Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тры вечары ў аперэце (1971 г., Вячэрні Мінск)

Тры вечары ў аперэце (1971 г., Вячэрні Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ТРЫ ВЕЧАНЫ Ў АПЕРЭЦЕ

Такім чынам, тры вечары ў тэатры. Тры спектаклі. Розныя па тэматыцы і вобразнаму ладу. Яны як 6ы пацвярджаюць шматграннасць жанру аперэты і багацце яго магчымасцей. Ці выпадковы такі падбор першых спектакляў Беларускага тэатра музычнай камедыі? Думаецца, што невыпадковы. Тэатр заяўляе аб сваім намеры ўзнімаць самыя разнастайныя праблемы, падтрымліваючы тэндэнцыю расшырэння традыцыйных рамак аперэты. Разам з тым ён застаецца верны галоўным прынцыпам жанру – жыццясцвярджэнню і аптымізму. 

Гэтыя тры спектаклі даюць магчымасць меркаваць не толькі аб шляху, на якім вядзе свае пошукі малады тэатр, але і яго магчымасцях, аб яго абліччы, рысы якога становяцца яснейшыя з кожным вечарам, хоць да "закончанага партрэта" яшчэ далёка. Нараджэнне тэатра – працэс складаны і працяглы. Нават першая прэм'ера і першыя апладысменты не могуць поўнасцю засведчыць факт нараджэння тэатра. Даказаць сваё існаванне творчы калектыў павінен, вытрымаўшы экзамен на давер'е і прызнанне гледачоў. Сёння, праз некалькі месяцаў пасля таго, як афішы аб'явілі аб першых спектаклях тэатра, можна сказаць, што гэта выпрабаванне ён вытрымаў. Тэатр жыве. Яго афішы выклікаюць не толькі цікавасць да новага творчага калектыву, але і жаданне сустрэцца з яго жыццярадасным мастацтвам. 

Першыя спектаклі паказалі, што тэатру блізкія і героіка, і рамантыка, і лірыка. 3 гераічным напрамкам у аперэце мы сустрэліся ў 

...ПЕРШЫ ВЕЧАР. 

Сёння – "Пяе "Жаваранак". Менавіта гэтым спектаклем тэатр пачаў сваё творчае жыццё. 

Гераічная музычная камедыя Ю. Семянякі па п'есе Н. Калаптур (вершы П. Харкова) вяртае нас да дзён барацьбы беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі. Тэма мужнасці, любві да Радзімы – галоўная ў музыцы Ю. Семянякі. Напэўна, гэтым тлумачыцца і імкненне рэжысёра У. Ажарэльева падкрэсліць гераічны пачатак у спектаклі. 

У светлы мір з дзявочымі карагодамі ўрываецца вайна. Сутыкненне гэтых дзвюх сіл падкрэсліваецца ўсімі сродкамі выразнасці – музычнымі, выяўленчымі, пластычнымі. Напеўныя мелодыі, блізкія да народнай песеннасці, змяняюцца суровымі рытмамі. 

Лейтматыў спектакля – вобраз Ірыны, спявачкі, якая ў цяжкі для Радзімы час стала разведчыцай. Складанасць гэтага характару ў яго двухпланавасці. Выканаўца павінна зліць у адным вобразе незлучальнае – рысы бясстрашнага змагара і легкадумнай спявачкі, якая служыць акупантам. Н. Гайда здолела стварыць вобраз цэласны і праўдзівы. Лёгкі, прыгожага тэмбру голас дапамагае артыстцы перадаць усе меладычныя нюансы, эмацыянальнае багацце музыкі. У Д. Івановай больш пераканаўча атрымаўся не сапраўдны твар гераіні, а яе маска, вобраз як бы раздвойваецца. 

