Главная \ Пресса \ З добрай усмешкай (1976 г., Звязда)
« Назад

З ДОБРАЙ УСМЕШКАЙ

"Тыдзень вечнага кахання" – так называецца новая аперэта-вадэвіль народнага артыста рэспублікі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Ю. Семянякі па п'есе В. Зуба, прэм'ера якой адбылася ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР у снежні мінулага года. Забягаючы крыху наперад, трэба сказаць, што гледачы надзвычай прыязна сустрэлі пастаноўку гэтага вясёлага спектакля-жарта. 

Яго жывы і парадаксальны змест разгортваецца досыць хутка і нечакана. Загадчык загса Матыль, імкнучыся перавыканаць план па рэгістрацыі шлюбаў, вырашае аб'явіць "тыдзень вечнага кахання". Ён звяртаецца да ўсіх закаханых, угаворвае хутчэй выходзіць замуж сваю сакратарку і нават сасватвае загсаўскую прыбіральшчыцу Максімаўну за вартаўніка Данілу. Не абмінаюць чары Гіменея і самога Матыля. Ён, сустракаючы закаханых, працягвае красамоўна апісваць усе прывабнасці сямейнага жыцця. Многія згаджаюцца з ім, але не адважваюцца прыняць прапанову ўступіць у шлюб з-за адсутнасці кватэр. I Матыль расказвае ім, што дырэктар камбіната бытавых паслуг "Сервіс" Нарэйка – яго лепшы сябар, і абяцае маладым дапамагчы набыць кватэры ў доме, што будуе камбінат. I вось наступае час вясельнага балю, у канцы якога з'яўляецца Нарэйка і абвяшчае, што Матыль прызначаны дырэктарам камбіната, а ён сам будзе загадчыкам загса. 

Не паспявае Матыль уладкавацца ў новым кабінеце, як да яго пачынаюць прыходзіць маладажоны, патрабуючы абяцаныя кватэры. Ніякія просьбы пачакаць, пакуль будаўнікі здадуць дом, не дзейнічаюць на іх, і адзінае, што застаецца дырэктару, – гэта аддаць ім сваю трохпакаёвую кватэру, а самому з жонкай перасяліцца ў лясны будан. У лесе збіраюцца і іншыя маладажоны. Яны ўсё яшчэ не маюць кватэр і наракаюць на марудлівасць будаўнікоў. Па прапанове Каці ўсе вырашаюць дапамагчы ім, і праз некаторы час будаўніцтва заканчваецца, маладажоны спраўляюць наваселле, і ўсё, як звычайна ў музычнай камедыі, заканчваецца вельмі добра і весела. 

Такі ў агульных рысах змест новай музычнай камедыі. Але нам неабходна больш падрабязна спыніцца на найбольш важным кампаненце яе – музыцы. Да лепшых рыс яе можна аднесці мяккі лірызм, песеннасць, даступнасць, сціплую прастату. Кампазітар не карыстаўся спецыяльнай сістэмай лейтматываў для музычнай характарыстыкі галоўных герояў, але, калі ўслухоўваешся ў музыку, то заўважаеш, што вальсападобная "тэма кахання" праходзіць праз увесь спектакль, звязваючы яго музычную драматургію ў адзінае цэлае. Аднак гэта тэма не застылая – Ю. Семяняка прымяняе танальныя зрухі, шырока карыстаецца фактурнай варыяцыйнасцю. Яна гучыць то ў выкананні салістаў, то хору, то аркестра, то ўсіх разам. А ў фінале спектакля гэта ж тэма перарастае ў насычаную, бадзёрую, маршавую тэму – "Песню будаўнікоў". Трэба таксама адзначыць разнастайнасць музычных форм новага спектакля. У ім можна пачуць рэчытатыў і куплеты, песню і раманс, накцюрн і шматлікія танцы, дуэты, трыо, квартэты і хоры. 

У музычнай камедыі многа дзеючых асоб, кожная з якіх вылучаецца сваімі спецыфічнымі рысамі, характарам, паводзінамі. I ўсе яны набылі ў музыцы кампазітара надзвычай трапнае адлюстраванне, якое ўвесь час мяняецца разам са сцэнічным дзеяннем і зменамі, што адбываюцца ў характарах герояў. Так пры першым выхадзе будучай жонкі Матыля – Алімпіяды спачатку гучыць чуллівае танга, якое нібы абмалёўвае прыгожую, але пуставатую жанчыну. Аднак, па меры таго, як раскрываецца яе сапраўдны характар, музыка мяняецца і прыводзіць да песні I. Дунаеўскага "Дзякуй, сэрца", якая, як нельга лепей, падыходзіць тут да месца. 

Дарэчы, такіх рэмінісцэнцый у музыцы аперэты ёсць яшчэ некалькі, і яны не здаюцца нечым чужародным, а арганічна ўваходзяць у музычную тканіну, надаючы асаблівую сакавітасць абмалёўцы таго ці іншага вобраза. У першай сцэне Матыля з Алімпіядай, напрыклад, вельмі дарэчы гучаць неапалітанская песня "Сонейка" і "Расцвіталі яблыні і грушы". А ў сцэне, калі прайдзісвет Красунчык выдае сябе Каці за ўсходняга шэйха, які вымушаны карыстацца паслугамі "перакладчыка" Даўгагрывага, нельга без смеху слухаць, як героі, забыўшыся на сваю "замежнасць", раптам зацягваюць "Сормаўскую лірычную". Да месца гучыць "Суліко", калі той жа Красунчык, выдаючы сябе за багатага грузіна, заляцаецца да Алімпіяды, а таксама мелодыя "Вясельнага марша" Мендэльсона на балі маладажонаў. 

Да бясспрэчных удач кампазітара па праву можна аднесці партыю Каці, музыка якой спадарожнічае развіццю характару гераіні. Спачатку гэта легкадумная дзяўчына. Потым, калі да яе прыходзіць каханне, у музыцы пачынае гучаць пранікнёная лірычная мелодыя, якая набывае гераічнае гучанне пры звароце Каці да маладажонаў з заклікам ісці на дапамогу будаўнікам. 

"Тыдзень вечнага кахання" – ужо чацвёртая музычная камедыя Ю. Семянякі. Параўноўваючы яе з папярэднімі, увачавідкі бачыш, як няспынна расце майстэрства аўтара. 3 упэўненасцю можна сказаць, што музыка новага спектакля – буйны крок кампазітара наперад. 

Нельга не ўхваліць працу рэжысёра-пастаноўшчыка, заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР С. Штэйна. Яго сцэнічны варыянт п'есы В. Зуба з вершамі А. Вольскага вылучаецца большай лаканічнасцю (рэжысёр вывеў з тэкста некаторых другарадных персанажаў), яскрава акрэсленай задумай пастаноўкі, цікавымі рэжысёрскімі знаходкамі. Усе масавыя сцэны пастаўлены жыва, пазбаўлены статычнасці і дзякуючы гэтаму глядзяцца з цікавасцю. 

Нямала намаганняў для лепшага ўвасаблення музыкі спектакля прыклаў галоўны дырыжор тэатра А. Лапуноў. Дзякуючы яго нястомнай працы ўсе сольныя партыі і ансамблі гучаць роўна і пераканаўча. Ён здолеў дамагчыся інтанацыйнай чысціні аркестра, роўнасці гучання ўсіх яго груп, патрэбнай нюансіроўкі. Параўнаўча невялікі аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора гучыць у патрэбных месцах магутна, не заглушаючы, у той жа час, ні салістаў, ні хору. Гэта ансамблевасць пакідае добрае уражанне, дапамагае слухачам глыбей пранікнуць у задуму кампазітара. 

Стройна і зладжана прагучалі харавыя эпізоды спектакля (хормайстар Н. Андросава). Добра паказаў сябе балетмайстар, народны артыст рэспублікі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР С. Дрэчын. Пастаўленыя ім танцы вылучаюцца вынаходлівасцю, добрым густам. Яны з цікавасцю глядзяцца і спалучаюць у сабе элементы класічнага і сучаснага балета. 

3 адабрэннем сустрэлі гледачы афармленне мастака А. Марозава, які намаляваў сціплыя і ў той жа час надзвычай дасціпныя дэкарацыі, хоць яны і носяць умоўны і абагульнены характар. 

Новая работа тэатра вызначаецца добрым, зладжаным акцёрскім ансамблем. 3 выканаўцаў галоўных партый асаблівай пахвалы заслугоўвае заслужаная артыстка БССР Н. Гайда. У яе выкананні Каця, спачатку легкадумная, а потым сур'ёзная і сталая дзяўчына, выклікала ў слухачоў самыя шчырыя сімпатыі. У артысткі чысты, прыгожы голас, несумненнае вакальнае майстэрства, бясспрэчны артыстычны талент. Яна ў аднолькавай ступені добра спявае, іграе, танцуе. Тое самае можна сказаць і пра выканаўцу ролі Алімпіяды – артыстку В. Мазур, яка стварыла яркі, прывабны вобраз прыгожай, душэўнай і добрай жанчыны. Нельга не адзначыць і артыстак Р. Курлыкаву (Максімаўна), В. Пятліцкую (Зіначка), Л. Дуброўскую (Марына). 

Сярод выканаўцаў мужчынскіх партый вылучаецца заслужаны артыст рэспублікі В. Фаменка, які ўдала ўвасобіў на сцэне вобраз дзейнага, паважнага Матыля. У артыста добра пастаўлены голас, вялікія артыстычныя здольнасці, і дзякуючы ім галоўны герой спектакля атрымаўся пераканаўчым і прывабным. Выклікаюць цікавасць камічная партыя Данілы ў выкананні заслужанага артыста БССР В. Шаўкалюка і роля сарамлівага, занадта сціплага хлопца Міхася, даручаная артысту В. Бажэнаву. 

Пашанцавала спектаклю і на выканаўцаў ролей адмоўных герояў. Тут хочацца назваць вопытнага артыста Ю. Лазоўскага, які стварыў яркі вобраз нікчэмнага чалавека, бюракрата Нарэйкі, У. Лінкевіча ў ролі лаўца жаночых душ і кашалькоў Красунчыка, Я. Яўну, які выконвае ролю Даўгагрывага. 

Прэм'ера спадабалася, аб чым яскрава сведчылі гарачыя апладысменты – падзяка аўтарам спектакля, яго пастаноўшчыкам і калектыву артыстаў. У Беларусі з'явіўся новы значны твор – першая ў гісторыі нашай музыкі аперэта-вадэвіль. I думаецца, што многае з камедыі неўзабаве знойдзе сваё другое жыццё на канцэртнай эстрадзе і радыё, а ўвесь спектакль прыцягне ўвагу іншых тэатраў. 

Д. ЖУРАЎЛЁЎ,  музыказнаўца. 
Звязда. – 1976. – 24 студз.