« НазадАДНО ГЛЯДЗЕЦЬ?.."Асоль": "пераадрасацыя" да Елізар'ева і "Deep Purple" У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — доўгачаканая нацыянальная прэм'ера: два вечары запар, 12 і 13 студзеня, тут прэзентавалі балет "Асоль", пастаноўка якога была ажыццёўлена пры садзейнічанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Беларускага кампазітара Уладзіміра Саўчыка і галоўнага балетмайстра Музычнага тэатра, народнага артыста Беларусі Уладзіміра Іванова калісьці "ўсватаў" мастацкі кіраўнік балета нашага Вялікага тэатра Юрый Траян. Менавіта да яго кампазітар прыйшоў са сваёй музыкай, і той, што называецца, здзейсніў "пераадрасацыю", пажартаваўшы: "Я пазнаёмлю вас з чалавекам, які мае надзвычай рэдкае прозвішча". Але больш важным аказалася іншае: абодва Уладзіміры, стаміўшыся ад складанасцей сучаснага мастацтва, імкнуцца да светлых, адухоўленых вобразаў, даходлівых, дэмакратычных сродкаў выразнасці. Невыпадкова кампазітар атрымаў вядомасць праз свае дзіцячыя оперы і навагоднія казкі, што неаднаразова ставіліся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, прытым, што на ягоным рахунку — ажно 14 тысяч рыфмаваных санетаў, некалькі сімфоній ды іншых буйных аркестравых твораў. Гадоў дваццаць таму балет "Асоль" таксама быў аднайменнай чатырохчасткавай сімфоніяй, натхнёнай аповесцю А. Грына "Пунсовыя ветразі". Потым з'явілася другая рэдакцыя музычнага твора, дзе, па словах аўтара, змяніліся аркестроўка і фінал. Але ў час непасрэднай працы над балетам драматургія сімфоніі, зразумела, была цалкам перапрацавана. Па жаданні балетмайстра з'явіўся нават "устаўны" музычны нумар — запіс гурта "Deep Purple". Назва ж "Асоль" была для кампазітара прынцыповай, бо імя гераіні "расшыфроўваецца", як спалучэнне дзвюх нот: "As", што азначае "ля-бемоль", і "соль". Праўда, акрэсленую лейтінтанацыю глядач можа і не заўважыць: надта "прыхаваў" яе кампазітар, вылучыўшы на першы план традыцыйны меладызм, што часта мае самыя разнастайныя "спасылкі" — ад беларускай песеннасці да творчасці Р. Паўлса, ад стылізаванай "прыдворнай менуэтнасці" да Л. Мінкуса з яго "Дон Кіхотам". Можа, яно і няблага: сучасная эстэтыка постмадэрна дапускае якія заўгодна "цытаванні", не абвяшчаючы гэта "эклектыкай", крыўднай па ранейшых часах. Ды толькі, акрамя пазнавання чагосьці да болю знаёмага, хочацца і нейкай аўтарскай канцэпцыі, якая звязала б у адзін "марскі вузялок" жанрава разнастайныя, але стылёва аднастайныя ўплывы (на дне марскім, да прыкладу, так і хочацца імпрэсіянізму замест звыклага тандэму мелодыі з акампанементам). У аркестроўцы часта аддаецца перавага зіхатліва-званочкаваму трымценню ўдарных. Аркестр гучыць вельмі годна: эмацыйна, збалансавана, без памылак ці недарэчнасцей. Хаця літаральна напярэдадні наспяваў канфлікт: дырыжор-пастаноўшчык дазволіў сабе прыкрыя для кампазітара выказванні аб партытуры — не сам-насам з аўтарам і нават не на рэпетыцыі, у асяродку аркестрантаў, а на… прэс-канферэнцыі. Кіраўніцтва тэатра не ацаніла такі піяр на эстрадны манер, і за штурвал устала Марына Траццякова, якая ўпэўнена, па-мужчынску, прывяла музычны карабель да прэм'ернай гавані і фінальнай буры апладысментаў. Адзінства музыкі з харэаграфіяй грунтуецца на тым жа прынцыпе запазычванняў. Затое лібрэта — без асаблівых паралелей з хрэстаматыйна вядомым сюжэтам. Пастаноўшчык прызнаўся, што імкнуўся адысці ад харэадрамы, калі ў многіх балетах мінулых дзесяцігоддзяў старанна "пераказвалася" літаратурная крыніца. Але ў выніку жанр спектакля стаў нагадваць… даволі працяглы агляд экспазіцыі выстаўкі (Вы заўважалі, што экскурсіі ідуць павольна там, дзе глядзець амаль няма чаго?). Адразу пасля ўверцюры з зачыненай заслонай — дзяўчаты ды хпопцы ў светлых палатняных строях, быццам з масоўкі пра беларускую даўніну. А вось і Асоль (Міку Сузукі) — у Падводным царстве. Вось яна — на тамтэйшым баляванні з чатырма "марскімі" кавалерамі (ейныя "фантазіі" — са "Спячай прыгажуні" П. Чайкоўскага М. Пеціпа). A вось і Грэй (Дзмітрый Лазовік) — у нейкім бары-казіно з сучасным інтэр'ерам класічных аперэт і фрагментам "бязмоўнага" драмспектакля: сядзяць артысты за сталом ды карты адно аднаму шпурляюць. Нарэшце, Ён і Яна сустракаюцца — і ўсё, каханне да канца спектакля. Для Грэя яно — выратавальнае, бо "разбуральны" рок-н-рол ён змяняе на балетную класіку. "Чытаючы" рознастылёвую харэаграфічную лексіку, міжволі прыходзіш да высновы, што гэтая закаханасць для Асоль — жудасная памылка. Калі ў першай дзеі, дзякуючы працытаваным знаходкам з балетаў Валянціна Елізар'ева, гераіня паўстае індывідуальнасцю, дык пасля сустрэчы з Грэем страчвае сваю адметнасць. Можа, ёй лепш было заставацца з Апавядальнікам (Артур Іваноў), у руках якога яна вырабляла куды больш яркія, цікавыя рухі? Але зразумець сапраўднае аблічча гэтага героя цяжкавата. Хто ён, Аўтар? Ці — Д'ябал-спакушальнік, што пераапранаецца ракавой жанчынай? Ці папросту Драсельмеер са "Шчаўкунка" з элементамі спартыўнай пластыкі? Сцэнічныя строі Валянціны Праўдзінай маюць шмат дэталей, што не ўспрымаюцца нават з першай паловы партэра і тое пры ўсёй сваёй фантазійнасці. Не спрыяе добраму "малюнку" і святло: спектакль ідзе нібы ў паўзмроку, на фоне "чорнага кабінета", дзе з'яўляюцца хіба водарасці з мядузамі ды жырандолі-ліхтары. Але ўсе артысты, уключаючы выканаўцаў цыганскага і ўсходняга танцаў, могуць пахваліцца ўдалымі работамі. Не выклікае сумневу і тое, што балет, безумоўна, без цяжкасцей знойдзе сваіх спажыўцоў-"пакупнікоў", бо наша публіка любіць відовішчы, якія не вымушаюць думаць — адно глядзець… Надзея БУНЦЭВІЧ. |
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by