Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Баль шчаслівых папялушак (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Баль шчаслівых папялушак (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

БАЛЬ ШЧАСЛІВЫХ ПАПЯЛУШАК

press1992-01a"Хэло, Долі!" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі

I што за слова такое трывожна-шчымлівае: "вакзал"! Сімвал вяртання? Сімвал чакання? Растання? Часовага прытулку на тлумнай дарозе жыцця?.. Вось людзі сабраліся на старамодным дэбаркадэры.

Чмыхнуў паравозік, спавіўшы дымам рэйкі, вагоны, перон, і тых, хто прыехаў, і хто ад'язджае, і хто назірае за тымі й другімі...

Вы змаглі б вылучыць у вакзальным натоўпе тую папялушку, якой наканавана пад захопленыя воклічы: "Хэло, Доллі!" правіць баль? Баль будзе. І воклічы будуць. Толькі ў фінале. А пакуль дайце веры, што вунь тая дзіўнаватая "шэрая мышка" і ёсць галоўная гераіня новай музычна-сцэнічнай імпрэзы. Стомленая ды нястомная Долі (Н. Гайда) нібы вылузваецца з вакзальнай сумятні: кабета, пра якую адразу не скажаш нічога пэўнага, бо прыкмячаеш не выраз ейных вачэй, а клятчасты дарожны строй, капялюшык, чамадан ды парасон. I толькі голас вымушае ўспомніць класіка: "Ёсць галасы – як абяцанне шчасця".

Каму абяцае шчасце гэты голас? Які такі сакрэт ведае дзівачка Долі, нанятая старым кульгавым скнараю Горасам Вандэргельдэрам для ўпарадкавання яго матрыманіяльных праблем? Э, ды яна мо крыху вар'ятка: бярэцца радзіць у самых розных справах, дае ўрокі танца, робіць за шлюбнага агента, прытым з'едліва заўважаючы, што добрая жонка – гэта пастаянная жанчына для прыбірання ў хаце, а шлюб – гэта хабар за тое, каб прыслуга лічыла сябе гаспадыняю дома. I хай нехта дагодліва й шматзначна прамаўляе: "Спадарыня, ваш цягнік пайшоў", – Долі, доўгія гады адданая памяці нябожчыка-мужа, куды болей шматзначна маўчыць. Яна-то ведае: кожнаму пасажыру – свой цягнік. I пазірае ў бок прыгожых вагончыкаў, якія чамусьці адарваліся ад цягніка, у якіх апынуліся людзі, дачасна "засунутыя" на запасныя рэйкі...

Спадар Горас (А. Ранцанц), гаротны, удовы ды багаты, мае рыхтык гэткі дом-вагончык, у якім надта нудзіцца, аж без дай прычыны таўчэ ды ганаруе мянушкай "два ідыёты" ўласных работнікаў. Тыя літаральна загнаныя ў падполле: вынырваюць недарэкі з-пад падлогі дома-вагончыка. 33-гадовы цыбаты Карнэлій Хэкл (Г. Казлоў), які ўжо даўно вырас са сваіх кароткіх штонікаў, а так і не спазнаў жаночае ласкі; амаль удвая маладзейшы, прыгожы, ды заіклівы Барнабі (В. Шабуня), найвышэйшым шчасцем для якога было б пабачыць чучала кіта. Абодва гатовыя збегчы ад гаспадара, зрабіць для сябе доўгачаканы выхадны, пашпацыраваць па Нью-Йорку, глытнуць вольнага жыцця і нарэшце пазбыцца комплексаў... Хто сказаў, што папялушкі не бываюць у мужчынскім абліччы?

У Нью-Йорку ж ёсць такі самы белы вагончык з самотнымі людзьмі: капялюшнае атэлье, дзе сярод манекенаў (грацыёзная скульптурная пластыка ды самаахвярная трывушчасць маладых артыстак балета ў гэтых ролях!) працуюць мадысткі. Зграбная прыгожая маладая ўдава Ірэн Молай (яркая заяўка на ролі гераінь артысткі С. Лугавай) згодная на мезальянс з Горасам, бо абрыдла быць аб'ектам нечай рэўнасці ды плётак. Весялушка Міні (З. Вяржбіцкая) гатовая па-сяброўску паспачуваць, але... Але тут надараецца нагода для розыгрышу: рынуўшыся ў "самаволку", двое правінцыялаў апыньваюцца ў атэлье і, не адрозніўшы ад манекенаў постаці жывых жанчын, пачынаюць хуценька пераапранацца ў святочныя гарнітуры, каб паўстаць перад гаспадынямі багатага салона ў абліччы шыкоўных пакупнікоў...

"Чытаю, чытаю – і так нічога не зразумеў!" – усхопіцеся вы. Але, я ўзялася за пяро не з тым, каб "інвентарызаваць" спектакль. Хацелася падражніць чытача, выцягнуць яго на прэм'еру: у тэатры музкамедыі нячаста з'яўляюцца пастаноўкі, здатныя хоць трошкі паказытаць уяўленне гурманаў ад мастацтва.

Папулярны ў 60-я гады мюзікл Д. Германа "Хэло, Долі!" (у нашым тэатры тады да яго, як цяпер кажуць, "не дайшоў ход") застаўся ў памяці слухачоў аднайменным шлягерам, запісаным выдатнымі джазавымі выканаўцамі Л. Армстрангам ды Э. Фіцджэралд. Нягледзячы на аб'ектыўны адбітак часу ў музычнай стылістыцы, архаічную наіўнасць сюжэта, твор праз 30 год набыў сучаснае гучанне. Ці дакладней, жывое дыханне, якое перадалося праз адухоўленую працу ўсіх стваральнікаў спектакля.

Рэжысёр В. Цюпа ўзяў відавочны творчы рэванш за колішнія оперныя пастаноўкі, не надта падтрыманыя крытыкай. "Хэло, Долі!" магла стацца проста мілай тэатральнай пацешкай, а дзякуючы рэжысуры выдае на твор з пэўнай псіхалагічнай канцэпцыяй і прываблівае шэрагам відовішчных прыдумак, мастацкіх дэталяў менавіта з рэжысёрскім аўтарствам. Аднак я не думаю, што ў праграмцы варта было пазначаць В. Цюпу як "аўтара спектакля". І не таму, што гэтак не рабілі ў дачыненні да сваіх бясспрэчна аўтарскіх сучасных прац ні Г. Таўстаногаў, ні А. Эфрас, ні Ю. Любімаў. А таму, што "Хэло, Долі!" мае (апроч аўтараў самога мюзікла, вядома) і яшчэ аднаго стваральніка, дзякуючы якому адбылася цудоўная музычная метамарфоза.

Гэта дырыжор А. Сасноўскі. Ён не проста дамогся прыстойнай ігры ад вечна пагарджанага аркестра тэатра. Ён перастварыў, у суладдзі з рэжысурай, традыцыйную партытуру ў акустычна складаны тэатр музыкі. І, увёўшы дадатковыя выканаўчыя структуры, дасягнуў даволі ўстойлівага гукавога балансу паміж тым, што гучыць на сцэне і ў аркестравай яме. (Падводзіць, бывае, недасканалая гукатэхніка). Празрыстыя інтэрлюдыі фартэпіяна (на сцэне ўвесь вечар канцэртмайстар тэатра В. Крыштопенка, ён жа ў II дзеі – піяніст Гары) плаўна падхопліваюцца аркестравым акампанементам. Сімфанічнае вязьмо з трох асноўных тэм на пачатку II дзеі пікантна адцяняецца граннем сцэнічнага бэнда (музыканты ў нью-йоркскім рэстаране). Асаблівае замілаванне выклікае дыксіленд (I дзея). Пачуць чысты голас засурдзіненай трубы ці шэпт банджо – якая асалода! Маладзенькія музыкі граюць гэтак заўзята і гожа, што хочацца, паводле завядзёнкі на канцэртах джазменаў, вітаць воплескамі кожнае зухаватае сола – шкада, публіка вакол не джазавая, не зразумее...

Відавочна, што рэжысёрскую фантазію падтрымлівае і сцэнаграфія У. Жданава (касцюмы – В. Жалонкінай). Арганічна ўплецены ў пастановачную канву пластыка, танец (праца харэографа Н. Дзячэнкі ды ейнай англійскай калежанкі Д. Нолан), асабліва ў дынамічнай II дзеі – выхад афіцыянтаў, уцёкі "выкрадальнікаў грошай"...

А хіба не сааўтары спектакля – акцёры? Кульмінацыяй акцёрскага ансамбля робіцца дуэт віртуозных партнераў Н. Гайды і А. Ранцанца, чые героі высвятляюць стасункі й не могуць паразумецца аж да фіналу, калі, скінуўшы зрэб'е папялушкі, Долі з'яўляецца не проста вясёлай – чарадзейнай удоўкай: з пасвятлелым тварам, загадкавым святлом у вачах, грацыёзная, атуленая мяккім залацістым ззяннем. (Непераможны акцёрскі талент Н. Гайды, якая гэтак пераканальна перастварае сваю гераіню). Вартыя адно адного Долі й Горас вядуць сваю "мелодыю характараў" пад кактрапункт гаротных уздыхаў і позіркаў метрдотэля Рудзі (непазнавальны А. Касцецкі з дэманстрацыйна выбеленым пакутніцкім тварам "белага клоуна").

...Тым часам рытм вальса нібыта зліваецца з перазовамі нібыта колаў вагона, у якім нібыта імчыць хаўрус "папялушак", які падхоплівае знакаміты шлягер пра вяртанне Долі. (У хаўруснікі пэўна трапляе і знясіленая буднямі тэатральная публіка). Баляванне для іх – шчаслівая хваля ў манатонным бегу па рэйках жыцця ды ў вакзальным тлуме будзёншчыны...

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Фота I. МАКАЛОВІЧА.
Літаратура і мастацтва. – 1992. – 20 лістап. – С. 11.


На здымку: сцэна са спектакля.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: