Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Калі жаніхоў зашмат (Шура Грамыка, "Літаратура і мастацтва", 30.07.2017)

Калі жаніхоў зашмат (Шура Грамыка, "Літаратура і мастацтва", 30.07.2017)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

Калі жаніхоў зашмат

Пад канец сезона ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры паставілі сатырычную аперэту "Жаніхі". Гэтым разам быў абраны твор, які не ішоў на сцэне некалькі дзясяткаў гадоў. Музыку яшчэ ў другой палове 1920-х напісаў Ісаак Дунаеўскі. Гэта адна з ранніх тэатральных работ кампазітара. У 1962 годзе яна была экранізавана на Ленінградскім тэлебачанні ў фільме "Жаніхі і Нажы".
13_30_2zhenihi
Як распавёў дырыжор-пастаноўшчык Юрый Галяс, музыкі кампазітар напісаў так шмат, што яе хапіла б на тры паўнавартасныя акты. Але ў беларускай пастаноўцы было вырашана зрабіць два дзеянні. Хормайстар-пастаноўшчык Святлана Пятрова адзначыла: "Мабыць, гэта самая мудрагелістая пастаноўка ў бягучым рэпертуары, таму што мы не дапусцілі ніводнага штампа". Нехта нават зможа адкрыць для сябе музыку Дунаеўскага наноў, без прывязкі да вядомых усім песень з кінафільмаў.

За апошнія гады на постсавецкай прасторы гэта другая пастаноўка аперэты: у маі 2014 года да твора звярнуўся Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр музычнай камедыі. Аднак паміж дзвюма версіямі ёсць істотнае адрозненне: у Расіі ідзе спрадвечна гістарычны варыянт, які апавядае пра часы НЭПа, — ён максімальна набліжаны да арыгінала. У Беларусі ж сюжэт асучаснілі, перайменавалі персанажаў у духу апавядання і галоўную гераіню — удаву — зрабілі стройнай прыгажуняй.

Аўтары арыгінальнага лібрэта — Мікалай Адуеў і Сяргей Антымонаў. На сучасны лад адаптаваць тэкст дапамог Аляксандр Зотаў, беларускі журналіст і паэт- песеннік. Ён ужо супрацоўнічаў з тэатрам падчас стварэння музычнай камедыі "Вяселле ў Малінаўцы".

У новай пастаноўцы ўсё круціцца таксама вакол вяселля. Усе пяцёра жаніхоў — канкурэнты ў барацьбе за руку новаспечанай удавы ўладальніка фешэнебельнага рэстарана Кукуева. Кожны з залётнікаў добры па-свойму: малады безыніцыятыўны шэф-повар рэстарана "Алімп" Чарпакоў, прадпрымальны і настойлівы гаспадар агенцтва рытуальных паслуг "Век жыві" Замагільны, паўнацелы грузін-таксіст Вачнадзэ, хітры загадчык більярднай пры рэстаране Лузер і каларытны паслушнік Басаў. Мужчынам патрэбна не столькі ўдава, колькі яе спадчына. Дзеля гэтага яны гатовыя ісці практычна на любыя хітрыкі, падстаўляючы адзін аднаго. Але ў канчатковым выніку няўдалыя абраннікі разбягаюцца самі ("Хто ж гэта без рэстарана ажэніцца? На адным меню..."), калі раптам "з таго свету" вяртаецца Кукуеў уласнай персонай…

Гледачоў, якія чакаюць відовішчнасці, можа ўразіць сцэна масавай бойкі (як кажуць, якое ж вяселле без бойкі?). Рэжысёр-пастаноўшчык заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі Міхаіл Кавальчык сумесна з акцёрам і рэжысёрам Віталём Катавіцкім здолеў выбудаваць гэты момант так, што ў гледача можа з’явіцца ўражанне, што ён сядзіць у кіназале і глядзіць на малюнак у "slow mo" — настолькі рэалістычна пабудавана сцэна. У апавяданне арганічна ўплецены нумар артыстаў балета аперэты і мюзікла: пяцёра афіцыянтаў з падносамі і муляжамі бутэлек на іх ліха танчаць падчас застолля, чым зрываюць апладысменты. Акрамя саміх маладых артыстаў, над гэтым нумарам, а таксама іншымі танцавальнымі сцэнамі папрацавала харэограф-пастаноўшчык Наталля Масквічова (Екацерынбург, Расія), якая адзначыла, што была пастаўлена цікавая задача — разбавіць харэаграфію акрабатычнымі элементамі. Па волі харэографа Мар’яну Кукуеву раз-пораз уздымаюць у паветра то ў адной, то ў іншай падтрымцы. Са слоў выканаўцы галоўнай жаночай ролі Наталлі Дзяменцьевай, самым складаным для яе аказаўся ўздым на чатырох більярдных кіях, падчас якога неабходна спяваць. "Роля Мар’яны Юр’еўны вельмі цікавая, — дзеліцца ўражаннямі прыма Маргарыта Александровіч. — У гераіні спалучаюцца і какецтва, і доля сцярвознасці, і нават капрызнасць".

Гратэскнасць дзеяння падкрэсліваюць грым, касцюмы і дэкарацыі, прапанаваныя мастакамі Андрэем Меранковым і Марыяй Герасімовіч. У прыватнасці, гіганцкая лялька-нявеста з сур’ёзным тварам спускаецца цягам спектакля з-пад столі: насамрэч не ўсё так радасна для нявесты і жартаваць ёй тут не да месца. Таксама нельга забыць і пра труны — більярдныя сталы: хтосьці ўспрымае смерць як гульню і падставу, каб пакпіць, а хтосьці — як трагедыю. Нельга абмінуць эпізод у выкананні жывой легенды Наталлі Гайды. Яе гераіня загадзя самастойна купляе сабе труну. Яна звярнулася ў агенцтва "Век жыві" з думкай стаць яго кліенткай. Выхад на сцэну гэтай артысткі асабліва радуе гледача, які добра ведае гісторыю музычнага тэатра Беларусі. Папоўніць яе новай пастаноўкай сатырычнага характару імкнуліся стваральнікі аперэты "Жаніхі". Моладзі, напэўна, спадабаецца, але заўзяты тэатрал, магчыма, убычыць тут карыкатуру, у тым ліку на людзей у пэўных абставінах.

Шура ГРАМЫКА
Літаратура і мастацтва. - 2017. - 30 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: