Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"А мацi спявала песнi Равенскага…" (2001 г., Лiтаратура і мастацтва)

"А мацi спявала песнi Равенскага…" (2001 г., Лiтаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НІНА РАВІНСКАЯ: "А МАЦI СПЯВАЛА ПЕСНI РАВЕНСКАГА…"

"Ха-ца-ца, танцуй са мной" – спрытна выштукоўваючы "танец індыкоў", спявае княгіня Бажэна (гераіня аперэты I. Кальмана "Марыца") у выкананні заслужанай артысткі Расіі Ніны Равінскай. Апынуўшыся ў гасцях у Ніны Антонаўны, трапляеш ужо ў іншае вымярэнне: перад табой – сапраўдны камін, паўсюль на сценах – цудоўныя фотаздымкі, надзвычай прыгожыя вышываныя карціны, якія артыстка стварае сама. Вось на засланы пухнатым чырвоным абрусам стол кладуцца фотаальбомы. Са здымкаў глядзіць прыгожая маладая жанчына, гераіня аперэт, яна ж – цудоўная актрыса, якая побач з вамі.

Такі прыгожы чалавек і цікавая суразмоўца Ніна Антонаўна Равінская святкуе 50-годдзе сваёй творчай дзейнасці. Вось і нагода пагутарыць з артысткай, якая працуе ў Дзяржаўным музычным тэатры Беларусі (да нядаўняга часу – тэатр музычнай камедыі) з дня яго адкрыцця.

– Ніна Антонаўна, нядаўна ў вас адбыўся бенефісны спектакль "Марыца", прысвечаны вашаму юбілею. Столькі прыхільнікаў, столькі кветак і кампліментаў! Скажыце, якую ролю адыгрываюць прыхільнікі ў жыцці артыста?

– Так, у мяне ёсць свае прыхільнікі. У большасці, гэта маладыя дзяўчаты. Хаця, і жанчыны таксама. Увогуле, гледачы стымулююць творчасць. Нават бывае, што ў якім-небудзь чарговым спектаклі нейкая мізансцэна, якая раней успрымалася не так ярка, раптам выклікае ўсплёск глядацкай удзячнасці – можа, таму, што я іграю па-іншаму. Добры прыём публікі, яе апладысменты – гэта стымул для мяне. I, увогуле, гэта так прыемна!.. Для гэтага і працуеш.

– Што вас прывяло ў актрысы?

– Я з дзяцінства люблю тэатр. Чаму? Мне маці расказвала, што я ўпершыню "выйшла на сцэну" немаўляткай. Мой бацька быў настаўнікам і дырэктарам пачатковай школы, а маці ўдзельнічала там у самадзейнасці. I вось аднойчы ў спектаклі спатрэбілася жанчына з дзіцем. Дык замест лялькі ўзялі ды вынеслі на сцэну мяне! А яшчэ і ўшчыкнулі, каб закрычала. А калі сур'ёзна… Родны брат майго бацькі – кампазітар Мікола Равенскі. Ён часта прыходзіў да нас. Часам нават вазіў мяне ў школу ў Мінск.

– Вы ж мінчанка?

– Так, я нарадзілася ў Мінску. Але потым мы пераехалі ў вёску Карзюкі, бо там быў патрэбны настаўнік і дырэктар школы. А дзядзька Мікола да нас прыязджаў.

– Ці вучыў ён вас музыцы?

– Дык нас жа васьмёра было! Да таго ж, мы яшчэ былі зусім малыя. А ён, сапраўды, напісаў многа цудоўных твораў. Маці часта спявала яго песні. Напрыклад, "Люблю наш край". Гэта ж дзядзькі Міколы песня!

– А часта кажуць, што музыка народная…

– Сапраўды, так адбылося з многімі песнямі Міколы Равенскага, калі яго не стала. А маці, бывала, пачуўшы па радыё знаёмую мелодыю, кажа: "Гэта ж дзядзькі Міколы песня" – і пачынае спяваць…

– Ніна Антонаўна, як атрымалася, што вы апынуліся па-за межамі Беларусі?

– Пачалася вайна. Я жыла ў Мінску, у дзядзькі Міколы. Тут, на беразе ракі, быў дом кампазітараў: там жылі Аладаў, Іваноў, Любан і Мікола Равенскі. Я помню гэты двухпавярховы драўляны дом, у якім было чатыры кватэры. I вось я пайшла ў Карзюкі, да маці. А ісці трэба было праз увесь горад. Было вельмі страшна, моцна бамбілі. Бегла мноства людзей, і так атрымалася, што я з імі выйшла не на Магілёўскую шашу, а на Маскоўскую. I трапіла ў Смаленск.

– А вы не заўважылі, што не туды рушыце?

– Ужо нельга было вяртацца, таму што бамбілі вельмі моцна. А ўрэшце я апынулася ў Сярэдняй Азіі, у Самаркандзе. Там мяне прытуліла адна сям'я. У іх таксама былі дзеці: Людачка і Лёня. Уся сям'я памерла, акрамя Людачкі. З ёй мы і зараз перапісваемся… Я не хацела быць абузай і пайшла працаваць у тэатр суфлёрам. А мая акцёрская кар'ера пачалася ў Іванаўскай аперэце. Я іграла субрэтак. Пасля пераехала ў Яраслаўль. Там таксама была аперэта. Адначасова з працай у тэатры я займалася ў музычным вучылішчы. Скончыла яго як вакалістка. Мяне запрасілі ў Свярдлоўскую аперэту, там працавала тры гады. Аднойчы прыехаў у Свярдлоўск народны артыст СССР Павел Лісіцыян. Ён спяваў у спектаклях, а таксама займаўся з вакалістамі. На працягу года займалася ў Паўла Герасімавіча і я. Школа гэта была для мяне вельмі карысная.

– А калі вы атрымалі званне заслужанай артысткі РСФСР?

– На той час у Свярдлоўскім тэатры я сыграла вельмі многа роляў. Аднойчы прыехаў дырэктар Хабараўскай аперэты, убачыў мяне ў спектаклях і запрасіў у свой калектыў. Павел Герасімавіч параіў мне ехаць, не задумваючыся. Калі я папрацавала ў Хабараўску шэсць або сем месяцаў, там адкрыўся музычны фестываль "Дальнеўсходняя вясна", які грымеў на ўвесь Савецкі Саюз. Наш спектакль "Пацалунак Чаніты" ўзяў першую прэмію, а я, як выканаўца галоўнай ролі, атрымала званне заслужанай артысткі РСФСР.

I вось як цікава бывае ў жыцці, як адбываецца сувязь часоў! Зусім нядаўна я знайшла свой фотаздымак, зроблены ў час канцэрта з нагоды поспеху тэатра на фестывалі і атрымання званняў. А было ўсё так. У той вечар з Масквы ў Хабараўск прыляцелі на гастролі Лісіцыян і сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам знакамітага дырыжора Кандрашына. А ў нас ішоў канцэрт. Я праспявала "на біс" Перыколу, мяне задарылі кветкамі. Раптам гляджу – па прыступках узнімаецца на сцэну велізарны букет бэзу. Я думаю: "Хто ж можа яго несці?" Па касцюме зразумела, што мужчына (хлопчык не змог бы прынесці такі агромністы букет). Вось букет набліжаецца да мяне. I раптам я бачу паміж кветак Паўла Герасімавіча, які кажа: "Ку-ку!" Я так была ўзрушана!

– А потым вы бачыліся з Лісіцыянам?

– Цікава тое, што лінія тых падзей працягвалася. Мяне запрасілі ў Валгаград у якасці вядучай салісткі. Там я працавала дзесяць гадоў. Вельмі палюбіла гэты горад і нават была дэпутатам мясцовага Савета. Аднойчы да нас прыехала педагог Гнесінскага інстытута – спявачка Валянціна Іванаўна Першына. Пазаймаўшыся са мной, яна параіла паступаць у інстытут. Я паступіла ў Гнесінскі інстытут пры конкурсе 7-8 чалавек на месца. I вось там жа вучыўся сын Лісіцыяна. Таму мы часта сустракаліся з Паўлам Герасімавічам і яго сынам.

– А потым вы трапілі ў Мінск?

– Аднойчы Валгаградскі тэатр быў на гастролях у Мінску. А я ж мінчанка! Тады ў Бабруйску працаваў яшчэ Магілёўскі тэатр музычнай камедыі, і дырэктар будучага мінскага тэатра прапанаваў мне папрацаваць у Бабруйску да адкрыцця тэатра ў сталіцы (што і адбылося ў 1971 г.). А я ў тым самым годзе атрымала дыплом у Гнесінскім інстытуце.

Пачалі працаваць у Мінску. Выступалі спачатку ў клубах, палацах… Потым пераехалі ў новы будынак на Мяснікова. Толькі, на жаль, зала ў ім для нас малаватая. Але я вельмі ганаруся сваім тэатрам і самааддана люблю яго!

– Вы доўгі час працавалі ў Расіі, а таксама шмат ездзілі на гастролі з беларускім музычным тэатрам. Дзе вас лепш прымалі? Ці, можа, увогуле, розніцы няма?

– Я б сказала, што вялікай розніцы няма. Мінскі тэатр раней многа гастраляваў. Ленінград, Калінінград, Архангельск, Мурманск… Аб'ездзілі ўсю Украіну, і, канешне, Беларусь. Нас усюды сустракалі "на ўра". Перабіраю свой архіў і знаходжу шмат цікавага. Напрыклад, вось вялікая паштоўка з Ленінграда, у якой такія цёплыя кампліменты! Столькі лістоў з добрымі словамі!

– Скажыце, а вам ніколі не хацелася ўсё ўзяць ды кінуць?

– Не! Наадварот! Мне хутчэй надакучвае хатняя праца. Я прыходжу ў тэатр і там адпачываю. Ён мне ніколі не надакучыць! Нават калі якія непрыемнасці – я там "адыходжу". А калі, бывае, хварэю – выходжу на сцэну і нічога не адчуваю, акрамя радасці.

– Гэта сапраўды так? Ці шчыра вы гаворыце?

– Шчыра! Вось нават сёння: я замарылася, да таго ж – нагаварылася, а калі б мне зараз патэлефанавалі і выклікалі на спектакль – усё б кінула і пабегла ў тэатр! Дарэчы, быў такі выпадак. Я памыла галаву, бо ведала, што ў той вечар замест мяне павінна спяваць артыстка Іванова. Я расслабілася. Раптам – тэлефонны званок. Памрэж кажа, што Іванова не прыйшла, а ўжо трэба даваць трэці званок. Ніколі не забуду, як я з мокрай галавой (мусіла завязаць хустачку) "лавіла" таксі! Вось так бывае!

– Што вам бліжэй: класічная аперэта ці, скажам, мюзікл? 

– Калі шчыра, мне бліжэй класічная аперэта, там ёсць "поле дзейнасці" не толькі як вакалісту, але і як драматычнаму акцёру. Гэта вельмі цікава. Ну, і, зразумела, музыка Кальмана, Афенбаха, Легара, Планкета, Цэлера – яна цудоўная. Але калі ўзяць нашы сучасныя творы – я не магу сказаць, што іх не люблю. Мы вельмі любілі "Несцерку". У нас ішла "Паўлінка", я іграла Альжбету – вельмі любіла гэтую ролю. Добры быў спектакль. Было б нядрэнна, каб гэтыя спектаклі зноў з'явіліся ў рэпертуары тэатра.

– А як вы ставіцеся да эстраднай музыкі?

– Я люблю Пугачову, вельмі люблю Кіркорава, Лявонцьева, Мікалая Баскава. З беларускіх выканаўцаў – "Песняроў", "Верасоў" – слухаю іх з задавальненнем.

– Ці ёсць у вас хобі?

– Хобі для мяне – зямля, кветкі, мой дачны ўчастак. Калі ў мяне выдаецца вольны час, я еду на дачу. Там свежае паветра… Размаўляю з раслінамі… Атрымліваю на прыродзе задавальненне. Я люблю Беларусь. У нас такая цудоўная прырода! Лясы, пагоркі, рэкі… Беларусь такая прыгажуня! А яшчэ я люблю "важдацца" з птушкамі і рознымі звяркамі. У мяне дома перыядычна жылі хамячкі, вавёрка, марская свінка, папугай, галка… I гэта пры тым, што ў кватэры пастаянна жылі каты і сабакі, нават чарапаха – Кацька.

– Ніна Антонаўна, вы не лічылі, колькі роляў ужо сыгралі?

– Калісьці я налічыла каля 200, але потым зразумела, што "не ахапіла" палову мінскага перыяду, Я не адмаўляюся ні ад якіх роляў: ні ад маленькіх, ні, зразумела, ад вялікіх. Таму што мне ўсё цікава. У мяне нават эпізадычныя ролі добра атрымліваюцца.

Ведаеце, калі я атрымліваю ролю, чытаю і ўжо з тэксту ўяўляю характар гераіні. А калі мы пачынаем працаваць над новым спектаклем з рэжысёрам, які яго ставіць, ён дае артыстам сваё бачанне п'есы і характараў дзейных асоб, улічваючы асаблівасці выканаўцаў. А бывае так, што, пакуль еду ў метро, у галаве "пракручваю" ролю або партыю напяваю. Спрабую розныя інтанацыі: як жа лепш сёння сказаць.

– Жадаю вам сыграць яшчэ як мінімум столькі ж роляў, колькі вы ўжо сыгралі!

Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Лiтаратура і мастацтва. – 2001. – 30 сак.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: