Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Да краёў напоўнены радасцю (1984 г., Тэатральны Мінск)

Да краёў напоўнены радасцю (1984 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ДА КРАЁЎ НАПОЎНЕНЫ РАДАСЦЮ

"Ноч у Венецыі" ў Тэатры музычнай камедыі

Кожная прэм'ера ў тэатры – свята. Свята для ўсіх, хто прымаў удзел у стварэнні спектакля: пастаноўшчыкаў, салістаў, артыстаў хору і балета. А калі свята гэтае выплёскваецца ў залу і знаходзіць гарачы водгук у гледачоў, – тады гэта свята ўдвая, тады няма сумнення – спектакль удаўся. Такім святам для ўсіх, хто любіць і разумее мастацтва аперэты, стала пастаноўка "Ночы ў Венецыі" I. Штраўса на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР.

На першай старонцы тэатральнай праграмкі звяртае на сябе ўвагу невялічкі эпіграф, сэнс якога стаў праграмным кірункам спектакля: "...дайце нам тэатр, да краёў напоўнены здароўем і радасцю". Гэтыя словы выдатнага французскага пісьменніка Рамэна Ралана леглі ў аснову работы рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля Сямёна Штэйна, сталі яго творчым крэда ў працы над стварэннем маляўнічага, яркага сцэнічнага дзейства.

На сцэне – кіпенне жыцця. Ні мінуты перадышкі – героі кахаюць, раўнуюць, інтрыгуюць, уладжваюць свае справы, сябры дапамагаюць адзін аднаму; узнікаюць шматлікія канфлікты, непаразуменні змяняюцца высвятленнем адносін... I ўвесь вечар на сцэне (і ў зале таксама) пануюць смех, радасць, весялосць...

Жанр спектакля вызначаны так: карнавал у 3-х дзеях. Карнавал... Ён – аснова дзеяння. На карнавале высвятляецца, хто ёсць хто, хто на што здатны; карнавал вызначае ўчынкі герояў, іх узаемаадносіны. I яшчэ – гэты карнавал, што адбываецца аднойчы ноччу ў Венецыі, высветліў бясспрэчную маральную перавагу простых працавітых людзей над багатымі, фанабэрыстымі сенатарамі, паказаў іх добрую душу, жыццялюбства, трапны народны гумар.

У апошні час у тэатрах музычнай камедыі ўсё большае месца пачынае займаць мюзікл, на сцэну прыходзяць героі, якія раней, у час росквіту аперэты, не маглі і марыць аб гэтым. С. Штэйн – вядомы оперны рэжысёр з вялікім стажам творчай работы. Яго пастаноўкі ў нашым оперным тэатры, у Вялікім тэатры Саюза ССР, у оперных тэатрах Варонежа, Куйбышава, Свярдлоўска, Сафіі і іншых гарадоў сталі адметнай з'явай музычнага жыцця. Творчыя схільнасці рэжысёра распаўсюджваюцца таксама і на аперэту. У прыватнасці, у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР С. Штэйн паставіў чатыры спектаклі, апошні з іх – мюзікл сучаснага амерыканскага кампазітара Ф. Лоў "Мая чароўная лэдзі". Што ж прыцягнула зараз увагу рэжысёра да традыцыйнай класічнай аперэты?

Сямён Аляксандравіч на гэтае пытанне адказвае так:

– Для мяне пастаноўка аперэты Іягана Штраўса мае прынцыповае значэнне. У апошняе дзесяцігоддзе ідуць бясконцыя дыскусіі на тэму, што даступна сённяшняму тэатру аперэты. У іх адзначаецца як станоўчае выхад на сцэны тэатраў музкамедыі такіх буйнейшых пісьменнікаў, як Уільям Шэкспір, Бернард Шоў, Салтыкоў-Шчадрын, Чэхаў... Але ўзнікае адчуванне, што аперэта пачала забываць... аперэту. Я не сумняваюся ў карысці мюзіклаў, сам працаваў над мюзіклам у нашым тэатры. Але мне здаецца, тут ёсць пэўная небяспека перайсці нейкую грань, "выплеснуць з вадой і дзіцяня". Уласна аперэта – з яе добрым гумарам, жыццялюбствам, прыгожай музыкай, танцамі, крыху наіўнай інтрыгай, займальным сюжэтам – не павінна знікаць з рэпертуару тэатраў. Мне падалося, што такі спектакль патрэбны нашай публіцы, і я з асалодай працаваў над "Ноччу ў Венецыі".

I ўсё-такі гэта не зусім традыцыйны спектакль... Пэўная частка дзеяння праходзіць у глядзельнай зале, акцёры свабодна звяртаюцца да гледачоў, імправізуюць. Сёй-той схільны бачыць у гэтым парушэнне добрых традыцый аперэты. А што думае аб гэтым рэжысёр?

– Я хачу напомніць канцэпцыю славутага рэжысёра Пітэра Брука аб так званым "грубым тэатры", якая дапускае і нават дэкларуе свабоду сцэнічных паводзін акцёраў, іх імправізацыі, зносін з залай; гэта народны тэатр, тэатр вуліцы. На такім матэрыяле праяўляецца акцёрскае майстэрства, тут ужо не схаваешся за "ліха закручаную" інтрыгу (як, напрыклад, у "Лятучай мышы") або за цудоўную гульню слоў (як у "Маёй чароўнай лэдзі")... Самы галоўны кампанент спектакля – рэакцыя залы, гледача. Гэта – барометр, па якому можна вызначыць мастацкую вартасць пастаноўкі...

На ўзроўні рэжысуры і афармленне спектакля, зробленае галоўным мастаком тэатра Анатолем Марозавым. Рухомасць маста, славутая венецыянская гандола, якая "плыве" па сцэне, лёгкасць і дасціпнасць усіх дэталяў афармлення – у такіх абставінах акцёрам лёгка іграць.

I трэба сказаць, што акцёры ў цэлым з запалам і мастацкім густам рэалізуюць прадастаўленыя ім магчымасці. Н. Гайда і В. Мазур (выканаўцы ролі Аніны), П. Рыдзігер (Карамела), А. Ранцанц (Папакода), З. Вяржбіцкая (Чыбалета), Г. Казлоў (герцаг Урбіна), Ю. Лазоўскі (сенатар Дэляква), Л. Станевіч (Барбара), Г. Нікіцін (Энрыка), М. Адамовіч (Філіпа), В. Шаўкалюк і В. Сердзюкоў (сенатары Барбаручыа і Цестачыа), А. Крайнікава і Р. Курлыкова (жонкі гэтых сенатараў) – жаданне назваць усіх, хто разыграў на сцэне гэты вясёлы карнавал, узнікае таму, што ўсе яны працавалі з творчай аддачай, склалі добры сцэнічны ансамбль, і кожны ўклаў свой "каменьчык" у падмурак спектакля.

Трэба адзначыць работу хору і яго кіраўніка Н. Андросавай. Танцы, пастаўленыя В. Бутрымовічам, арганічна ўпісаліся ў дзеянне і глядзяцца з цікавасцю.

"Ноч у Венецыі" – адна з самых яркіх аперэт Іягана Штраўса.

Мне вельмі прыемна адзначыць высокі музычны ўзровень спектакля (музычны кіраўнік – галоўны дырыжор тэатра Анатоль Лапуноў). I хоць умовы, у якіх будуецца рэжысёрам сцэнічны малюнак спектакля, аказаліся для дырыжора даволі складанымі (у час дзеяння салісты іншы раз аказваюцца ў вельмі нязручных для яго месцах, напрыклад, недзе ззаду, у зале), гэта не замінае дакладнасці музычных нумароў, ансамбляў, танцавальных фрагментаў. Цудоўная "музычная плынь", што льецца са сцэны і аркестравай ямы, – пераканаўчае сведчанне таго, што нам па-сапраўднаму прадстаўлена класічная аперэта, музыка якой з'яўляецца найярчэйшым кампанентам спектакля.

А. РАКАВА.
Тэатральны Мінск. – 1984. – № 2.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: