Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Беларускі музычны тэатр: "акадэмічны" па сутнасці або па назве? (2010 г., Мастацтва)

Беларускі музычны тэатр: "акадэмічны" па сутнасці або па назве? (2010 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

БЕЛАРУСКІ МУЗЫЧНЫ ТЭАТР: "АКАДЭМІЧНЫ" ПА СУТНАСЦІ АБО ПА НАЗВЕ?

З рэдакцыйнага "круглага стала"

"Круглы стол" часопіса "Мастацтва", які быў запланаваны тады, калі ў тэатры яшчэ не змянілася так рашуча мастацкае кіраўніцтва, сабраў і практыкаў, тых, хто служыць у тэатры, і крытыкаў, якія назіраюць за яго дзейнасцю. Сярод удзельнікаў дыскусіі – Анатоль Лапуноў, галоўны дырыжор тэатра, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі; Анастасія Грыненка, рэжысёр-пастаноўшчык; Лідзія Кузьміцкая, салістка-вакалістка; Вольга Брылон, музыказнаўца; Вера Гудзей-Каштальян, музыказнаўца, кандыдат мастацтвазнаўства; Дзяніс Марціновіч, тэатральны крытык, магістрант БДУ. Вяла "круглы стол" рэдактар аддзела музыкі Таццяна Мушынская. 

press2010-09a_th press2010-09b_th press2010-09c_th press2010-09d_th press2010-09e_th press2010-09f_th

Вакол паняцця "акадэмічны"Таццяна Мушынская: Не так даўно калектыву прысвоена званне "акадэмічнага". Такі высокі статус, з аднаго боку, не можа не цешыць. Але цяпер тэатр "акадэмічны" па сутнасці ці толькі па назве?Анатоль Лапуноў: Па назве. Нават не сумняваюся… Вядома, за доўгія гады тэатр стварыў шмат цікавых спектакляў. На яго сцэне працавала шмат адметных салістаў. Думаецца, гэта адлюстраванне і заслуг калектыву за ўвесь час яго існавання. Але пытанне цяпер стаіць рубам: ці адпавядае тэатр званню акадэмічнага? Таму адназначна кажу: "не!"Можна шмат разважаць з гэтай нагоды. Але ёсць высокія крытэрыі, якімі тэатр павінен кіравацца. Яны вызначаны і агульным станам тэатральнага мастацтва ў Мінску, і публікай, якая вырасла ў горадзе, і абгрунтаванымі прэтэнзіямі, якія прад’яўляюцца да якасці спектакляў, што ідуць на сцэне тэатра.
Таццяна Мушынская: Якія спектаклі, пастаўленыя за апошнія 5-10 гадоў, вы лічыце самымі значнымі мастацкімі дасягненнямі? Гэтыя гады з’яўляліся дастаткова плённым перыядам? Ці, наадварот, перыядам спаду і страты ранейшага ўзроўню?

Анатоль Лапуноў: Хутчэй наадварот… Тэатр раней больш удумліва выбіраў творы для пастаноўкі. Адзінае, чым ён можа цяпер ганарыцца, гэта два спектаклі, пастаўленыя Анастасіяй Грыненка: "Бураціна.by" і "Прыгоды брэменскіх музыкантаў". Грунтоўна зробленыя, яны вельмі добра ўспрымаюцца аўдыторыяй, і дзіцячай, і дарослай. Усё астатняе трэба супастаўляць з пэўнай мерай густу. А ён альбо ёсць, альбо яго няма… У тэатра была скіраванасць – у поўнай адпаведнасці з яго былым мастацкім кіраўніком Аляксеем Мікалаевічам Ісаевым.

Таццяна Мушынская: Самы час казаць пра ролю асобы не толькі ў гісторыі, але і ў мастацтве…

Анастасія Грыненка: У цяперашняй сітуацыі самае простае – абвінаваціць ва ўсім аднаго чалавека. Анатоль Максімавіч быў галоўным дырыжорам і ў той перыяд, калі ў тэатры мастацкім кіраўніком з’яўляўся Аляксей Мікалаевіч. І ён таксама нясе адказнасць за рэпертуарную палітыку. Нельга ўсё звальваць на адну асобу. Бо ёй дапамагалі астатнія.

Дзяніс Марціновіч: Я пабачыў практычна ўсе спектаклі музычнага тэатра, адрасаваныя і дарослай аўдыторыі, і дзіцячай. Сярод гэтых пастановак былі тры, якія пакінулі пачуццё расчаравання або абурэння. Па іроніі лёсу, гэта якраз тры апошнія прэм’еры: "Рускі фантом", "Бабін бунт", "Нябесны ціхаход". Мастацкіх адкрыццяў у іх не знайшоў. 
Паколькі ў дзвюх з трох прэм’ер рэжысёрам-пастаноўшчыкам з’яўляецца Аляксей Ісаеў, думаецца, менавіта з яго імем трэба звязваць сітуацыю, якая склалася ў калектыве. Ён нясе вялікую адказнасць за тое, што апошнія гады адбывалася ў тэатры. Хто кіруе, той і адказвае за канчатковы вынік…

Анастасія Грыненка: Паўтаруся, культ асобы ствараецца яшчэ і акружэннем. Давайце не будзем, як у 1917 годзе!.. У працяг нашай дыскусіі. Хацелася б удакладніць – што такое "акадэмічны тэатр"?

Таццяна Мушынская: Ну вось, напрыклад, драматычных тэатраў у Беларусі шмат, але тых, што маюць званне акадэмічнага, толькі чатыры – Купалаўскі, Коласаўскі, імя Горкага, драматычны ў Брэсце. "Акадэмічны" – гэта вельмі высокая планка ўзроўню рэжысуры і акцёрскага майстэрства…

Лідзія Кузьміцкая: Пакуль што назваць свой тэатр акадэмічным я, на жаль, не магу. І сябе – таксама… Не "даскочыла" я да планкі акадэмічнай трупы.

Вера Гудзей-Каштальян: "Акадэмічны калектыў" – гэта наяўнасць традыцый. Давайце ўспомнім, калі быў створаны тэатр музычнай камедыі. Сорак гадоў таму! Калі ён зрабіўся музычным тэатрам? У 2000 годзе. Дык пра якія традыцыі можна разважаць?! Мы назіраем перыяд росту калектыву. Натуральна, калі ў тэатр прыўносяцца традыцыі савецкай эпохі, савецкага музычнага тэатра ХХ стагоддзя. Іх сёння рэінтэрпрэтуе наш тэатр. Гэта тэндэнцыя эпохі – "Старыя песні пра галоўнае"…

Вольга Брылон: Акадэмізм прадугледжвае найперш высокую выканаўчую культуру. Калі на сцэне тэатра ішоў "Клоп", які адлюстроўваў часы нэпа, у ім таксама была стылёвая эклектыка. Але калі надыходзіў нечакана трагічны фінал, па скуры мурашкі бегалі і гледачы плакалі. Спектакль павінен быць з’явай мастацтва, а не проста назвай у рэпертуары. Павінна існаваць пэўная палітыка ў тэатры. Згадваю той час, калі Вячаслаў Цюпа, яшчэ зусім малады рэжысёр, працаваў у гэтым калектыве. Кожны яго спектакль чакалі!

Бунт супраць "Бунту"

Таццяна Мушынская: Нашу дыскусію шмат у чым выклікалі меркаванні крытыкаў, надрукаваныя ў №1 "Мастацтва" за гэты год…

Анатоль Лапуноў: Шчыра здзіўлены ацэнкамі, якія на старонках выдання Вера Каштальян дала "Бабінаму бунту". Жахлівая работа! Не ведаю, ці мае яна права на існаванне? Найперш – па сваёй эстэтыцы. Некалі ў нас ішоў гэты спектакль – з партытурай Яўгена Пцічкіна, у якой была песенна-кадрыльная аснова, і з выдатнымі выканаўцамі Лазоўскім, Шаўкалюком, Фаменкам…

Таццяна Мушынская: Думаю, той "Бунт" адпавядаў свайму часу…

Анатоль Лапуноў: Наогул не разумею, навошта гэты спектакль цяпер ставіць? Адольвае настальгія па "савецкім мінулым"? Або каб дагадзіць гледачу, але далёка не высокаінтэлектуальнаму? Вядома, мы павінны ставіць камічныя спектаклі. Элемент забаўляльны мусіць прысутнічаць… Але тэатр у большай ступені інстытут выхавання, чым забавы.

Анастасія Грыненка: Не магу пагадзіцца з меркаваннем пра "Бабін бунт". Мы прыбралі адтуль увесь ідэалагічны пафас. Галоўнае ў спектаклі – праблема, што хвалюе ўсіх: адносіны ў сям’і, п’янства, якое перашкаджае жыць жанчыне. І – больш шырока – феміністычная тэма. Акрамя таго, у пастаноўцы хапае годных акцёрскіх работ – Антона Заянчкоўскага, Кацярыны Дзегцяровай, Аляксея Кузьміна. У "Бабіным бунце" адбылося яшчэ большае паяднанне хору з салістамі, калі хор зрабіўся сапраўднай дзейнай асобай. А ў многіх класічных аперэтах бывае так: хор – асобна, балет – асобна, а салісты – асобна. Нават дзеля гэтага варта было паставіць спектакль! Гэта савецкая аперэта і адпаведныя законы жанру… Вядома, рэвалюцыі на такім матэрыяле не зробіш. Але са сцвярджэннем, што гэта ганьба для тэатра, ніколі не пагаджуся!

Лідзія Кузьміцкая: Не буду сцвярджаць, што ў пастаноўкі "Бабін бунт" найвысокі ўзровень, але там выдатная работа балетмайстра Дзмітрыя Якубовіча. З ім на рэпетыцыях працаваць было адно задавальненне. Калі са спектакля прыбраць харэаграфічныя нумары, якія добра перадаюць атмасферу часу і месца дзеяння, дык "Бабін бунт" наогул можна здымаць з афішы. Спектакль даў магчымасць акцёрам выявіць сваю індывідуальнасць. Які непаўторны дуэт Наталлі Гайды і Аляксея Кузьміна! Маладыя артысты Дзяніс Нямцоў і Кацярына Дзегцярова кранальна іграюць пажылых герояў, але ім верыш. Ала Лукашэвіч выдатна ўвасабляе Дуняшку, у Людмілы Станевіч надзвычай яркім аказаўся вобраз Марфы.

Дзяніс Марціновіч: Мая знаёмая павяла на "Бабін бунт" гасцей з Англіі. Пасля прагляду сказала, што ёй было перад імі сорамна за гэты спектакль. Пры тым, што да Анастасіі Грыненка, якая паставіла такі выдатны спектакль, як "Бураціна.by", адношуся з найвялікай павагай. Па адукацыі я – гісторык і займаюся гісторыяй Беларусі савецкага часу. У "Бабіным бунце" і "Нябесным ціхаходзе" бачу ярка выяўленую тэндэнцыю: "Назад у СССР!" У параўнанні з еўрапейскім узроўнем "Шклянкі вады" – гэта неба і зямля.

Вера Гудзей-Каштальян: Што датычыць "Бабінага бунту", дык ацаніла б гэтую работу, зыходзячы з прапанаванага матэрыялу. У спектаклі прываблівае грунтоўна зробленая балетмайстарская работа Дзмітрыя Якубовіча, які старанна ўзнавіў каларыт казацкіх танцаў. Гэтая пастаноўка поўнасцю адпавядае тым задачам, якія яна акрэслівала.

Вольга Брылон: "Бабін бунт" быў добры ў свой час. Як і "Нябесны ціхаход".

Анатоль Лапуноў: Што датычыць апошняга, дык за гэтую пашляціну я б ніколі ў жыцці не ўзяўся! Яна не дае нічога, акрамя слязлівых адносін пэўнай часткі аўдыторыі да тэмы вайны. Акрамя таго, спектакль і пастаўлены кепска! Пра музыку ўжо не кажу…

Афіша як адлюстраванне мастацкай палітыкі

Вера Гудзей-Каштальян(Лапунову): Не зусім разумею, чаму вы не атэстуеце рок-оперу "Юнона і Авось" як годны спектакль?

Таццяна Мушынская: Перад намі не арыгінальны спектакль, а той, які ўзнік на аснове вядомай работы "Ленкома"…

Вера Гудзей-Каштальян: Так, ёсць спектаклі арыгінальныя, а ёсць пераносы. Ёсць інтэрпрэтацыі і рэінтэрпрэтацыі. Існуе мноства паняццяў, якія дазваляюць раскласці па палічках усё, што адбываецца ў тэатры. Працэсы, якія мы назіраем у айчынным музычным тэатры, – шлейф тэндэнцый, атрыманых у спадчыну. Ад ХХ стагоддзя ўвогуле, ад савецкай культуры. Тое, што тэатр музкамедыі ў 2000-м зрабіўся музычным, сведчыць, што калектыў імкнецца пашырыць уласны жанравы дыяпазон. І ўключыць у арбіту тое, што было зроблена іншымі культурамі, але прайшло міма айчыннай.

Анатоль Лапуноў: Ці можна лічыць "Юнону" найвялікшым поспехам тэатра? Так, публіка ў захапленні ад спектакля, але гэта – не аргумент!

Таццяна Мушынская: Можа, яна апладзіруе таленту Андрэя Вазнясенскага і Аляксея Рыбнікава?

Вера Гудзей-Каштальян: Вядома, варта ўлічваць балючыя кропкі існавання тэатра, якія многімі ўспрымаюцца як асабісты боль. Але я не стала б маляваць усё пераважна чорнай фарбай, а паспрабавала б ацаніць работу музычнага тэатра як пошукавую…

Дзяніс Марціновіч: Вам не здаецца: пошук прывёў у тупік?

Вера Гудзей-Каштальян: Я спрабавала б ацаніць работу тэатра як імкненне стварыць уласныя традыцыі, адштурхнуўшыся ад чужых. Толькі ў 90-я гады з’явіўся беларускі мюзікл, маю на ўвазе Уладзіміра Кандрусевіча. Не той мюзікл, які засвойваўся на нашай сцэне ў 70-я—80-я гады, а ўласна беларускі, створаны айчынным кампазітарам.

Дзяніс Марціновіч: Хацелася б яшчэ згадаць пра "Рускі фантом". Чытаў у "Мастацтве" рэцэнзію Веры Каштальян і з яе ацэнкамі катэгарычна не згодзен. Спектакль разлічаны на аўдыторыю, якая мае невысокі густ. Такое ўражанне, што я трапляю не ў акадэмічны тэатр, а на дыскатэку, дзе грыміць музыка і мяне асляпляюць пражэктарамі…

Вера Гудзей-Каштальян: Тэатр – гэта ўсё-такі сінтэз, дзе вынік трэба ацэньваць у комплексе. І каб разважаць пра "Фантом", трэба ведаць жанравую спецыфіку сучаснага музычнага мастацтва. Без гэтага сінтэзу зразумець з’яву нельга. Буйства фантазіі ў "Фантоме" прыводзіць да эклектыкі. І ў артыкуле акрэслена думка, што спектакль утрымлівае ў сабе занадта многа ўсяго.

Анатоль Лапуноў: Пра "Рускі фантом" ніхто з вас не сказаў, што там ёсць перш за ўсё выдатная аўтарская партытура і цікавая музыка. Бо гэтага няма. А музычны аргумент – самы важны. Так, у "Фантоме" ёсць цікавыя моманты, але ў рэжысуры ўсё "накідана" так, што не разбярэш…

Вера Гудзей-Каштальян: Так і ёсць, у пастаноўцы шмат складнікаў, якія не заўсёды арганічна яднаюцца…

Аншлаг – аргумент або не?

Таццяна Мушынская: Калі тэатр вырашае ставіць спектаклі кшталту "Рускага фантома", "Бабінага бунту", "Нябеснага ціхахода", якія збіраюць залу, робяць касу, але вялікай мастацкай падзеяй не з’яўляюцца, значыць, для калектыву галоўнае – выкананне фінансавага плана, а не ўласна творчасць, дух рызыкі і адкрыцця?

Вера Гудзей-Каштальян: Я глядзела нядаўна спектакль "Нябесны ціхаход". Зала была напаўпустая. Але ў ёй сабралася такая ўдзячная публіка! Удзячная – у першую чаргу выканаўцам…

Дзяніс Марціновіч: Мой глядацкі вопыт (а я бачыў больш за сотню спектакляў, прычым не толькі ў Мінску, але і ў Вільнюсе і ў Маскве) сведчыць: публіка з удзячнасцю апладзіруе самым розным пастаноўкам. Выдатны спектакль, вельмі сярэдні – яна апладзіруе ўсюды і заўсёды. Крычыць "брава!" – і там, і там…

Анастасія Грыненка: Сапраўды, усе прэм’еры ў нас праходзяць на "ўра". А потым глядач галасуе рублём. Так пачалося з "Баядэры". Усе захапляліся, праз месяц гледачоў не было. "Арфей і Эўрыдыка" – праз два месяцы напаўпустыя залы. "Дон Жуан", "Рускі фантом" і "Нябесны ціхаход" – тое ж самае. Прабачце, што абараняю "Бабін бунт", але ён ідзе чатыры разы на месяц пры поўным аншлагу. Кажуць, публіка дурніца, ды толькі да пэўнай ступені… Але мы яе мусім усё роўна выхоўваць.

Таццяна Мушынская: Калі зала напалову пустая, што павінен у такой сітуацыі рабіць тэатр?

Анастасія Грыненка: У нас ідуць усе спектаклі. Нават тыя, якія можна было б зняць. Бо яны маральна і ў мастацкім сэнсе састарэлі. Што здымаць, гэта абавязана вырашаць мастацкая рада. Спектаклі не могуць ісці вечна… Ёсць шчаслівае выключэнне – "Ноч у Венецыі" ў рэжысуры Сямёна Штэйна. Спектаклю 25 гадоў, у ім неаднойчы змяняліся склады выканаўцаў, і ён дагэтуль – жывы. Гэта тая пастаноўка, якую трэба трымаць як візітную картку. Цудоўны спектакль "Прынцэса цырка", але ад яго нічога не засталося. Гэтаксама, як і ад дэкарацый вядомага мастака Зіновія Марголіна. Па-мойму, трэба абнаўляць рэпертуар і рабіць новыя пастаноўкі.

Куды падзеліся кампазітары?

Таццяна Мушынская: На пачатку 90-х гадоў атмасфера ўнутры тэатра і вакол яго ўсё-такі была іншая. Нацыянальныя кампазітары шмат прапаноўвалі… І такая паўставала колькасць творчых удач, новых, арыгінальных, спецыяльна для тэатра зробленых работ! Спектаклі ўзроўню "Джуліі" і "Шклянкі вады" ўзнікалі адзін за адным. Бляск і зіхаценне музыкі і рэжысуры нараджалі шэраг неверагодна яркіх і запамінальных акцёрскіх работ. Унутры калектыву з’явілася харэаграфічная трупа "Мінск-балет" з арыгінальнымі работамі. Тэатр увесь час прывабліваў самую дасведчаную тэатральную аўдыторыю…

Вольга Брылон: А помніце спектакль "Клоп" на музыку Уладзіміра Дашкевіча, які ставіў Вячаслаў Цюпа? Менавіта ў нашым тэатры Раман Вікцюк увасабляў "Гора ад розуму". Усё гэта было!

Таццяна Мушынская: Найбольш складанае пытанне ў музычным тэатры – стварэнне адметнага рэпертуару. Арыгінальным тэатр можа быць найперш дзякуючы непаўторнай афішы, а не бясконцым пераносам. У апошнія сезоны ўзаемаадносіны тэатра з беларускімі аўтарамі далёкія ад ідэальных. Супрацоўніцтва з Уладзімірам Кандрусевічам (за выключэннем адноўленай "Шклянкі вады") не склалася. А ён вельмі тонка адчувае прыроду мюзікла і валодае сучаснай музычнай мовай і інтанацыяй. Мюзікл Эдуарда Зарыцкага "Белыя росы" (лібрэта Аляксея Дударава) не дайшоў да сцэны, хоць, напэўна, мог атрымацца яркі і касавы спектакль. "Пунсовыя ветразі" Валерыя Іванова былі паказаныя адзін раз… У чым тут справа?

Вера Гудзей-Каштальян: Ёсць усеагульная тэндэнцыя – цікавасць да мінулага, да таго, што створана раней…

Таццяна Мушынская: "Старыя песні пра галоўнае" ўзнікаюць яшчэ і таму, што няма новых песень пра галоўнае. Альбо новыя – горшыя за старыя. Тады чаму няма новых песень пра галоўнае?

Вера Гудзей-Каштальян: Ваша пытанне нараджае наступнае: чаму айчынныя тэатральныя камунікацыі не будуюцца на ўзаемаадносінах з айчыннымі стваральнікамі? Гэта боязь першага прачытання і няўдачы? На тэлебачанні ў ток-шоу "Ход у адказ" размова ішла пра айчынную драматургію. І там сітуацыя такая самая. І там паўставала пытанне: чаму айчынныя рэжысёры не бяруць у работу беларускую драматургію?

Анастасія Грыненка: Сапраўды, ёсць праблема з беларускімі аўтарамі. У Екацярынбургу я паставіла навагодні дзіцячы спектакль двух беларускіх аўтараў – "Цётухну Прастуду" драматурга Наталлі Марчук і кампазітара Алены Атрашкевіч. Спектакль ідзе трэці сезон, хоць да зімовага свята звычайна кожны год робіцца новая пастаноўка. "Цётухна Прастуда" лідзіруе ў горадзе сярод менавіта дзіцячых навагодніх імпрэз. Відаць, тэатр павінен рабіць заказ. І працаваць з кампазітарам…
Люблю Кандрусевіча і лічу, што "Шклянка вады" – самы ўдалы спектакль з тых, што ідуць у нас. Нядаўна ён прапанаваў свой мюзікл "Байкер" у рэпертуар тэатра. Але, на мой погляд "Байкер" не лепшы за "Рускі фантом".

Таццяна Мушынская: Думаю, што абодва творы – хутчэй праявы масавай культуры…

Анастасія Грыненка: Кампазітару трэба давяраць, але і працаваць разам з ім. А творцаў, якія на сваю рызыку будуць пісаць партытуры, а потым хадзіць па тэатрах і чакаць, што іх паставяць, цяпер, на жаль, няма. Быў у свой час Уладзімір Дамарацкі, які напісаў мюзікл "31 чэрвеня", але так і не дачакаўся пастаноўкі…
Тэатр баіцца рызыкаваць. Гісторыя з "Белымі росамі" тое пацвярджае. На працягу ўсяго перадпастановачнага працэсу мы працавалі з драматургам Дударавым, па сутнасці, узнікла новае лібрэта. І ён без усялякага кантракту, без абяцанняў з нашага боку перапісваў сцэны. Новы матэрыял – заўсёды рызыка, эксперымент. Магчыма, узнікне твор, які не ўвойдзе ў гісторыю. Але тэатру патрэбна адвага.

Вера Гудзей-Каштальян: Кожная прэм’ера – гэта ў пэўнай ступені рызыка. Не варта думаць, што ад пастаноўкі да пастаноўкі будуць стварацца шэдэўры. Але калі быў пастаўлены "Баль кветак", ён ускалыхнуў тэатр. І пераканаў, што трупа, уключаючы харэаграфічную, патэнцыяльна вельмі моцная. І з ёй можна шмат зрабіць…

Анатоль Лапуноў: У мяне як галоўнага дырыжора ёсць пытанні да нашых кампазітараў. Доўгі час я працаваў на Беларускім радыё і многія партытуры айчынных аўтараў запісваў у ягоныя фонды. Пераканаўся, што далёка не кожны (няхай нават выдатны, таленавіты) кампазітар-песеннік можа зрабіць партытуру, у якую тэатр і аркестр будуць з задавальненнем паглыбляцца. Пытанне супрацоўніцтва кампазітара і тэатра – перш за ўсё пытанне Асобы аўтара. Яго маштабу… Ведаеце, колькі тэатр працаваў разам з Кандрусевічам, перш чым ягоныя мюзіклы з’явіліся на нашай сцэне?! Цяпер у Кандрусевіча ёсць дзве надзвычай цікавыя задумы. Адна з іх – яркі сюжэт з гісторыі Вялікага княства Літоўскага, звязаны з каралём Ягайлам. Адметны гістарычны матэрыял, у дадатак адчуваецца стопрацэнтная адпаведнасць жанру. Кампазітараў, якія мысляць сучасна, мала… Хто з іх можа прыйсці ў тэатр? Колькі ў нас аўтараў, якія працуюць для музычнага тэатра?

Вольга Брылон: Не пагаджуся з вамі. Калі так разважаць, дык можна наогул ставіць крыж на ўсёй беларускай музыцы!

Анатоль Лапуноў: Цудоўны кампазітар Алег Хадоска. Хацелася б, каб тэатр супрацоўнічаў з творцамі такога ўзроўню. У яго напісаны балет "Бураціна", але ў нашай афішы назва "Бураціна" ўжо ёсць. Значыць, адпадае… Каго, акрамя Вячаслава Кузняцова і Алега Хадоскі, вы можаце назваць?

Вольга Брылон: Алега Елісеенкава…

Анатоль Лапуноў: Ён – песеннік!

Вольга Брылон: Затое ведае эстрадны жанр…

Анатоль Лапуноў: Ігар Лучанок – выдатны песеннік. Юрый Семяняка – таксама. Дарэчы, размова ў тэатры ідзе пра тое, каб ягоную "Паўлінку" аднавіць. Але патрэбны новая музычная рэдакцыя і, адпаведна, новая партытура. Яшчэ калі гэтая музычная камедыя ішла, я казаў Юрыю Уладзіміравічу пра неабходнасць новай інструментоўкі. Гэты твор мае права на існаванне, дый музыка ў Семянякі вельмі цікавая…

"Гераіні", "субрэткі" і "прасцякі", або Хто будзе спяваць?

Вера Гудзей-Каштальян: З задавальненнем назіраю, як новая генерацыя выканаўцаў бліскуча валодае і голасам, і пластыкай, і майстэрствам драматычнага артыста…

Лідзія Кузьміцкая: Гэта няпраўда! Альбо частка праўды… Калі так сцвярджаць, будзем самі сябе падманваць. Ведаю, што спяваю я лепш, чым танцую. Але ў прынцыпе артыстка аперэты абавязана танцаваць не горш, чым спявае.

Вера Гудзей-Каштальян: Але ж вы – не балерына!

Лідзія Кузьміцкая: Нядаўна я ўвайшла ў спектакль "Шклянка вады", дзе выконваю партыю герцагіні Мальбара. А таму праглядвала ранейшы запіс спектакля і інтэрв’ю, якое брала Вольга Брылон у рэжысёра Барыса Уторава. Ён выказаў важную думку: тэатр павінен браць на сябе грамадзянскую задачу – выхоўваць публіку. Апускацца да яе ўзроўню ўжо надакучыла.

Таццяна Мушынская: Лідзія, вы згадвалі ролю Сямёнаўны, якую іграе Наталля Гайда ў "Бабіным бунце". Юбілей прымадонны, якая ўсё жыццё аддала тэатру, адзначаецца роляй старой сялянкі ў вясковай хустачцы? Гэта ўсё, што Гайда заслужыла? Мне – крыўдна…

Анатоль Лапуноў: Такое было яе жаданне…

Вольга Брылон: Якое тут жаданне, калі ўсе ў тэатры былі скаваныя страхам – не дагадзіць канкрэтнаму чалавеку?! Чаму пра гэта не можам сказаць? І адсюль – усе праблемы… Адзіны правільны крок, які зрабіў Ісаеў: ён узяў у тэатр Грыненка і Якубовіча, таленавітых людзей. Чаму мы крывадушнічаем і не можам назваць рэчы сваімі імёнамі? Чалавек аднаасобна вызначаў рэпертуарную палітыку. На працягу амаль дзесяці гадоў!

Анатоль Лапуноў: Шкада, што ўвесь гэты час калектыў кіраваўся катэгорыямі не высокага мастацтва. І мы пачалі мысліць менавіта такімі катэгорыямі…

Вера Гудзей-Каштальян: Лічу не надта этычным абмяркоўваць чалавека ў яго адсутнасць!

Вольга Брылон: А калі за крытычныя заўвагі, выказаныя ў рэцэнзіях, музыказнаўцу на працягу васьмі гадоў не пускалі ў тэатр – гэта этычна?! Са скрухай успамінаю, як некалькі сезонаў таму з тэатра былі вымушаны пайсці надзвычай таленавітыя салісты – Арнольд Ранцанц, Герман Казлоў, Зінаіда Вяржбіцкая, Ірына Скорабагатава. Няўжо такія выдатныя артысты не вартыя ўвагі і павагі? А хіба Наталля Гайда не "прастойвае"? (Да Лапунова.) Анатоль Максімавіч, ці будзе новае кіраўніцтва тэатра рабіць захады па вяртанні артыстаў?

Анатоль Лапуноў: На жаль, сёння ім не знойдзецца месца ў тэатры. Чаму? Таму што прыйшло новае пакаленне выканаўцаў…

Лідзія Кузьміцкая: Гэта драма, а мо і трагедыя, што ў згаданых артыстаў адабралі ў каго 5, а ў каго і 10 гадоў творчага жыцця…

Таццяна Мушынская: Лідзія, пытанне вам. Вы спяваеце ў тэатры многія вядучыя партыі. Але адначасова прэзентуеце і ўласныя сольныя праекты. Напрыклад, монаоперу Франсіска Пуленка "Чалавечы голас". Нядаўна ў філармоніі вы прадставілі праграму, прысвечаную памяці салісткі тэатра Ірыны Цярэнцьевай…

Лідзія Кузьміцкая: Мне заўжды мала наяўнага матэрыялу. Калі ёсць цікавая задума, калі адметны канцэртмайстар Алена Аляксеева, якая працавала ў філармоніі з вядучымі спевакамі, прапаноўвае сольныя канцэрты, вядома, я з радасцю адгукаюся. Мне гэта трэба… Я павінна спяваць, бо – вакалістка… Калі б не рабіла таго, што раблю, у мяне б няйначай "паехаў дах"! Бо вельмі часта рэжысёр цябе як выканаўцу проста не бачыць…

Вольга Брылон: Лічу, што музычны праект, прысвечаны памяці салістаў, якія шмат гадоў працавалі ў калектыве, павінен паказвацца ў тэатры… За сорак гадоў колькі было выдатных выканаўцаў! Якім яркім салістам быў Юрый Лазоўскі! Ніна Равінская ціха сышла з жыцця, і мала хто пра гэта ведаў… А якім выдатным рэжысёрам быў Сямён Штэйн! Сёння згадвалі ягоную "Ноч у Венецыі", па-ранейшаму жывую…

Лідзія Кузьміцкая: Зусім нядаўна трупа страціла двух выдатных артыстаў – Анатоля Касцецкага і Ірыну Цярэнцьеву. Абодва пайшлі надта рана… Вельмі хацелася б, каб у тэатры існаваў музей, прысвечаны менавіта салістам розных часоў. У павазе да іх выяўляюцца і традыцыі, і памкненне да акадэмічнасці ўзроўню. Хочацца, каб у нашым фае віселі не толькі партрэты ўсіх артыстаў, што працавалі ў тэатры, але і сцэны са спектакляў. Існуе ў нас не самая лепшая традыцыя – любім крытыкаваць і ўшчуваць адно аднаго: "Ён спявае кепска, а я спяваю добра…" Ад гэтага не ўзнікае адчування дому. Што датычыць артыстаў, якія пайшлі з тэатра… І Германа Казлова, і Зінаіду Вяржбіцкую, і Ірыну Цярэнцьеву, якая, на жаль, ужо не з намі, я заўсёды лічыла і называла сваімі тэатральнымі бацькамі. Шмат чаму навучыла Наталля Віктараўна Гайда. Удзячная ўсім дырыжорам, якія дапамагалі асвойваць музычны матэрыял кожнай партыі. Спадзяюся, гэтая атмасфера сям’і калісьці вернецца…

Таццяна Мушынская: Афіша музычнага тэатра не проста насычаная, а перанасычаная. Менавіта па колькасці…

Анатоль Лапуноў: Тэатр адчувае кадравы голад. Новае кіраўніцтва заклапочана тым, каб яго нейкім чынам наталіць. У нас не хапае ні "герояў", ні "гераінь", ні "субрэтак", ні "прасцякоў". Адзіны "герой", калі браць па ўсіх параметрах, – Антон Заянчкоўскі. Па вакальных магчымасцях толькі адна сапраўдная "гераіня" – Лідзія Кузьміцкая. Салісты спяваюць у месяц 16 спектакляў. Гэта пад сілу?! Доўгі час кузнямі кадраў для тэатра былі ГІТІС і Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кіно. Але гэтыя крыніцы перасталі для нас існаваць.

Лідзія Кузьміцкая: Дзякуй за ацэнку. Але хацела б сказаць, што ў нас ёсць і спявачка Леся Лют. Яе неапраўдана забываюць. У "Юноне і Авось" яе голас гучыць як голас Божай Маці. А гэтая партыя мае дыяпазон ажно ў тры актавы! Рэдкая вакалістка можа пахваліцца такім голасам… І працаваць разам з Лесяй – велізарная радасць.

Анатоль Лапуноў: А годную "субрэтку", якая б адпавядала ўсім патрабаванням, вы назавяце? Так, ёсць у тэатры два геніяльныя "прасцякі" – Дзмітрый Якубовіч і Дзяніс Нямцоў. Але гэтага ўсё роўна мала!

Вера Гудзей-Каштальян: У той жа час набор на аддзяленне "артыст музычнага тэатра" ў Акадэміі мастацтваў ідзе раз на пяць гадоў…

Анатоль Лапуноў: Я праслухоўваў многіх вакалістаў Акадэміі музыкі. У класах Людмілы Колас, Любові Каспорскай… Але ва ўсіх адно імкненне – трапіць у Оперны тэатр! Пётр Рыдыгер рыхтуе годныя кадры, яны становяцца лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў і… едуць працаваць за мяжу. У Акадэміі мастацтваў летась мы праслухалі 17 чалавек, а ўзялі траіх. І тое з вялікай "нацяжкай". Выпускнікі падкаваныя па-акцёрску, а іх вакальная падрыхтоўка слабаватая. І аказваецца – 17-ці чалавекам далі дыпломы, а прафесіі не далі!

Накірункі дзейнасці, або Што рабіць?

Таццяна Мушынская: Неаднаразова даводзілася сутыкацца са здзіўленай рэакцыяй на тое, што ў музычным тэатры прафесійныя вакалісты карыстаюцца мікрафонамі і "падгучкай". Вельмі шмат гукаўзмацняльнай апаратуры! Такое назіраецца ва ўсіх аналагічных тэатрах або толькі ў нас? І што гэта – вымушаная мера, правіла гульні?

Анатоль Лапуноў: Ёсць шэраг пастановак, на якіх без мікрафонаў нельга, бо гукавая партытура і нават мізансцэны пабудаваны з іх улікам. Такія спектаклі маюць права на існаванне.

Таццяна Мушынская: Але застаецца ўражанне, што гукарэжысёры тэатра лічаць публіку тугавухай або напаўглухой, здольнай пачуць толькі крык або неапраўдана ўзмоцнены гук…

Анатоль Лапуноў: Сапраўдны шабаш дэцыбелаў у тэатры – тэма асобнай размовы. У залы ёсць сур’ёзныя акустычныя праблемы. Купілі "панараму", якую набываць не варта было. Замураваны пэўныя нішы, якія "ігралі" на акустыку. Цяпер думаем: як іх аднавіць? Бо класіка ўся павінна іграцца без мікрафона…

Вольга Брылон: Дваццаць гадоў таму, калі ставіўся спектакль "Клоп", радыёмікрафоны ўспрымаліся як ноў-хаў і рэвалюцыя…

Дзяніс Марціновіч: Некалькі гадоў таму ў Мінск прыязджаў на гастролі Іркуцкі тэатр музычнай камедыі. На ягонай афішы дастаткова вялікая колькасць твораў замежных аўтараў, у тым ліку спектакль "Ісус Хрыстос – суперзорка". А вось у нас замежныя аўтары, менавіта сучасныя, ніякім чынам не прадстаўлены. Мо, варта да такога цікавага накірунку звярнуцца? У сувязі з гэтым згадаў надзвычай яркі праект "Прывітанне, Брадвей!" рэжысёра Анастасіі Грыненка, паказаны ў філармоніі артыстамі тэатра. Занятыя ў ім былі Дзяніс Нямцоў, Аляксей Грыненка, Дзмітрый Якубовіч, Кацярына Дзегцярова, Ілона Казакевіч і іншыя. Хацелася б, каб такі праект час ад часу паказваўся на сцэне тэатра…

Анастасія Грыненка: Праект "Прывітанне, Брадвей!" быў прысвечаны Барысу Пятровічу Утораву, таму што амаль усе мы – яго вучні. Некалькі фрагментаў з рэвю мы вазілі на конкурс у Екацярынбург, і там яны былі адзначаны маскоўскімі крытыкамі і рэжысёрамі. Паколькі на афішу тэатра праект не мог трапіць, зрабілі яго на сцэне філармоніі. Паказвалі на працягу года ў Віцебску, Гродне і Брэсце. Заўсёды гатовыя прадставіць гэтую праграму на сцэне тэатра. Па матэрыялах рэвю "Прывітанне, Брадвей!" Аляксей Грыненка напісаў навуковую работу, якая зацікавіла спецыялістаў па музычным тэатры ў Нью-Йорскім універсітэце. І яго запрасілі працягваць навучанне там…

Пастаноўка кожнага твора замежнага кампазітара, нават "Вестсайдскай гісторыі", звязана з аўтарскімі правамі. За ўсё трэба плаціць. У кожнага мюзікла ёсць уладальнікі праў. Да прыкладу, мюзікл "Мэры Попінс" належыць кампаніі "Дысней". Адзіны твор, на выкарыстанне якога Уэбер дае дазвол, гэта "Ісус Хрыстос – суперзорка", бо ў цэнтры яго хрысціянская тэматыка.

Таццяна Мушынская: Анастасія, пэўны час вы разам з Дзмітрыем Якубовічам працавалі ў Екацярынбургскім тэатры музычнай камедыі. Што яны робяць іначай, чым мы? Які досвед екацярынбуржцаў можна выкарыстоўваць?

Анастасія Грыненка: Гэта тэатр з трывалымі традыцыямі. Яму 70 гадоў. Першы з шэрагу тэатраў музычнай камедыі, які атрымаў званне "акадэмічнага". І горад, і гледачы вельмі любяць сваіх артыстаў. Паверце, у нас ёсць больш моцныя выканаўцы – і ў вакальным сэнсе, і ў харэаграфічным, і па-акцёрску! Але ў Екацярынбургскім тэатры няма прыярытэту класікі. Ёсць падзел на артыстаў, занятых пераважна ў класіцы або ў мюзіклах. Ёсць выканаўцы, што паспяхова працуюць у абодвух напрамках. Кіраўніцтва тэатра – галоўны рэжысёр Кірыл Стрэжнеў і галоўны дырыжор Барыс Надэльман – усе пытанні вырашае калегіяльна. І гэта перспектыўны шлях. Бо калі адну дыктатуру памяняць на іншую – выніку не будзе…

Вольга Брылон: Колькі гадоў Стрэжнеў галоўны рэжысёр?

Анастасія Грыненка: Больш як 12…

Вольга Брылон: Вось вам адказ на пытанне, што такое "акадэмізм"! У тэатры паважаюць традыцыі і артыстаў розных пакаленняў – старэйшага, сярэдняга, малодшага. З гэтага і вынікае высокая выканальніцкая культура. І пераемнасць.

Анастасія Грыненка: Што яшчэ ў іх цікавае? Адметны і нечаканы рэпертуар. Кампазітару дадзены заказ, і цяпер калектыў працуе над "Белай гвардыяй" (паводле Булгакава). Нядаўна з’явіўся музычны спектакль "Мёртвыя душы". Актыўна запрашаюцца на пастаноўкі рэжысёры з іншых краін, напрыклад, Венгрыі. Чаго не хапае нашаму тэатру? Розных і моцных (а не заштатных!) пастаноўшчыкаў. Прычым план будучых прэм’ер у Екацярынбургу распісаны на некалькі гадоў наперад. Каб розныя пастановачныя групы працавалі паралельна…

Анатоль Лапуноў: Адзін з галоўных напрамкаў, па якім павінен развівацца наш тэатр, – класічная аперэта. І спектаклі трэба прывесці ў такі стан, каб іх эстэтыка адпавядала сённяшнім патрабаванням. Бо ў нас тэксты пастановак не змяняліся з часоў Пралеткульта! Адпаведна, усе графы, князі і бароны прадстаўлены суцэльнымі дурнямі. І таму трэба рабіць заказ лібрэтыстам і працаваць над новымі сцэнічнымі рэдакцыямі аперэт. Але пакуль самі спектаклі – моўная "махра", якую трэба мяняць! (Агульны смех.) Згодзен з Настассяй Грыненка: нам трэба запрашаць розных рэжысёраў! Неабходнасць абнаўлення датычыць і "Марыцы", і "Вясёлай удавы", і "Баядэры", і "Прынцэсы цырка"… Апошні спектакль патрабуе ўвагі нават з пункту гледжання тэхнікі бяспекі. "Ноч у Венецыі" вымагае тэхнічнага перааснашчэння.

Вольга Брылон: На мой погляд, тыя, хто цяпер будзе ўзначальваць тэатр, усё-такі мусяць папрасіць прабачэння за ўсё, што адбылося. За тое, што праводзілася палітыка, якая прыніжала акцёраў. За страх, які панаваў… І тады ўсё атрымаецца!

Вера Гудзей-Каштальян: Многіх крытыкаў і аматараў хвалюе пытанне: якой будзе агульная палітыка калектыву? Якая новая канцэпцыя ў мастацкага кіраўніцтва тэатра?

Анатоль Лапуноў: Рэпертуарная палітыка, калі яна паслядоўная, – вельмі важная рэч. З прыходам новага кіраўніцтва яна набывае накірунак пошуку: што нам трэба, чым будзем займацца і над чым працаваць? Да чаго павінен прыйсці тэатр? Я бачу перспектывы. І імкнуся, каб тэатр рухаўся па новых шляхах. Пытанне пра акадэмізм, якое мы закранулі, – самае важнае. Хочацца, каб у наш тэатр прыйшла іншая публіка. Магчыма, рафінавана-снабісцкая, магчыма, элітарная…

Таццяна Мушынская: Думаю, пройдзе некалькі сезонаў, і тыя абнаўленчыя павевы, якімі літаральна жыве тэатр, абавязкова ўвасобяцца ў таленавітыя і нечаканыя спектаклі. Калі ж такія творчыя падзеі адбудуцца, яны зробяцца прадметам разгляду на новым "круглым стале" часопіса. З удзелам тых жа або новых суразмоўцаў… 

Маргіналіі

Тэрмін "аперэта" (італьянскае operetta, памяншальнае ад opera) літаральна перакладаецца як "маленькая опера". Сапраўды, з XVII да сярэдзіны XIX стагоддзя так называлі невялікую оперу. У сучасным разуменні аперэта – адзін з відаў музычнага тэатра, прадстаўленне, у якім вакальныя і харэаграфічныя нумары чаргуюцца з размоўнымі сцэнамі. Аснову музычнай драматургіі складаюць формы масава-побытавай і эстраднай музыкі, галоўным чынам куплетная песня і танец. 

У сістэме відаў мастацтва аперэта займае сярэдняе становішча паміж оперным і драматычным тэатрам.

Існуюць парадыйныя і парадыйна-сатырычныя аперэты, лірыка-камедыйныя і лірыка-рамантычныя, героіка-рамантычныя і так званыя меладрамы буф. У гісторыі музычнага тэатра прынята казаць пра "парыжскую" аперэту, венскую (XIX стагоддзе) і неавенскую (XX стагоддзе). Класікамі венскай аперэты лічацца Іаган Штраус, Франц Легар, Імрэ Кальман.

Іаган Штраус напісаў 16 аперэт. Вяршынямі лічацца "Лятучая мыш" і "Цыганскі барон". Цікава, што першая з іх экранізавалася ў розных краінах ажно 20 разоў, а пачатковыя кінаверсіі былі нямымі. Калі ў музычнай мове Штрауса дамінаваў вальс, дык у Імрэ Кальмана – венгерскі чардаш. На працягу ХХ і на пачатку ХХІ стагоддзя ягоныя творы – "Сільва", "Фіялка Манмартра", "Марыца", "Баядэра", "Прынцэса цырка" – застаюцца самымі запатрабаванымі ў тэатрах розных краін.

Музычная камедыя як самастойны жанр узнікла ў канцы XIX – на пачатку ХХ стагоддзя і замацавалася к сярэдзіне мінулага веку. Для яе характэрна выкарыстанне разнастайных песенных жанраў. Развіццё музычнай камедыі звязана з барацьбой супраць забаўляльнасці і штампаў неавенскай аперэты. 

Беларускі дзяржаўны музычны тэатр створаны ў Мінску ў 1970 годзе. Спачатку меў назву Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Беларусі. Цяперашняя назва – з 2000-га. Тэатр ствараўся часткова на аснове музычнай трупы Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі, які існаваў у Бабруйску ў 1965 – 1970 гадах. У трупу тэатра музычнай камедыі з Магілёва перайшлі такія вядомыя салісты, як Ніна Равінская, Канстанцін Лосеў, Вячаслаў Фаменка, Віктар Шаўкалюк і інш. У Мінску тэатр адкрыўся 17 студзеня 1971 года пастаноўкай гераічнай камедыі Юрыя Семянякі "Пяе "Жаўранак".

У розныя гады на сцэне нашага музычнага тэатра былі пастаўлены першая айчынная аперэта "Паўлінка" Семянякі, ягоная ж аперэта-вадэвіль "Тыдзень вечнага кахання". Сярод арыгінальных і па-мастацку значных работ калектыву ў нацыянальным рэпертуары – народная музычная камедыя "Несцерка" Рыгора Суруса і ягоны ж "Судны час" (паводле "Трыбунала" Андрэя Макаёнка), гераічная камедыя "Дзяніс Давыдаў" Андрэя Мдывані, "Мільянерка" Яўгена Глебава.

Бясспрэчнымі дасягненнямі трупы, па меркаванні крытыкі, з’яўляліся спектаклі "Гора ад розуму" (рэжысёр Раман Вікцюк), фольк-опера "Клоп" (пастаноўка Вячаслава Цюпы) і інш. У 1991 – 1996 гадах пры калектыве існаваў Мінскі музычны дзіцячы тэатр-студыя "Казка". На пачатку 90-х гадоў новага ўзроўню дасягнула балетная трупа тэатра, якая здолела сфарміраваць уласны рэпертуар.

Падрыхтавала 
Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА.
Мастацтва: практыка, тэорыя, гісторыя. – 2010. – № 3. – С. 2–9.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: