« Назад670 БЕЛАРУСКІХ АРТЫСТАЎ З'ЯЗДЖАЮЦЬ У ЛІТВУ…З 22 верасня па 30 кастрычніка ў Літве пройдуць Дні культуры Рэспублікі Беларусь, якія сталі ўжо добрай штогадовай традыцыяй. "Праграма сёлета будзе самай вялікай, у параўнанні з Днямі культуры, якія калі-небудзь праводзіліся. У Літву прыбудуць 670 дзеячаў мастацтваў, якія прадстаўляюць акадэмічную і народную творчасць. Яны будуць выступаць у Вільнюсе, Каўнасе. Клайпедзе, Вісагінасе і ў сталіцы культуры Літвы гэтага года Анікшчай", — сказаў на прэс-канферэнцыі пасол Беларусі ў Літве Уладзімір ДРАЖЫН. Дні культуры Беларусі пачнуцца з канцэртаў Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра А. Анісімава. Створаны ў далёкім 1927 годзе, гэты калектыў дасягнуў сусветнай вядомасці. Нядаўна ён вярнуўся з гастроляў у Японіі. Цяпер аркестр парадуе і аматараў акадэмічнай музыкі Літвы: 22 верасня выступіць у Клайпедзе, 23 верасня — у Каўнасе. Урачыстае адкрыццё Дзён культуры адбудзецца ў Вільнюсе 24 верасня, у Нацыянальнай філармоніі Літвы, дзе маэстра А. Анісімаў і яго аркестр выканаюць творы П. Чайкоўскага, Д. Смольскага, Дж. Гершвіна і І. Штрауса. Ва ўрачыстым адкрыцці возьмуць удзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын. У гэты ж дзень у Вільнюскай публічнай бібліятэцы імя Адама Міцкевіча адкрыецца выстава "Не загаснуць зоркі ў небе...", прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння вялікага беларускага паэта Янкі Купалы і знаходжанню яго ў Вільні. Янку Купалу з Вільняй звязваюць вельмі цесныя сувязі. Юны паэт тут пазнаёміўся з Уладзіславай Станкевіч, таленавітым педагогам, якая пісала вершы пад псеўданімамі "Уладычанка" і "В. Станкевічанка". Яна стала жонкай паэта, вернай сяброўкай жыцця, а пасля яго трагічнай смерці — захавальніцай спадчыны Песняра, стваральніцай і першым дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, заснаванага ў 1944 годзе ў Мінску. Цяпер на выставе будзе экспанавацца шмат каштоўных артэфактаў са збору музея: памяткі надзвычайна плённых у жыцці і творчасці Янкі Купалы віленскіх гадоў. Перш за ўсё гэта аўтографы вершаў, напісаных у Вільні, экзэмпляры "Нашай Нівы", кнігі і календары, да выдання якіх меў дачыненне паэт. Будуць цікавыя і згадкі пра моманты сяброўскіх і творчых сустрэч Янкі Купалы з выдатнымі асобамі беларускага і літоўскага нацыянальнага руху таго часу. Гэта будуць адлюстроўваць дакументы, успаміны і мастацкія творы. Важна і тое, што асабістыя знаёмствы леглі ў аснову беларуска-літоўскіх літаратурных і культурных сувязяў наступных пакаленняў, паглыбленню якіх садзейнічаюць і пераклады твораў Янкі Купалы, зробленыя літоўскімі паэтамі ў розны час. У Вільнюсе і Вісагінасе акцёры В. Галец, А. Куляшоў Магілёўскага драматычнага тэатра прадставяць монаспектаклі "Скаргі закаханых", "Гаспадар кавярні" і "Час заняцца светлым бокам жыцця". У Вільнюсе сваё майстэрства пакажуць і акцёры Тэатра-студыі кінаакцёра, прадставіўшы спектаклі "Сродак Макрупаласа" і "№ 13". У Каўнасе Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр пакажа літоўскай публіцы мюзікл "Вестсайдская гісторыя". У Вісагінасе пройдзе і ХVІІ Свята беларускай песні, у рамках якога адбудзецца канцэрт заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай і папулярнай беларускай групы "Купалінка". Разам з Вільнюсам, Каўнасам, Клайпедай, Вісагінасам, культурная сталіца Літвы гэтага года — горад Анікшчай — па праве зойме адно з вядучых месцаў у Днях беларускай культуры. Больш за месяц гарадскі глядач зможа слухаць выступленні фальклорнай групы "Купалінка", Тэатра песні Ірыны Дарафеевай і канцэрт Мінскага камернага аркестра. Знаўцам тэатральнага мастацтва пакажуць сваё майстэрства Тэатр-студыя кінаакцёра, Магілёўскі драматычны тэатр і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Урачыстае закрыццё Дзён культуры Беларусі ў Літве пройдзе 30 кастрычніка пастаноўкай спектакля "Бахчысарайскі фантан" у Літоўскім нацыянальным тэатры оперы і балета. "Культура дае шмат станоўчага для абедзвюх дзяржаў, для развіцця адносін паміж Беларуссю і Літвой. Без інтэграцыі нацыянальных культур немагчыма пашырыць сувязі паміж нашымі краінамі", — сказаў пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын. Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by