« Назад
БЕЗГРАШОВАЯ ПАДНОЖКА САРАКА БАЛЕТНЫМ НОЖКАМ
Інтэрв’ю з галоўным балетмайстрам Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, заслужанай артысткай Расіі Нінай Дзьячэнка планавалася адразу пасля апошняга балетнага спектакля гэтага тэатра, які прыйшоўся на 31 мая. Але Ніна Мікалаеўна папрасіла тую сустрэчу перанесці.
– Навошта мне расказваць пра тое, што адбылося за год? Хто бачыў нашы спектаклі і прэм’еру "Шэдэўраў класічнага балета", мае свае ўражанні.
Да таго ж, неяк крыўдна за такое ранняе завяршэнне сезона. На жаль, ні на чэрвень, ні на ліпень мы не зможам сабраць трупу: артыстам балета трэба даць магчымасць падзарабіць, многія раз’язджаюцца за мяжу, бо лета – самы прыдатны для гэтага перыяд. А ячшэ конкурсы: у ліпені Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, якія ўжо з'яўляюцца лаўрэатамі ажно пяці міжнародных конкурсаў, едуць у Варну. Разам з імі – дыпламант Міжнароднага конкурсу Віталь Краснаглазаў, які будзе выступаць "пазаконкурсным" партнёрам танцоўшчыцы з Японіі (тое, што яго запрасілі, таксама вельмі прэстыжна). А яшчэ адна наша салістка – уладальніца прыза "Крыштальная кветка" Дзіяна Сцяцура – днямі едзе ў Амерыку. Ведаеце, там вельмі адметны конкурс, не падобны на ўсе астатнія. Удзельнікі прыязджаюць на яго, яшчэ не ведаючы, што ім выпадзе танцаваць, і за два тыдні, што адводзяцца на падрыхтоўку, павінны вывучыць і адрэпеціраваць "зададзенае".
– Вось пра гэта і раскажыце!
– Давайце лепей пачакаем, пакуль Дзіяна вернецца: у мяне тады будзе магчымасць пахваліцца ці, наадварот, засмуціцца. Бо гэта мая вучаніца, і я вельмі цаню яе за шчырасць, самаадданасць на сцэне.
Мой першы званок пасля вяртання са "Славянскага базару ў Віцебску" быў да Ніны Дзячэнка: маўляў, калі "хваліцца" будзеце?
– О, з Амерыкай усё добра! Дзіяне выпала танцаваць Баланчына і "Спячую прыгажуню".
– Наколькі я ведаю, гэтых партый раней не было ў яе рэпертуары?
– Так, але падобнымі неспадзяванкамі той конкурс і цікавы! Але Дзіяна даказала, што яна прафесіянал вышэйшага класа: яна стала дыпламантам, а да таго ж атрымала кантракт з балетнай трупай Паўднёвай Караліны.
– У вас цяпер, відаць, радасць са смуткам напалову? Бо вы губляеце адну з вядучых салістак тэатра.
– Гэтае пытанне мы ўжо вырашылі. Адміністрацыя тэатра пайшла нам насустрач і знайшла магчымасць адпусціць Дзіяну Сцяцуру ў творчую камандзіроўку на 26 тыдняў, пасля чаго ў сакавіку яна вернецца ў нашу трупу.
Тут Ніна Мікалаеўна раптам уздыхнула і дадала:
– Калі да таго часу ад трупы яшчэ што-небудзь застанецца...
I я пачула гісторыю, якая магла б упрыгожыць тэатр абсурду, калі б не была рэчаіснасцю.
– Літаральна за два апошнія тыдні з трупы ў 43 чалавекі застаўся ўсяго 21 артыст.
– Усе астатнія звольніліся? Але чаму?
– Па вельмі простай прычыне – грашовай. Мізэрныя заробкі нашых артыстаў – як ганьба. А нагрузка пры гэтым якая! Зранку – рэпетыцыі, штодзённая праца ля балетнага станка, увечары – спектаклі. Калі рыхтуецца прэм'ера, рэпетыцыі бываюць двойчы на дзень: артысты проста жывуць у тэатры!
– I тэатр ім плаціць, як кажуць, "спаўна". Але ж набыццё новага статуса – не музкамедыі, а музычнага тэатра – павінна было прывесці да павышэння заробкаў.
– Між іншым, змяненне назвы адбылося пры самым актыўным удзеле балетнай трупы. Бо яно толькі замацавала рэальны стан рэпертуару, у якім за апошнія гады з'явілася шмат паўнавартасных класічных балетаў. Дзякуючы ім, пад шыльдай музкамедыі даўно ўжо нарадзіўся і ўзрос сінтэтычны тэатр. Так што афіцыйнага прызнання новага статуса сапраўды чакалі, і чакалі доўга. Але вось вам рэальныя сумы. Нашы вядучыя салісты, лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў атрымліваюць усяго па 26 тысяч рублёў на месяц. Артысты ж кардэбалета – і ўвогуле па 14! Ці ж можна пражыць на гэтыя грошы? Вось і пакідаюць трупу. Бо на добра падрыхтаваных артыстаў балета попыт заўсёды вялікі. I не толькі ў нас, але і за мяжой.
– Да таго ж, гэта адна з тых нешматлікіх прафесій, што не патрабуе дасканалага ведання мовы краіны, куды прыязджаеш. І куды ўсё ж, калі не сакрэт, разляцеліся былыя вашы выхаванцы?
– Хто куды, і ў вар'етэ, і ў рэстараны, бары, і за мяжу.
– А наш харэаграфічны каледж? Няўжо ён вам не дасылае выпускнікоў?
– Яны прыходзяць ў трупу Нацыянальнага тэатра балета Беларусі. Адразу на два тэатры ніякіх выпускнікоў не хопіць, бо грашовыя праблемы існуюць не толькі ў нас.
– А вы спрабавалі іх неяк вырашыць?
– Сам тэатр вырашыць іх не ў стане. А на ўзроўні горада... Здаецца, там свае праблемы – не да нашых. Між тым, калі наша балетная трупа збіралася зімой на гастролі ў Швейцарыю, дык адпускалі нас пасля працяглых ваганняў: маўляў, як жа горад пражыве без вас два тыдні! А зараз, калі горад і цалкам рэспубліка могуць застацца без 9 балетных спектакляў і ўвогуле без класічных аперэт, якія, як вядома, патрабуюць удзелу балета, гэта нібыта нікога не турбуе: ні Упраўленне культуры Мінгарвыканкама ў асобе старшыні Віктара Кураша і яго намесніка Анатоля Сабітава, ні намесніка мэра па пытаннях культуры Васіля Гурына. Я прапанавала ім магчымае вырашэнне, не пабаюся гэтага слова, катастрафічнай сітуацыі, але ніхто не хоча браць на сябе такую адказнасць. З дырэктарам тэатра Расціславам Бузуком мы намагаемся трапіць на прыём да старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Паўлава, але пакуль беспаспяхова. Гэтым часам прыйшоў новы кантракт з Швейцарыі і Германіі: у сакавіку наш балет запрашаюць на паўторныя гастролі. Што ім адказаць? Што тэатр, аналагаў якому няма на Беларусі, распадаецца на вачах? I што ўсе паводзяць сябе так, нібыта гэта мая асабістая праблема. А гэта ж праблема ўсёй рэспублікі!..
Надзея БУНЦЭВІЧ. Культура. – 2000. – 22–28 ліп. – С. 5.
|