Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Былі каралеўскія ролі (1997 г., Культура)

Былі каралеўскія ролі (1997 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

БЫЛІ КАРАЛЕЎСКІЯ РОЛІ

Тэатр музычнай камедыі працягвае добрую традыцыю па ўшанаванні сваіх вядучых салістаў. 

У гэты сезоне віншаванні ў сувязі з 25-годдзем сцэнічнай дзейнасці прымае Валянціна ПЯТЛІЦКАЯ.


Гэтую артыстку прыхільнікі тэатра ведаюць і па класічным, і па сучасным рэпертуары. Кожная артыстка, якая выступае ў ролі гераіні, мае свае адметныя творчыя рысы: у адной праяўляецца няўрымслівасць і іскрамётная весялосць, у другой – лірычнасць, а трэцяя можа спалучаць у сабе самыя процілеглыя рысы. Самыя адметныя рысы Валянціны Пятліцкай – тонкая лірычнасць і шчырая душэўнасць, а ў ролях драматычнага плану – псіхалагічная дакладнасць вобраза. Гэтым вылучаецца Валянціна Пятліцкая сярод іншых салістак, за гэта і любяць артыстку яе пастаянныя прыхільнікі.

Яшчэ будучы студэнткай Белдзяржкансерваторыі, Валянціна Пятліцкая была запрошана ў стажорскую групу тэатра, а пасля заканчэння вучобы стала яго салісткай. Спачатку былі ўводы ў рэпертуар, у асноўным – у класічныя аперэты, а потым надышла чарга першай пастаноўкі. Гэта была музычная камедыя Б. Аляксандрава "Вяселле ў Малінаўцы" ў пастаноўцы А. Барсегяна. Роля Ірынкі была першай вялікай удачай Пятліцкай. Потым была яшчэ адна ўдалая роля – Насці – ў музычнай камедыі Р. Суруса "Несцерка".

Як і ў кожнай артысткі, сярод мноства роляў заўсёды выдзяляюцца найбольш значныя, ці этапныя. Сярод іх можна назваць таксама ролю Соф'і ў музычнай камедыі "Гора ад розуму" А. Фельзера. Гэты спектакль ставіў Р. Вікцюк, таму можна ўявіць сабе ўзровень пастаноўкі і ступень патрабавальнасці да выканаўцаў. Спектакль ставіўся ў першай палове 80-х гадоў – і да гэтага часу ўсе ў тэатры узгадваюць яго з настальгіяй. У гэтыя ж гады быў пастаўлены і мюзікл В. Лебедзева "О, мілы друг" (рэжысёр – К. Каўфман), дзе Пятліцкая выканала ролю Клацільды. Акурат у гэтай пастаноўцы яна з асаблівай сілай выявіла псіхалагізм сваіх персанажаў, які быў закладзены ў драматургіі абодвух спектакляў. Якраз тут яна здолела спалучыць свой прафесіяналізм вакалісткі з выяўленнем драматургічнага боку гэтых роляў, чаму, дарэчы, у кансерваторыі не вучаць. Адсюль вынікае яшчэ адна рыса В. Пятліцкай як артысткі – пастаяннае ўдасканаленне свайго прафесіяналізму. Яна ўвесь час уласнымі намаганнямі стараецца кампенсаваць недахоп тых чыста акцёрскіх навыкаў, якіх, на жаль, кансерваторыя не дае. I гэта ёй удаецца, можа, нават у большай ступені, чым іншым салісткам тэатра.

I яшчэ практычна ніводнага артыста, нават вядучага, не мінае такая з'ява, як творчы застой, калі з розных прычын, аб'ектыўных і суб'ектыўных, артыст на працягу пэўнага часу застаецца незапатрабаваным. Не мінуў такі лёс і Валянціну Пятліцкую. Прыкладна ў сярэдзіне свайго творчага шляху на працягу 2-3 гадоў яна была ў тэатры амаль не запатрабавана. Зазвычай такую сітуацыю артысты перажываюць вельмі балюча. Перыяд сваёй творчай незапатрабаванасці Пятліцкая перажыла надзіва спакойна: дапамагала яе прыродная разважлівасць. Таму з перыяду вымушанага застою яна выйшла без маральных страт і з запасам творчай энергіі.

У перыяд, калі галоўным рэжысёрам у тэатры быў В. Цюпа, В. Пятліцкая ўдзельнічала толькі ў адным спектаклі – "Сірано" С. Пажлакова, у якім выконвала надзвычай драматычную ролю Раксаны. Як вядома, з імем гэтага рэжысёра звязаны цэлы творчы перыяд у гісторыі тэатра. I цяпер, калі з той пары прайшло не менш як дзесяць гадоў, Валянціна Пятліцкая добра бачыць неаспрэчныя рысы таленту гэтага рэжысёра. Шкада, што кампрамісу ў тэатры тады так і не адбылося і мы больш не пабачым іскрамётных і ў нечым экстравагантных спектакляў Цюпы, у якіх кожны акцёр выкладваўся на поўную сілу. А ці не гэта і ёсць самае галоўнае для артыста?

На пачатку 90-х гадоў у тэатры быў пастаўлены мюзікл А. Журбіна "Біндзюжнік і кароль" (рэжысёр М. Гусеў). Гэты цудоўны па музыцы твор, які надзвычай любіў сам Журбін, на жаль, не знайшоў на нашай сцэне свайго годнага рэжысёрскага ўвасаблення. Спектакль "выцягвалі" толькі акцёры, і сярод іх – В. Пятліцкая ў ролі Маруські. Гледачы проста ажывалі, калі яна з'яўлялася на сцэне, – прыгожая, лёгкая, нават нейкая ўзнёслая і нечакана чыстая ў ролі прадажнай дзеўкі. Артыстка падкрэслівала ў ёй не самыя заганныя, а наадварот, самыя прывабныя рысы маладой прыгажуні.

Апошнія 5-6 гадоў артыстка зноў знаходзіцца на творчым уздыме. У 1992 г. быў пастаўлены спектакль "Дзіцячы альбом" на музыку П. Чайкоўскага. Гэту выдатную пастаноўку ажыццявіў вядомы рэжысёр з Санкт-Пецярбурга А. Пятроў. В. Пятліцкая выконвала ў спектаклі ролю Маці, поўную драматызму і рамантычнай узнёсласці. У гэтым спектаклі артыстка яшчэ раз прадэманстравала свой драматычны талент. 

I без перабольшвання – каралеўская роля ў Валянціны Пятліцкай у мюзікле У. Кандрусевіча "Шклянка вады" (рэжысёр Б. Утораў). Гэты спектакль, пастаўлены ў 1994 годзе, з'яўляецца на гэты час адным з лепшых у тэатры. Артыстка выконвае ў ім ролю каралевы Анны. У гэтай ролі яна спалучыла самыя моцныя бакі сваёй творчасці – цудоўны вакал і тонкую акцёрскую ігру. Як каралева – Анна вельмі жаноцкая і трапяткая, наіўна-адкрытая і няшчасная адначасова. Пятліцкая вельмі арганічная і непасрэдная ў гэтай ролі, і нават шыкоўныя каралеўскія ўборы не могуць засланіць сваім бляскам адкрытай душы яе гераіні. Менавіта гэты спектакль і быў выбраны для ўрачыстага вечара 14 лістапада, на якім калегі і ўдзячныя гледачы віншавалі В. Пятліцкую з 25-годдзем яе сцэнічнай дзейнасці.

Але "Шклянка вады" – не апошні спектакль з удзелам В. Пятліцкай. У мінулым сезоне адбылася прэм'ера аперэты О. Штрауса "Капляюш Напалеона" ў пастаноўцы Б. Лагоды, у якой В. Пятліцкая выконвае галоўную ролю Тэрэзіны. А неўзабаве павінна з'явіцца новая пастаноўка Б. Уторава, і В. Пятліцкая таксама будзе занята ў ёй.

Акрамя таго, Валянціна Сяргееўна займаецца выкладчыцкай дзейнасцю – выкладае вакал у СШ № 170 з эстэтычным ухілам і ў Акадэміі мастацтваў, дзе на эксперыментальным курсе рыхтуюць артыстаў музкамедыі.

Пажадаем жа артыстцы далейшых творчых поспехаў – каб яе талент быў заўсёды запатрабаваны на радасць усім прыхільнікам гэтага жанру.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Культура. – 1997. – 15–21 лістап. – С. 9.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: