Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Сугучна святу (1985 г., Літаратура і мастацтва)

Сугучна святу (1985 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

СУГУЧНА СВЯТУ

"Дзяніс Давыдаў" у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР

Прэм'ера... Радасная і адказная падзея. Час найвышэйшага напружання творчых сіл тэатральнага калектыву. Неўзабаве спектакль будзе звыклым у стракатасці афіш, а сёння...

Сёлетнія прэм'еры асабліва значныя і хвалюючыя, бо яны праходзяць у атмасферы аднаго з самых светлых нашых святаў – 40-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. I менавіта 9 мая, у дзень Перамогі, упершыню паказаў сваю новую работу Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР – гераічную музычную камедыю "Дзяніс Давыдаў". Беларускі кампазітар А. Мдзівані напісаў яе па п'есе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР У. Салаўёва. Сугучнасць тэмы спектакля нашаму вялікаму святу, яго духу і характару – відавочная. Яркая фігура героя Айчыннай вайны 1812 года, "партызанскага палкоўніка" Дзяніса Давыдава падаецца нам глыбока сімвалічнай. Яна – увасабленне мужнасці, адвагі, патрыятызму, разам з тым, – шчодрасці і яркасці душы. I гэтыя неад'емныя якасці рускага героя любой эпохі.

"Дзяніс Давыдаў", па сутнасці, цэласнае музычна-сцэнічнае палатно, жанрава далёкае ад "гусарскага вадэвіля". Сінтэз музыкі, драматургіі, сцэнаграфіі абумоўлівае гэтую цэласнасць.

А. Мдзівані дэманструе і яркую харавую палітру, якая вызначае асаблівы, узвышаны і разам з тым журботна-прасветлены эмацыянальны тонус спектакля. Адчуваеш і разумееш гэта літаральна з першых імгненняў і да заключных акордаў, нават і ў вадэвільнай відовішчнасці многіх сцэн пастаноўкі ёсць той узвышаны эмацыянальны падтэкст, які не дае гледачу забыцца пра гераічную сутнасць падзей, пакладзеных у аснову твора. Вельмі дакладная, на мой погляд, знаходка – юны барабаншчык (Слава Нікіцін), які з'яўляецца ў фінале спектакля і спявае жалобную оду загінуўшым героям. Яго светлы і шчыры галасок, яшчэ нямоцны, але разам з тым упэўнены і рашучы, надае фіналу спектакля сімвалічныя рысы. I нібыта ўзнікае своеасаблівы часавы масток паміж XIX стагоддзем і нашымі днямі.

Відаць, не выпадкова тое, што "жывое", харавое, вакальнае гучанне звязана з характарыстыкамі герояў-патрыётаў. У спектаклі шмат спяваюць сам Давыдаў (Р. Харык), яго дзяншчык – нястомны балагур Андрэй (гэты вобраз адметна раскрыты Г. Казловым), сяброўка юнацкіх гадоў Давыдава партызанская сувязная Насця (З. Вяржбіцкая). Партыі гэтых і іншых герояў прасякнуты інтанацыямі, блізкімі і знаёмымі ўсім нам. Гэта і задушэўнасць рускай працяжнай песні, і пранікнёнасць гарадскога раманса, і зухаваты матыў рускага танца.

Асноўныя якасці прадстаўнікоў варожага лагера ў спектаклі – бяздумнасць і фанабэрыя, гатоўнасць дзеля панскага "гонару" здрадзіць свяшчэннаму ідэалу Айчыны. Менавіта такая Агнеса, якая спачатку манерна адмаўлялася ад любоўных заляцанняў Давыдава, захопленага ёю, а затым адкрыта перайшла ў лагер праціўніка. Роля Агнесы – дробнай і самалюбівай асобы, прагнай да знешняга бляску і глухой да глыбокага пачуцця – адна з найбольш складаных у спектаклі, бліскуча сыграна Н. Гайдай.

Не выпадкова, відаць, тое, што французскія персанажы ахарактарызаваны ў творы пераважна сродкамі харэаграфіі, прычым харэаграфіі своеасаблівай. Чапурыстасць танца, мішурнасць касцюма, напышлівасць рухаў – з гэтага складаецца сцэнічны вобраз французаў і салідарных з імі арыстакратаў і прадстаўнікоў рускага двара.

Харэаграфія – з найбольш удалых кампанентаў пастаноўкі. Апрача традыцыйных балетных уставак, ёсць і пантаміма, якая адлюстроўвае баталію рускіх і французскіх салдат, а таксама выразны рускі танец, які пад прымусам выконваецца сеннымі дзяўчатамі для ўвесялення пана і таму гэткі знарочыста скаваны ў рухах.

Асаблівую атмасферу дапамагае стварыць у спектаклі жывапіс (мастак-пастаноўшчык У. Жданаў). Жывапісная сцэнаграфія спрыяе экспрэсіўнаму настрою гледачоў, засяроджвае іх увагу да сцэны.

Уражваюць натхнёныя вершы самога Давыдава. Іх гучанне – своеасаблівая лірычная разрадка насычанай напружанасці масавых сцэн.

У новай рабоце адчуваецца напружаная і зацікаўленая творчая праца рэжысёра-пастаноўшчыка Б. Уторава, музычнага кіраўніка і дырыжора Г. Аляксандрава, мастака па касцюмах В. Жалонкінай, балетмайстра-пастаноўшчыка В. Саркісьяна, хормайстра Н. Андросавай, вялікага калектыву стваральнікаў спектакля.

Новае заўсёды не бясспрэчнае. Множацца думкі крытыкаў, выказваюцца часам супрацьлеглыя ацэнкі, погляды і наконт гераічнай музычнай камедыі "Дзяніс Давыдаў". Ды, як гаворыцца, самы строгі і патрабавальны суддзя – глядач. I не будзе перабольшаннем сказаць, што ў вечар прэм'еры "Дзяніса Давыдава" ў глядзельнай зале не было абыякавых. Спектакль глядзелі і слухалі прадстаўнікі розных пакаленняў і прафесій. Ветэраны вайны і студэнты, музыканты і інжынеры, дзеці і дарослыя. Аднадушнымі воплескамі зала выказала ўдзячнасць стваральнікам новага спектакля.

А. ГАРАХАВІК.
Літаратура і мастацтва. – 1985. – 2 жн. – С. 13.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: