« Назад
«Мая цудоўная лэдзі» ў Беларускім музычным тэатры
Апошняя прэм’ера музкамедыі, як заўжды, выклікала шмат розных меркаванняў. Каб усебакова ацаніць пастаноўку, мы вырашылі змясціць размову рэальных, а не ўяўных Аптыміста і Скептыка. Такім чынам, дыялог крытыкаў — Таццяны Мушнскай і Дзяніса Марціновіча.
Таццяна Мушынская: У сэнсе папулярнасці і рэпертуарнай запатрабаванасці «Мая цудоўная лэдзі» — бяспройгрышны маркетынгавы ход кіраўніцтва тэатра. Гэты мюзікл загадзя асуджаны на поспех. Па-першае, дасціпны сюжэт, у аснове якога — грэчаскі міф пра Пігмаліёна і Галатэю, перанесены ў англійскую рэчаіснасць. Па-другое, інтэлектуальны брытанскі гумар. І хоць пастаноўшчыкі новага спектакля не акцэнтуюць увагу на канкрэтнай эпосе — маўляў, толькі ХІХ стагоддзе, — аднак не! Можа быць і ХХ, і ХХІ, многія рэплікі Генры Хігінса і таты Дулітла сёння ўспрымаюцца актуальна.
Прыцягальнасці спрыяе і гісторыя кахання ў цэнтры твора. Па сутнасці «Лэдзі...» — сучасны варыянт казкі пра Папялушку. У наяўнасці саслоўная няроўнасць, «вярхі» і «нізы» грамадства. Баль, прынц. Маральная перамога простай дзяўчыны, якая дапамагла сабе сама. Вядома, не без прафесара фанетыкі.
А хіба можна застацца абыякавым да кранальнай музыкі Фрэдэрыка Лоу! Фрагменты з самага вядомага твора амерыканскага кампазітара досыць часта гучаць у канцэртах. Хітамі сталі песенькі Элізы «Я танцевать хочу!» і «Вот это было б здорово!», «Если повезет чуть-чуть...» таты Дулітла, дасціпны дуэт Хігінса і Пікерынга «Лишь только женщину впусти...». Папулярнасць мюзікла Лоу такая, што лібрэта перакладзена на 11 моў. Але адчуваю, калега, мой аптымізм вы не падзяляеце...
Дзяніс Марціновіч: Хацелася б паразважаць пра вынік, пра тое, што мы ўбачылі, а не тое, што гіпатэтычна магло атрымацца. Перад рэжысёрамі музычных спектакляў паўстае альтэрнатыва. Або пакінуць усё як ёсць, захаваць кананічнае лібрэта і музычны матэрыял, або ажыццявіць «рэвалюцыю»: перанесці дзеянне ў сучаснасць, трансфармаваць тры дзеі ў дзве. Часам выбіраецца прамежкавы варыянт: кананічны фармат пры нязначных скарачэннях. Паглядзеўшы «Лэдзі...», я не зразумеў, што абрала рэжысёр Ганна Маторная. З аднаго боку, музычная і драматургічная першаасновы нібыта захаваныя. З другога — дадаліся асобныя фрагменты з Даніцэці, Керна...
Таццяна Мушынская: Ёсць і этнічная музыка. Танцы, шатландскія і ірландскія, толькі ўпрыгожылі пастаноўку! Яны жыццярадасныя, у іх шмат пазітыву. Гэта ўвасабленне народнай стыхіі, у якой існуюць Эліза, яе сяброўкі-кветачніцы, Альфрэд Дулітл і ягоная каманда. Харэаграфічныя фрагменты ўдакладняюць біяграфіі герояў, падказваюць, што яны паходзяць з Шатландыі або Ірландыі, з якімі ў Англіі заўсёды былі канфліктныя стасункі. Героі перабраліся ў Лондан і прывезлі з сабой свае звычаі, культуру. Тэма Шатландыі візуалізуецца і ў касцюмах Любові Сідзельнікавай. Кантраст Лондана арыстакратычнага і Лондана жабрацкага прасочваецца ў сцэнаграфіі (мастак Андрэй Меранкоў). Калі першы ўвасабляецца выявамі Біг-Бэна і Вестмінстэрскага абацтва, дык другі — старым чырвоным аўтобусам і бочкамі, ля якіх грэюцца жабракі.
Дзяніс Марціновіч: Цалкам згодны. Харэаграфія Аксаны Кімкетавай выглядала ці не самым моцным складнікам і ў папярэдняй працы Маторнай, аперэце «Цыганскі барон». Але цяпер рэжысёр дадала да мюзікла шмат фрагментаў і нічога не скараціла. У выніку спектакль мае працягласць 3 гадзіны 20 хвілін.
Таццяна Мушынская: На аснове неверагодна папулярнага брадвейскага мюзікла «Мая цудоўная лэдзі» рэжысёр Джордж К’юкор у свой час зняў двухсерыйны фільм з Одры Хепбёрн у галоўнай ролі, які доўжыцца 170 хвілін. Тую карціну можна глядзець тры разы, пяць. Нездарма стужка атрымала восем «Оскараў» — лепшымі былі фільм, рэжысёр, акцёр, мастак, аператар, кампазітар, касцюмы і гук.
Дзяніс Марціновіч: На прэм’еры нашага мюзікла склалася ўражанне, што ён пакуль рыхлы. У нечым грувасткі. Спектакль, у якім усё зразумела за трыццаць хвілін да таго, як апусціцца заслона. Чамусьці рэжысёрам здаецца: чым больш працяглай будзе пастаноўка, тым больш яны паспеюць сказаць.
Таццяна Мушынская: Мо шкада «рэзаць» дасціпныя дыялогі або фрагменты такой рамантычнай музыкі?
Дзяніс Марціновіч: Пасля прэм’еры са спектакля цалкам прыбралі ролю Упраўляючага і сцэну ў доме місіс Хігінс, скарацілі эпізоды, звязаныя з Гайд-паркам, і некалькі выхадаў жабракоў. У выніку твор стаў на паўгадзіны карацей. На маёй памяці гэта першы прыклад, каб пастаноўку так змянялі пасля першага паказу.
Таццяна Мушынская: Значыць, самі ўбачылі, што лішняе. Тэатр — гэта ж справа жывая!
Дзяніс Марціновіч: А чаму б не зрабіць карэкціроўкі да прэм’еры?
Таццяна Мушынская: Не будзьце занудам! На прэс-канферэнцыі рэжысёр прызналася, што часу на падрыхтоўку спектакля аказалася вельмі мала. Усяго два месяцы...
Дзяніс Марціновіч: Але падобная сітуацыя ўзнікала і перад прэм’ерай оперы «Паяцы». Калі гэта паўтараецца, ёсць нагода задумацца: у чым справа? У тэхнічных службах, у артыстах, у пастановачнай камандзе?..
Таццяна Мушынская: Часам у фінансаванні, якое прыходзіць з вялікім спазненнем. Давайце ўсё-такі пагаворым пра плюсы і шматлікія здабыткі. У новай пастаноўцы багата яркіх і ўдалых акцёрскіх работ. Вельмі натуральна выглядае Лідзія Кузьміцкая ў партыі маці Хігінса. Каларытная Кацярына Дзегцярова ў абліччы місіс Пірс, вышкаленай эканомкі ў доме прафесара. Яна — увасабленне правільнасці, рытуалу, манер. Раней бачыла Дзегцярову ў каскадных, эфектных ролях — і ніколі б не падумала, што яна можа быць і такой. Вядомых салістаў пазнаеш нават у невялікіх ролях. Да прыкладу, Арцёма Хамічонка (канстэбль Джэнкін) або Дзяніса Нямцова (Гровер, прыяцель Дулітла). З мноства асобных фарбаў складаецца фон, атмасфера відовішча. Тая плынь, у якой буйным планам паказаны галоўныя героі.
Дзяніс Марціновіч: Лічу прынцыпова правільным рашэнне кіраўніцтва тэатра і рэжысёра даручыць партыі Элізы і Хігінса маладым выканаўцам. Таму, што пачуцці маладых людзей непараўнальна цікавей гледачу наогул (і сучаснаму тым больш), і таму, што прафесару не абавязкова мусіць быць 40 або 50 гадоў. Таленавітыя навукоўцы рана здабываюць прызнанне.
Таццяна Мушынская: Асабіста для мяне Эдуард Вайніловіч — адно з адкрыццяў пастаноўкі. Ён надзвычай пераканаўчы і арганічны ў ролі прафесара. Арыстакрат, скептык і эгаіст. Уражанне, быццам гэты Хігінс сапраўды вырас у Лондане, у заможнай сям’і — такія ў яго манеры, паводзіны, погляд на свет.
Аляксандра Рымкевіч — наша новая Эліза. Магчыма, ёй яшчэ больш складана існаваць на сцэне, чым Вайніловічу. Фанаты мюзікла добра памятаюць чароўную Одры, мінскія меламаны не забыліся, як гэтую ролю выконвала Наталля Гайда. Памятаюць яе срэбны голас — у вакальных і размоўных фрагментах.
Рашучасці і смеласці Аляксандры можна шмат у чым і пазайздросціць. Яна літаральна некалькі сезонаў працуе ў тэатры. Маладая артыстка трымаецца на сцэне свабодна. Адзінае, на маю думку, — крыху «пераціскае» ў пачатковых сцэнах. Там яе кветачніца занадта гандлярка і занадта крыклівая. У дадатак — страшна апранутая. Артыстка нібы саромеецца ўласнай абаяльнасці. Затое ў танцы з сяброўкамі відавочна, што яе Эліза па характары лідар і завадатар. Паступова наноснае, неабавязковае, абумоўленае асяроддзем, а не прыродай, пачынае адвальвацца, як кавалкі бруду (альбо мармуру), вызваляючы сапраўдны характар — вытанчаны, інтэлігентны, трапяткі. Паказваючы асобу, здатную вучыцца і мяняцца. Знакамітая арыя «Я танцевать хочу!» вырашана сцэнай сну-мары Элізы. Дасціпна і вынаходліва пастаўлены эпізоды навучання.
Дзяніс Марціновіч: Можна з’едлівую заўвагу? Эпізод вучобы, там, дзе «Карл у Клары украл кораллы», разгортваецца ў Гайд-парку. Якім чынам побач з арыстакратамі раптам апынуліся жабракі? Хто б іх туды прапусціў?
Таццяна Мушынская: Але ж існуе тэатральная ўмоўнасць! У фільме рэжысёр можа засяродзіцца на буйных планах, выразах твараў. А на сцэнічнай пляцоўцы павінен быць рух, змена мізансцэн.
Дзяніс Марціновіч: А навошта сцэна на балі з каралевай Трансільваніі? Для чаго патрэбен гэты ўстаўны эпізод?
Таццяна Мушынская: Захапленне каралевы — гэта факт прызнання Элізы. Рэжысёр тонка вырашае карціну, калі паміж героямі сапраўды пралятае іскра пачуццяў. Хігінс перастае ўспрымаць Элізу як прадмет навуковага эксперымента, доследны аб’ект, а бачыць у ёй прыгожую (і заўважце — роўную яму) дзяўчыну, за якую перажывае.
Дзяніс Марціновіч: Мне здаецца, новая версія «Лэдзі...» у нечым мітуслівая, дарэшты яшчэ не вывераная...
Таццяна Мушынская: Але ў ёй багата пазітыўнай энергіі, радасці і гумару. Спектакль прымушае думаць, што можна пераадолець сцэнар, закладзены пры нараджэнні. Менавіта прыналежнасць да культуры забяспечвае магчымасць узняцца на больш высокую прыступку сацыяльнай лесвіцы і ўбачыць іншыя далягляды. Ён і пра тое, што не толькі Пігмаліён вылепіў Галатэю, але і Галатэя істотна паўплывала на характар і сістэму каштоўнасцей свайго скульптара. Нарэшце — пра шчасце, якое шмат у чым залежыць ад самога чалавека.
Мастацтва. - 2015. - чэрв.
|