Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/А вы ўмееце кахаць? Па-беларуску! (2011 г., Культура)

А вы ўмееце кахаць? Па-беларуску! (2011 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

А ВЫ ЎМЕЕЦЕ КАХАЦЬ? ПА-БЕЛАРУСКУ!

Што "схавана" ў феерверку?

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры завяршыўся 41-ы сезон – прэм'ерай музычнага феерверка "Каханне па-італьянску". Пад гэтай інтрыгуючай назвай "схаваліся", насамрэч, ажно дзве прэм'ерныя аднаактоўкі. Першая – камічная опера Г.Даніцэці "Званочак, або Шлюбная ноч аптэкара". Другая – музычнае рэвю "Шлягеры неапалітанскага квартала".

У кожнага з гэтых спектакляў – свая пастановачная каманда. Але спалучэнне "два ў адным" пабудавана не на іх "спаборніцтве", а на лагічным працягу ўвасаблення "прыгод італьянцаў у каханні" ў розныя эпохі – і, адпаведна, у рознай музычнай стылістыцы. Ну, а наколькі ўсё гэта – менавіта феерверк, як пазначаны жанр на афішах, можна і паспрачацца. Бо калі феерверк – гэта, як модна стала казаць, "грошы на вецер", дык тут – усё наадварот.

Мастак Любоў Сідзельнікава абышлася мінімумам укладзеных у сцэнаграфію сродкаў, стварыўшы каларытнае, насычанае эфектнымі дэталямі відовішча. На сцэну выязджае і ванна, у якой мыецца гераіня, і аўто пачатку ХХ стагоддзя, "шчыльна населенае" гангстэрамі, і вялізны трохколавы веласіпед. А ўжо колькі сцэнічных строяў змяняюць не толькі салісты, але і артысты хору, якім даводзіцца пераўвасабляцца часцей за ўсіх, нават не пералічыць. Такая "шчодрасць", заснаваная на выкарыстанні антуражу з іншых спектакляў, часам нават пакідае ўражанне залішняй марнатраўнасці: не ўсе "залпы", патэнцыйна закладзеныя, умоўна кажучы, у развешаную афармленчую зброю, выстрэльваюць. Амаль не заўважанымі застаюцца аўтарскія лялькі Кацярыны Пуставалавай: залішне дробныя для гэтай залы, яны не бачныя нават у сярэдзіне партэра.

11-83bЗатое героі таго ж "Званочка…" – зусім не "ажылыя лялькі", як гэта намагаецца падказаць нам маленькі пралог, вынесены на авансцэну. Жарсці палаюць так, што нават Шкілет – спачатку быццам бы адзін з аптэчных экспанатаў – ажывае! І ён становіцца самай, бадай, яркай дзейнай асобай. Гнуткі, пластычны, персанаж выступае ў ролі своеасаблівага каментатара падзей, часам становячыся "ценем" герояў. Гэты бліскучы рэжысёрскі прыём Ганны Маторнай, аздоблены спецыфічна "мімічнай" харэаграфіяй Вячаслава Іназемцава, абсалютна натуральна звязаны як з тэкстам опернага лібрэта, так і з уласна музычным тэкстам партытуры. Упершыню Шкілет "ажывае", калі Энрыка – няверны каханак Серафіны, якая быццам бы бярэ шлюб са старым аптэкарам, спявае: "Мне засталася толькі смерць". Стаўшы спачатку нябачным "двайніком" Энрыка, Шкілет выступае на баку Серафіны. Гэткае ўвасабленне амаль трывіяльнай думкі, што любоў і смерць крочаць побач, візуалізацыя словазлучэння "любоў да смерці" – зусім не адзіная роля Шкілета. У сцэне з асіплым спеваком (а ім прыкідваецца пераапрануты Энрыка, каб сапсаваць першую шлюбную ноч аптэкара), Шкілет становіцца ценем "шчаслівага" мужа, відэавыявы загадкавага персанажа множацца на сценах, скіроўваючы жанр да трагікамедыі. Ён паспрабуе сябе і ў ролі "памочніка" Энрыка, але яго канчатковым выбарам стане роля неразлучнага "сябра" аптэкара. Таму зусім невыпадкова, што пасля фінальнага паклону ён быццам прымярае ролю дырыжора. Чым не філасофскі падтэкст?

Усе гэтыя "шкілетныя маніпуляцыі", бліскуча выкананыя Дзмітрыем Скачковым і, у другім складзе, Аляксеем Шашолкам, добра "мікшыруюць" некаторыя ўласна музычныя хібы спектакля. Праўда, тут патрабуецца тлумачэнне. Музыка Г.Даніцэці нават для найлепшых оперных спевакоў свету – бы алімпійскае спаборніцтва з самім кампазітарам. Тое, што на сённяшні дзень зроблена дырыжорам Алегам Лесуном і вакалістамі на шляху "барацьбы з італьянскім бэльканта", заслугоўвае павагі. Скажу больш: часам яны дэманструюць куды лепшыя мастацкія вынікі, чым тыя, што былі дасягнуты нашай опернай трупай пры колішняй пастаноўцы даніцэціеўскай "Рыты…". Але да ідэальнага ўвасаблення італьянскага стылю яшчэ трэба ісці. Але тэатр, калі ён носіць назву музычнага, абраў правільны кірунак – у бок недасяжных вакальных вяршыняў. І гэта можна толькі вітаць, не паддаючыся на правакацыі: маўляў, вы ж не "опернікі", каб за гэта брацца. Што ж, салісты Музычнага тэатра папраўдзе павінны быць "мультывакалістамі".

Акцёрскае ж увасабленне няпростых партый – на мяжы фантастыкі. Кожны артыст абсалютна індывідуальна трактуе свой вобраз. Серафіна Наталлі Дзяменцьевай – капрызная какетка, якая мэтанакіравана рушыць да фінішу. Гераіня Лесі Лют – хутчэй, гарэзлівая дзяўчына-падлетак, якая проста "гуляе" ў інтэрактыў, цалкам распрацаваны першай жонкай аптэкара. Гэтак жа "гуляе" (праўда, ва ўласную гульню)– Энрыка Сяргея Суцько. А вось герой Андрэя Марозава нагадвае ўпэўненага Дон Жуана, здольнага і да "тэатра масак", і да ўнутранага полымя пачуццяў.

Яшчэ больш рознымі аказваюцца аптэкар Ангібале і ягоны Слуга. Кожны з артыстаў прачытвае сваю ролю не проста іначай, а ў іншым жанры. Віктар Цыркуновіч непадробна малюе "камічнага старога" – ну проста "класіка жанру": настолькі неверагодным падаецца гэтае пераўвасабленне ў тэатральнага тыпажа, вырашанага ў традыцыях эпохі Асветніцтва! Падмануты стары Яўгена Глебава бліжэй да герояў эпохі рамантызму – амаль гэткі Мельнік з "Русалкі" А.Даргамыжскага. З-за гэтага сцэна з відэашкілетамі ўспрымаецца з усёй вастрынёй псіхалагізму (аптэкар літаральна страчвае розум), і гуллівая камедыя становішчаў набывае рысы нават не драмы, а трагедыі. Слуга аптэкара ў выкананні Дзяніса Мальцэвіча– быццам тагачасны Фігара, які спрытна і абаяльна злучае канцы з канцамі. Той жа Слуга ў Ігара Бычкова – тэатралізаванапарадыйны, эксцэнтрычны, быццам тагачасны "герой нямога кіно", усе эмоцыі і думкі якога павінны быць выкладзены максімальна ярка і акцэнтавана.

А вось увасабленне Мадам Розы, пэўна, патрабуе далейшых пошукаў. Зразумела, што першая жонка аптэкара выведзена як выключна сатырычны, адмоўны персанаж. Але, прызначаючы на гэтую партыю Ірыну Заянчкоўскую, якой добра ўдаваліся лірычныя гераіні, і зусім маладую Вікторыю Жбанкову-Стрыганкову, што ўсім сваім "бабулям" умее надаць шарму, можа, варта перагледзець грым?

11-83aДругая дзея феерычнага вечара вызначаецца словам "шлягеры": рэвю зроблена з неапалітанскіх песень і іншай папулярнай класікі, не толькі італьянскай. Перад намі – адзін дзень (дакладней, суткі) з жыцця гарадскога квартала, вырашаны як лёгкае "рэтра" мінулага стагоддзя. Здавалася б, за падзеямі сачыць зусім не абавязкова. Галоўнае – атрымліваць асалоду ад хітоў у папраўдзе добрым выкананні. Асабліва ўражвае Яўген Ермакоў. Калі на пачатку сваёй спеўнай кар'еры ён успрымаўся, хутчэй, як характарны тэнар, а з прыходам у тэатр здзівіў раскрыццём акцёрскіх здольнасцей, дык цяпер ягоны голас набыў хвалюючую, кранальную прыгажосць, поўную разнастайных лірыка-драматычных адценняў. Увогуле ж, музычна-рэжысёрскія траплянні ў вобраз– часам нечаканыя, але абсалютна пераканаўчыя (рэжысёр – Сусанна Цырук, дырыжор – Мікалай Макарэвіч).

Ды ўсё ж самым вялікім цудам у абедзвюх аднаактоўках застаецца… хор. Прычым нават тады, калі ён не спявае. Дарэчы, большасць маладых артыстаў хору – выхаванцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе харавікоў-дырыжораў вучаць не мудрагелістым "па" нагамі, а хіба "маханню рукамі". Але танчаць яны – на роўных з балетам, і часам немагчыма зразумець, хто – дзе (асабліва ў Тарантэле з балета В.Гаўрыліна "Анюта"). А саліст Дзяніс Нямцоў, здаецца, нават "ператанцоўвае" прафесійную балетную пару. Ну, а пра тое, што замест масоўкі мы бачым індывідуальна распрацаваныя характары, бліскуча ўвасобленыя артыстамі, дзе кожны пачувае сябе салістам, і казаць не трэба. Так што калі яшчэ зусім нядаўна асноўнай праблемай тэатра была падрыхтоўка адпаведных кадраў, дык сёння відавочна, што ён узяў на сябе і функцыі студыі, якая сама выхоўвае менавіта "сінтэтычных" артыстаў, здольных валодаць усімі жанрамі, стылямі і нават відамі мастацтваў.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Культура. – 2011. – 30 ліп. – С. 8.

На здымках: сцэны са спектакляў.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: