Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Чацкі, Сірано і іншыя (1985 г., Тэатральны Мінск)

Чацкі, Сірано і іншыя (1985 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЧАЦКІ, СІРАНО І ІНШЫЯ

I вось яшчэ адна творчая перамога – Сірано. Аб такой ролі марыць кожны артыст, да яе можна ісці доўгімі гадамі творчай працы. Сёння на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР Рыгор Харык іграе Сірано. Ён ішоў да гэтай ролі, бадай, не так і доўга – сем год, гэта значыць усе гады сваёй работы ў тэатры. Ішоў праз многія ролі – значныя і не вельмі, з надзеямі і расчараваннямі, з поспехамі і пралікамі. Апошнія былі звязаны часам з невялікімі мастацкімі якасцямі сцэнічнага матэрыялу, з адсутнасцю ўвогуле яркіх патэнцыяльных магчымасцяў ролі, з якой можна было б здабыць характар... Ён ішоў да Сірано энергічна, актыўна, з адкрытым сэрцам, з надзеяй на сустрэчу з героем, у асобе якога можна было б раскрыць выдатныя чалавечыя якасці. Смеласць, мужнасць, чалавечая годнасць, высакародства; непрыманне подласці, ілжы, забабонаў і глупства; нянавісць да паклёпнікаў; любоў да людзей, прага дапамагчы слабым, абараніць іх ад тых, у каго – сіла. Гэта – Сірано! I яшчэ – адважны і дасціпны, бедны і шчодры. Выдатны паэт. Рыцар... Сірано... Не часта ў адной асобе спалучаецца так многа яркіх душэўных якасцей. Увасобіць вобраз Сірано – складанейшая творчая задача. Яна аказалася па плячу маладому артысту, і можна павіншаваць яго.

Сам артыст гаворыць аб сваёй новай рабоце так:

– Я яшчэ ніколі ў сваім творчым жыцці так не хваляваўся, як перад пачаткам работы над роляй Сірано. У тэатры я сыграў ужо нямала самых розных герояў, але тут раптам з'явілася няўпэўненасць – ці змагу сродкамі, якія мае музычны тэатр, раскрыць такі вобраз, паказаць у ім нешта сваё, адметнае ад тых вобразаў, што стварылі С. Шакураў у спектаклі тэатра імя К.С. Станіслаўскага і Г. Тараторкін у вядомым тэлеспектаклі. Хацелася апраўдаць надзеі і працу новага галоўнага рэжысёра нашага тэатра Вячаслава Цюпы... Шматграннасць вобраза Сірано патрабуе доўгай і вельмі сур'ёзнай работы ўжо ў час сцэнічнага жыцця спектакля. Думаю, што не раней, чым на спектаклі пятнаццатым, можна меркаваць аб выніках...

Безумоўна, у працэсе жыцця спектакля вобраз галоўнага героя будзе шліфавацца, адточвацца, з'явяцца новыя нюансы. Нельга лічыць, што Рыгор Харык сказаў усё, што мог. Але тое, што сказана ўжо, – па-сапраўднаму творча прадумана, асэнсавана і перажыта...

Асэнсавана і перажыта... Так у кожнай значнай ролі, што выканаў Рыгор Харык у спектаклях тэатра. Да гэтага часу яркімі, свежымі фарбамі зіхаціць яго прафесар Генры Хігінс у мюзікле Ф. Лоў "Мая чароўная лэдзі". Работа ў гэтым спектаклі з рэжысёрам народным артыстам БССР Сямёнам Аляксандравічам Штэйнам (было гэта больш за тры гады назад) стала для маладога артыста сапраўдным творчым узрушэннем.

– Сямён Аляксандравіч ведаў мяне яшчэ тады, калі я вучыўся ў кансерваторыі. У опернай студыі я выступіў у партыі Яўгенія Анегіна, і рэжысёр сутыкнуўся са мной як з пачынаючым, напэўна, досыць, яшчэ бездапаможным артыстам. Потым была пастаноўка С. Штэйна ў тэатры музычнай камедыі – дзіцячая аперэта кампазітара Юрыя Уладзіміравіча Семянякі "Сцяпан – вялікі пан", у якой я сыграў Сцяпана. I раптам прапанова сыграць у "Маёй чароўнай лэдзі"... Сямён Аляксандравіч – рэжысёр-педагог, і я бязмерна ўдзячны яму за давер.

– Роля Хігінса, – гаворыць С. Штэйн, – вымагае сталага майстэрства і таленту. Тое, што Харык зрабіў у спектаклі "Мая чароўная лэдзі", было больш чым добра сыграная роля. Гэта быў характар. Ён дамогся спасціжэння сваеасаблівай логікі прафесара Хігінса, раскрыцця асноўнага зерня ролі... Рыгор Харык іграе свайго героя лёгка, элегантна, гарэзна. Хігінс Харыка быццам бачна сцвярджае думку Шоў, што жыццё – гэта ланцуг натхнёных неразважлівасцей. У іншым месцы Шоў скажа аб сваім героі: "Ён падобны на няўрымслівае дзіцяня", і гэтую рысу характару Хігінса Рыгор Харык перадае з такой арганікай, з такой свабодай, што ў мяне склалася адчуванне, што гэта вырашана самім артыстам, а не аўтарамі... Для мяне як для рэжысёра няма большай радасці, чым таленавітае стварэнне характару. Харык падарыў мне гэту радасць...

Рыгору Харыку шанцуе на цікавыя ролі, якія даюць яму магчымасць зрабіць чарговую спробу стварыць характар, здабыць з прапанаванага матэрыялу максімум тых рыс, якія ў ім закладзены. Так было і ў спектаклі рэжысёра Рамана Вікцюка "Гора ад розуму", музычнай камедыі А. Фельзера паводле выдатнага твора А.С. Грыбаедава, дзе Рыгор Харык выконваў ролю Чацкага.

Гаворачы аб гэтай рабоце маладога артыста, я, на жаль, ужываю дзеяслоў мінулага часу: так, спектакль "Гора ад розуму" праз год пасля прэм'еры быў зняты з рэпертуару тэатра. А шкада. Пры пэўных хібах пастаноўкі гэты спектакль заслугоўваў увагі і пасля дапрацоўкі мог бы працягваць сваё сцэнічнае жыццё.

У мюзікле "О, мілы друг" В. Лебедзева ў пастаноўцы Кюфа Каўфмана Рыгор Харык стварыў каларытны вобраз Жоржа Дзюруа. Артыст дакладна і тонка зразумеў сутнасць развіцця характару і паводзін свайго героя: Жорж Дзюруа не прыкмеціў, як стаў зверам. У гэтым ключы іграе яго Р. Харык. Дзюруа-Харык дзеля сваёй кар'еры ідзе напралом, душачы тых, хто аказваецца на яго шляху.

– Урэшце рэшт, як мне здаецца, я іграю дзеля апошніх фраз, калі Жорж Дзюруа кідае выклік самому Мапасану: "Вы пралічыліся, пан Мапасан! Вас даўно ўжо няма на свеце, а я працвітаю, скрозь і ўсюды, ва ўсе часы!" Для мяне Жорж Дзюруа – сучасны герой, і я імкнуся выкрыць яго агідную сутнасць... Актуальнасць гучання спектакляў, якія ствараюць сучасныя аўтары, абавязковая!

Удачы работ Рыгора Харыка апошніх гадоў – вынік спалучэння яго прыродных здольнасцей, набытага ўжо майстэрства, плённай працы з цікавымі рэжысёрамі, у кожнага з якіх – багаты творчы вопыт, сучасны погляд на тэатр і яго задачы. I яшчэ, безумоўна, сутыкнення з вялікай літаратурай, што ляжыць у аснове спектакляў, аб якіх ішла гаворка. Добрая літаратурная аснова надае гэтым творам асобы адбітак жыццёвай праўды, без якой немагчыма сапраўднае мастацтва.

– Літаратурная класіка справядліва займае пачэснае месца ў арсенале сучасных кампазітараў. Але музычная камедыя або мюзікл не можа проста ілюстраваць сюжэт, гэта павінна быць новая, музычная версія, і кампазітар абавязаны прадэманстраваць сённяшняе, сучаснае бачанне і прачытанне класічнага твору. У ідэале – узровень музыкі павінен быць вельмі высокім, вартым літаратуры. Гэта – у ідэале. Але... Яшчэ хачу дадаць – вельмі важны тут высокі ўзровень рэжысуры, арыгінальнасць пастаноўкі, сучаснасць мыслення рэжысёра. Наогул, што датычыць мюзікла, дык я ўпэўнены – гэта поле дзейнасці менавіта тэатра аперэты, дзе акцёры валодаюць вакалам, танцам, пластыкай руху...

Гэтыя якасці акцёраў, вядома, патрэбны і ў класічнай аперэце. На сцэне нашага тэатра Харык стварыў цэлы шэраг вобразаў, сярод якіх – Эдвін у "Сільве" I. Кальмана, Граф Даніла ў "Вясёлай удаве" Ф. Легара, Фальк у "Лятучай мышы" I. Штрауса, Карамэла ў аперэце I. Штрауса "Ноч у Венецыі". Самы любімы яго класічны герой – граф Даніла. У "Вясёлай удаве" артыст выходзіць на сцэну як на свята. Яго герой дзейсны, жывы, не лакіраваны. Артыст пастаянна імкнецца нешта дадаць у яго характар, развіваць і ўдасканальваць вобраз.

– Лічу, што інтэлект – першаступенная якасць акцёра аперэты. Вельмі важна таксама паняцце партнёрства – яно мае велізарнае значэнне. Я ўпэўнены ў неабходнасці пастаянных сцэнічных дуэтаў, на якіх павінны трымацца асноўныя сюжэтныя палажэнні і псіхалагічныя канфлікты герояў. Калі няма такіх партнёрскіх дуэтаў, спектакль можа разваліцца. Мне пашчасціла іграць у многіх спектаклях у дуэце з народнай артысткай БССР Наталляй Гайдай, і плён гэтай работы для мяне нельга пераацаніць. Абаяльнасць яе артыстычнай натуры, яе майстэрства, прафесійныя парады, яе ўменне адчуваць партнёра – усё гэта для мяне з'яўляецца добрай мастацкай школай...

Ён не мог не стаць артыстам. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута, года працы на заводзе, якая адкрывала перад маладым інжынерам выдатныя перспектывы, Рыгор Харык паступіў у Беларускую кансерваторыю, атрымаў дыплом спевака і стаў салістам музкамедыі. Гэта не так проста – крута змяніць свой лёс... Але гэта, як відаць, было наканавана яму прыродай. I вельмі добра, што ён атрымаў магчымасць выказаць сябе ў мастацтве, у музыцы, выказаць ярка, звонка, па-сапраўднаму творча і самааддана.

Алена РАКАВА.
Тэатральны Мінск. – 1985. – № 3.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: