Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Беларускі мюзікл: метадам спроб і памылак (2008 г., Настаўніцкая газета)

Беларускі мюзікл: метадам спроб і памылак (2008 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

БЕЛАРУСКІ МЮЗІКЛ: МЕТАДАМ СПРОБ І ПАМЫЛАК

У грамадскай свядомасці замацавалася ідэя аб немагчымасці існавання беларускага мюзікла. Не, усе мы ведаем, што гэтыя мюзіклы ёсць, можам нават назваць некаторыя з іх, аднак у сродках масавай інфармацыі час ад часу сустракаем паведамленні аб тым, што рыхтуецца чарговы "першы беларускі мюзікл"… Каб зразумець, што названы жанр у нашай краіне паспяхова развіваецца, дастаткова прыгадаць мюзіклы Уладзіміра Кандрусевіча "Шклянка вады" (1994, адноўлены ў 2007 годзе, Беларускі дзяржаўны музычны тэатр), "Афрыка" (2003, НДТ імя Янкі Купалы) і "Таямніцы блакітных азёр" (2007, ТЮГ), кожны з якіх з'яўляецца крокам наперад як у музычным рэчышчы, так і ў плане харэаграфіі, пластыкі, спецэфектаў. Праблемы беларускага мюзікла толькі ў няўпэўненасці і безграшоўі. (А фундатары дапамагаюць упэўненым!)

Беларускі мюзікл, ці "Рускі фантом"?


Калі няма веры ва ўласныя сілы, "аўтарытэты" запрашаюцца з-за мяжы… I вось у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры рэалізуецца амбіцыйны праект "Рускі фантом" паводе матываў агульнавядомага рамана "Гіпербалоід інжынера Гарына": музыка Ігара Левіна, лібрэта Васіля Пучаглазава, харэаграфія знакамітага балетмайстра Галі Абайдулова (Расія).

Што ж, калі пра нашы мюзіклы пішуць артыкулы пад назвай "Мюзікл як сродак паразумення" альбо "Настальгія і роздум за "Шклянкай вады", то самае добрае слова, якое знайшлося ў айчыннай прэсе аб расійска-беларускім праекце, гучыць так: "Рускі фантом" багаты на спецэфекты".

I сапраўды, для такога амбіцыйнага і прэтэнцыёзнага праекта музыка дастаткова невыразная з надзіва бляклымі аранжыроўкамі. Хаця ў другой частцы спектакля, асабліва бліжэй да яго завяршэння, яна становіцца больш глыбокай і, галоўнае, "паўнавартасна" аранжыраванай. Але ў цэлым стылістычна музычныя нумары нагадваюць "савецкую папсу" другой паловы 70-х.

Што тычыцца драматургіі, то спектакль дэманструе шэраг выдатных спроб зрабіць падзейны рад больш лагічным, агульны каларыт – больш лірычным (распавесці не пра каханне, а менавіта – пра Каханне). Разгледзець каханне да жанчыны і адказнасць за створанае як сродак гуманізацыі гэтага свету. Задумкі някепскія, а вось іх увасабленне…

Так, падзейны рад выглядае куды лагічней, чым у рамане. У прыватнасці, стаўка на ўшчэмленых крымінальных аўтарытэтаў і пацяснёных алігархаў як на сілы звяржэння дыктатуры Гарына выглядае больш праўдзіва, чым паспяховая "інтэрнацыянальная агітацыя" прыкормленага пралетарыяту ў рамане. Спектакль сапраўды лірычны (у асноўнай лініі "Гарын – Зоя"), распавядае аб зараджэнні Кахання і яго дамінаванні над любымі іншымі спакусамі – уладай, багаццем, пакланеннем натоўпу, што даволі хутка ўсведамляе Зоя, а ўрэшце рэшт і Гарын. Магчыма, гэта слаба "прапісана" ў лібрэта, але моцная ігра акцёраў (Гарын – Аляксей Ісаеў, Зоя – Маргарыта Апександровіч) і выхад на дастойны ўзровень музыкі менавіта ў сцэнах "моманту ісціны" Гарына і Зоі стварае пераканаўчы вобраз кахання, якое вельмі позна стала відушчым.

Паглыбленню гэтага вобраза спрыяе філігранная работа мастака па касцюмах Таццяны Каралёвай (Расія). Выкарыстанне каляровых адценняў у касцюмах галоўных герояў робіць незвычайна выразнымі ключавыя сцэны зараджэння і заняпаду іх кахання. Напрыклад, у сцэне сустрэчы Гарын і Зоя носяць пунсовыя гальштукі колеру тых самых грынаўскіх ветразяў на світанні… У іншых сцэнах тонка працуе крывава-чырвоны колер.

На жаль, замест дзеяння, якое павінна развівацца, гледачы бачаць серыю "стоп-кадраў", "карцінак". "Вобразы герояў, змена падзей паказваюцца не ў развіцці, а як дадзены факт, плакатна-прамалінейна, спрошчана", – справядліва заўважана ў рэцэнзіі газеты "Культура". А зроблена гэта так: героі паяўляюцца на сцэне (або на праходзе ў зале), з хуткасцю кулямётнай чаргі абменьваюцца "канцэнтраванамі" рэплікамі (нагадваючы гледачу адпаведную сюжэтную лінію рамана), потым выконваюць музычны нумар, у які ўваходзяць з ужо зададзеным вобразам… і з ім жа з нумара і выходзяць. Атрымліваецца, што спевы і танец толькі "прыгожа" ілюструюць вымаўленыя рэплікі, нічога не дабаўляючы да іх, ніяк не развіваючы. Выключэнне – музычныя нумары, прысвечаныя зараджэнню кахання і краху любові і жыцця, ды яшчэ блюзнерская "малітва" Гарына, калі ён просіць у Бога сілы… зрабіцца богам на Зямлі. Пры такім падыходзе музыка, не маючы задачы паказаць душэўныя рухі герояў, проста асуджана на невыразнасць. А рэжысёр "выкручваецца", то ненатуральна напружваючы тэмп дыялогаў, то накіроўваючы герояў у праходы глядзельнай залы, падмяняючы тым самым адсутнасць развіцця характараў фізічнымі рухамі, хадзьбой (музычная і літаратурна-сцэнічная рэдакцыя, пастаноўка Аляксея Ісаева).

У параўнанні з кнігай у спектаклі рэзка скарочана колькасць персанажаў, некаторыя героі сталі больш моцнымі як асобы. Гэта тычыцца і Гарына, і Зоі (у спектаклі яна паўстае ў першую чаргу як фанатычна закаханая жанчына), і Ролінга з Сямёнавым.

Але антытэза Гарын – Шэльга практычна знікла. Разам з ёй знікла і лінія шчырых сяброўскіх пачуццяў Гарына да Шэльгі. Дзеля чаго ахвяравалі вобразам Шэльгі (Віктар Цыркуновіч)? Каб вывесці на першы план вобраз яго "памочніцы" Машы (Наталля Зубарава), якая настойліва ідзе да сваёй мэты, робіць усё сама. Шэльга ж напрыканцы спектакля становіцца няздольным ні камандаваць, ні раіць. Навошта прыдумана Маша? Каб паказаць самаахвярнае жаночае каханне (да Шэльгі)? Хтосьці некалі вырашыў, што гледачу падабаецца, калі яго ашаламляюць каскадам песенек і танцаў, паказам таго, як, напрыклад, какетлівая дзяўчына абдурвае каралёў французскай злачыннасці, як яна прыгожа танцуе, якая яна цудоўная ўвогуле… I сапраўды, Наталля Зубарава прыгожа танцуе і цудоўная ўвогуле, але ніякай мастацкай вартасці створаны ёю вобраз не мае; ён тармозіць дзеянне, выключае са спектакля важныя ідэі, звязаныя з адносінамі Гарына і Шэльгі. Дык навошта гэты вобраз уведзены? Дзеля той самай забаўкі?!

Назіраючы за абрэзанымі сюжэтнымі лініямі мы не толькі "прыходзім да высновы, што прычыны ўсіх катастроф – у жаночай нявернасці ды мужчынскай амбіцыйнасці" (газета "Культура"). У выніку ўвядзення лініі "Маша" мы бачым яшчэ і крах Залатога вострава і дыктатуры Гарына ў цэлым як вынік… Машынай абаяльнасці, сексуальнай прывабнасці. Ці не занадта?!

Ёсць у драматургіі і "прыватныя" недарэчнасці. Так, у адной з лепшых па майстэрстве выканання сцэн спектакля Гарын прасіў сілы ў Бога зрабіцца богам на Зямлі… Невук-крывадушнік мог бы, захоўваючы такое жаданне, прасіць у Бога за яго дараванне, прыходзячы ад яго ў жах, але не жадаючы ад яго адмовіцца. "Нармальны" ж Гарын ("я, Петр Гарин, милостью сил, создавших меня") мог бы з такім маналогам хутчэй звярнуцца да чорта. Чалавек жа, які звяртаецца да Бога са шчырасцю сцэнічнага Гарына, павінен толькі горка і шчыра раскаяцца… Ці не відавочна?

Хэпі-энд, які праяўляецца ў тым, што ўсё, што адбывалася, аказваецца ў выніку сном, падаецца наўмысным: маўляў, які ж мюзікл без хэпі-энда?! Але тэма адказнасці за сваё стварэнне сапраўды магла б быць узмоцнена раскаяннем… за сон, які прымроіўся.

Замест традыцыйнай сцэнаграфіі ў спектаклі выкарыстана дынамічная відэапраекцыя з камп'ютэрнай графікай. У большасці гэтыя праекцыі выглядалі гарманічна. Добра ўспрымалася гульня колераў: чырвонага з сінім, сіняга з жоўтым, пунсовага, крывавага з залатым. Лёгка прачытваліся сімвалы. Няблага перададзена праз камп'ютэрную графіку разбурэнне анілінавых заводаў. "Іншапланетная" сімволіка ўдала асацыіравалася з тэматыкай экалагічных катастроф. Ва ўсіх вобразах адчуваецца густ, прысутнічае мяжа і – у большасці выпадкаў – мастацкая дакладнасць. У гэтым складніку спектакля праколы мікраскапічныя, а знаходкі эфектныя і значныя.

Аднак акрамя праекцыйнай сцэнаграфіі гледачы ўбачаць сканструяваны зямны шар у выглядзе бутафорскага капітанскага мосціка, і гэта практычна адзіны элемент традыцыйнай сцэнаграфіі. (Сцэнографам згодна з праграмкай таксама з'яўляецца Аляксей Ісаеў.)

Такім чынам, нежаданне ўбачыць у краіне ўласны дастойны матэрыял прывяло музычны тэатр да пастаноўкі спектакля сумеснымі з расійскімі творцамі сіламі. У выніку атрымаўся даволі прыстойны спектакль, які справядліва падабаецца сваёй відовішчнасцю, але пакутуе ад мноства прынцыповых недахопаў. Перакананы, што прыцягненне да ўвасаблення ідэй спектакля айчынных кампазітараў і лібрэтыстаў было б не менш эфектыўным: нашы змаглі б многае ўжо "на азарце", даказваючы ў чарговы раз, што паспяховы беларускі мюзікл – магчымы.

Крок назад

Цікава, што ў масавай свядомасці паняцце "мюзікл" асацыіруецца калі не са скандалам, то хаця б з вядомым абсалютна ўсім сюжэтам. Такая "няпісаная" прыкмета мюзікла.

На прэс-канферэнцыі кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча, прысвечанай старту яго новага мюзікла "Байкер", журналістам адразу было паведамлена, што ён пастаўлены паводле нашумелага рамана Шадэрло дэ Лакло "Небяспечныя сувязі". А рэжысёр мюзікла Генадзь Давыдзька ўзмацніў інфармацыю паведамленнем аб тым, што стваральнікі мюзікла прыўнеслі ў спектакль "лішак перцу" – скандальнасць, парадаксальнасць і жортскаць падзей, што разгортваюцца". Быццам бы "лішак перцу" і з'яўляецца прыкметай сапраўднага беларускага мюзікла.

Прызнаюся, пасля прагляду "Байкера" (яшчэ ў маі) я адзначыў, што за музычнай і драматычнай сілай "перац", на шчасце, страчваецца. "Загана – не салодкая, хаця такой яна і падаецца спачатку" – гэтая ідэя спектакля, не толькі прадэклараваная рэжысёрам Г. Давыдзькам на прэс-канферэнцыі, але і паказаная на падмостках, з'яўляецца прымальнай і вельмі своечасовай. А ўвогуле спектакль цалкам пацвярджае зробленую вышэй выснову аб тым, што нашы многае могуць "на азарце", даказваючы ў чарговы раз магчымасць паспяховага мюзікла.

Прэм'ера "Байкера" адбудзецца ў Мінску як быццам 8 лістапада (тады і будзе час і падстава для разбору), а напрыканцы ліпеня ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прайшла прэм'ера "музычнага спектакля" "Раман + Юлія. Гісторыя кахання". Мяркуючы па публікацыях у прэсе, ён планаваўся да пастаноўкі як мюзікл, але ў апошні момант яго стваральнікі – рэжысёры Валерый Анісенка і Кацярына Тарасава, драматург Дзіяна Балыка, кампазітар Андрэй Лабчэўскі – выкарысталі на афішы менш "кідкі" тэрмін.

Затое з "перцам" у спектаклі атрымалася ўсё нармальна. Бойка з нажом, сексуальная блізкасць ужо на першым спатканні, каварны ўрач-гінеколаг, які здольны на любую подласць і шчыра верыць у "дабрыню" сваіх памкненняў… Але дазвольце ўсё разгледзець па парадку.

Рамкі постмадэрнізму патрабуюць насамрэч вельмі ўдумлівай працы. Як адзначаў, у прыватнасці, М. Велер, ёсць унікальныя характары, унікальныя сюжэты, а ёсць творы, геніяльнасць якіх абумоўлена толькі ўзроўнем іх выканання. Характары ў іх могуць быць ходкімі, сюжэты – агульнавядомымі… Менавіта да апошняй катэгорыі бессмяротных твораў адносіцца шэкспіраўская п'еса "Рамэо і Джульета". А таму "перасадка" вобразаў з "Рамэо і Джульеты" павінна ісці па правілах, якія прынцыпова адрозніваюцца ад правіл "перасадкі" вобразаў з "Гамлета" альбо "Дон Кіхота". Можна, канечне, проста выкарыстаць вядомыя імёны герояў, але трэба ведаць, што легендарныя імёны можна прыкласці не да ўсялякай байкі пра каханне.

Гэтыя развагі, на мой погляд, абсалютна не турбавалі Дзіяну Балыка, калі яна сачыняла п'есу "Раман + Юлія: вечная гісторыя!". Сюжэт: закахаліся – пераспалі. Яе бацькі вырашылі, што ён – не пара для іх дачкі. З дапамогай інтрыгі вымусілі яго расстацца з ёй. Амаль пераканалі дзяўчыну зрабіць аборт. ("аборт – не забойства, а медыцынскае паказанне"). Сябры закаханых палічылі: штосьці тут няправільна. Пераканалі яго не верыць хлусні, распаўсюджанай пра яе. Ён прыехаў акурат да яе родаў. Бацькі дзяўчыны ў рэшце рэшт зразумелі, што памыляліся. Так, можна колькі хочаш гіпнатызаваць гледачоў намёкамі на асацыяцыі з Шэкспірам (дзякуючы падабенству імён), але на справе ўзнікаюць асацыяцыі з індыйскімі меладрамамі ды яшчэ з савецкай кінастужкай "А вы кахалі калі-небудзь?". "Як часта дарослыя недаацэньваюць першае трапяткое пацуццё сваіх пасталелых дзяцей…" – гэтая фраза з праграмкі спектакля магла б быць запісана і ў анатацыі да вышэйзгаданага фільма, але яна ніяк не стасуецца з шэкспіраўскай гісторыяй. Падаецца, што і выказванні Юліных бацькоў накшталт "Я ніколі не аддам вашаму ёлупню маю дачку" і "Ні за што не прыму ў свой дом безбацькоўшчыну" таксама натхнёны гэтым фільмам. Зноў жа, калі ў фінале спектакля бацькі Юлі разам з урачом – забойцы яе дзіцяці, якія не адбыліся (вельмі стараліся і зрабілі ўсё магчымае, але не атрымалася) – танцуюць танец прымірэння і старанна імкнуцца салодка ўсміхацца, успамінаецца, як мама Дзімы з фільма "А вы кахалі калі-небудзь?" у адно імгненне "пераключае" твар і гаворыць: "Вы ведаеце, я ўсвядоміла свае памылкі"… Такім чынам, да смерці ў нашым спектаклі справа не дайшла, што можа азадачыць як тых, хто паверыў у падабенства з Шэкспірам, так і тых, хто прачытаў праграмку спектакля, анатацыя да якой пачынаецца словамі "Музыка… Каханне… Смерць…".

Кончыўся спектакль і пачуліся авацыі? На жаль, так, з авацыямі і аншлагам было ўсё ў парадку (гледачамі спектакля былі ў асноўным школьнікі). Што ж тычыцца рэальных падстаў для заслужаных апладысментаў, то імі можна ўзнагародзіць толькі работу рэжысёраў па пластыцы Вольгі Скварцовай і Дзмітрыя Залескага. Можна зразумець захапленне гледачоў і ў адносінах да дэкарацый і касцюмаў: куб чорны і куб белы, касцюмы чорна-белыя, гумавыя; яны расцягваюцца, як "расцягваюцца" і межы маральных умоўнасцей на шляху герояў п'есы. Усё гэта было б сапраўды цудоўна, калі б крыху больш арыгінальнасці, навізны.

Малады акцёр Андрэй Бібікаў (Раман) імкнуся і нават штосьці змог сыграць пры такім драматургічным матэрыяле, чаго не скажаш пра Надзею Цвяткову (Юлія). Максім Паніматчанка (Доктар), напэўна, не помніць, што ўжо адыграў (трэба прызнацца – дастойна) ролю доктара Львова ў чэхаўскім "Іванаве" і іграе зараз зусім у іншым спектаклі. I Віктар Багушэвіч сутаргава працягвае трымацца за ролю Лебедзева з таго ж "Іванава", але паколькі ў яго выпадку разыходжанне ў ролях большае, чым у Паніматчанкі, нічога добрага з гэтага атрымацца не можа.

Прыблізнасць трактовак вобразаў звязана не толькі з рэжысурай. Сама п'еса вельмі гэтаму "садзейнічае": будучы з самага пачатку слабай, яна яшчэ нямала страціла на шляху да падмосткаў. А ў нечым стваральнікі спектакля заблыталіся нават да кур'ёзаў: дыск-жакей Раман (як ёсць у п'есе) на сцэне ператварыўся ў гітарыста, паехаў вучыцца "па спецыяльнасці", а потым аказваецца, што ён вучыцца… на дыск-жакея.

Дарэчы, пра музыку. Да пастаноўкі гэтага музычнага спектакля прыцягнуты як быццам сур'ёзныя музычныя сілы: тэмпераментны і тэхнічны ансамбль "Дыліжанс-jazz", кампазітар-клавішнік Андрэй Лабчэўскі. Але ансамбль не пазнаць! I не скажаш, што музыка кепская, але аранжыроўкі пераважна сумныя, аднамерныя, умяшанне тэхна-рытмаў дабаўляе прафанацыі. I толькі рэдкія сола на фартэпіяна прымушаюць з павагай прыслухацца.

"Рома + Юля = ?"

…Кажуць пра аборт, але не разумеюць, што гэта – забойства. Кажуць пра інтрыгі, але Ён не здагадваецца запытацца ў Яе, ці праўда тое, што Яму пра Яе сказалі. Яшчэ: нікому ў галаву не прыходзіць, што пераспаць з юнаком на першым спатканні – НЕ АБАВЯЗКОВА. З п'есы (у спектаклі гэты дыялог апушчаны):

"Лаки": <… > Было у вас что?
Юля: Ну-у, было, конечно".

I гэтае "канечне" проста зачаравальнае. А калі б "не было", то як бы развіваўся сюжэт? Ці паўсталі б вось так супраць яго яе бацькі? Ці кінуў бы ён яе, паверыўшы ў хлусню, бо за што яму адказваць? Напэўна, сюжэт набыў бы дадатковую глыбіню і вастрыню, калі б "гэтага" (таго, што "канечне, было") не было б. Але тут спектакль паслухмяна ідзе "за Шэкспірам"! Іншая магчымасць (не пераспаць) не разглядаецца аўтарам і тэатрам нават гіпатэтычна!

Перакладчык п'есы на беларускую мову таксама зрабіў свой пасільны ўнёсак у спектакль. Прынамсі, фраза "на ложак далоняў пяшчоты" ў арыгінале гучыць так: "в твоей теплой и мягкой ладони". Словы "цёплай коўдрай кахання" ў арыгінальным тэксце аказваюцца "покрывалом покоя"… Пералічваць далей? "Не, праклятыя дурні, – сказаў д'Артаньян. – Ужо калі выбіраеш карэту, дык выбірай трывалую, а карэта, у якой хочуць везці арыштаванага Бруселя, павінна вытрымаць дзесяць тысяч чалавек". Калі спрабуеш ісці па слядах Шэкспіра, задумайся: магчыма, ідэя наконт таго, што "дзеці могуць мець рацыю, а бацькі – не" не самая глыбокая і арыгінальная…

У гісторыі беларускага мюзікла "Раман + Юлія" – упэўнены крок назад. (Ці не таму слова "мюзікл" так і не паявілася на афішах?) Што ж, пачакаем "Байкера"…

Уладзімір ЛАЗАРАЎ.
Настаўніцкая газета. – 2008. – 21 кастр.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: