Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Апантанасць паэзіяй (2002 г., Народная газета)

Апантанасць паэзіяй (2002 г., Народная газета)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АПАНТАНАСЦЬ ПАЭЗІЯЙ 

Уладзіміру Жукаву – крыху больш за пяцьдзесят… Лёс, па яго ж прызнанні, не дужа песціў, не вельмі шчасціў, але і не быў жорсткім. Ужо за тое ўдзячны яму, а можа, самому Богу, што дараваў радасць не адно пражыць на гэтым свеце, але дзівіцца яму і тварыць яго ў адпаведнасці з унутранай свабодай, якая ёсць дух творчасці.

Змалку, як помніць сябе, заўсёды маляваў: усё, што наўкола, усё, што кранала, выклікала душэўнае ўзрушэнне. Не існавала прадмета, з'явы, якіх бы маленькі паляшук не здолеў перанесці, алоўкам або кавалачкам вугалю, на паперу. Вясковыя дзецюкі дзівіліся незвычайным здольнасцям хлапчаняці, найбольш дасведчаныя, адукаваныя раілі бацькам аддаць малога на вучобу ў горад. Хіба ж мог ён ведаць – дзіця палескай раскошы – нешта пра той горад, пра яго нязвыклыя фарбы, стракатае шматлюддзе, тлумную мітусню вуліц?.. Не, ягонай уражлівай істоце імпанавала зусім іншае – бяздонная сінеча высознага неба, белыя, як аблачынкі, гарлачыкі, што гойдаюцца ў затоках, загадкавае шапаценне аксамітнай лістоты ў таямніча-векавых дубах… Колькі ж хараства, дзіва, тайны ва ўсім гэтым!..

I яшчэ было ў Валодзі Жукава адно патаемнае, не вельмі, аднак, прыдатнае для вясковага ўкладу жыцця захапленне – паэзія. Ён мог гадзінамі дзе-небудзь на гарышчы альбо ў счарнелым ад часу дупле пад шум дажджу чытаць Пушкіна, Купалу, Цютчава. I цяпер, бывае, прыпамінае тыя шчаслівыя імгненні асалоды, узрушанасці, да галавакружэння, якія перапаўнялі істоту, змушалі хапацца за аловак і рабіць няпэўныя накіды, а то і спрабаваць выкласці тое ўзрушэнне ўласным, хоць і маладасканалым паэтычным словам.

Міналі гады, дзесяцігоддзі… Юнак сталеў, станавіўся дарослым. I як жыццё ні цёрла, ні малола ў сваіх жорнах, ён, як той аселіцкі малады дуб, не хіліўся долу, не скараўся абставінам, не падладжваўся, а заставаўся рамантыкам у душы. Праз гэта шмат цярпеў, але што зробіш, такі ўжо характар… Закончыў мастацкую вучэльню, паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут… Спачатку было цікава, нават вельмі. Але потым не заладзілася. Не, не з вучобай, проста ён не мог і не жадаў ламаць свой стыль, сваю жывапісную манеру, сваё разуменне мастацкасці рэалістычнай школы. Яму казалі, што рэалізм – учарашні дзень у жывапісе, а ён не хацеў і слухаць. Малады жывапісец, вядома ж, прызнаваў тыя напрамкі ў мастацтве, якія несла жыццё. Але кожны ідзе сваім шляхам. Ён выбраў той кірунак, які падказала яму сэрца яшчэ ў юнацтве. Умоўна яго можна было б назваць "рамантычным рэалізмам". Сябры іншы раз жартам упікалі: ты нарадзіўся занадта позна, твой прыпынак недзе ў 19-м стагоддзі, а на дварэ – новы век, новае мастацтва… Можа быць, згаджаўся хлопец, але тут жа прыводзіў словы Рэнуара: мастацтва ўзнікае толькі там, дзе ёсць унутраная праўда. Я з ёю не разышоўся…

у ягоным узросце многія творцы дасягнулі вышынь і ў мастацтве, і ў кар'еры. Выстаўляюцца за мяжой, маюць не адну персанальную выставу, добрую прэсу. А ў Жукава ўсё неяк не так, як быццам на закінутым хутары ці на нейкім востраве жыве чалавек. Піша ў асноўным для сябе, для сяброў. Іншым разам выстаўляецца ў родным Музычным тэатры, дзе працуе мастаком-дэкаратарам. "Ды ўсё так, – разважае і сам Уладзімір Аляксандравіч, – можа, і склалася, што па жыцці я максімаліст. Да ўсяго яшчэ і ўпарты характарам. Адным словам – рамантык, дармо што сівізна ў валасах… Але хай сабе, я ні аб чым не шкадую. Наадварот, удзячны лёсу, што маю магчымасць пісаць тое і ў такой манеры, якая мне наканавана Богам. І наўрад ці памяняюся ўжо…

Карціны Уладзіміра Жукава сапраўды адмысловыя (ці то пейзажы, ці то нават партрэты) сваёй элегічнай настраёвасцю, паэтычнасцю, узвышанасцю пачуццяў, якія не прыхаваны ніякімі мадэрнісцкімі напластаваннямі. Асабліва гэта заўважна ў такіх работах, як "Востраў збавення", "Элегічны пейзаж", "Восень", "Андрамеда," "Карабель мары", іншых палотнах. А цыкл прац, прысвечаных А. Пушкіну, проста цудоўны ў каларыстычным выяўленні, не кажучы ўжо пра пэўную філасафічную заглыбленасць тэмы, якая, аднак, не шкодзіць паэтычнасці ўспрымання напісанага. Асабліва гэта тычыцца партрэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, напісанага як бы ў манеры Карла Брулова і карціны "У тыя дні, калі ў садах ліцэя…" Па прызнанні мастака, якраз Пушкінскі цыкл – найбольш для яго дарагі, бо ў ім – усе светлыя і драматычныя бакі яго ўласнага творчага жыцця…

А хіба па-іншаму бывае ў творцы, калі ён ідзе па жыцці толькі яму адведзеным шляхам, хай сабе той шлях і ў баку ад сучасных магістраляў?..

Георгій ЧЫГІР.
Народная газета. – 2002. – 2 жн. – С. 1, 12.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: