Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Даратэя" і вакол яе (2000 г., Літаратура і мастацтва)

"Даратэя" і вакол яе (2000 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ДАРАТЭЯ" І ВАКОЛ ЯЕ

23 ліпеня паказам камічнай оперы Ц. Хрэннікава "Даратэя" Беларускі дзяржаўны музычны тэатр урачыста развітаўся з мінскай публікай да восені. Спектакль прайшоў "на ўра", замацаваўшы за сабой славу адной з лепшых прэм'ер сёлетняга сталічнага канцэртна-тэатральнага сезона.

Як жа хацелася яшчэ ўвесну, паглядзеўшы-паслухаўшы прэм'еру, хутчэй дабрацца да чыстага аркуша і распавесці пра ўсё дасціпнае, эпатажнае, "прыкольнае", што вымушала публіку заходзіцца смехам, збянтэжана шаптацца, адбіваць далоні!

Нарэшце, пяро ў руцэ: можна пачынаць. Пачынаю…

Але мінае гадзіна, другая – і пачынаю наноў. I зноў не атрымліваецца. У галаве круціцца легкадумны вясёленькі рэфрэн: "Трам-пам, табадабадам…" I яшчэ – першыя словы з тых папулярных куплетаў: у тэатры, маўляў, рознае мажліва… Раптам чамусьці згадваецца Купалава:

Праўду з няпраўдай, Цноту з гарэзіяй Вымешай спрытам, – Будзе паэзія.

I хочацца зусім не ў рыфму паправіць радок, прыплюсаваўшы да "паэзіі" "камедыю", а лепей – "музычную камедыю". А вось чаго зусім не хочацца, дык гэта рэцэнзаваць спектакль, які нагадвае незвычайную лірыка-рамантычна-жартоўную песню, доўгую, але не занудную, – дзе ўдала сышліся музыка, тэкст, выкананне, акцёрская імправізацыя і глядацкае ўспрыманне. Песню гэтую пад назвай "Даратэя" трэба проста слухаць і глядзець. Бо ёсць што. Барані Божа "разбіраць" яе, прапускаць праз крытычную экзекуцыю, надаўшы ўласнай фізіяноміі сур'ёзны задуменна-заклапочаны выраз.

Тэатр меў рацыю, калі, сцвярджаючы свой новы статус – Дзяржаўнага музычнага – звярнуўся да камічнай оперы, якую наўрад ці ўзяў бы ў рэпертуар калектыў акадэмічны. (Дарэчы, падобны жанравы прэцэдэнт ужо быў: згадайма пастаноўку "Viva la Mamma!" Г. Даніцэці на гэтай жа сцэне – колішняга тэатра музычнай камедыі). Недачакаўшыся ад айчынных творцаў чаго-небудзь новенькага ды арыгінальнага (чаму беларускія кампазітары рэдка пішуць у гэтым жанры – пытанне для асобнай размовы), трыо Еўтэрпы, Мельпамены і Тэрпсіхоры знайшло для сябе "старую песню пра галоўнае" сярод падзабытых партытур аднаго са старэйшых савецкіх класікаў.

Дэмакратычная, прасякнутая непрэтэнцыёзнымі запамінальнымі інтанацыямі меладыйная мова Ц. Хрэннікава; нязмушаная, свавольная, пластычная, з невытлумачальным шармам аперэтачнай дураслівасці рэжысура Б. Лагоды; знарочыстая ўмоўнасць сцэнаграфіі Я. Ждана і ўмоўная карнавальнасць касцюмаў, прыдуманых I. Шыцікавай; яскравае адчуванне танцавальнай стыхіі ў працы балетмайстра-пастаноўшчыка Н. Дзячэнкі; арганічнае існаванне выканаўцаў у т. зв. размоўных зонах і ў музычных нумарах (дырыжор А. Сасноўскі, хормайстар С. Пятрова)… Усё гэта спрыяла таму, каб самы строгі крытык паглядзеў на "Даратэю" свежым, зычлівым і гарэзлівым вокам, не параўноўваючы пабачанае з гістарычнай першакрыніцай.

Дарэчы, я не раю сябрам тэатра засяроджвацца на пошуку адпаведнасцяў ці несупадзенняў у сённяшняй мінскай "Даратэі" і яе літаратурна-сцэнічных вытоках: можна заблытацца!

Бо давядзецца перадусім успомніць Р.Б. Шэрыдана, англійскага драматурга, які ў 24-гадовым узросце напісаў лірычную музычную камедыю "Дуэнья" (1775 г.). Адпаведна жанру баладнай оперы (упершыню вызначаным у "Оперы жабракоў" Гэя – Пепуша), яе куплеты выконваліся на вядомыя тагачасныя мелодыі."Дуэнья" ставілася з музыкай Т. Лінлі, сучасніка Шэрыдана, і песенькі з тых спектакляў мелі выключную папулярнасць.

Потым давядзецца ўспомніць С. Пракоф'ева, чый талент кампазітара і лібрэтыста даў новую маладосць даўняму сюжэту. Як ні дзіўна, першыя пераклады і пастаноўкі гэтай п'есы "англійскага Бамаршэ" (у адрозненне ад распаўсюджанай яшчэ пры жыцці Шэрыдана "Школы зласлоўя") у Расіі з'явіліся толькі на пачатку 40-х гадоў XX стагоддзя. Маскоўскі камерны тэатр, напрыклад, выкарыстоўваў у спектаклі "Дуэнья" арыгінальную музыку першакрыніцы, але не ўнікнуў моднага тады камікавання з нагоды знешніх недарэчнасцяў, карыкатурнага аблічча сквапнага сеньёра Мендозы і састарэлай "нявесты" – хітрай увішнай нянькі. Пракоф’еў жа, на думку даследчыкаў, трактаваў Шэрыдана з шэкспіраўскай шырынёй і гуманістычнасцю, выявіўшы лірызм і прыгажосць у эмоцыях персанажаў, замяніўшы сацыяльную сатыру дасціпнасцю і шчодрым гумарам, выкарыстаў з 27 вершаваных тэкстаў толькі 6, дадаў яркага мызычна-драматычнага абагульнення. Вядома, што кампазітар стварыў лібрэта паводле арыгінала, папрацаваўшы як перакладчык. У выніку на пачатку 40-х з'явіўся ўзор сучаснай камічнай оперы – "Заручыны ў манастыры". (Пастаноўка на сцэне Акадэмічнага тэатра оперы і балета Беларусі адбылася ў 1962 годзе.)

"Даратэя" Ц. Хрэннікава – твор 1983 года. Лібрэта Я. Халецкага, напісанае паводле ўсё той жа "Дуэньі", дазваляла досыць адвольнае абыходжанне з класічнай асновай: у тэатры ж рознае мажліва… Вось і нарадзілася ўласцівая творчасці Хрэннікава т. зв. песенна-нумарная опера, з яе каскадам рамантычных вакальных жанраў у характарыстыках дзвюх закаханых пар, парадыйна-шлягерных эпізодаў, звязаных з чыста камедыйнымі персанажамі, сітуацыямі.

Зрэшты, грань паміж лічрычным, камедыйным, парадыйным тут досыць умоўная, што паспяхова скарыстаў і наш тэатр, у якім, паўтаруся, "рознае мажліва". Прынамсі, лібрэта Я. Халецкага пададзена ў літаратурна-сцэнічнай рэдакцыі І. Шыцікавай: пра гэта сведчыць праграмка спектакля, у якой чамусьці ўжо не знайшлося месца для спасылкі на першакрыніцу – Шэрыданаву "Дуэнью". (Злы лёс на тым не спыніўся: з адной газетнай рэцэнзіі "выпала" прозвішча кампазітара і "Даратэя" зрабілася операй Б. Лагоды!)

Ды ўрэшце – прапаную педантычным тэатра-меламанам не марнаваць час на пошукі перакладаў легендарнай "Дуэньі", пракоф'еўскага лібрэта ці на аднаўленне ў памяці фабулы аднайменнага фільма. Варта прыйсці ў тэатр і даверыцца атмасферы спектакля, які абавязвае нас, адпаведна вядомаму правілу, "судзіць мастака паводле законаў, ім жа самім устаноўленых". Вы й не заўважыце, як апынецеся ў палоне вясёлай немудрагелістай qui pro quo, дзе рэй вядзе зусім і не старая, спрытная, кемлівая, вострая на язык і ўчэпістая, нават прыцягальная ў сваёй "адмоўнай абаяльнасці" дуэнья Даратэя (І. Заянчкоўская). Вакол яе круціцца карнавальны свет непаразумеласцяў, сентыментальных пачуццяў, зямных жыццёвых слабасцяў, рамантычных памкненняў, цвярозых іранічных высноў і наіўных учынкаў. А ў гэтым свеце – самавіты "бацька сямейства" Джэрома, гняўлівы і мяккасардэчны таўстун з дубальтоўкай (А. Касцецкі). I яго ўзнёслая і зямная, жвавая пястушка-дачка (I. Цярэнцева). I закаханы ў яе, Інесу, летуценнік Антоніё (Д. Якубовіч). I ганарлівая прыгажуня Леанора (I. Шыцікава) з раўніўцам Фернанда (А. Заянчкоўскі). I дзівакаваты дзядуля, гэткі прагавіты селадон Мендоса (В. Бэжэнаў) са сваім куды больш дзівакаватым спадарожнікам, нафарбаваным і какетлівым, але зусім ужо абыякавым да персон супрацьлеглага полу, донам Карласам (В. Сердзюкоў). I "салодкая парачка" манахаў (А. Ранцанц, I. Скорабагатава). I ўвішныя слугі, і паслужлівыя кабальера, і гарэзлівыя насельнікі мужчынскага ды жаночага манастыроў…

Што ж, у тэатры рознае мажліва, у тым ліку й прысутнасць на спектаклі чалавека, цалкам пазбаўленага пачуцця гумару. Прыйдзе вось такі, "з сур'ёзнымі намерамі", глядзець камічную оперу дый задумаецца не жартам: а як жа, маўляў, можна паказваць, што манахі п'юць, скачуць і нават… заляцаюцца? А як жа можна ўчыняць на сцэне мыццё салідных паноў у бочках з парай, венічкамі ды пекнымі лазеншчыцамі"? А ці не двухсэнсоўная сітуацыя, калі ў сцэне з удзелам двух ці трох мужчын прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва падаюцца проста лішнімі? А ці не ўзаконьваецца публічнае п'янства праз частаванне публікі ў партэры сапраўднай "беленькай"? (Так, гарэліцу адкаркоўваюць, разліваюць, разносяць персанажы спектакля: прыёмчык, шчыра кажучы, пазамастацкі, нядорага каштуе, але ён вынікае з мізансцэны – "шлюбнай здзелкі" шчаслівага татулькі з будучым зяцем, і далучацца да іх застолля тэатр не прымушае, усяго толькі хлебасольна прапануе).

Не варта спрачацца са скептыкамі, спасылаючыся на яшчэ сярэднявечныя традыцыі антыклерыкальнай сатыры, напрыклад, ці на іншы даўні, багаты і неадназначны досвед вялікай літаратуры і сусветнага тэатра. Чаго ў ім толькі не было! I колькі рознага мажліва…

С. БЕРАСЦЕНЬ. 
Літаратура і мастацтва. – 2000. – 28 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: