Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Крапіва і… раўнапраўе (1976 г., Вячэрні Мінск)

Крапіва і… раўнапраўе (1976 г., Вячэрні Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

КРАПІВА І… РАЎНАПРАЎЕ

Спектакль "Бабін бунт" у Тэатры музычнай камедыі 

Дзяржаўны тзатр музычнай камедыі БССР паставіў спектакль "Бабін бунт" на музыку Я. Пцічкіна па п'есе К. Васільева, напісанай па матывах двух ранніх апавяданняў М. Шолахава – "Старшыня рэўваенсавета рэспублікі" і "Пра Калчака, крапіву і іншае". Вясёлы сюжэт, ярка акрэсленыя вобразы герояў, "данская" маляўнічая мова персанажаў шолахаўскіх апавяданняў, якая ўдала падмацоўваецца вершамі М. Пляцкоўскага, дазволілі стварыць цікавы твор. 

...Фядот расказвае суддзі Ігнату Рыгоравічу пра нядаўняе здарэнне на хутары. Усё тут ішло па заведзенаму звычаю: казакі працавалі ў полі, іх жонкі вялі гаспадарку, і нярэдка мужы "вучылі" іх розуму кулакамі. Але вось вярнулася ў родныя мясціны Насця, якая працавала на шахтах Данбаса, а цяпер прызначана на пасаду старшыні валаснога жаночага савета. Яна абурана рукапрыкладствам і прапануе казачкам пакласці гэтаму канец. Паводле яе парады жанчыны забіраюць дзяцей і ідуць у былую памешчыцкую сядзібу. 

Раніцай казакі, застаўшыся без жонак, пачынаюць "гаспадарыць" самі, але выяўляецца, што яны не ўмеюць ні даіць кароў, ні гатаваць абед, ні мыць бялізну. Не дапамагае і "калектыўнае" вядзенне гаспадаркі. Тады мужы вырашаюць паслаць на перагаворы з жонкамі Фядота, але калі ён з'явіўся каля "Данской бабінай камуны № 1", казачкі абазвалі яго Калчаком, высеклі крапівай і адправілі назад. 

Даведаўшыся, што здарылася з "парламенцёрам" і адчуваючы неабходнасць памірыцца, казакі вырашаюць пайсці да жонак і "пакаяцца". Заканчваецца п'еса, як і ўсякая камедыя, усеагульнай радасцю... 

Гэты матэрыял адкрываў перад кампазітарам шырокія магчымасці для цікавага музычнага вырашэння. I трэба сказаць, што Я. Пцічкін удала выкарыстаў іх. Музыка спектакля вясёлая, эмацыянальная. Напісана яна ў поўнай адпаведнасці з законамі жанру музычнай камедыі і змяшчае даволі вялікія аркестровыя нумары, песні, дуэты, трыо, цікавыя хоры і танцы. Безумоўнай удачай музыкі з'яўляецца народны данскі каларыт. 

Як жа справіўся калектыў тэатра з новай пастаноўкай, што ў ёй парадавала і што засмуціла? 

3 выканаўцаў галоўных партый эапомнілася артыстка В. Мазур. Яе Насця – гордая і смелая дзяўчына, якая ўмее дамагчыся свайго. Голас спявачкі гучыць роўна ва ўсіх рэгістрах, насычана і лёгка пераадольвае артыстка вакальныя складанасці партыі. 

Лепшага на хутары гарманіста, брыгадзіра Міколку цікава сыграў У. Лінкевіч. Ён пераканаўча паказаў, як самаўпэўнены хлопец пад уздзеяннем кахання да непахіснай Насці мяняе свае адносіны да жыцця, становіцца прасцей і лепш. 

Цікавы А. Прыходзька ў ролі старшыні хутара Сцешкі. Яго герой – дужы і неблагі чалавек. Ен умее праявіць цвёрдасць, але ўмее, калі трэба, і ўступіць. Своеасаблівы вобраз жонкі Сцешкі – Марфы, які стварыла на сцэне артыстка Р. Курлыкова. 3 непадробным гумарам правялі свае камічныя ролі Я. Яўна (Фядот) і А. Крайнікава (Дуняшка). 

Апладысменты гледачоў пацвярджаюць удачу заслужанага артыста БССР В. Фаменкі. Яго конюх дзед Захар захапляе і непасрэднасцю, і хітрасцю, і невычэрпным гумарам. 

Я спецыяльна не гаварыў пра вакальны бок гэтых ролей. Усе партыі выкананы з пэўным пеўчым майстэрствам, чысцінёй інтанацый і перадаюць сцэнічную сутнасць вобразаў герояў. 

На мой погляд, галоўны дырыжор тэатра А. Лапуноў здолеў пранікнуць у задуму кампазітара і ўпэўнена правёў спектакль. Нядрэнна гучаў аркестр у сольных эпізодах, і акампаніраваў ён лёгка і мякка, у поўным ансамблі са спевакамі, не заглушаючы іх. Хацелася б толькі, каб духавыя інструменты гучалі больш чыста. 

Параўнальна невялікі па колькасці выканаўцаў хор пад кіраўніцтвам хармайстра Н. Андросавай гучаў упэўнена і даволі поўна, хоць у некаторых месцах інтаніраваў недастаткова чыста. 

Парадавала работа балетмайстра – народнага артыста БССР, лаўрэата Дзяржаўнай Прэміі СССР С. Дрэчына. Усе балетныя сцэны, пастаўленыя ім, вызначаліся прыгажосцю, адухоўленасцю, выдатным густам. С. Дрэчын шырока выкарыстаў увесь "арсенал" балетнага мастацтва. Так, у танцы "Казачкі па ваду ішлі" выкарыстаны элементы народнай харэаграфіі, у "Бачанні Міколкі" – класічнага балета, а ў "Казацкім танцы" – народнага і сучаснага танца. 

Музычная камедыя – жанр вясёлы і рухавы, але на сцэне дынамікі якраз і не хапала. Асабліва гэта адчувалася ў масавых сцэнах, дзе артысты размяшчаліся ў карцінных позах і не рухаліся да канца зпізода. Гэта датычыць і сцэны ў "бабінай камуне", калі ўсе ўдзельніцы спяваюць, седзячы нерухома, і толькі Марфа рухаецца, і многіх іншых эпізодаў спектакля. Тут можна папракнуць рэжысёра-пастаноўшчыка М. Лукавецкага. У адной з апошніх сцэн казакі былі размешчаны, як на пасрэднай аматарскай фатаграфіі ў тры рады і не зварухнуліся да канца сваіх спеваў. Можа, гэта мізансцэна павінна была падкрэсліць, што статычнасць адпавядае рэжысёрскай задуме?.. 

Мастак А. Марозаў стварыў цікавую стылізаваную заслону спектакля і прывабныя дэкарацыі першай дзеі – шырокі Дон, маляўнічы дом на пярэднім плане. Але на працягу ўсяго спектакля гэты "заднік" не мяняўся ні разу і, нягледзячы на паяўленне то чыста ўмоўнага плоту, то яшчэ якой-небудзь нязначнай дэталі, ствараў уражанне сумнай аднастайнасці. 

Усё гэта перашкаджае ўспрыняццю спектакля, і думаецца, што пастаноўшчыкам трэба было б яшчэ папрацаваць над ім, каб зрабіць больш жывым, вясёлым, іскрыстым – такім, якой павінна быць сапраўдная музычная камедыя. 

Д. ЖУРАЎЛЁЎ,  музыказнаўца, заслужаны дзеяч культуры БССР. 
Вячэрнi Мінск. – 1976. – 11 мая.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: