Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Аперэта для дзяцей: першы крок (1985 г., Мастацтва Беларусі)

Аперэта для дзяцей: першы крок (1985 г., Мастацтва Беларусі)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АПЕРЭТА ДЛЯ ДЗЯЦЕЙ: ПЕРШЫ КРОК

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР яшчэ параўнальна малады, але паспеў заваяваць аўтарытэт сярод аматараў гэтага жанру ў рэспубліцы. Тэатр ажыццявіў значную колькасць пастановак савецкіх і замежных аўтараў. Творчы ўклад беларускіх кампазітараў у рэпертуар тэатра пакуль невялікі, заслуга развіцця жанру музычнай камедыі ў Беларусі належыць кампазітарам Ю. Семяняку, Р. Сурусу і А. Мдывані.

Доўгае сцэнічнае жыццё аперэт "Паўлінка", "Сцяпан – вялікі пан" Ю. Семянякі, "Несцерка" Р. Суруса сведчыць пра мастацкую значнасць твораў. Аперэта "Сцяпан – вялікі пан" (1979 г.) цікавая тым, што гэта першы і пакуль што адзіны ў рэспубліцы твор гэткага жанру для дзяцей.

Назіраючы ў час спектакля за эмацыянальнай рэакцыяй юных гледачоў, думаеш пра тую велізарную адказнасць, якую нясуць аўтары і пастаноўшчыкі спектакляў для дзяцей. Музыка выконвае значную ролю ў выхаванні маладога пакалення, у фарміраванні яго мастацкага густу. Спектакль "Сцяпан – вялікі пан" нязменна выклікае гарачую зацікаўленасць дзіцячай аўдыторыі, у чым немалая заслуга аўтараў спектакля – кампазітара Ю. Семянякі і лібрэтыста А. Вольскага.

Паэт і драматург А. Вольскі вядомы як аўтар шматлікіх вершаў, казак, паэм для дзяцей, народны артыст БССР Ю. Семяняка шмат гадоў плённа працуе ў галіне дзіцячай музыкі. Ім напісаны шматлікія песні, музыка да радыё- і тэлепастановак, драматычных спектакляў. Аперэта "Сцяпан – вялікі пан" не першая сумесная работа пісьменніка і кампазітара. У свой час яны напісалі некалькі піянерскіх песень, сярод якіх вядомасць набылі "Піянеры-дружбакі" і "Песня пра Марата Казея". Акрамя таго для аперэты "Тыдзень вечнага кахання" Ю. Семянякі А. Вольскі напісаў вершы.

Для аўтараў спектакля адной з крыніц натхнення з'явіліся казкі. Дастаткова прыгадаць зборнік А. Вольскага "Казка з быллю папалам", куды, дарэчы, увайшла і казка "Сцяпан – вялікі пан", якая пазней выйшла асобным выданнем і перакладзена на польскую і англійскую мовы. Зусім нядаўна ў выдавецтве "Юнацтва" ўбачыў свет зборнік казак і вершаў А. Вольскага "Сонца блізка ўжо зусім". Па матывах беларускіх казак напісана і яго п'еса "Тры Іваны – тры браты", якая пастаўлена ў тэатры імя Я. Купалы з музыкай Э. Зарыцкага.

Варта назваць і дзіцячыя спектаклі на казачныя сюжэты з музыкай Ю. Семянякі – "Тры парасяці", "Прыгоды Нязнайкі", "Сярэбраная табакерка", "Васіліса Прыгожая". Асновай першай "спробы пяра" кампазітара ў жанры музычнай камедыі для дзяцей таксама быў сюжэт казкі. Праўда, сцэнічнае жыццё "Зайкі-зазнайкі" было даволі кароткае і не пакінула прыкметнага следу ў гісторыі развіцця жанру. Па матывах беларускіх казак напісана і лібрэта аперэты "Сцяпан – вялікі пан", якая нагадвае фабулай папулярную казку "Кот ў ботах". Спектакль знаёміць дзяцей з Лісой – гераіняй многіх беларускіх казак і жартаў, з шаўцом Сцяпанам, вяселле якога з Царэўнай так спрытна наладжвае Ліса, з іх сябрамі – зайцамі і ваўкамі, з Царом, а таксама Генералам і яго салдатамі, якія спрабуюць перашкодзіць вяселлю.

Тэкст аперэты насычаны характэрнымі беларускімі бытавымі выразамі, прымаўкамі. У выбары сюжэта, бясспрэчна, праявілася тонкае разуменне кампазітарам асаблівасцей дзіцячага ўспрымання.

У яскравым, відовішчным спектаклі, якім з'яўляецца аперэта "Сцяпан – вялікі пан", адвечная ідэя ўсіх казак, перамога дабра над злом, увасабляецца ў сучаснай ідэі перамогі дружбы і ўзаемавыручкі. Вялікае ідэйна-выхаваўчае значэнне маюць і іншыя тэмы спектакля: любоў да роднага краю, яго прыроды, дружба з нашымі "братамі меншымі" – ляснымі звярамі, павага да сумленнай працы. Гэта раскрываецца праз вобразы станоўчых герояў спектакля. Разам з тым аперэта вучыць ненавідзець сацыяльную няроўнасць, подласць і вераломства, крывадушнасць, уладу багатых. У гэтым таксама вялікае выхаваўчае значэнне спектакля. Пра тое, што гэтыя ідэі чуйна ўспрымаюцца дзецьмі, сведчаць хоць бы іх дружныя крыкі пратэсту ў адказ на рэплікі каварнага Генерала. Галасы дзяцей гучаць з такой непадробнай шчырасцю, што міжволі думаеш: дзеці таксама ўжо барацьбіты супраць зла, няхай пакуль яшчэ ў казцы, але ўжо – барацьбіты!

Што ж прымушае не толькі дзяцей, але і дарослых з неаслабнай увагай сачыць за дзеяннем, пастаянна быць у стане ўсхваляванага напружання? Гэта – яскравая вобразнасць музыкі, тэксту, прадуманая сістэма кантрастнай драматургіі і, вядома, натхнёная работа ўсяго пастановачнага калектыву.

Музыка аперэты Ю. Семянякі зберагла ўсю паэтычнасць і чысціню казкі, непахісную веру ў дабро. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічае яе выразны меладызм – яшчэ адно сведчанне меладычнай шчодрасці кампазітара. Прыгожыя ў сваёй непасрэднасці песенькі зайцоў, Лісы і ваўкоў, песні Сцяпана і Царэўны літаральна "кладуцца на слых" і лёгка запамінаюцца. Гэта выклікана структурнай дакладнасцю і жанравай акрэсленасцю мелодый, выразнай гарманічнай мовай суправаджэння.

Для музычнай стылістыкі аперэты ўласціва арганічнае зліццё фальклорнага і індывідуальнага. Прыкладам таму можа быць песня Сцяпана "Няма мілей работы" (I дзея). Пачатковай інтанацыяй яе служыць формульны напеў, тыповы для каляндарных і любоўна-лірычных беларускіх песень. Ён жа і з'яўляецца штуршком для развіцця мелодыі, якая сваёй структурнай дакладнасцю некалькі адступае ад традыцый сялянскай працяглай песні. У аўтарскім тэксце жаночага хору "Зялёны гай" сувязі з фальклорнымі традыцыямі выразна адчувальныя ў рытма-інтанацыйнай аснове, прыёмах народнага харавога шматгалосся, падкрэсліваюцца паэтычнымі ўстаўкамі з аднайменнай народнай песні. У музычным парадзіраванні старадаўніх услаўленняў і салдацкіх песень таксама праявілася сувязь фальклорнай і аўтарскай асноў.

У цэлым жа для твора не характэрна цытаванне фальклорных вобразаў. Толькі аднойчы, у песні ваўкоў, выкарыстоўваецца папевачны метад цытавання беларускай песні "Я табун сцерагу". Увесь тэматызм песні ваўкоў арганічна вынікае з пачатковай папеўкі фальклорнай мелодыі.

Вельмі развітая сістэма лейтматываў, метад тэматычных "арак" і агульных рытма-інтанацыйных сфер, уласцівых той або іншай групе герояў, умацоўваюць форму твора, надаюць яму цэласнасць і стройнасць. Ідэйна-сэнсавым цэнтрам аперэты, яе галоўным лейтматывам з'яўляецца "Песня пра дружбу". Напісаная ў духу сучасных маршаў, яна гучыць у вузлавых момантах спектакля і завяршае яго ўрачыстым апафеозам дружбы і ўзаемавыручкі. Лейтматыўныя функцыі выконвае і песня Царэўны "Я сумаваць стамілася". Яе напеўная, рамансавага складу мелодыя, якая гучыць як у сольных, так і ў ансамблевых нумарах Сцяпана і Царэўны, з'яўляецца лейтматывам кахання герояў.

Песеннасць увогуле ўласцівая аперэце. У гэтым сэнсе кампазітар працягвае лепшыя традыцыі савецкіх аперэт, якія закладзены ў творах I. Дунаеўскага. У "Сцяпане..." Ю. Семяняка шырока абапіраецца на песенна-танцавальныя жанры, надае музычным характарыстыкам дзейных асоб спектакля лейтматыўныя функцыі. Гэта дапамагае дзецям успрымаць складаны музычна-сцэнічны твор, чаму спрыяе і выкарыстанне агульных рытма-інтанацыйных сфер, уласцівых той або іншай групе герояў. Так, музычныя характарыстыкі станоўчых герояў вытрыманыя ў лірычнай сферы інтанацый, а адмоўных – у традыцыйна-парадыйнай.

Драматургічнымі вузламі спектакля з'яўляюцца тры масавыя сцэны ў першай, трэцяй і пятай карцінах. Асаблівасць драматургіі спектакля – у паступовым росце напружання ад завязкі дзеяння (каля хаты Сцяпана) праз сцэну з'яўлення свата (Лісы) да фіналу-развязкі і, адначасова, кульмінацыі ўсяго твора. Другая карціна (сцэна ў лесе) і чацвёртая (вызваленне Сцяпана з астрога) звязваюць усё дзеянне.

Спектакль пастаўлены з гумарам, фантазіяй, у ім праявілася энергія рэжысёра – народнага артыста БССР С. Штэйна, якога можна лічыць сапраўдным сааўтарам шэрагу музычна-сцэнічных твораў Ю. Семянякі – аперэт "Тыдзень вечнага кахання", "Паўлінка", опер "Зорка Венера" і "Новая зямля".

С. Штэйну ўласцівая захопленасць справай, якая перадаецца ўсяму калектыву выканаўцаў, дапамагае раскрыццю ідэйна-мастацкай задумы твора. У пастановачных вырашэннях ён заўсёды адштурхваецца ад музыкі. У "Сцяпане..." цікавымі рэжысёрскімі знаходкамі з'яўляюцца сцэна з царскай світай у першай карціне (боты, якія падаюць "з неба"), зварот акцёраў непасрэдна да гледачоў у пятай карціне. Старанная работа рэжысёра з выканаўцамі дапамагла нараджэнню спектакля са зладжаным акцёрскім ансамблем. Акцёры іграюць і спяваюць з задавальненнем, бо ў зале – дзеці, самая чуйная і справядлівая аўдыторыя. Разам з аўтарамі аперэты выканаўцы смела надаюць персанажам казкі рысы сённяшняга дня.

Сюжэтная аснова спектакля не дае вялікіх магчымасцей для сцэнічнага раскрыцця ролі Сцяпана. I ўсё ж варта адзначыць акцёрскую работу В. Бажэнава і Р. Харыка, якія стварылі, кожны па-свойму, вобраз вясёлага шаўца, майстра сваёй справы. Нязменна гарачыя сімпатыі гледачоў выклікае Ліса ў пластычным, выразным выкананні народнай артысткі БССР Н. Гайды і Н. Белавусавай. Гледачы ацанілі вакальнае майстэрства і артыстычны тэмперамент В. Пятліцкай. Яе капрызная Царэўна разам з тым добрая і настойлівая ў дасягненні пастаўленай мэты.

Выканаўцы ролі Цара заслужаныя артысты БССР В. Шаўкалюк і В. Фаменка надаюць традыцыйнаму аперэтачнаму вобразу камічнага старога рысы добрага бацькі, які любіць дзяцей. Роля Генерала – вострахарактарная, яна патрабуе ад акцёра яскравых сцэнічных дадзеных. I трэба аддаць належнае Ю. Харытонаву і асабліва заслужанаму артысту БССР Ю. Лазоўскаму, якія цудоўна справіліся з задачай.

Там, дзе музыка найбольш выразная, нарадзіліся і запамінальныя харэаграфічныя вырашэнні (харэограф – народны артыст БССР С. Дрэчын). Гэта адмысловыя танцы зайцоў і ваўкоў.

Дэкарацыям спектакля (мастак – А. Марозаў) адпавядаюць не менш маляўнічыя касцюмы. Нерв кожнага музычнага спектакля, яго эмацыянальнасць у вялікай меры залежаць ад дырыжора. В. Валаткевіч вядзе спектакль з уздымам, але, на жаль, у некаторых момантах гучанне аркестра заглушае спевы.

Масавыя сцэны арганічна ўплятаюцца ў тканіну пастаноўкі. Разам з тым у некаторых ансамблях, даволі складаных у тэхнічных адносінах, як, напрыклад, у першай карціне, не заўсёды яшчэ ўдаецца дасягнуць зладжанасці спеваў хору. Хор не вельмі рухавы і ў мізансцэнах, часам адчуваецца інертнасць удзельнікаў масавых сцэн.

Усё гэта ў нечым зніжае агульнае добрае ўражанне ад яскравай, відовішчнай пастаноўкі. "Сцяпан – вялікі пан" – першая ў Беларусі пастаноўка ў жанры аперэты для дзяцей. Хочацца верыць, што беларускія кампазітары будуць больш актыўна ўключацца ў высакародную справу выхавання нашых дзяцей сродкамі музычнага тэатра, абуджаць дзіцячую фантазію, дапамагаць дзецям разумець складанае і цудоўнае жыццё.

Святлана ЧУЧАЛАВА.
Мастацтва Беларусі. – 1985. – № 11. – С. 69–70.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: