« Назад
АНІСІМАЎ НА ПЛОШЧЫ БАГУШЭВІЧА
У Музычным тэатры – чарговая яркая падзея.
Цэнтр музычна-тэатральнага жыцця ўсё мацней зрушваецца з Траецкай гары, на якой стаіць Опера, у бок плошчы Багушэвіча (былой Клары Цэткін).
У Тэатры оперы і балета ўсё дзелавіта: былыя міністэрскія чыноўнікі ў кіроўных крэслах, прыезджы галоўны рэжысёр і галоўны дырыжор (абодва без харызмы), дысцыпліна, парадак, усе прэм’еры выпускаюцца ў належны тэрмін. Іх запрасілі і сказалі: "Зрабіце нам прыгожа!" Вось яны і робяць… прафесійна, але без натхнення. Нічога асабістага – проста праца.
У Музычным тэатры ёсць запал і жаданне спрабаваць сілы ў розных жанрах.
Цяпер Музычны тэатр жыве як бы ў двух часавых вымярэннях. З аднаго боку, адбываюцца пастаноўкі, закладзеныя ў план яшчэ былым галоўным рэжысёрам Ісаевым. Часам гэта ўдаецца ("Аднойчы ў Чыкага" ў пастаноўцы Сусаны Цырук), часам цалкам правальна ("Мая жонка ілгуння").
Але і поспехі, і паразы даказваюць адно: савецкая музычная камедыя памерла. Трэба шукаць новы шлях.
Ставіць мюзіклы. Або класічныя аперэты, якія трэба папярэдне ачысціць ад пахабных напластаванняў. Або папулярныя оперы ў сучаснай, свежай пастаноўцы. Плюс яркія, "неакадэмічныя" балеты, накшталт узноўленага нядаўна "Мефіста".
Але як гэта зрабіць, калі тэатр першапачаткова быў "заточаны" пад савецкую музычную камедыю, а былы мастацкі кіраўнік Ісаеў вынішчаў парасткі чагосьці іншага?
Цяпер на нашых вачах гэтыя парасткі ператвараюцца ў прыгожыя дрэвы.
Такім стаў праект, ініцыяваны новым кіраўніцтвам, – "Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым".
Першы такі адбыўся 9 чэрвеня з велічэзным поспехам. Другі – "Італьянскае капрыча" – мае быць 4 лістапада. У ім удзельнічае не толькі аркестр Музычнага тэатра, але і хор. Якое шчасце для музыкаў і харыстаў, якіх Ісаеў прысудзіў да вечнай катаргі ў выглядзе "Бабскага бунту"!
Гэтым разам маэстра Анісімаў пераключыўся на "чыстую" оперу. Адзіны сімфанічны твор, што прагучыць, – "Італьянскае капрыча" Чайкоўскага. Яркая, "шлягерная" рэч, якую кожны ведае на слых. У дадатак будуць фрагменты з опер "Яўген Анегін" і "Пікавая дама", напісаных кампазітарам амаль суцэльна ў Італіі.
У другім аддзяленні будзе гучаць італьянская музыка з дамешкам "французшчыны" – знакамітай баркаролы з оперы Афенбаха "Казкі Гофмана". "Нябёсная" музыка спецыяльна для дзвюх цудоўных спявачак, што ўдзельнічаюць у канцэрце.
Гэта, па-першае, выпускніца Акадэміі музыкі, салістка Операў Мінска і Масквы, меца-сапрана Аксана Волкава. Па-другое, вядучая салістка Пермскай оперы, сапрана Ірына Крыкунова.
Вы спытаецеся, чаму б замест Крыкуновай не запрасіць беларускую спявачку? Як патлумачыў спадар Анісімаў, оперныя спевакі ў нашай краіне – людзі паднявольныя, і кіраўніцтва тэатра можа нечакана "сарваць" іх з канцэрта, хоць графік рэпетыцый і спектакляў сёлета распісаны да канца сезона.
Аксану Волкаву "адрэгуляваць" не ўдаецца толькі таму, што яе кар’ера выйшла за межы Беларусі. Паралельна з рэпетыцыямі ў Анісімава яна ездзіць у Маскву на рэпетыцыі "Царскай нявесты". Аднак дамовіцца з ёй і з Крыкуновай, якая шчыльна занятая ў Пярмі, было прасцей, чым са спявачкамі, якія стабільна знаходзяцца ў Мінску. Можа, таму, што цяперашняе кіраўніцтва Оперы спадара Анісімава не надта прывячае? Як і іншых высокапрафесійных беларускіх дырыжораў – Андрэя Галанава і Алега Лесуна. Здавалася б, у Оперы яны болей патрэбныя, але супрацоўнічаюць сёння з Музычным тэатрам.
…Што ж датычыць спявачак, дык абедзве яны ў канцэрце будуць выконваць "арыі найвышэйшага пілатажу". Крыкунова – каватыну Нормы "Casta Diva" з галавакружна цяжкай стрэтай, якую савецкія сапрана ніколі не спявалі. Волкава – арыю Арзачэ з оперы Расіні "Семіраміда".
Свае яркія моманты будуць і ў хору. Вечар абяцае быць цікавым!
Юлія АНДРЭЕВА. Наша ніва. – 2010. – 1 лістап.
|