Выканаўцам удалося пазбегнуць схематызму ў паказе ворагаў. Фанатызм штурмбанфюрэра Гофмана (Ю. Харытонаў) не карыкатурны. Гэта разумны і моцны вораг, нягледзячы на тое, што жах перад партызанамі пастаянна праследуе яго. Востры гратэск дапамагае артысту В. Ціценку выкрыць сутнасць здрадніка Віктора дэ Моля, які адмовіўся не толькі ад Радзімы, але і ад свайго імя. 

Урачыста і ўразліва заканчваецца спектакль. Фінал поўны гераічнага пафасу. Хоць сам прыём рэжысёра, калі артысты з'яўляюцца не з-за куліс, а прама з залы, далёка не новы, у дадзеным выпадку ён вельмі ўдала сімвалізуе злучэнне партызан з часцямі Савецкай Арміі, стварае патрэбны настрой у гледачоў. 

На жаль, у спектаклі не ўдалося пазбегнуць таго, што прынята называць "аперэтачнасцю" – некаторай карціннасці ў асобных сцэнах, асабліва ў паказе драматычных падзей. Мала праўдзівы эпізод бою, жыццё партызан: элегантныя паўкажушкі, папахі, ззяючыя белізной бінты... 

3 цяжкасцю верыш і ў перажыванні Дзмітрыя. Нягледзячы на ўсе старанні, на добрыя вакальныя даныя, артыст В. Бурцаў не змог пераадолець схематызм драматургіі вобраза. Між іншым, гэта не адзіны недахоп спектакля, які вынікае са слабасці літаратурнай асновы. Трэба адзначыць і сумніцельны гумар, часам адкрыта пашлаваты. Артысту В. Шалыгіну ў ролі Пятра Бусла толькі пры дапамозе асабістай абаяльнасці ўдаецца заваяваць сімпатыі гледачоў. Удалая сцэна, дзе Бусел апранаецца цыганкай, – у ёй ёсць элементы лубка, фальклорнага гумару. Але калі герою даводзіцца паўтараць нейкае недарэчнае слоўца альбо жарты наконт "петухоў ды курачак", робіцца няёмка. 

Асобныя недахопы не перашкаджаюць спектаклю радаваць гледачоў, хваляваць іх сваёй тэмай. 

А як тэатр спраўляецца з матэрыялам зусім іншага, лірыка-рамантычнага, плана? Адказ на гэта пытанне дае 

...ДРУГІ ВЕЧАР. 

Музыка цудоўнай аперэты I. Дунаеўскага "Вольны вецер" вельмі папулярная. А з яе героямі гледачы сустракаліся не толькі на сцэне, але і на экране. Таму тэатру, які бярэцца за пастаноўку гэтага твора, бывае вельмі цяжка пазбегнуць спакусы ісці пратаптанай дарогай, пераадолець штампы. Часта пастаноўшчыкі на першы план выстаўляюць гісторыю кахання Стэлы і Янга, надаючы спектаклю камернае гучанне. Пастаноўшчык А. Барсегян зрабіў галоўным героем... "вольны вецер". Барацьба маракоў за сваю свабоду і незалежнасць, якой кіруе легендарны Стэфан-мсціўца – вось тое галоўнае, аб чым хацелі расказаць стваральнікі спектакля. Таму хор у спектаклі становіцца адным з вядучых дзеючых асоб. Выдатна, з напалам пачуццяў гучаць харавыя партыі (хормайстар Н. Андросава). Што, між іншым, зусім не змяншае ролі салістаў. Стэла ў выкананні Н. Гайды вельмі абаяльная. Асабліва багаты вакальны бок створанага артысткай вобраза. Тонкі лірызм спалучаецца ў характары Стэлы з сілай і мужнасцю, гатоўнасцю да самаахвяравання ў імя выратавання каханага. 

Некалькі аднапланава вырашае вобраз Янга В. Бурцаў. Але яго герой больш жывы чалавек, чым той, якога мы бачым у выкананні К. Лосева. 

Тэмпераментна, з гумарам вядзе ролю Пепіты Н. Белавусава. А Фама і Піліп (Ю. Лазоўскі і В. Ціценка) з першага з'яўлення заваёўваюць сімпатыю залы. Прычым, мы бачым не дзяжурныя фігуры комікаў, для якіх удалы жарт – адзіная мэта. Гэта верныя таварышы, гатовыя на ўсё ў імя агульнай справы. Ну, а без жартаў маракам ніяк нельга. I артыстам удаецца стварыць у гледачоў уражанне, што ўсе гэтыя слоўцы і жарты – імправізацьія, што яны нараджаюцца цяпер, тут, на сцэне. 

Але часам здаецца, што дзеянне спектакля знарок замаруджана. У моманты кульмінацыі графічная дакладнасць мізансцэн здаецца залішняй. Узнікае адчуванне быццам дзеянне складаецца з асобных, удала зробленых кадраў. Гэта перашкаджае дынаміцы спектакля, яго рытму. 

Багацце музыкі I. Дунаеўскага, на жаль, не заўсёды поўна і ярка даносіць аркестр (дырыжор П. Кірыльчанка). 

I ўсё ж галоўнае выпрабаванне для любога тэатра аперэты – гэта класіка і, вядома, творы I. Кальмана. I вось 

...ТРЭЦІ ВЕЧАР. 

На сцэне – "Фіялка Манмартра" з яе яркай музычнасцю, іскрыстым гумарам. Трэба аддаць належнае і рэжысёру-пастаноўшчыку В. Вярбоўскай, і асабліва мастаку-пастаноўшчыку А. Марозаву – непаўторная атмасфера Манмартра, прытулку паэтаў, мастакоў і музыкантаў, перададзена тонка, з густам. Але вось з трох сяброў толькі паэт Анры (В. Бурцаў) выглядае сапраўдным французам. Мастаку Раулю (Ю. Летаў) не хапае тэмпераменту. I перажывае ён залішне напышліва. 

Цікава намечаны вобраз Мадлен (Н. Белавусава). Але, бадай, у першай частцы яе характар больш цікавы: гэта свавольная дзяўчынка, якая марыць пра багатыя ўборы. У другой частцы Мадлен – прымадона аперэты – нагадвае пародыю на капрызлівую і эгаістычную зорку сцэны. Ісціна, напэўна, недзе пасярэдзіне паміж гэтымі крайнасцямі. 

Але цэнтр і душа спектакля, вядома, Віялета. Гэта яна – фіялка Манмартра, кветка, якая вырасла на каменнях маставой. Такой мы бачым яе ў выкананні Н. Гайды і Л. Паповай. Толькі часам стваральнікі спектакля паказваюць не парыжскую дзяўчыну, вясёлую і бесклапотную, а хутчэй Золушку. У Л. Паповай нават часам з'яўляюцца ноткі меладраматызму. 

Сапраўды французскім гумарам радуе нас Франсуа (В. Шаўкалюк). Смешны і Фраскаці, міністр прыгожых мастацтваў (Ю. Лазоўскі), але хацелася б, каб акцёр крыху менш шаржыраваў. Наогул, смех у спектаклі гучыць часта. Таму артыстам няма патрэбы прымушаць гледача смяяцца любымі сродкамі – нават калі яны не вельмі добрыя. 

Арыгінальнасцю адзначаны балетныя нумары (балетмайстры Л. Травінін і М. Красоўскі). Але "Карамбаліна", у якой ёсць нешта або іспанскае, або цыганскае, уносіць у сцэну карнавала залішнюю стракатасць. 

Для безумоўнага поспеху спектаклю не хапае лёгкасці, асабліва ў выкананні музычных нумароў, і крыху французскага "шарма". 

...Можна многа гаварыць пра вартасці і недахопы кожнага спектакля. Але галоўны вынік іх – гэта добры настрой, які дорыць тэатр. 

Г. ЦВЯТКОВА. 
Вячэрні Мінск. – 1971. – 26 крас.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: