Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Аперэта – гэта… (2001 г., Культура)

Аперэта – гэта… (2001 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АПЕРЭТА – ГЭТА…

Паэт скажа, што аперэта – гэта настальгія па прыгожым жыцці, памножаная на вясёлую буфанаду і меладраматычную слязу замілавання. Скептык гмыкне, што гэта "дзень учарашні" і ўвогуле паказальнік непатрабавальных густаў хатніх гаспадынь. Гісторык музыкі заўважыць, што творы ў гэтым жанры апошнім часам не пішуцца. А практык тэатра дадасць, што, нягледзячы на ўсе прагнозы хуткага "летальнага зыходу", аперэта працягвае ПАЛЁТ па ўсіх знаных сцэнах свету, уключаючы оперныя, і карыстаецца пры гэтым вялікім попытам гледачоў. Бо аперэта – гэта ж амаль "мыльная опера", толькі спрэсаваная ў адзін вечар. Так што калі ў вечары вам хочацца рамантыкі пачуццяў і адначасова лёгкага гумару, схадзіце ў

ТЭАТР.


І хаця на Беларусі тэатры аперэты традыцыйна называліся тэатрамі музкамедыі, а мінскі атрымаў "павышэнне", узросшы да Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, усё роўна пра яго калі-нікалі гавораць як пра аперэту. I маюць рацыю, а тым больш у апошнія сезоны.

Мінуў той час, калі наш тэатр імкнуўся да эксперымента: сёлета ў яго рэпертуары будуць пераважваць Кальман і Штраусы. Асабліва пасля таго, як здзейсніцца ўсё, што на гэты сезон запланавана. Так, 10 лістапада адбудзецца адраджэнне "Лятучай мышы" Іагана Штрауса, пастаўленай ажно ў 1981 годзе. Не парушаючы мастацкай задумы, па тых жа эскізах пашыюць новыя строі і зробяць дэкарацыі – замест "зношаных". На 29 лістапада плануецца бенефіс Вікторыі Мазур, потым тэатральную афішу ўпрыгожыць навагодняе рэвю. У студзені – пастаноўка дзіцячага спектакля "Незвычайныя прыгоды ў краіне Мульці-Пульці". За ім дзве вячэрнія прэм'еры, і абедзве Імрэ Кальмана: "Цыган-прэм'ер" і "Сільва" (хутчэй за ўсё, яны пойдуць пад назвамі "Кароль скрыпачоў" і "Каралева чардаша"). I толькі пасля ўсяго гэтага – балет (па выбары балетнай трупы). Дай Божа, каб усё спраўдзілася!

Сімвалічным быў і пачатак сезона: некалькімі нававенскімі аперэтамі запар. Бо аперэта – гэта, калі хочаце,

ГРАЦЫЁЗНАЯ МЕЛАДРАМА.

Каханне і грошы, каханне і сацыяльная няроўнасць – вось тэмы "Вясёлай удавы" і "Прынцэсы цырка". Як не паглядзець? Тым больш, што яднаў гэтыя спектаклі яшчэ і ўдзел у іх новага дырэктара тэатра – заслужанага артыста Беларусі, лаўрэата прэміі Беларускага саюза моладзі, члена-карэспандэнта Акадэміі інфармацыйных тэхналогій Аляксея Ісаева. Партыі графа Данілы і містэра Ікса былі ў яго рэпертуары і раней, пакуль ён не пайшоў з тэатра ў "Белканцэрт". Таму асабіста мне цікава было параўнаць свае ўражанні ад цяперашніх спектакляў і ад іх колішніх прэм'ер – адпаведна 6 і 12 гадоў таму.

Што кінулася ў вочы і вушы? У "Вясёлай удаве" – музыка. Упершыню гэтым спектаклем кіраваў "галоўны запрошаны" дырыжор тэатра, знакаміты Генадзь Праватораў. I атрымаўся нібыта нейкі іншы, не знаёмы раней спектакль. Справа не толькі ў новых тэмпах (вольная тэмпавая імправізацыйнасць заўсёды была прэрагатывай маэстра), а ў новым прачытанні вядомай партытуры – больш тонкім, адухоўленым, узнёсла-рамантычным, а не прыземлена-побытавым.

Мякка, пранікнёна гучалі дуэтныя спевы Валянціны Пятліцкай і Васіля Мінгалёва, іх героі сталі сапраўдным увасабленнем "лірычнай пары" ў гэтай аперэце. Больш складаныя ўзаемаадносіны, як вядома, усталёўваюцца паміж Ганнай Главары (Людміла Станевіч) і графам Данілам (Аляксей Ісаеў). Трапяткой і адначасова моцнай духам гераіні, якая заўсёды ведае, чаго яна хоча, супрацьстаяў добразычлівы "любімец жанчын", які крыху паблажліва, нават з некаторай лянотай згаджаўся прымаць знакі ўвагі да сваёй асобы. Скажаце, надта "дырэктарскі" падыход да ролі? Але раней, на маю думку, героі Ісаева былі яшчэ больш халоднымі, так што прагрэс відавочны.

На жаль, у новых тэатральных праграмках па-ранейшаму не згадваецца імя кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Дарохіна, які "забяспечыў" вялікую балетную сцэну "Начны Парыж" паводле музычных тэм Ферэнца Легара. Між тым, гэта сцэна літаральна становіцца "спектаклем у спектаклі", што робіць вельмі адметнай пастаноўку "Вясёлай удавы" ад той жа "Прынцэсы цырка", пастаўленай у 1989 годзе, калі балетная трупа тэатра яшчэ не мела цяперашняга ўзроўню. У выніку ва ўсіх "цыркавых" фрагментах "Прынцэсы…" на сцэну выходзяць усяго толькі тры балетныя пары.

Затое і праз 12 гадоў пасля прэм'еры "Прынцэса цырка" па-ранейшаму ўражвае сцэнаграфіяй, на якой моцна адпрэсавалася пячатка таленту Зіновія Марголіна. Вытрымала выпрабаванне часам і рэжысура Сямёна Штэйна, даўно ўжо нябожчыка. Свежасць пастаноўцы надае і ўдзел у спектаклі "творчай моладзі" – вельмі артыстычнага, імклівага Дзмітрыя Якубовіча (студэнт Тоні), партнёркай якога надзвычай удала выступае ўжо добра вядомая салістка Леся Лют (цыркачка Мары).

Але, зразумела, найбольшай "інтрыгай" спектакля заўсёды застанецца галоўная пара герояў. На гэты раз Тэадорай выступіла імпульсіўная Ірына Зайнчкоўская, а містэрам Іксам – згаданы "спадар дырэктар". I ўсё б добра, калі б не залішне маршавая паходка выканаўцы, што не зусім адпавядала рамантычна-таямнічаму вобразу героя.

Дырыжыраваў Сяргей Бурак, таму спектакль можна было лічыць "прэм'ерай вяртання" дырыжора ў тэатр. Мяркуючы па музыцы, атрымалася гэта вяртанне ў лепшых аперэтачных традыцыях: даволі "прадказальным", без залішніх дэталяў, затое дастаткова гучным. Нават тэмбры інструментаў у руках тых жа самых выканаўцаў, што і напярэдадні, падаваліся нейкімі "безасабовымі", пазбаўленымі абертонавай аб'ёмнасці. I гэта ў музыцы Кальмана, інструментальныя сола якога заўсёды выпісаны "з душой"! Але публіцы спадабалася – яно і добра. Ды ўсё ж чаму асабіста мая душа так імкнулася да нейкіх іншых далячынь?

I я прыйшла на трэці спектакль, каб параўнаць

ПОГЛЯД НА СЦЭНУ З АРКЕСТРАВАЙ ЯМЫ I ЗАЛЫ.

Балетам "Дон Кіхот", пастаўленым у 1994 годзе, на гэты раз дырыжыраваў вышэй згаданы Генадзь Праватораў – таксама ўпершыню. Прычым напярэдадні ўсур'ёз вырашалася пытанне, а ці не лепей станцаваць пад фанаграму. I ў гэтым была рацыя, бо артысты балета хутчэй згодзяцца выступаць увогуле без музыкі – проста пад пэўны рытм, чымсьці пад знаёмую музыку, але ў іншых тэмпах. Што адбывалася з тэмпамі на гэты раз, можна не расказваць, бо і так зразумела. У антракце артысты, пакідаючы сцэну, злосна кідалі на бягу: маўляў, чаго вы прыйшлі балет глядзець, калі сёння яго трэба слухаць!

I тут таксама была рацыя, бо я ўпершыню пачула ў гэтай да болю знаёмай партытуры выразную фразіроўку, адметныя меладычныя ходы і цэлыя нумары, падкрэсленыя рукой нават не дырыжора, а паэта ці мастака. Канешне, цяжка прыйшлося артыстам: пад гэтую нібыта новую музыку часам патрабавалася і новая харэаграфія. Але, да іх гонару, звычайным гледачам не былі заўважныя ўсе гэтыя цяжкасці. I што б там ні казалі, а ўвесь балет ад такой новай трактоўкі толькі выйграў, а не прайграў. Бо мы нібыта ўпершыню заўважылі не толькі музыку, але і непераўзыдзенае майстэрства лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова, іх уменне вышываць на звыклым харэаграфічным палатне свае адметныя псіхалагічныя ўзоры. Яшчэ больш вытанчанай падалася пластыка Людмілы Кісялёвай (Мерсэдэс), яшчэ больш палкім – тэмперамент Таццяны Макарэвіч, салісткі "Джыгі". Але што пры гэтым рабілася за кулісамі!

Так, аперэта, як і кожны тэатр, – гэта яшчэ і

ЗАКУЛІССЕ.

У новым сезоне і ўвогуле першая "экскурсія" сталічных журналістаў адбылася менавіта туды – у кабінет дырэктара на прэс-канферэнцыю. Падчас яе стала вядома, што і сам дырэктар, прыступіўшы да сваіх абавязкаў сёлета ў чэрвені, пачаў працу з рамонту ў закуліснай частцы тэатра. Такога будынак не ведаў роўна 20 гадоў – з дня свайго адкрыцця 15 кастрычніка 1981 года, бо некаторы "касметычны марафет" наводзіўся хіба што ў відовішчнай частцы. Зараз жа"перабудова" пачалася з туалетаў, вокнаў і дзвярэй (ды не парадных, а тых, што ў грымёрках), а таксама з крэслаў у аркестравай яме і рамонту даху. Да таго ж, Аляксей Ісаеў пачаў марыць пра зімовы сад, што мог бы разгарнуцца ў фае другога паверха – там, дзе зараз пустуе стойка бара. I пра сустрэчы на спецыяльнай "сцэне ў фае" артыстаў са сваімі паклоннікамі – перад кожным спектаклем. А што? Хіба не прыцягальны праект? Але асабіста я мару яшчэ і пра тое, каб чысціня і прыгажосць інтэр'ера заўсёды суседнічалі з творчымі парывамі – і прарывамі да нечага новага і невядомага.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2001. – 27 кастр. – С.7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: