Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Балет заўсёды болей, чым балет (2010 г., Настаўніцкая газета)

Балет заўсёды болей, чым балет (2010 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

БАЛЕТ ЗАЎСЁДЫ БОЛЕЙ, ЧЫМ БАЛЕТ

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылося новае сцэнічнае ўвасабленне балета "Мефіста" (Разбуральнік душ) на музыку Уладзіміра Кандрусевіча.

Назва спектакля можа ўвесці гледача ў зман. Ці не з’яўляецца імя Мефіста (Віталь Краснаглазаў) скарачэннем ад Мефістофеля, героя "Фауста" Гётэ? Ці не чакае нас сустрэча з балетным варыянтам трагедыі? Сапраўды, імёны герояў часткова ўзятыя з класікі: "Мефіста" на старажытнаяўрэйскай мове і значыць Мефістофель – разбуральнік, падманшчык; Фауст у першай версіі балета ператварыўся ў Фа (цяпер персанаж з’яўляецца Юнаком – Рыгор Крукоўскі), яго каханая Маргарыта – у Марго (Рына Івакіры). У нечым падобны і сюжэт: калі Фауст у аднайменнай трагедыі прагнуў дасягнуць вечнай маладосці, і таму заключыў дамову з Мефістофелем, сімвалам цемры, дык Юнака штурхае на такі ўчынак каханне.

Але механічнага пераносу няма. Таму мае рацыю Юлія Чурко, адзін з аўтараў лібрэтта (напісанага разам з У. Івановым), што "выкарыстанне класічных матываў спатрэбілася аўтарам для таго, каб падкрэсліць вечнасць праблемы: душы людзей прадаюцца ва ўсе часы".

У параўнанні з папярэдняй версіяй істотна змянілася канцэпцыя балета. Паводле слоў саміх стваральнікаў, "Мефіста" пераўтварыўся з неакласікі ў сучасны балет. Якімі сродкамі гэта дасягнута?

Без перабольшванняў, ільвіную долю поспеху павінны падзяліць паміж сабой кампазітар і балетмайстар. Музыка Кандусевіча – то дынамічна-драматычная, то трапяткая і ўзнёслая, ідэальна створаная для харэаграфіі, руху і дзеяння – нарадзіла фантастычнае адчуванне палёту, своеасаблівай музычнай нірваны. Мелодыі "Мефіста" гучалі ў свядомасці і на наступны дзень. Прычым кампазітар істотна перапрацаваў свой твор. З выкарыстаннем новай тэхнікі быў напісаны пралог. Што датычыцца музычнай вакханаліі ў другой дзеі, якая вырашалася праз выкарыстанне шумавых эфектаў, дык яна ў нечым нагадвала булгакаўскі баль у Воланда і абсалютна ўпісалася ў агульную стылістыку спектакля.

На якасна новы ўзровень выйшаў Уладзімір Іваноў. У мінулым адзін з лепшых беларускіх танцоўшчыкаў, народны артыст Беларусі, ён як харэограф не мог пахваліцца значнай увагай тэатраў да сваёй асобы. Таму "Мефіста" стаў для яго ўсяго другой паўнавартаснай пастаноўкай. Першай, нагадаю, з’яўлялася "Кругаверць", пастаўленая яшчэ ў 1995-м разам з Юліяй Чурко на сцэне тэатра оперы і балета. Але калі ў тым балеце Іваноў выступаў пачаткоўцам, дык зараз ён вырас у глыбокага майстра са сваім адметным почыркам. 

Сцэнаграфія Дзмітрыя Мохава, прадстаўленая канструкцыяй, якая нагадвае верталёт – сродак парамяшчэння Мефіста і Марго; фантастычнае мроіва, што стварае ўражанне пекла – усё гэта ў параўнанні з мінулай версіі балета засталося нязменным. Дадалася хіба толькі кінапраекцыя на экран, якая ў першых сцэнах балета дазволіла больш дакладна ахарактарызаваць Мефіста.

У новай версіі істотна змяніўся сюжэт. Стваральнікі спектакля адмовіліся ад прафесій герояў (у мінулай пастаноўцы Мефіста з’яўляўся бізнэсмэнам, Фа – доктарам-хірургам, а Марго – супермадэллю), што дазволіла гледачам самім інтэрпрэтаваць паводзіны герояў і шукаць іх падабенства з тымі ці іншымі катэгорыямі людзей. У якасці кантрасту да Марго дадалася светлая Дзяўчына (Настасся Красоўская), з якой Юнака ядналі рамантычныя пачуцці.

Істотна пашырыўся эмацыйны і сэнсавы дыяпазон вобраза галоўнага героя. Віталь Краснаглазаў, адзін з лепшых салістаў трупы тэатра, заўжды паспяхова танцаваў класіку (Дэзірэ, Альберт, Прынц-Шчаукунчык, Базіль), умеў надаваць сваім героям фарбы экспрэсіўнасці (Джыну ў "Шахерызадзе") камічнасці ("In pivo veritas") і лірызму (Юнак у "Шапеніяне", Ружа ў "Балі кветак"). Але партыя Мефіста, безумоўна стала лепшай ў яго рэпертуары. Распуснасць і брутальнасць, жорсткасць і бассардэчнасць, сарданічная ўсмешка і пагарда да ўсяго шчырага – такім паўстае яго герой. 

Наогул, усе выканаўцы ў "Мефіста" пераўзышлі саміх сябе. Пастаноўка "Мефіста" зрабілася безумоўным творчым поспехам музычнага тэатра і найбольш яркім балетам апошняга дзесяцігоддзя. Менавіта такія спектаклі могуць і павінны станавіцца візітоўкай сучаснага айчыннага мастацтва, трапіць на прэстыжныя міжнародныя харэаграфічныя фестывалі.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Настаўніцкая газета. – 2010. – 30 верас. – С. 15.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: