Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"12 крэслаў": хто больш? (2011 г., Культура)

"12 крэслаў": хто больш? (2011 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"12 КРЭСЛАЎ": ХТО БОЛЬШ?

11-92bЗнакаміты расійскі кампазітар Генадзь Гладкоў, вядомы, найперш, па сваёй кінамузыцы, стаў, безумоўна, галоўнай дзейнай асобай прэм’еры балета "12 крэслаў" у Беларускім дзяржаўным акадэмічныm музычным тэатры. Нашу пастаноўку свайго твора, раней увасобленага ў некалькіх расійскіх тэатрах, 76-гадовы майстар ацаніў любімым словам гераіні Элачкі: "Бляск!". Асабліва адзначыў высокі ўзровень аркестра (дырыжор – Мікалай Макарэвіч) і нечаканасць самога рашэння спектакля. Чым жа так адметныя нашы "… Крэслы"?

Найперш, сінтэзам: відаў мастацтваў, жанраў, стыляў. Нават артыстам даводзіцца "сінтэзаваць" у сабе адразу некалькіх персанажаў. На сцэне сапраўды ўзнікае адчуванне масавасці, мільгаюць героі, падзеі. Але такі пераказ вялізнага рамана, неаднойчы экранізаванага, міжволі вядзе да абрысаў харэадрамы – жанру, распаўсюджанага ў даваенны і пасляваенны час, калі галоўным у балеце станавілася паслядоўнасць развіцця сюжэта, часцей – пазычанага з літаратурнага вытоку. Харэограф Дзмітрый Якубовіч і рэжысёр гэтага балета Настасся Грыненка ўсімі сіламі намагаліся пераадолець схільнасць да "сціслага пераказу", рабілі купюры, перастаноўкі музычнага матэрыялу. І ў некаторых момантах спектакль папраўдзе выйшаў на шырокія філасофскія абагульненні.

У пастаноўцы шмат цікавых знаходак, абсалютна дакладна чытаецца канцэпцыя: ператварэнне чалавека з яго багаццем пачуццяў у "вінцік" як частку механізма. Паглыбленне ў няпростую атмасферу стогадовай даўніны пачынаецца з фае, дзе гледачоў сустракаюць чырвоныя транспаранты з лозунгамі 1920-х, і працягваецца ў зале, дзе перад спектаклем дэманструюцца фрагменты нямога кіно (ах, каханне!) з абавязковым у такіх выпадках тапёрам. Раптам на сцэну выходзяць "гегемоны" ў ватоўках, небарака-музыка спрабуе змяніць рэпертуар на больш рэвалюцыйны (чым не "Тутэйшыя" Я.Купалы?), ды так і не патраплівае новым густам. Відэапраекцыя ўзнікае і напрыканцы спектакля: гэта дакументалістыка савецкай індустрыялізацыі, дзе чалавек – ужо толькі "дадатак" да машыны. Пасля такой наймоцнай кульмінацыі з'яўленне Астапа Бэндара з мятлой таксама ўспрымаецца дадаткам, але не самым удалым.

Больш канцэпцыйна абумоўленай магла б быць і сцэнаграфія (Андрэй Меранкоў). Усё для гэтага ёсць! Ззаду сцэны змяшчаюцца незразумелыя металічныя канструкцыі, і той, хто ведае раман, адразу пачынае "дамалёўваць" іх то да парахода, на якім павінны апынуцца шукальнікі скарбаў, то да будынка клуба, што будзе абсталяваны на знойдзеныя дыяменты. Але ў самім спектаклі такога "дабудоўвання", якое канчаткова ператварыла б металічныя рэйкі ў машынерыю і паглынула б чалавека, не адбываецца. Дый кола, што ў фінале быццам "перамолвае" Бэндара, застаецца схаваным за спінамі артыстаў і амаль не заўважным для публікі.

Самым яркім момантам балета становіцца, як ні дзіўна, "устаўны нумар" – пастаноўка правінцыйнага тэатра паводле гогалеўскай "Жаніцьбы", увасобленая на мове эксцэнтрыкі і пластычнай пародыі. Чаго вартае хаця б спалучэнне Танца маленькіх лебедзяў з факстротам і сярэднявечнымі традыцыямі! У даўніну пад час "балетнага" шэсця яго ўдзельнікі складалі словы з літар, змешчаных у сябе на грудзях. Пастаноўшчыкі ж схавалі літары на спінах "лебедзяў", таму раптоўнае фінальнае "хачу", адрасаванае нявестай абранніку, выклікае смех. Так сама, як і крыху раней – само з'яўленне рамантычнага балетнага героя ў чарадзе жаніхоў, прадстаўленых праз стэп, брэйк-данс і міманс.

11-92aА між тым, сярод персанажаў "12 крэслаў" рамантычным героем, увасобленым пераважна праз балетную класіку, паўстае… Астап Бэндар. Прычын таму – мноства. Гэта і ранейшая "класічная" спецыялізацыя выканаўцы гэтай партыі Артура Іванова, і жаданне супрацьпаставіць Астапа тым парадыйным героям, што намаляваны праз эстрадны танец і элементы мадэрна, і сама музыка, дзе вобраз "вялікага камбінатара" заслонены тэмай яго мары пра "рознакаляровае" жыццё ў Рыа-дэ-Жанэйра. Такая "характарыстыка праз стыль", можа, і спрацоўвала б, калі б Астап заставаўся ў спектаклі адзіным "класікам". Калі ж не – яго вобраз відавочна прайграе больш каларытнаму па пластычным рашэнні Кісе Вараб'янінаву (Віталь Краснаглазаў). Той, да ўсяго, у пэўны момант ператвараецца ў роставую ляльку – такое не забудзеш. А ў класічных па "вялікага камбінатара" скамбінавана надта шмат прамога цытавання – літаральна варыяцыя прынца Зігфрыда з "Лебядзінага возера"! Такія ж паралелі з па-дэ-дэ са "Шчаўкунка" ўзнікаюць пры з'яўленні Колькі і Лізы. Фрагменты пагоні адсылаюць нас да "Чыпаліна" ў пастаноўцы Г.Маёрава, сцэна бюракратаў – да "Анюты" з харэаграфіяй У.Васільева. Пэўна, такія "спасылкі" зроблены наўмысна, каб падкрэсліць парадыйнасць усяго балета, але з-за гэтага адметнасць герояў крыху страчваецца.

Ды ўсё ж ніякія "прыдзіркі" не зменшаць сапраўднай перамогі тэатра, засведчанай гэтай прэм'ерай. "Дзіма – наша ўсё!" – з гонарам кажуць у трупе пра Якубовіча. Цалкам справядліва! Балет стаў цудоўнымі лекамі для артыстаў на шляху да творчых вяршынь, бо акрэсліў для трупы і ўласна прафесійныя задачы – валоданне ўсімі стылямі, пачынаючы з класічных азоў, і артыстычныя – увасабленне безлічы дзейных асоб. У гэтым сэнсе пастаноўку можна ацэньваць як супердасягненне педагагічнага рэпертуару. І нават – канцэртна-педагагічнага!

Калі ж параўноўваць розныя ўвасабленні самога рамана, дык наперадзе апынецца… беларуская музыка. Нязменна ідзе на біс бліскучая п'еса "Сеанс адначасовай гульні" Уладзіміра Кур'яна, створаная для ансамбля цымбалістаў "Лілея" на чале з народным артыстам Беларусі Яўгенам Гладковым у ролі Астапа Бэндара. А вось аднаактовы балет "12 крэслаў" Вячаслава Кузняцова, напісаны амаль 30 гадоў таму, раней за Г.Гладкова, прычым для нашага Музычнага тэатра, так і не быў пастаўлены: Віктар Саркісьян, які працаваў над лібрэта ў сааўтарстве з кампазітарам, на той час пяцікурснікам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, у хуткім часе сышоў з пасады галоўнага балетмайстра. Цяперашнія пастаноўшчыкі папросту не здагадваліся пра тую партытуру! Бо хто і калі яе чуў? На мяжы 1980 – 90-х быў зроблены радыёзапіс. Калі слухала яго тады, запомніла працяг традыцый Д.Шастаковіча ў драматургіі і Я.Глебава – у аркестроўцы. А цяпер пераслухала наноў – колькі там стылёваканцэпцыйных адмецін В.Кузняцова! І, галоўнае, працяг найлепшых традыцый балетаў-прытчаў Валянціна Елізар'ева, наватарства якіх стала яшчэ больш кідкім, калі той звярнуўся да глебаўскага "Ціля Уленшпігеля" ўжо пасля пастаноўкі гэтага балета Атарам Дадзішкіліяні. Замест паслядоўнага сюжэтнага разгорту – абвостраныя партрэты-сімвалы, праз сутыкненне якіх выяўляецца філасофскае абагульненне, прыдатнае для пераказу на сучаснай пластычнай мове – неакласіцы і мадэрне. Звярнуўшыся да "12 крэслаў" В.Кузняцова, збочыць да харэадрамы папросту немагчыма: лейттэмы сціснуты да эпіграфаў ці нават эпіграм, дзе так вольна думкам. Можа, да такога прачытання рамана трэба папросту "дарасці"? І не камплексаваць, што адзін балет паводле яго ў нас ужо з'явіўся. У тым жа кінематографе нікога не бянтэжылі некалькі экранізацый. Было б жаданне!

Надзея БУНЦЭВІЧ,
Фота Сяргея СУЛАЯ. 
Культура. – 2011. – 24 верас. – С. 7.

На здымках:
Сцэна з балета "12 крэслаў".
Астап Бэндар – Артур Іваноў.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: