Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У кожнай ролі часцінка сэрца (1984 г., Тэатральны Мінск)

У кожнай ролі часцінка сэрца (1984 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

У КОЖНАЙ РОЛІ ЧАСЦІНКА СЭРЦА

Усё яго творчае жыццё звязана з тэатрам, з музыкай. Дваццаць сем гадоў на прафесіянальнай сцэне – вялікі адрэзак жыцця, перыяд бесперапынных творчых пошукаў і імкненняў, нялёгкі шлях па прыступках майстэрства.

За трынаццаць гадоў работы ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР заслужаны артыст рэспублікі Канстанцін Лосеў сыграў каля сарака роляў. Гэта былі ролі ў спектаклях яркіх і прахадных, ролі цікавыя і не, галоўныя і другарадныя, але ва ўсіх іх застаўся кавалак жыцця артыста, часцінка яго сэрца. Сцэнічнае амплуа Канстанціна Лосева – герой. У розных спектаклях ён герой лірычны, драматычны, гераічны, камедыйны. Ён з тых акцёраў, што не робяць для сябе ніякіх "скідак на жанр". На аперэтачнай сцэне разам са сцэнічным малюнкам заўсёды "жыве" яго голас.

Сцэнічнае жыццё Лосева пачалося на сцэне Горкаўскага тэатра оперы і балета. Горад Горкі – яго радзіма. Будучы артыст вучыўся ў Вінніцы ў сярэдняй музычнай школе па класе фортэпіяна, потым – у музычным вучылішчы па вакалу, адначасова завяршаючы сярэднюю адукацыю. Канстанціна Лосева "адкрыў" для мастацтва выдатны савецкі музыкаант А.В. Свешнікаў. Гастролі акадэмічнага хору рускай песні на чале са Свешнікавым у Вінніцы аказаліся для Лосева паваротным момантам у жыцці: рэктар Маскоўскай кансерваторыі Свешнікаў паслухаў хлопца, і неўзабаве з Масквы прыйшла тэлеграма. Там было толькі некалькі слоў: "Пасля здачы экзаменаў дзесяцігодцы неадкладна камандзіруйце чэрвені Лосева афармлення залічэння кансерваторыю – дырэктар Свешнікаў". Было гэта ў 1951 годзе... Уступныя экзамены былі паспяхова вытрыманы, і Лосеў быў прыняты ў славутую музычную вышэйшую навучальную ўстанову, якая дала пуцёўку ў мастацтва мноству выдатных музыкантаў.

Канстанцін Лосеў стаў оперным спеваком і на сцэне Горкаўскага опернага тэатра пачаў свой творчы шлях партыяй Фігара ў оперы Расіні "Севільскі цырульнік". Там давялося яму спяваць вядомыя партыі барытановага рэпертуару: Анегіна ў оперы "Яўгеній Анегін" П. Чайкоўскага, Жэрмона ў "Травіяце" Д. Вердзі, Ялецкага ў "Пікавай даме" Чайкоўскага. У оперы Ц. Хрэннікава "Маці" спявак стварыў вобраз Паўла Уласава... Здавалася, усё ішло як мае быць, работа прыносіла творчае задавальненне... I ўсё ж праз некаторы час Канстанцін Лосеў стаў артыстам аперэты. Нешта прымусіла яго перайсці ў новы жанр – і гэта нешта, напэўна, было магчымасцю выкарыстаць той шырокі дыяпазон творчасці, які адкрывае жанр аперэты перад выканаўцам... У Арзамаскім музычна-драматычным тэатры і Адэскім тэатры аперэты артыст за пяць гадоў стварыў вобразы галоўных герояў у аперэтах "Сільва" (Эдвін), "Вясёлая ўдава" (граф Даніла), "Вольны вецер" (Янга), "Патрабуецца гераіня" (Сяргей) і шэраг іншых.

Лосеў прыехаў у Мінск у снежні 1970 г., а ўжо 17 студзеня наступнага года выйшаў на сцэну ў першым спектаклі тэатра музычнай камедыі БССР у ролі камандзіра партызанскага атрада Дзмітрыя ў гераічнай музычнай камедыі Ю. Семянякі "Пяе Жаўранак". А потым – ролі, адна за другой, самыя розныя, якія, здавалася б, у якойсьці ступені выключалі адна адну, належалі да розных амплуа.

А якое ж у Канстаціна Лосева амплуа? Герой, як было вызначана вышэй. Але аперэтачны герой аказаўся вельмі разнапланавым. I Лосеў пастаянна, на працягу многіх гадоў дэманструе шырокія магчымасці творчасці ў аперэце. Ён – традыцыйны закаханы герой (Эдвін, Тасіла, Нікіта ў "Халопцы"); герой у літаральным значэнні гэтага слова (Назар Дума ў "Вяселлі ў Малінаўцы", суддзя Ігнат Рыгоравіч у музычнай камедыі "Бабін бунт"); герой камедыйны (Сцяпан Крыніцкі ў "Паўлінцы"). Ёсць сцэнічныя работы Канстанціна Лосева, якія нельга раскласці па гэтых звыклых амплуа, ды і патрэбы ў гэтым няма. Узяць хаця б Несцерку – адну з лепшых яго работ. Персанаж камедыйны, але не толькі. Несцерка – абаронца простых людзей, ён дапамагае ім у бядзе, выступае супраць пана і яго памагатых. Канстанцін Лосеў іграе свайго героя з поўнай творчай аддачай.

У некаторых спектаклях артысту давялося іграць па дзве ролі. У "Вольным ветры" гэта былі Янга і Філіп, у спектаклі "Бабін бунт" – старшыня хутара Сцешка і суддзя Ігнат Рыгоравіч, у "Сільве" – Эдвін і Фэры, у "Паўлінцы" – Якім і Сцяпан Крыніцкі. Яму заўсёды падабалася ў адным спектаклі ў розныя вечары выходзіць на сцэну ў розных абліччах, ствараючы каларытныя характары, далёкія адзін ад аднаго перш за ўсё сваім псіхалагічным настроем.

З цікавасцю і задавальненнем бачым мы артыста ў спектаклях апошніх гадоў: Франк у "Лятучай мышы" і Пікерынг у "Маёй чароўнай лэдзі", стары акцёр Эрнест Барысавіч у "Старых дамах" і Норбер дэ Варэн у мюзікле "О, мілы сябар"... Той, хто бачыў гэтыя спектаклі і Канстанціна Лосева ў іх, можа ўявіць па гэтых ролях шырыню творчага дыяпазону акцёра. Лосеў умее ўвайсці ва ўнутраны свет сваіх герояў, пражыць на сцэне іх жыццё; псіхалагічны малюнак кожнага персанажа, разам са сцэнічным і музычным, надае героям Лосева жыццёвую верагоднасць.

У Канстанціна Лосева – прыгожы, моцны голас. Гэта не дзіўна – ён жа ў мінулым оперны спявак. Але бывае нярэдка, што менавіта на сцэне тэатра аперэты спевакі аказваюцца не здольнымі захаваць сапраўдны вакал, "расплёскваюць" тое багацце, якім валодалі раней. Лосеў захаваў усё, чым надарыла яго прырода, што ён набыў у сценах кансерваторыі і потым – на опернай сцэне. I не выпадкова, што, побач з работай у тэатры спявак займаецца і канцэртнай дзейнасцю. У яго канцэртны рэпертуар уваходзяць творы выдатных кампазітараў мінулага і сучаснага.

Успамінаю аўтарскі канцэрт вядомага беларускага кампазітара Д. Смольскага ў Доме літаратара ў Мінску, на якім Лосеў цудоўна выканаў вакальны цыкл Д. Смольскага на вершы А. Вазнясенскага. У канцэртным рэпертуары артыста ёсць таксама вакальныя цыклы Смольскага на вершы Я. Палонскага, Ф. Цютчава, Г. Гейнэ. Не выпадкова ў адным з інтэрв'ю, гаворачы аб тым, што ў сучасным спеваку ён цэніць "перш за ўсё музычнасць, сур'ёзнасць адносін да сваёй прафесіі", кампазітар асобна вылучыў Канстанціна Лосева.

На працягу двух гадоў артыст працаваў ілюстратарам у канцэртмайстарскім класе Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Работа ілюстратара ў канцэртмайстарскім класе – гэта перш за ўсё пастаянны клопат аб накапленні рэпертуару, бо будучыя канцэртмайстры асвойваюць самыя розныя музычныя стылі. Канстанцін Лосеў выконваў оперныя арыі, камерныя творы Рахманінава, Чайкоўскага, Метнера, Малера, Мусаргскага, Шуберта, Шумана, сучасных кампазітараў, у тым ліку беларускіх – Д. Смольскага, Э. Тырманд, Р. Суруса.

Зараз спявак рыхтуе цікавую і складаную праграму для сольнага канцэрта. У яе ўвойдуць вакальныя цыклы "Раёк" Мусаргскага, "Песня аб памёршых дзецях" Малера, "Багацце" М. Чулакі, цыкл Д. Смольскага на вершы А. Вазнясенскага... 

Але, зразумела, асноўнае ў жыцці Канстанціна Лосева – работа ў тэатры, які стаў неад'емнай часткай яго жыцця. Зараз артыст закончыў работу над новай роляй у спектаклі, які толькі што паказаны гледачу, – роляй сенатара Дэльаква ў аперэце Штраўса "Ноч у Венецыі"...

А. РАКАВА.
Тэатральны Мінск. – 1984. – № 1.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: