Главная \ Пресса \ Ці можа тэатр без спонсара? (Ганна Іванова, "Літаратура і мастацтва", 5.07.2013)
« Назад

ЦІ МОЖА ТЭАТР БЕЗ СПОНСАРА?

Вырашэнне праблем грамадства — у духоўным і культурным росце кожнага чалавека. Запусціць працэсы пазнання саміх сябе, падштурхнуць людзей да стваральнай працы, дапамагчы неабыякавым — гэтыя задачы вырашае беларускі бізнесмен Алег Уладзіміраў. У мінулым годзе «ЛіМ» ужо сустракаўся з мецэнатам і цікавіўся тым, што заахвоціла яго заняцца фінансавай падтрымкай беларускага акадэмічнага мастацтва і якім праектам ён аказвае дапамогу. Як сёння ідуць справы ў абранай ім сферы дзейнасці, спадар Уладзіміраў распавёў нашаму карэспандэнту.

А ЦІ БЫЎ… КОНКУРС?

— Як вы ацэньваеце вынікі сёлетняга Адкрытага конкурсу маладых вакалістаў імя Манюшкі, які гэтым разам быў прызначаны для студэнтаў-вакалістаў вышэйшых навучальных устаноў і зноў, як і ў мінулым годзе, прайшоў пры вашай фінансавай і арганізацыйнай падтрымцы?

— У цэлым я задаволены яго вынікамі. Іншы варыянт правядзення «Убельскай ластаўкі» вымагае зусім іншых грошай, а вынік быў бы, магчыма, толькі на нейкую долю працэнта лепш. Дзякуючы добрай волі кіраўніцтва Беларускага музычнага тэатра мы маем магчымасць карыстацца ўсёй яго базай, а гэта дарагога каштуе. Адзінае сур’ёзнае пытанне, якое ў мяне паўстала, — гэта чаму конкурс прайшоў абсалютна не разгорнута ў інфармацыйным плане, чаму з боку тэатра быў нейкі інфармацыйны штыль? Бо з-за гэтага ў пэўнай ступені губляецца сэнс самой падзеі.

— Вы гатовы павялічваць суму, якую ўкладаеце ў развіццё гэтага конкурсу?

— Я не бачу неабходнасці. Гэта конкурс для студэнтаў музычных ВНУ, у якім не ўдзельнічаюць прафесійныя выканаўцы. У дадзеным выпадку не трэба ў журы прывабліваць вялікімі грашыма дырэктараў тэатраў, імпрэсарыа, каб канкурсанты «засвяціліся» перад гэтымі людзьмі. Акрамя таго, сёлета ў нас адбылася фантастычная рэч: некаторыя члены журы са сваёй уласнай кішэні заплацілі прызавыя тым удзельнікам, якія ім спадабаліся ў якім-небудзь з відаў праграмы. Спачатку саліст Вялікага тэатра Ілья Сільчукоў сказаў, што хоча гэта зрабіць, затым, даведаўшыся пра такі выдатны пачын калегі, да яго далучыліся салістка Вялікага тэатра Аксана Волкава і старшыня журы конкурсу, кіраўнік Творчага калектыву «Беларуская Капэла» Віктар Скорабагатаў. На самай справе гэта нечуваная рэч, каб члены журы вакальнага конкурсу не бралі грошы, а плацілі іх!

НІКОМУ НЕ ТРЭБА?

— Да чаго вы імкняцеся ў сваёй дзейнасці?

— У мяне ёсць важны стымул. Я хачу, каб ніхто не мог сказаць «нікому нічога не трэба». Адпаведна, трэба зрабіць так, каб маладыя людзі як мінімум не маглі сфармуляваць гэтую фразу, таму што бачылі: камусьці ёсць справа да таго, што адбываецца навокал. Вось напрыклад, як Ільі Сільчукову, які свае асабістыя грошы аддае ў якасці заахвочвання маладым спевакам. Ёсць Віктар Іванавіч Скорабагатаў, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, прафесар, унікальны спецыяліст у сваёй галіне, які зрабіў столькі для беларускай музычнай культуры, што ўявіць складана! Але ён і яго каманда не могуць і не павінны быць адзінымі ў сваёй галіне. Трэба распальваць і іншыя агмені, якія створаць агульны фон і пакажуць, што ёсць такі від дзейнасці — знаходзіць нашы карані і прадстаўляць іх публічна. Аднак сёння ніякай сістэмнай дзейнасці не вядзецца, не пабудавана структуры з кантролем выніку, а менавіта: знайшлі, высветлілі аб’ём задач, размеркавалі іх, апрацавалі матэрыял, давялі да розуму, выпусцілі ў свет у выглядзе канкрэтнага канцэрта і канкрэтнага нотнага матэрыялу для працы ўсіх астатніх. Канкурэнтнага асяроддзя проста няма, усё адбываецца кропкава і выключна валявым намаганнем Віктара Скорабагатава, Ганны Каржанеўскай і яшчэ некалькіх людзей, якія неабыякава ставяцца да беларускай музычнай гісторыі.

У Віктара Іванавіча сабраны найбагацейшы матэрыял, але практычна ўвесь ён сыходзіць «у стол», а дакладней, — у велізарную шафу. Але ж павінны быць месцы ўжывання, гучання… Менавіта іх я і стараюся па меры магчымасці арганізаваць. І цяпер, калі Фестываль «Адраджэнне беларускай капэлы», які таксама праводзіць «Беларуская Капэла», сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі, я думаю над тым, што, магчыма, мне трэба пераразмеркаваць свае намаганні на яго карысць і перастаць, прыкладам, падтрымліваць у ранейшым аб’ёме іншыя свае праекты…

— Вы маеце на ўвазе Камерны музычны тэатр «Галерэя»? Вы ж самі сцвярджалі, што сёння прыватнаму тэатру немагчыма існаваць без спонсара…

13-175— Калі мы сыходзім з таго, што на сцэне трэба сусальнае золата, то немагчыма. А калі гаворым пра рэжым існавання «быць», а не «здавацца», то тэатр пражыве і наогул без спонсарскай дапамогі.

Напрыклад, камічная опера «Рыта, альбо Пірацкі трохвугольнік» у Вялікім тэатры — мілая камерная штучка, якая каштуе зусім невялікіх грошай, — асабіста ў мяне пакінула незабыўныя эмацыянальныя ўражанні. Гэта значыць, трэба выбраць фармат і правільна яго падаць. Грошы тут не адыгрываюць прынцыповай ролі, важная эмацыянальная трансляцыя, якая дайшла да адрасата. Калі яна не дайшла, то ніякае золата не дапаможа. І наогул мяне не цікавіць камерцыйны поспех — гэта клопат прадзюсара. Мяне цікавіць выключна факт, падзея. Пасля прэм’еры «Verbum Nobile» Станіслава Манюшкі я задаволены на 105 працэнтаў! Падзея адбылася, ёсць рэзананс у пэўных тэатральных і музычных колах.

ГАЛЕРЭЯ ПРОДКАЎ

— Якія планы ў Камернага музычнага тэатра «Галерэя» пасля пастаноўкі оперы Манюшкі?

— Асабіста я б яшчэ дзесяць Манюшкаў паставіў, пакуль не адновім усю яго спадчыну. А заадно яшчэ оперу Міхала Клеафаса Агінскага «Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры». Прафесар Скорабагатаў лічыць гэта прафанацыяй, сцвярджае, што ў матэрыяле шмат праблем, у тым ліку і ў аркестроўцы. Аднак мне гэта абыякава, няхай тыя, каму не спадабаецца наша інтэрпрэтацыя, зробяць лепш. Проста трэба даць першы імпульс, бо Агінскі — гэта беларускі брэнд, прызнаны шырока ва ўсім свеце, і сорамна, што адзіная опера, якую напісаў гэты кампазітар, не адноўленая.

— І вам абсалютна ўсё роўна, якой якасці прадукт атрымаецца на выхадзе?

— Так! Калі ніхто не робіць нічога, то гэта ўсё роўна будзе адзінка дзеяння. А наступны чалавек тады скажа: «Не, так няправільна» — і пераробіць. Няхай перарабляюць шэсць соцень жадаючых, няхай гэты матэрыял возьме нейкі музыкант і зробіць, дапусцім, як Шчадрын «Кармэн-сюіту». Гэта можа быць цалкам калектыўная творчасць: Агінскі працяжнік Байдаў, Агінскі працяжнік Касцяхін, Агінскі працяжнік хто заўгодна. Галоўнае, каб гэтую музыку пачулі, каб яна атрымала новае жыццё.

ДОМ-ФАНТОМ

— Наколькі мне вядома, вы спрабавалі таксама зрушыць з мёртвай кропкі сітуацыю, звязаную з радавой сядзібай Станіслава Манюшкі ў Чэрвені…

— Сядзібы Манюшкі ў Чэрвені не існуе. У 1990-я гады палякі былі зацікаўлены ў тым, каб яе аднавіць, і многае паспелі зрабіць. Аплацілі праектныя работы, кажуць нават, што і будматэрыялы. А рэальна нічога не адбылося: іншымі словамі, яны разгарнуліся, з’ехалі і больш да гэтага пытання не вярталіся. Цяпер тут знаходзіцца санаторый, які валодае зямлёй. Атрымліваецца, каб аднавіць сядзібу на гэтым самым месцы, зямлю трэба выключыць з карыстання санаторыя і даць яму іншую. Для гэтага патрэбна воля дзяржавы. Альбо можна пабудаваць сядзібу дзесьці паблізу, дзе Манюшка так ці інакш усё роўна з сачком за матылькамі ганяўся. Але мясцовыя ўлады не праяўляюць ніякай зацікаўленасці, а я не магу нікога прымушаць. Рабіць жа ўсё на камерцыйнай аснове, аплачваючы кадастравыя кошты зямель і гэтак далей, для таго каб узнавіць той музей, якім абавязаны займацца дзяржаўныя структуры, у мяне няма ніякага жадання. Такім чынам, намер дапамагчы я выказваю, а рэзанансу не адбываецца. Так што з майго боку атрымліваецца пэўная правакацыя, я магу хоць сто мільёнаў долараў прапаноўваць, але ўсё роўна нічога не адбудзецца, ніхто не праверыць маю плацежаздольнасць.

ПЫТАННІ І АДКАЗЫ

— Як вы думаеце, чаму так адбываецца?

— Галоўны «яздок» беларускага сумлення — лянота. Мне ўвесь час кажуць: «гэта немагчыма», «так нельга», «гэта ніхто не зробіць»… А потым аказваецца, што было магчыма, што можна было зрабіць і ў два разы танней, і ў дзесяць разоў хутчэй… Хтосьці сказаў: для таго каб куды-небудзь паспець, трэба проста крыху раней выйсці…

— Што вамі кіруе ў вашай працы?

— Для мяне гэта і многае іншае — проста гульня. Немагчыма ўспрымаць сур’ёзна тое, да чаго ставяцца несур’ёзна ўсе. А тыя людзі, якія нешта спрабуюць зрабіць, усё роўна не ствараюць крытычнай масы. Нічыё жыццё не варта таго, каб быць страчаным у выніку процідзеяння большасці. Гэта бессэнсоўна і кепска ў дачыненні да нашчадкаў. Трэба рабіць усё, каб дзецям было добра. Рабіць дрэнна для дзяцей нельга, не рабіць дзяцей забаронена! Трэба рабіць дзяцей і рабіць для іх добра — гэта адзіныя неабходныя рэчы. Адпаведна, усё, што не трапляе ў гэтую схему, не можа быць прынята грамадствам. Для мяне дзеці і тое, што павінна для іх адбыцца, і з’яўляецца матывам.

У нас чамусьці каштоўна толькі тое, што матэрыяльна. Калі ў доме, які называецца Палац Радзівілаў, не хапае шасцісот цаглін, то трэба ў яго пакласці гэтыя цагліны, і ён стане цэлы. Вось такія мэты і задачы нам зразумелыя. А калі гаворка ідзе пра значна больш моцны і важны падмурак — фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці?.. Мы, не вырашаючы цяпер гэтай задачы, перакладваем яе на дзяцей і ўнукаў.

На самай справе гэта ўсё прапісныя ісціны. Большасць беларусаў іх разумее, але не хоча канвертаваць у рэальныя дзеянні, у адказнасць перад сабой.

Ганна ІВАНОВА.
Фота прадастаўлена камерным музычным тэатрам «Галерэя».
Літаратура і мастацтва. – 2013. – 5 ліп. – С. 16.

На здымку: сцэна са спектакля «Verbum Nobile». Зося (Галіна Дубіцкая) і Марцін (Аляксандр Жукаў).