« Назад
АДДАНАСЦЬ ТАЛЕНТУ
Без яе немагчыма ўявіць сцэну тэатра музычнай камедыі. Наталлю Гайду ведаюць і любяць не толькі мінчане, але і далёка за межамі нашай рэспублікі. Дзе б яна ні выступала, – у Данецку ці Ноўгарадзе, у Архангельску ці Запарожжы, у Маскве ці на БАМе, – усюды яе суправаджае поспех і ўсеагульнае прызнанне.
Артысты аперэты часцей за ўсё захапляюць гледачоў або яркай знешнасцю, або голасам, або добрым спалучэннем спеваў з асабістай прывабнасцю і пераканаўчай перадачай пачуццяў у спевах. Мастацтва Гайды будуецца на злітным трыадзінстве галоўных элементаў жанру: прыгожых спевах, пераканаўчай драматычнай ігры і сапраўды балетнай пластычнасці. Сваім голасам (каларатурнае сапрана) яна валодае бездакорна. Прыгожага тэмбру, звонкі, чысты, гнуткі голас яе аднолькава роўна гучыць ва ўсіх рэгістрах, лёгка падпарадкоўваецца жаданням спявачкі. Ім яна віртуозна перадае малейшыя зрухі душы сваёй сцэнічнай гераіні.
У танцы Гайда лёгка і зграбна "працуе" нароўні з балерынамі. А акцёрскім яе здольнасцям могуць пазайздросціць часам і актрысы драматычнага тэатра. Імклівыя эмацыянальныя пераходы, маса танчэйшых пачуццяў, ігравых "абертонаў" (калі можна тут ужыць гэты музычны тэрмін) – усё падуладна ёй. Пачуцці гераіні яна робіць сваімі, падпарадкоўвае сябе інтарэсам вобраза, інтарэсам спектакля. Спевы, акцёрская ігра і танец, злітыя ў адзіны паток жыцця, бурліва ўрываюцца ў яе ігру на сцэне; яны ў артысткі непадзельныя, арганічныя, яны выражаюць сутнасць душы яе гераіні. Такое арганічнае, натуральнае "пераліванне" са спеваў у танец, з танца ў драматычнае выкананне, і зноў у танец і спевы, сустракаецца вельмі рэдка. Гэта і вызначае ўзровень яе таленту, вызначае напал захаплення гледачоў.
Музыка, тэатр, спевы вабілі Наталлю з дзяцінства. Але на шляху да аперэты было шмат складанасцей, якія яна, пераадольваючы няўдачы і ўласныя сумненні, усё-такі прайшла. Чаго каштавала, напрыклад, вучыцца адначасова ў юрыдычным інстытуце і кансерваторыі, потым займацца юрыспрудэнцыяй, калі душа яе і мары былі на сцэне?! 3 ахвотай прыняла запрашэнне Свярдлоўскага опернага тэатра, з ахвотай працавала: за пяць гадоў – аж 29 вялікіх і маленькіх партый. 3 гэтым багажом прыехала ў Мінск, у оперны тэатр. А праз год пашанцавала: адкрыўся тэатр музычнай камедыі. Мара яе збылася.
За дзесяць гадоў работы ў тэатры музычнай камедыі яна сыграла 30 роляў, – і толькі вядучых, вялікіх, галоўных. Гэта бліскучая Сільва ("Сільва"), гордая, спакойная Адэта ("Баядэра"), палымяная Зорыка ("Цыганскае каханне"), няўрымслівая Чаніта ("Пацалунак Чаніты"), гарэзлівая Паўлінка ("Паўлінка"), вясёлая Насця ("Бабскі бунт"), пяшчотная Віялета Батманава ("Халопка"), зграбная Юлішка ("Палымяная скрыпка"), пранікнёная Ганна Главары ("Вясёлая ўдава") і г. д. Яе гераіні – поўныя жаночай чароўнасці, у іх пяшчотнае сэрца, пачуццё ўласнай годнасці; яны гатовыя да самаахвяравання. Сённяшні рэпертуар Наталлі Гайды складаюць ролі самага шырокага дыяпазону – лірычныя, камедыйныя, драматычныя. I калі нават самой драматургіяй яе гераіні адводзіцца пасіўная, сузіральная роля ў змесце п'есы, Гайда знаходзіць магчымасць выявіць характар, акрэсліць дзеянне, праявіць у ролі сцэнічную актыўнасць. Прыкладам гэтага могуць быць яе Марыя ("Чацвёра з вуліцы Жанны") або Настачка з "Несцеркі".
Сярод яе лепшых прац – усе ролі, якія яна іграла ў класічным рэпертуары. Але аперэтачная класіка часам абмяжоўвае яе акцёрскія магчымасці, бо вызначае адзін пэўны тып жаночага характару. Таму Гайду заўсёды вабіла сучаснасць у аперэце. Разнастайнасць нашага жыцця, адлюстраванае ў мастацтве сцэны, барацьба, канфлікты, нечаканасць жыццёвых паваротаў, а значыць – пошукі складаных псіхалагічных матывіровак – жаданы сцэнічны матэрыял. Актрысе хочацца ў сваіх гераінях выяўляць гераічны, дзейсны патэнцыял. Таму заўсёды з вялікім захапленнем яна працуе над вобразамі сваіх сучасніц. Самая першая яе роля – Ірына ("Спявае "Жаваранак"), потым Стэла, дачка матроскай удавы Клемянціны ("Вольны вецер"), Лала Джаваншырава ("Каўказская пляменніца"), Вера Чарнова ("Увага, здымка!"), Каця ("Патрабуецца гераіня"), ужо названыя Чаніта ("Пацалунак Чаніты") і Насця з "Бабскага бунту". А таксама яе выдатная Марына ("Мост мары"). Як пісалі крытыкі, гэта работа – сапраўдны монаспектакль Гайды. I чарговы яе трыумф. Дарэчы, усе ролі Гайды – гэта акцёрскія ўдачы. Нават калі рэжысура не дапамагла актрысе ў пошуках цікавых псіхалагічных хадоў у матывіроўцы ўчынкаў гераіні, актрыса сама, прывабнасцю ўласнай чалавечай (і акцёрскай) асобы, уласным характарам дамалёўвае сцэнічны вобраз да высокага выканаўчага ўзроўню.
Асобнае месца ў яе рэпертуары займаюць ролі з беларускіх аперэт. 3 песні яе Жаваранка пачалася гісторыя тэатра музычнай камедыі БССР. Роля гэта з'явілася выдатнай старонкай у прафесіянальным тэатральным жыцці актрысы. Гайда да гэтага часу ўспамінае сваю Ірынку з затоеным душэўным хваляваннем. А потым была бойкая Паўлінка – паводле класічнай камедыі Я. Купалы. Юрый Семяняка напісаў да яе музыку спецыяльна з разлікам на Гайду. Жартаўлівая, прывабная, вясёлая, гарэзлівая Паўлінка выклікала ўсеагульнае захапленне гледача. Міжволі хочацца параўнаць аперэтачную "Паўлінку" з класічным спектаклем купалаўцаў. У драматычным тэатры найбольшую цікавасць выклікаюць сцэны з удзелам Крыніцкіх, Пустарэвічаў, пана Быкоўскага. Паўлінцы адведзена некалькі пасіўная роля. У аперэтачным прадстаўленні галоўным персанажам, які звязвае ўсю сцэнічную гісторыю ў адзіны вузел, безумоўна, з'яўляецца Паўлінка ў выкананні Наталлі Гайды.
Пасля Паўлінкі была Каця ("Тыдзень вечнага кахання"). I зусім нядаўна – прывабная Настачка з "Несцеркі", якую актрыса сілай свайго майстэрства таксама зрабіла больш моцнай, актыўнай і дзейснай, чым гэта закладзена ў матэрыяле п'есы.
У апошнія гады шмат сіл і часу аддае актрыса грамадскай дзейнасці. Яна з'яўляецца дэпутатам гарадскога Савета народных дэпутатаў, членам партбюро і мастацкага савета тэатра. А яшчэ рэпетыцыі, спектаклі, шматлікія канцэрты і сустрэчы з гледачом па-за тэатральнай праграмай. Справіцца з усім гэтым можна толькі пры вялікай адданасці мастацтву, пры строгай арганізацыі сваёй штодзённай працы. Але Наталля Гайда заўсёды на службе свайго таленту.
Георгій ВАЎЧОК. Звязда. – 1981. – 15 жн.
|