Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Будзем музычнай сталіцай Еўропы? (2010 г., Мастацтва)

Будзем музычнай сталіцай Еўропы? (2010 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

БУДЗЕМ МУЗЫЧНАЙ СТАЛІЦАЙ ЕЎРОПЫ?

Напрыканцы снежня, у рамантычны час чакання Новага года прынята падводзіць вынікі. Пра іх задумваюцца кожны творчы чалавек, мастацкі калектыў, цэлая дзяржава. Чым было адметнае наша музычнае жыццё на працягу 2010 года? Якімі падзеямі, прэм’ерамі, фестывалямі запомнілася? Хто быў галоўным героем? Пра гэта і хацелася б паразважаць.

Фестывалі, фестывалі…


Менавіта іх трэба, на маю думку, лічыць самымі значнымі дасягненнямі года. Спачатку былі прэзентаваныя "Вечары беларускай оперы і балета ў замку Радзівілаў" (мастацкія кіраўнікі Вячаслаў Воліч і Віктар Скорабагатаў). У сваю праграму праект уключыў оперу "Чужое багацце нікому не служыць", напісаную некалі менавіта ў Нясвіжы і ўпершыню тут прадстаўленую, балет "Шапэніяна", гала-канцэрт з удзелам аркестра і лепшых салістаў і канцэрты камернай музыкі.

Паказаныя на пачатку ліпеня "Вечары…" выклікалі велізарны рэзананс. Кожная жывая мастацкая ідэя каштоўная тым, што можа развівацца. Наступным годам арганізатары абяцаюць паказаць у натуральных, прыродных дэкарацыях оперу Уладзіміра Солтана "Дзікае паляванне караля Стаха" (адкрыю невялікі сакрэт: у прадстаўленні прымуць удзел сапраўдныя коні) і балет "Трыстан і Ізольда", дзеянне якога таксама адбываецца ў інтэр’ерах старадаўніх палацаў. Плануецца зрабіць нясвіжскі фестываль больш працяглым па часе – з мая па верасень – і запрашаць на яго славутых выканаўцаў з іншых краін.

Яшчэ больш магутная, грандыёзная акцыя чакала меламанаў у снежні – гэта быў Першы Мінскі міжнародны калядны оперны форум. У ягонай праграме – пяць спектакляў і гала-канцэрт. Так, з гэтых пяці – пакуль што тры з нашага рэпертуару ("Набука", "Кармэн", "Тоска"). Але ўдзельнічала ў іх шмат замежных знакамітых дырыжораў і вакалістаў-зорак – з Іспаніі, Сербіі, Літвы, Расіі, Азербайджана. Убачылі мы і два спектаклі гасцей – "Травіяту" Латвійскай оперы і "Севільскага цырульніка" маскоўскага тэатра "Новая опера" імя Яўгена Колабава. Чакаецца, што падчас наступных форумаў выбар спектакляў, прадстаўленых гасцямі, будзе большым. Бо тэатр падпісаў мемарандумы пра супрацоўніцтва з многімі калектывамі СНД, а таксама еўрапейскімі трупамі. Правядзенне фестывалю не вымагала вялікіх бюджэтных выдаткаў, фінансавыя пытанні Оперны вырашыў праз павышэнне кошту квіткоў і спонсарскую дапамогу.

Пра ролю асобы ў гісторыі

Агульнавядома, што тэатр – справа калектыўная і мастацкі вынік залежыць ад намаганняў многіх. Але тыя змены, якія на працягу апошняга года зведаў Беларускі акадэмічны музычны тэатр, пацвярджаюць ролю асобы ў вызначэнні накірунку пошукаў. У калектыве змянілася кіраўніцтва: з’явіўся новы дырэктар, вопытны менеджар Аляксандр Пятровіч; мастацкім кіраўніком прызначаны Адам Мурзіч, аўтарытэтны вакальны педагог; на пачатку восені галоўным балетмайстрам стаў вядомы харэограф Уладзімір Іваноў.

Уражанне, што нечакана адкрыліся шлюзы, пасля доўгай зімы прыйшла вясна, а трупа перажывае перыяд творчага аднаўлення! Па-першае, з афішы зніклі маральна састарэлыя, не вартыя акадэмічнай сцэны спектаклі. Раптам высветлілася, што з тэатрам імкнуцца супрацоўнічаць вядомыя дырыжоры, рэжысёры, спевакі. Свежы прыклад – цыкл канцэртаў "Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым".

З’явіліся праграмы, складзеныя з айчыннай музыкі, цыкл "Музычны калейдаскоп", спектакль "Споведзь жанчыны", асновай якога зрабіўся жанр раманса. Для пастаноўкі мюзікла "Аднойчы ў Чыкага" тэатр запрасіў Сусанну Цырук, вопытнага рэжысёра, які мае досвед супрацоўніцтва з Марыінскім тэатрам. Прайшлі кастынгі выканаўцаў будучага мюзікла "Блакітная камея" вядомага расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга.

Так што Беларускі музычны тэатр не толькі досыць хутка рэабілітаваў сябе ў вачах грамадскасці (хоць я пераканана, што наступнікі за папярэднікаў не адказваюць!), але і паступова пачынае сур’ёзна канкурыраваць з Тэатрам оперы і балета. Карацей кажучы, робіцца не "аперэткай", не "музкамедыяй", а менавіта "акадэмічным музычным тэатрам" (апошні тэрмін прадугледжвае разнастайнасць жанраў, стыляў, накірункаў).

Прэм’ера як вынік і адлюстраванне

Нагадаем пра самыя значныя музычныя прэм’еры года. Сярод іх першае месца, бясспрэчна, зойме опера "Набука" Вердзі, увасобленая новым галоўным рэжысёрам Тэатра оперы і балета Міхаілам Панджавідзэ. Бадай, гэта самая маштабная прэм’ера 2010-га. Поспех шмат у чым тлумачыцца выкарыстаннем найноўшых тэхналогій, дзівоснай свабодай прасторавых вырашэнняў і тым, што рэжысёр здолеў віртуозна прэзентаваць публіцы і тэатру тэхнічныя магчымасці новай сцэны. Умоўна кажучы, "адкапаў" і прымусіў працаваць схаванае пад сцэнай унікальнае абсталяванне коштам 16 мільёнаў еўра. "Набука", на маю думку, найбольш магутная і відовішчная пастаноўка мінулага сезона (і не толькі ў оперы). "Тоска", таксама пастаўленая Панджавідзэ, выклікае больш пытанняў.

press2010-158a Нацыянальны балет у 2010 годзе захапіўся аднаактовымі спектаклямі ("Шапэніяна", "Трыстан і Ізольда"). Камерныя па сваёй сутнасці, яны прайграюць па маштабнасці і вастрыні ідэй таму ж балету "Мефіста" (музыка Уладзіміра Кандрусевіча, харэаграфія Уладзіміра Іванова), паказанаму Беларускім акадэмічным музычным тэатрам. "Мефіста" выглядае найбольш значнай харэаграфічнай прэм’ерай года. А мо, і не аднаго…

Дарэчы, калі часопіс падводзіў вынікі 2008 года, да ліку самых цікавых належалі праекты, прэзентаваныя ў філармоніі: "Вяселейка" Ларысы Сімаковіч і "Тоска", увасобленая аркестрам Аляксандра Анісімава. Цяпер Тэатр оперы і балета адрамантаваны, новы кірунак пошукаў абраў Беларускі музычны тэатр, і таму цэнтр глядацкай цікавасці перамясціўся.

Але вялікая і малая залы філармоніі аказаліся надзвычай запатрабаванымі падчас канцэртаў, што ладзіліся ў лістападзе ў межах ХV з’езда Саюза беларускіх кампазітараў. Яны прадставілі шмат прэм’ер, сачыненняў менавіта апошніх гадоў, а ў рэшце рэшт – шырокую панараму айчыннай музыкі: ад сімфанічнай да харавой, ад камерна-вакальнай – да інструментальнай. Асабліва вылучаліся прэм’еры буйных твораў айчынных аўтараў, яны сведчылі (і "Апошні Інка" Сяргея Картэса, і "Кароль Лір" Сяргея Бельцюкова, і паказаная раней "Клеапатра" Вячаслава Кузняцова) пра бясспрэчную цікавасць да харэаграфічнага жанру. І запаветную мару кожнага кампазітара, каб яго партытура была ўвасоблена на акадэмічнай музычнай сцэне.

Нашы – за мяжой і "замежнікі" – у нас

Пра гастрольныя вандроўкі айчынных калектываў беларуская прэса пісала шмат. Летам 2010 года наша акадэмічная балетная трупа выступала ў Італіі, дзе прэзентавала "Спартак" і "Жызэль". У верасні ў Арабскіх Эміратах прадстаўляла балет "Рамэа і Джульета", а ў кастрычніку выправілася за акіян, дзе ў экзатычнай Мексіцы паказвала спектакль "Дон-Кіхот".

Упэўнена будуюць сваю міжнародную кар’еру самыя яркія салісты беларускай оперы. Аксана Волкава, маючы вопыт Школы маладых спевакоў пры маскоўскім Вялікім тэатры, паспела выступіць разам з яго трупай на праслаўленых сцэнах – "Ковэнт-Гардэна" ў Лондане і тэатра "Рэал" у Мадрыдзе. У оперы "Яўгеній Анегін" (знакамітая пастаноўка Дзмітрыя Чарнякова) Аксана выконвае партыю Вольгі.

Гэты ж рэжысёр працуе і над сцэнічным увасабленнем оперы "Вішнёвы сад", якая напісана сучасным французскім кампазітарам Філіпам Фенелонам паводле п’есы Чэхава. У галоўнай партыі Любові Ранеўскай выступіла салістка нашай оперы Анастасія Масквіна. Сусветная прэм’ера оперы адбылася ў межах закрыцця Года Францыі ў Расіі на сцэне Вялікага тэатра.

Сёлетняй восенню на айчыннага гледача і слухача літаральна абрынуўся вадаспад уражанняў. І адзін калектыў цікавейшы за другі! У кастрычніку – Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, спектаклі Санкт-Пецярбургскага тэатра балета пад кіраўніцтвам Барыса Эйфмана, нарэшце, "Рускія сезоны", якія прывёз у Мінск Андрыс Ліепа. У лістападзе – гастролі трупы "Кіеў мадэрн-балет", якую ўзначальвае Раду Паклітару. У снежні ў Мінску, Гомелі і Магілёве прайшоў Першы Міжнародны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае".

У апошнія гады на старонках "Мастацтва" неаднойчы гучала супольная думка самых розных музыказнаўцаў і крытыкаў (у тым ліку і аўтара гэтых радкоў) пра тое, што адсутнасць маштабных музычна-тэатральных форумаў і буйных акцый, гастроляў сусветна вядомых выканаўцаў, славутых оперных і балетных калектываў згубна адбіваецца на айчынным музычным жыцці. Бо мы можам проста "выпасці" з кантэксту агульнаеўрапейскага і нават сусветнага, калі не будзем ведаць, што робіцца ў музычным мастацтве суседніх краін. Так што друкаванае слова мае сілу! Яно моцна ўплывае на рэальнасць, на тое, што адбываецца ў нашых буйнейшых тэатрах. Хоць і не заўжды бывае пачутае адразу…

***

Успамінаеш самыя значныя і адметныя прэм’еры, паказы, канцэрты, прэзентацыі мінулага года, і высновы напрошваюцца самі. Калі і надалей культурны працэс будзе развівацца з гэткай жа інтэнсіўнасцю, дык праз некалькі гадоў Мінск зробіцца адной з сапраўдных музычных сталіц Еўропы.

Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Мастацтва. – 2010. – № 12.


На здымку: "Мефіста" Уладзіміра Кандрусевіча. Сцэна са спектакля.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: