Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Беларускае шчасце з японскім каларытам (2006 г., Звязда)

Беларускае шчасце з японскім каларытам (2006 г., Звязда)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

БЕЛАРУСКАЕ ШЧАСЦЕ З ЯПОНСКІМ КАЛАРЫТАМ

Мы такія розныя, але нас аб'ядноўвае адно: мы жывём у Беларусі. Статыстыка гаворыць, што 81 працэнт усяго насельніцтва нашай краіны складаюць беларусы. Але лічбамі не вымераць колькасць гасціннасці тых жа беларусаў, якія заўсёды былі гатовыя прыняць гасцей, даць прытулак тым, хто быў вымушаны пакінуць сваю зямлю, або проста ехаў сюды ў пошуках лепшай долі ці асабістага шчасця.

Сёння ў нашай краіне пражываюць прадстаўнікі 130 нацыянальнасцяў і народнасцяў, якія шануюць нашы традыцыі, святы, але не забываюць і пра свае. Сярод гэтых людзей – паводле апошняга перапісу насельніцтва 1999 года – шмат рускіх (больш за 11 працэнтаў), палякаў (3,9 працэнта), украінцаў (2,4), 0,3 працэнта яўрэяў. Няма нічога дзіўнага і ў тым, што сёння на нашай зямлі жывуць прадстаўнікі ўсіх былых савецкіх рэспублік. Але з тых часоў, калі Беларусь набыла незалежнасць, яна прываблівае людзей з далёкіх і экзатычных для нас краін, якія нават хочуць тут застацца і працаваць. У іх ёсць магчымасць рэалізавацца тут і прынесці карысць краіне, якая дае магчымасць пачувацца нармальна, будаваць планы, марыць. Яна дае магчымасць быць годным чалавекам. Яна – гэта найперш людзі, слаўныя сваёй цярпімасцю, дабрынёй, гасціннасцю. Можа таму ад нас не бягуць. Да нас па-ранейшаму едуць.

Сем колераў вясёлкі – гэта сем колераў радасці, шчасця, спадзявання для самых розных людзей, якім лёс дапамагае пераадольваць адлегласці ў тысячы кіламетраў і перасякаць па некалькі межаў, для таго, каб знайсці сябе ў нейкай таямнічай для іх краіне. Напрыклад, у Беларусі. Японскія дзяўчаты Юмі Фудзівара і Рына Івакіры ў нашай краіне здолелі рэалізавацца прафесійна – яны працуюць сёння ў балетнай трупе беларускага Музычнага тэатра. Але кожная з іх знайшла тут і сваё чалавечае шчасце.

Ю+В

Юмі з дзяцінства марыла пра балет. Дома, у Японіі, дзяўчынка займалася ў балетнай студыі. Яе мама, сапраўдная балетаманка, верыла, што ў дачушкі ўсё можа атрымацца, калі ведаць, дзе вучыцца. А яна ведала, што школа савецкага балета славіцца ва ўсім свеце. Менавіта бацькі параілі Юмі паехаць вучыцца харэаграфіі ў Савецкі Саюз. Такая магчымасць была – праз таварыства япона-савецкага сяброўства. Юмі Фудзівара размеркавалі ў Мінск.

У Мінскім харэаграфічным каледжы дзяўчынка адразу пасябравала з беларускімі хлопцамі і дзяўчатамі, хуценька навучылася іх разумець без размоўніка. А праз паўгода загаварыла сама. Новыя сябры аказаліся такімі ж, як і яна апантанымі балетам. Але асабліва сваім для Юмі неяк незаўважна стаў Віталь. Спачатку яны былі проста сакурснікамі, потым сябрамі, потым закаханымі. I ён да заканчэння вучобы ўжо ведаў: калі гэтае чарнявае дзяўчо з міндалепадобнымі вачыма з'едзе на радзіму назаўсёды, яму доўга-доўга прыйдзецца вылечвацца ад суму.

Яна-такі з'ехала, калі адвучылася. Але яны ведалі, што павінны будуць сустрэцца: Юмі абяцалі зрабіць запрашэнне на працу ў Адэскі тэатр, яна чакала яго дома. Але навіны, якія прыходзілі з Саюза, ставілі больш пытанняў, чым давалі адказаў. Ішоў час, і Юмі зразумела, што былыя дамоўленасці ўжо не працуюць. Яна ўладкавалася ў адну са шматлікіх балетных труп Токіо.

– Там зусім не такая сістэма працы, як тут. У Японіі ў балеце прасцей знайсці працу мужчынам. Для жанчын гэта больш хобі, – распавядае Юмі Фудзівара. – Дзяўчаты працуюць хто афіцыянткай, хто ў офісе, а балет – для душы, у вольны ад працы час. Як тут фітнес. А калі балет існуе дзеля задавальнення, то стабільны заробак таксама не прадугледжаны. Калі ты прафесіянал, то павінен жа нешта атрымліваць за сваю працу, павінен і расці творча. Я не адна была з такімі думкамі. Падчас працы ў Токіо я пазнаёмілася з Рынай Івакіры. Яна таксама марыла пра прафесійны балет. Выпадкова мы з ёй сустрэліся ўжо ў Мінску, куды я ўсё-такі вярнулася праз два гады.

Два гады тэлефанаванняў, лістоў, мараў і спрэчак з самім сабой: а што, калі ўсё-такі яна не вернецца?.. У Музычным тэатры, куды Віталь Краснаглазаў пайшоў працаваць, бачылі і разумелі яго стан. I аднойчы прапанавалі: можна зрабіць Юмі запрашэнне ад нашага тэатра, толькі спачатку яна павінна прыехаць і паказацца, у якой форме знаходзіцца.

Бацькі адпусцілі дачку з лёгкасцю, таму што даўно ведалі пра Віталя і разумелі, чаму яе так цягне ў Мінск. Цікавая праца – само сабой, але, відаць, хлопец добры.

I ўсё-такі ж закаханы, зразумела Юмі, атрымаўшы пры сустрэчы з яго рук букет любімых бардовых руж…

– Так здарылася, што пакахаў я японку, – гаворыць Віталь Краснаглазаў. – Маім бацькам заставалася толькі прыняць мой выбар. Зрэшты, яны і самі – прыклад добрых міжнацыянальных адносінаў. Тата – з данскіх казакоў, мама – украінка, жывуць у Мінску. Яны вельмі лёгка сыходзяцца з людзьмі, выдатна паразумеліся з Юмі. Мы два гады жылі разам з бацькамі, перш, чым ажаніліся і аддзяліліся. Вяселле было ў беларускіх традыцыях: нявеста ў белай вясельнай сукенцы, застолле ў рэстаране, песні, танцы, крыкі "Горка!" Спецыяльна прыязджалі яе бацькі з Японіі, былі вельмі шчаслівыя. Потым яны былі ў Мінску яшчэ раз – на нараджэнні нашага дзіцяці. Нашы бацькі цудоўна сышліся паміж сабой. Цяпер бывае так, што яе мама тэлефануе з Японіі, нас няма дома, а дзіця прыйшла глядзець мая мама. Дзве бабулі паміж сабой умудраюцца размаўляць па тэлефоне. Адна – на сваёй мове, другая – на сваёй, адна другую не разумеюць, але смяюцца, і так ім у гэты момант добра…

Міша

Сыну Юмі і Віталя зараз восем гадоў. Вырашылі: будзе дзяўчынка – мама прыдумае імя, а калі хлопчык – тата назаве. Міша Краснаглазаў на маленькім фотаздымачку выглядае вельмі сур'ёзным хлопчыкам. "Размаўляе па-японску?" – здагадваюся я.

Разумее па-японску, але тут не гаворыць. Штогод сям'я ездзіць у адпачынак да бацькоў Юмі. Прасцей за ўсё да новых умоў прыстасоўваецца нават не мама, а Міша. Усё адразу разумее, а праз тыдзень і сам пераходзіць на японскую. Тата просіць сына аб чым-небудзь, а той яму так важна: "Тата, ты ў якой краіне? Кажы мне па-японску…" Пакуль тата складзе якую-небудзь больш-менш стройную фразу, Міша ўжо паспее выканаць яго просьбу. Бабуля радуецца, гледзячы на ўнука, ні ў чым яму адмовіць не можа, той ведае – і карыстаецца, асабліва, калі ў краму разам з ёй ідзе. Там і без слоў зразумелыя ўсе жаданні хлопчыка.

У нявесткі са свякроўкай склаліся вельмі цёплыя адносіны. "Часам мне здаецца, што да мяне яна адносіцца лепш, чым да ўласнага сына. I я яе вельмі паважаю", – гаворыць Юмі. Менавіта бабулі належала ідэя ахрысціць хлопчыка па праваслаўнаму абраду. Спытала ў нявесткі, ці не супраць яна будзе? Юмі засталася ў традыцыйнай для японцаў сінтаісцкай рэлігіі. А сын жа – мясцовы…

Хоць з задавальненнем японскую барацьбу джыў-джытсу асвойвае – бацькі выпадкова яго туды прыстроілі. Не расчараваліся – хлопчык перастаў хварэць. Праўда, як многія японскія дзеці, аддае перавагу сур'ёзным цацкам, таму ж камп'ютару.

У Мішы Краснаглазава з маленства была рэдкая для дзіцяці прывілея – бываць у тэатры. Ён у тэатры літаральна рос, усе яго тут ведаюць. На рэпетыцыях сядзеў, на спектаклях. Добра ведае тыя, дзе ўдзельнічаюць бацькі. Маму выглядвае ў "Шчаўкунчыку" і "Бураціна.by", а тата яму асабліва падабаецца ў ролі Мефіста. I сам хлопчык нешта спрабуе танцаваць. Калі меркаваць па школьных поспехах, то творчыя схільнасці ёсць – настаўніца хваліць, што чытае з выражэннем. Але бацькі не спяшаюцца рабіць вывады і скіроўваць увагу хлопчыка на сцэну.

Дом

"У балеце ў мужчыны цяжкая праца", – кажа Віталь Краснаглазаў, саліст балета Музычнага тэатра. Адна справа – калі носіш на руках жонку, але яна яго партнёркай на сцэне даўно не была…

Затое з другой японкай – Рынай Івакіры – Віталь танцаваў у дуэце. Вось каго сапраўды выпадак прывёў у Беларусь! У 2000 годзе Рына прыехала стажыравацца ў Вялікім тэатры Беларусі, у трупе Елізар'ева. На адным прыёме выпадкова сустрэла знаёмую па Токіо і моцна здзівілася. Юмі даведалася, што Рына хацела б працаваць у балетнай трупе ў Расіі ці Беларусі. Яна заўсёды была мэтанакіраванай дзяўчынай і ўпарта працавала над тэхнікай, выступала на міжнародных конкурсах, станавілася лаўрэаткай. Юмі падказала, што ў Мінску ёсць яшчэ балетная трупа Музычнага тэатра.

Рына была яшчэ стажоркай у Вялікім тэатры, калі Юмі з Віталем запрасілі яе да сябе ў госці. Там жа быў іх сябар Рыгор Крукоўскі, саліст балета Музычнага тэатра. Усходняя прыгажуня, сціплая і трошкі разгубленая, яму вельмі спадабалася. А можа ён адчуў, што дзяўчыне патрэбны блізкі чалавек у другой краіне, верны сябар?

Праз пэўны час Рына стала адной з салістак балетная трупы Музычнага тэатра. З беларускім хлопцам Рыгорам яны разам утварылі цудоўную пару. Прынамсі, з яе бацькамі ён ужо пазнаёміўся, ездзіў у Японію. Жыць і працаваць яны вырашылі тут.

– Для нас само сабой было зразумела, што будзем жыць у Мінску, – гаворыць Юмі Фудзівара. – Дом у чалавека там, дзе ён патрэбны, я думаю. У Японіі, магчыма, прасцей у бытавым плане, але тут у нас ужо склалася жыццё, мы нікуды не хочам. Я даўно ў Беларусі, прывыкла. Адносіны паміж людзьмі тут складваюцца лягчэй і прасцей, мяне выдатна прынялі ў трупе, у мяне шмат сяброў, на радзіме столькі няма. У прыродзе японцаў ёсць нейкая скрытнасць, якую я адразу адчуваю, калі прыязджаю ў адпачынак. Месяц пражыць у бацькоў мне ўжо нават цяжкавата. Мне больш падаюцца адкрытыя душы.

– Лягчэй японцу прывыкнуць да нашага ладу жыцця, чым беларусу да іхняга, падтрымлівае жонку Віталь Краснаглазаў. – У іх вельмі шмат умоўнасцяў. Усё-такі іншы менталітэт, іншая краіна, іншы клімат, іншыя людзі. А ў нас больш вольныя людзі. I Юмі такая стала – вельмі доўга вучылася і жыла ў Еўропе. Яна ўсё-такі не японская жонка. Хоць традыцыі сваёй краіны памятае і заўсёды мне падказвае, што і як трэба рабіць, каб не сесці ў лужыну перад яе роднымі.

Але ёсць агульная традыцыя для японцаў і для беларусаў. Новы год – свята, якое любяць і там, і тут, прычым прыходзіць яно ў дзве краіны па Еўрапейскаму календару. Толькі там – гэта больш ціхае сямейнае свята, а тут яго прыход суправаджаецца ажыятажам. I там, і тут ёсць традыцыя ўпрыгожваць дрэва. І там, і тут накрываюць святочны стол. Толькі ў далёкай ад нас краіне гатуюць стравы некалькі дзён наперад, каб у святочныя дні больш увогуле нічога не рабіць. У Японіі для навагодняга стала існуюць спецыяльныя стравы. Любяць гатаваць смажаны салодкі каштан, абавязкова – сушы.

Юмі на Новы год заўсёды гатуе сушы. Навучыла іх рабіць свою мінскую маму. З ёй яны звычайна разам рыхтуюць святочны стол. Нявестка робіць што-небудзь з японскай кухні. Маці – з мясцовай. Мужчыны задаволены. У сям'і атрымліваецца сапраўнае інтэрнацыянальнае свята, якое крочыць па ўсёй планеце, звязваючы краіны і людзей звычайнымі марамі пра шчасце.

Ларыса ЦІМОШЫК.
Звязда. – 2006. – 30 снеж. – С. 6.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: