Главная \ Пресса \ Ах, бенефіс, бенефіс… (1994 г., Літаратура і мастацтва)
« Назад

АХ, БЕНЕФІС, БЕНЕФІС…

На пачатку года ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі прайшоў бенефісны спектакль, прымеркаваны да юбілею салісткі тэатра Ніны Равінскай. Напэўна, гэты вечар пакладзе пачатак адраджэнню старой тэатральнай традыцыі, калі у гонар выдатных артыстаў наладжваліся іх бенефісы. З удзелам Н. Равінскай была паказана "Марыца" I. Кальмана, дзе ў артысткі – яркая, насычаная камізмам характарная роля. Пасля заканчэння спектакля на сцэну падняліся прадстаўнікі кіраўніцтва тэатра, Міністэрства культуры, упраўлення культуры гарвыканкама і СТД, каб павіншаваць Н. Равінскую. Гэтая цырымонія магла адбыцца і без гледачоў, але тады не была б такой запамінальнай. Ды гледачам было вельмі цікава: ніхто, нягледзячы на даволі позні час, не пакінуў сваё месца. Заслужаная артыстка Расіі Н. Равінская ў нашым тэатры музычнай камедыі – з дня яго заснавання. Атрымаўшы вакальную адукацыю ў Расіі, там спачатку й працавала, ужо ў 26-гадовым узросце атрымаўшы ганаровае званне. Будучы вядучай салісткай тэатра ў Валгаградзе, яна не вагаючыся прыехала ў Мінск, горад свайго дзяцінства /Ніна Антонаўна – дачка рэпрэсаванага ў 30-х роднага брата кампазітара М. Равенскага/. I разам з трупай падзяліла ўсе нягоды навастворанага тэатра, які доўгі час не меў свайго памяшкання. На Беларусь яна прыехала ўжо сталым майстрам, і маладыя салісткі пераймалі ад яе багаты сцэнічны вопыт.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Літаратура і мастацтва. – 1994. – 28 студз.