Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Альтэрнатыўны" балет? (1996 г., Беларусь)

"Альтэрнатыўны" балет? (1996 г., Беларусь)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ" БАЛЕТ?

Такое пытанне, і без аніякага жартоўнага прысмаку, лунае ў тэатральных кулуарах ужо больш чым год. "Альтэрнатыўны" балет? А чаму б і не: якія могуць быць жарты, усё вельмі сур'ёзна! Хаця і адбываецца гэтая сур'ёзная справа ў тэатры, які апякуецца досыць легкадумным жанрам: аперэтай, музычнай камедыяй.

"Дык пра што ўсё ж гаворка?" – не жадае выпрабоўваць уласную цярплівасць збіты з тропу чытач, патрабуючы пэўнасці. I правільна, слушна патрабуе. Таму што балет – гэта справа не толькі сур'ёзная, але і зусім пэўная. I сёння ўжо можна сказаць пэўна і ўпэўнена: мастацтва наша пачынае пакрысе аднаўляць забытыя еўрапейскія традыцыі, у беларускай сталіцы, амаль пад бокам у сусветна прызнанага Нацыянальнага балета, якім кіруе Валянцін Елізар'еў, фарміруецца зусім яшчэ маладая, але перспектыўная харэаграфічная трупа. У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі!

Вядома, балет заўсёды існаваў тут як неад'емная частка жанру. Спецыфіка жанру рабіла спецыфічным і яго аблічча. Так і павінна было быць. Ды толькі… Юныя выпускнікі харэаграфічнага вучылішча, якія марылі ўсё-ткі пра вялікую сцэну, пра класічны рэпертуар, мусілі заставацца сам-насам са сваёй марай. За ўсю ранейшую гісторыю Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі была толькі адна самастойная харэаграфічная пастаноўка – "Паненка і хуліган" Д. Шастаковіча.

Зрэшты, артысты балета музкамедыі маглі б і не наракаць на свой лёс, калі б мелі выбар, магчымасць пры жаданні ўладкавацца ў якую-небудзь іншую харэаграфічную трупу, напрыклад, класічнага кірунку, і не "дзесьці там", а ў роднай Беларусі. Зразумела, Нацыянальны балет усіх, нават канкурэнтаздольных выпускнікоў прыняць не можа. Але ж хіба ўсім расійскім танцоўшчыкам шанцуе трапіць, напрыклад, у трупу слыннага Вялікага тэатра? Дык жа ў Маскве апроч яго ёсць яшчэ ці не паўсотні балетных калектываў, кожны з якіх, дарэчы, даводзіць сваё права на жыццё ў мастацтве.

Ну, вось, нарэшце, "альтэрнатыва" вялікаму акадэмічнаму балету з'явілася і ў нас, на зямлі з даўнімі еўрапейскімі традыцыямі, паводле якіх кожнае мястэчка, дзеля таго, каб мястэчкам лічыцца, мусіла мець тэатр, аркестр, спевакоў, танцораў, дый свайго кампазітара. Праўда, зусім не настальгія па традыцыях 18-га стагоддзя прывяла да ўзнікнення на сцэне тэатра музкамедыі досыць самастойнага калектыву з адметным рэпертуарам. "Вінаватая" – галоўны балетмайстар Ніна Дзячэнка, якая ладзіць творчыя стасункі са знанымі дзеячамі харэаграфічнага мастацтва, чый вопыт плённа рэалізуецца тут, у досыць прывабным і для трупы, і для гледачоў рэпертуары. За няпоўныя два гады сфарміравалася ладная афіша: "Іспанскі дывертысмент", " Штраусіяна", "Шахеразада", "Шапэніяна", разнастайнае канцэртнае аддзяленне з класічным "Падэкатрам". Пры канцы 1994 года з'явіўся спектакль, пра які нават і марыць не маглі: "Дон Кіхот"! А ўлетку 95-га паставілі "Кармэн-сюіту", з якой малады "Мінск-балет" ужо двойчы з поспехам гастраліраваў у Іспаніі.

Выдаткі маладосці, выдаткі творчага росту, выдаткі пошукаў? Зразумела, не без гэтага. Аднак новы калектыў умее ператвараць іх… у вартасці. Не верыце? Значыць, паспяшайцеся ў тэатр музычнай камедыі. На балет! Ён чакае вашага добрага позірку і зычлівай ацэнкі…


С.Б.
Беларусь. – 1996. – № 4. – С. 28–30.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: