Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Араторыя Камеі ды… Хлестакова (2010 г., Культура)

Араторыя Камеі ды… Хлестакова (2010 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АРАТОРЫЯ КАМЕІ ДЫ… ХЛЕСТАКОВА

Здаралася, менавіта тэатральная праграма станавілася лепшай старонкай чарговага Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Было і наадварот, калі прапанаваныя гледачу спектаклі не выходзілі за межы ніякаватай антрэпрызы, разлічанай на тое, каб глядач убачыў на свае вочы папулярных артыстаў, а ўжо тое, з чым яны выходзілі да яго, – справа другасная. Сёлетнія ж "Тэатральныя сустрэчы" занялі "сярэдняе" месца, бо сярод прывезеных на фестываль спектакляў былі як адметныя, так і, мякка кажучы, не вельмі. А ўсе яны разам утварылі своеасаблівы "фестываль у фестывалі" – праўда, выключна расійскай вытворчасці.

Тым не менш, беларуская тэатральная фарба на "Славянскім базары…" прысутнічала: дзе – віртуальна, дзе – украпваннем у канцэрт, а дзе – і лейтматывам усёй "Зорнай гадзіны".

press2010-27aАпошні прыведзены прыклад – гэта "Зорная гадзіна" расійскага кампазітара і прадзюсера Кіма Брэйтбурга, што ледзь не цалкам была прысвечана будучай пастаноўцы яго мюзікла "Блакітная камея" ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Гучаў і Раманс князёўны Тараканавай, прычым двойчы: на "Зорнай гадзіне" і на канцэрце ў Летнім амфітэатры – у выкананні салісткі нашага музычнага тэатра, лаўрэата міжнародных конкурсаў Ілоны Казакевіч.

Асабіста я ўзгадала гэты тэатр і тады, калі глядзела "Шклянку вады" Э. Скрыба ў пастаноўцы Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра на Фантанцы. Пасля прагляду так і хацелася рэзюмаваць: беларускі мюзікл паводле гэтай п'есы не проста лепшы – ён увогуле шэдэўр! Сапраўды: каб любіць сваё, трэба часцей параўноўваць яго з чужым. Бо нават параўнанні "не ў наш бок" прыносяць карысць, вымагаючы далейшага пошуку. У дадзеным жа выпадку – параўнанне вымушала яшчэ больш цаніць зробленае кампазітарам Уладзімірам Кандрусевічам, пастаноўшчыкам Барысам Уторавым, артыстамі і ўсімі, хто спрычыніўся да нашага спектакля.

Паказальна і тое, што абедзве "Шклянкі вады" ставіліся ў 1990-я. Але ў нашым спектаклі, які таксама ідзе дагэтуль, дзеяннем рухае нерв інтрыгі і тонкага псіхалагізму, афарбаваны філасофскім падыходам (камердынер Томпсан у нас ператвораны ў астролага, які звязвае эпохі, герояў, ніткі дзеяння). У піцерцаў жа- дзіўнаватыя характары, не адпаведныя літаратурнай крыніцы, налёт "мыльнай оперы", бо сюжэт п'есы трактаваны ўсяго толькі як "падзел" хлопца (чамусьці зусім нягеглага, дурнаватага, у некаторых сцэнах – увогуле п'янага) паміж трыма жанчынамі, адна з якіх – каралева Англіі.

press2010-27c_th Больш цікавай, хаця таксама неадназначнай, аказалася піцерская пастаноўка яшчэ адной класікі – "Позняга кахання" А. Астроўскага. Але трагічныя "прадчуванні", добра перададзеныя артыстамі праз няўлоўныя інтанацыі і іншыя "падтэксты", у тым ліку музычнапластычныя, у фінале разбіліся аб даволі "плакатную" спробу адкрыта іранізаваць над класіцысцкім "хэпі-эндам".

Прыемна здзівіў спектакль "Усё спачатку" А. Ро, прывезены Міжнародным тэатральным цэнтрам "Шанц" (Расія). Антрэпрыза з удзелам папулярных артыстаў Марыі Аронавай і Аляксандра Фяклістава ўразіла блікучай акцёрскай ігрой, "незаўважнасцю" рэжысуры і, галоўнае, асаблівай цеплынёй, псіхалагічнай дакладнасцю пастаноўкі.

Шмат цікавага давялося пачуць на творчым вечары Святланы Кручковай "Прызнач мне спатканне…". Вядомая артыстка, як высветлілася, генетычна звязана з Беларуссю: яе маці – беларуска, родам з Гомельшчыны. З Беларусі, прычым акурат з Віцебска, і бацька яе першага мужа. Аповед пра кінаролі і тэатральныя вобразы артыстка чаргавала з адпаведнымі музычнымі нумарамі ва ўласным выкананні. А калі чытала вершы Марыны Цвятаевай, Ганны Ахматавай і іх сучасніцы Марыі Пятровых, з гукавым афармленнем дапамагаў малодшы сын – навучэнец Піцерскага музычнага вучылішча па класе гітары, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Успаміны і вершы існавалі на адной хвалі – наўмысна-простай, нават крыху "празаічна-дакументальнай", пры якой некаторыя словы ў паэтычных тэкстах "праглыналіся", як у звычайнай размове.

Артыстка была настолькі расчулена гарачым прыёмам, што выказала жаданне прыехаць у Віцебск праз год і прапанаваць цыкл сваіх выступленняў, складзены як мінімум з трох вечароў.

press2010-27b_th Ды ўсё ж галоўнай кульмінацыяй "Тэатральных сустрэч-2010" стаўся чарговы прыезд на "Славянскі базар…" Маскоўскага тэатра "На Паўднёвым Захадзе". Летась трупа паказвала ў Віцебску трагіфарс "Лялькі" і "Майстра і Маргарыту", адбылася і "Зорная гадзіна" з галоўным рэжысёрам тэатра Валерыем Беляковічам ("К" № 29 за 2009 г.). Сёлета трупа прывезла класіку: шэкспіраўскі "Сон у летнюю ноч" і гогалеўскага "Рэвізора".

Малая стацыянарная сцэна, на якой працуюць артысты, штораз выклікае згадку пра эканомнае стаўленне да "матэрыяльных рэсурсаў". Максімальна простая сцэнаграфія блізкая мастацкаму мінімалізму і літаральна мяжуе з праславутым "чорным кабінетам". У леташнім "Майстры…" гэта былі вялізныя жалезныя лісты, развешаныя ў шахматным парадку і здольныя ператварацца ў сцены будынкаў, трамвай (пад ім гіне Берліёз), люстэркі, пляжныя лежакі, дзверы, фантастычныя парталы, праз якія ажыццяўляюцца пераходы ў іншыя вымярэнні, і шмат што іншае. У "Ляльках" – такія ж поліфункцыянальныя шафы-скрыні, якія дазваляюць героям (у тым ліку- лялькам, вырабленым па найноўшым тэхналогіям і на першы погляд не адрозным ад людзей) існаваць у рэальнасці і адначасова – дзесьці ў Залюстэраччы. У цяперашнім "Рэвізоры" – жырандолі, быццам "пазычаныя" ў Воланда, бо ўвесь час трапечуць чырвонымі агеньчыкамі, быццам прадвяшчаючы трагедыю. У "Сне…" сцэнаграфія ўвогуле заменена багатай светлавой партытурай. Шэкспіраўскія тэксты часам даюцца ў іранічным "гоблінаўскім" перакладзе, як пародыя. А лясныя сцэны з эльфамі чытаюцца як адзін з варыянтаў "купальскай тэмы".

Перайначаныя музычныя цытаты ўспрымаюцца полістылёвымі аўтарскімі творамі, сцэнічныя строі – "моднымі калекцыямі", пабудаванымі як варыяцыі на абраную тэму. Асаблівая гармонія сцэнаграфіі, рэжысуры і акцёрскага майстэрства закранае і сумежныя з драматычным тэатрам жанры. У "Рэвізоры" ледзь не галоўнай дзейнай асобай становіцца "аркестр пажарных", што дае музычныя каментарыі-рэплікі і нават уступае з героямі ў размоўна-музычныя "дыялогі". Маналог Хлестакова ўвогуле вырашаны як харэаграфічная сцэна з элементамі… араторыі. Галоўнае ж – усе паказаныя спектаклі В. Беляковіча ўражваюць асаблівай "спрасаванасцю", шматслойнасцю і шматзначнасцю дзеяння, неўтаймоўнай энергетыкай і гэткай "індывідуалізацыяй масавасці", дзе замест цэнтральных персанажаў і безаблічнай масоўкі паўстае жывы тэатр жыцця, у якім кожны – асоба.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА.
Культура. – 2010. – 24–30 ліп. – С. 9.

На здымках: Ілона Казакевіч; Святлана Кручкова; сцэна са спектакля "Сон у летнюю ноч".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: