю... Мне хочацца засяродзіць увагу вось на чым: калі я ад'язджаў, гэта быў другі тэатр пасля опернага. Цяпер тэатр не на належным узроўні, ён заслугоўвае большага. Ва ўсім свеце разумеюць, што музычны тэатр – гэта вельмі складанае мастацтва. Яму патрэбны грошы. Беларусь – незалежная краіна, яна павінна мець такі тэатр, і гэтаму трэба дапамагаць. Больш плаціць грошай, а, адпаведна, больш патрабаваць. А яшчэ неабходна апаратура: я з болем адчуў, што зноў у зале дрэнна чуваць – людзей, якія стараюцца.

– А якое ўражанне ў вас ад Мінска?

– Ад Мінска? Ну, гэта ж мой родны горад, я тут нарадзіўся. Я хадзіў па вуліцах, успамінаў... Я не люблю тут "Макдональдс". У Амерыцы – гэта "забягалаўка", праўда, высакаякасная; тут гэта каштуе столькі ж – а не ўсе могуць сабе дазволіць... Я думаю, што беларуская ці руская кухня не горшыя.

– Вы спяваеце ў оперы Сан-Францыска, а чаму не ў аперэце?

– Таму што яе там няма.

– А вы не сумуеце па ёй?

– Мы, канечне, стараемся па магчымасці спяваць і аперэту. Але, зразумела, я сумую. Калісьці ў Амерыцы была аперэта: Фрымль і Стотгардт, Роджэрс. Але амерыканцы без яе абыходзяцца, яна папулярная больш у Еўропе.

– Якія тэатры былога СССР вядомыя ў Амерыцы?

– Там ведаюць два тэатры: Вялікі і Кіраўскі. А тое, што тут, у Мінску, ёсць добрыя спевакі, што ў Кіеве спяваюць цудоўна, – там шырокай публіцы, на жаль, невядома.

– Рыгор Ільіч, як арганізуецца праца ў амерыканскім оперным тэатры?

– Там ёсць пастаянны хор, аркестр. А салістаў запрашаюць з усяго свету, нават з Расіі. А аднойчы я спяваў з Дамінга, праўда, ён многа, а я – не вельмі, але ж ён – оперны спявак, а я – аперэтачны. Увогуле ў мяне там іншае жыццё. Я – педагог, і даволі нядрэнны педагог. У мяне ёсць свая студыя. Мае вучні спяваюць у Нью-Йорку, у Еўропе. Вось гэта маё шчасце! Сапраўды, я добры педагог, таму што сам прайшоў праз усе цяжкасці з голасам, я ведаю, як іх пераадольваць.

– А як вы прыйшлі да педагагічнай дзейнасці?

– Усе рана ці позна да яе прыходзяць. Я гэта люблю і ўмею. Атрымліваю асалоду. Але педагагічная дзейнасць адымае многа здароўя, голасу... I, нягледзячы ні на што, я люблю яе, гэта – мая будучыня.

– Для якой публікі вы спяваеце?

– Для рознай: і для рускіх, і для амерыканцаў. Таму спяваю і на рускай мове, і на англійскай.

– Рыгор Ільіч, а чым адрозніваецца амерыканская публіка ад нашай?

– Там вельмі ўдзячная публіка. Людзі прыходзяць пасля спектакля, паціскаюць рукі. Тут такога няма. Але ж беларуская публіка больш музычна адукаваная. Не ведаю, як зараз, пра гэта вам меркаваць, а раней было так. У Амерыцы гледачы аддаюць вялікія грошы за білеты: 150, 200, 300 долараў. Для іх паход у тэатр – падзея, яны ганарацца: "Я быў у оперы". I мы, спевакі, павінны адпаведна працаваць.

– А ці пойдзе дачка па вашых слядах?

– Дачка мая – будучы адвакат. Я ёй ганаруся больш за ўсё. Яна скончыла цудоўную школу, цяпер заканчвае універсітэт у Бёрклі. Яна добрая дзяўчынка, прыгожая, цудоўна танцуе. I такая татава дачка! Яна тут атрымала выхаванне, я ёй вельмі ганаруся!

Гутарыла
Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Літаратура і мастацтва. – 2000. – 4 жн. – С. 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: