Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Дарыць людзям радасць (1999 г., Настаўніцкая газета)

Дарыць людзям радасць (1999 г., Настаўніцкая газета)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ДАРЫЦЬ ЛЮДЗЯМ РАДАСЦЬ

Кожны раз, калі бываю дома ў заслужанай артысткі Расіі Ніны Антонаўны Равінскай, здзіўляюся колькасці фотаздымкаў створаных ёй вобразаў за доўгія гады служэння аперэце. Вось і сёння мы разглядвалі здымкі яе любімых гераінь Сільвы і Марыцы ў аднайменных аперэтах І. Кальмана, Віялеты ў "Фіялцы Манмартра", Мары ў "Прадаўцы птушак", Тэадоры ў "Прынцэсе цырка", Ганны Главары ў "Вясёлай удаве", Шуры Азаравай у "Блакітным гусары". Упершыню я ўбачыла яе на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі ў ролі чароўнай Ілоны ў п 'есе "Чацвёрты пазванок". Пазней запомнілася хітрая, авантурная Анжэла ў "Пацалунку Чаніты", верная жонка і любячая маці Соф'я ў "Вяселлі ў Малінаўцы", неспакойная Альжбета ў "Паўлінцы", простая, жыццярадасная Мальвіна ў "Несцерцы", іранічная Дона Люцыя…

А колькі энергіі, запалу было ў яе Марфе ("Бабскі бунт"), Фенісе ("Хітрамудрая закаханая"), міс Пецінгтон ("Мая жонка ілгуння"), атаманцы ("Трубадур і яго сябры")!

Дзіўныя яны, гэтыя і іншыя жанчыны з класічнага і сучаснага рэпертуару, якім актрыса дала не толькі сцэнічнае жыццё, але і кожнай сваёй роляй падарыла і дорыць гледачам свята святла, дабра і прыгажосці.

Аднак наша гутарка з Н. Равінскай распачалася з размовы не толькі пра мастацтва, але і пра дзень сённяшні, пра час, у якім усе мы жывём.

– Ніна Антонаўна, дзякуй за тое, што Вы знайшлі магчымасць даць інтэрв'ю для чытачоў "Настаўніцкай газеты". Цікава, а чым, на Ваш погляд, падобныя дзве цудоўныя прафесіі – акцёра і настаўніка?


– Ведаеце, нездарма кажуць, што ўсё пачынаецца з дзяцінства. Вось і для мяне, колькі сябе памятаю, слова "настаўнік" было самым загадкавым, захапляючым і паважаным. I гэта не фраза. Да сённяшняга дня памятаю, з якім захапленнем і заміраннем сэрца назірала я за працай бацькі – Антона Якаўлевіча, настаўніка і дырэктара пачатковай школы ў вёсцы Карзюкі. Так, гэта там, дзе сёння размешчаны мікрараён Чыжоўка, і заўсёды, калі бываю ў гэтых мясцінах у памяці паўстаюць дарагія сэрцу твары, імёны і наша школа.

Ніколі не забуду, з якім азартам у той перыяд я гуляла ў "школу" і цвёрда заяўляла ўсім родным, што вырасту і абавязкова, як і бацька, стану настаўніцай. I хаця мне давялося здрадзіць сваёй мары, я ўсё роўна пераканана, што нашы прафесіі падобны не толькі тым, што павінны "сеяць разумнае, добрае, вечнае", але і пастаянна несці ў сэрцы вялікі зарад любові да дзяцей, свайго гледача, каб уплываць на душу вучня і чалавека.

– Відаць, сёння, калі мы жывём у даволі распаленай атмасферы, і людзі на вуліцах сталі раздражнёныя, рабіць гэта становіцца ўсё складаней. Як Вы ацэньваеце тое, што адбываецца?

– Што да твараў на вуліцах… Безумоўна, яны выклікаюць невясёлыя пачуцці, паколькі злосць ніколі нічога пазітыўнага не стварала. Разумею, што падстаў на гэта ў людзей шмат. Але самая вялікая бяда ў тым, што нашы патрэбнасці на сённяшні дзень моцна апярэджваюць нашы здольнасці. I ўсё гэта таму, што мы ў адно імгненне страцілі веру, з якой жылі шмат гадоў. Страцілі аснову. А ўзамен нічога не набылі. Так, многія з нас доўга верылі ў светлае будучае – камунізм, Я таксама ў яго верыла, шмат часу аддавала грамадскай дзейнасці, а неяк даўно выбіралася нават дэпутатам. Верыў у яго і мой бацька, якога па несправядлівым даносе расстралялі ў крывавым 1938 годзе, і я толькі пасля яго рэабілітацыі прачытала яго справу.

Магчыма, з верай у камунізм ішлі на пакаранне смерцю мая сястра – падпольшчыца Леля Равінская і яе муж – Герой Савецкага Саюза Ісай Паўлавіч Казінец і многія мільёны іншых людзей.

Ведаеце, я часта думаю, што сама ідэя камунізму, па сутнасці, цудоўная. I яна не новая. Гэта ідэя ў многім сугучна старажытным хрысціянскім запаведзям пра дабро і міласэрнасць. Але ў што мы яе ператварылі, колькі лютасці было ў імя гэтай ідэі! I ў рэшце рэшт самі страцілі веру ў камунізм. Сёння мы ні ў што не верым, таму нам так цяжка.

– Але вера ўсё-такі ёсць у людзях. Многія зноў звярнуліся да рэлігіі…

– Сама філасофія Хрыста, яго несупраціўлення злу мне вельмі блізкія Але зноў-такі, колькі пад яе эгідай стваралася несправядлівага!

Адзінае, у што мне хочацца сёння верыць, – гэта ў самога чалавека, у яго бязмежныя здольнасці, у яго дабрыню і любоў. А ці часта мы сёння пра гэта задумваемся? Мы пастаянна слухаем пра цяжкае становішча ў эканоміцы, пра хітраспляценні ў палітыцы. Гэтыя тэмы кожны дзень пранікаюць у нас, адклікаючыся ў сэрцах ужо звыклым болем і трывогай. Але скажыце, ці шмат за ўвесь гэты час мы думаем пра любоў? А менавіта гэта трымала і будзе трымаць чалавека ва ўсе часы. Адзінае, што ніколі не здрадзіць.

– Значыць, усё-такі любоў нас рэдка наведвае, а можа, яе ўвогуле няма?

– Не, я так не думаю. Яна ёсць. Проста яна зноў залежыць ад самога чалавека.

Перада мной усё жыццё было шмат прыкладаў сапраўднай любові, і перш за ўсё, гэта мае бацькі. Прайшло шмат гадоў, а я сёння выразна бачу іх дарагія твары ў акружэнні нас – васьмі дзяцей, калі часта вечарамі, пакуль яшчэ не запальвалі святло, мы збіраліся разам, чыталі вершы і спявалі хорам народныя беларускія песні. Памятаю, колькі любові было тады ў вачах бацькі і маці.

Часта ў такіх пасядзелках прымаў удзел і мой дзядзя – М.Я. Равінскі, які стаў пазней кампазітарам і напісаў вядомы твор "Магутны Божа". I цяпер, азіраючыся назад, магу сказаць, што любоў – пачуццё складанае і незвычайнае. Настолькі, што многім яно здаецца нават незямным. Але разам з тым гэта самае галоўнае на зямлі пачуццё, пачуццё кожнага дня, часам някідкае, незямное.

– Напэўна, любоў да жыцця, людзей дапамагала і дапамагае Вам ствараць цэлую галерэю самых розных роляў?

– Несумненна. Сутнасць нашай прафесіі – расказаць людзям пра людзей. I я шчаслівая, што, ствараючы сваіх гераінь, а іх было больш як дзвесце, самых розных па характары, я імкнулася надзяліць іх абаяльнасцю, нязмушанай раскаванасцю, сагрэтай шчырасцю пачуццяў і ўсхваляванасцю. А для таго, каб глядач паверыў у створаны табой вобраз, даводзілася дасягаць такога ўмення, такой ступені шчырасці, пры якой адыходзілі ўбок пераадоленыя цяжкасці і затрачаныя намаганні. Думаю, і настаўніку даводзіцца рабіць амаль тое ж самае, каб яго вучні лепш зразумелі і палюбілі яго прадмет.

– Як вядома, яшчэ ў XIII стагоддзі аперэтай называлі невялікую оперу. А як самастойны жанр яна ўзнікла ў Францыі ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Тэрмін, натуральна, не малы. Праўда, і да сённяшняга часу вядуцца дыскусіі і не спыняюцца спрэчкі пра тое, што ж такое аперэта – жанр ці від мастацтва? Цікава пачуць Вашу думку на гэты конт.

– Заўсёды лічыла, што такога жанру няма. Ёсць від мастацтва. Вельмі цяжкі, таму што ў ім спалучаецца ўсё, чым можа валодаць акцёр: слова, спевы, пластыка, танец.

Думаю, што сапраўднае мастацтва як у класічных аперэтах, так і ў музычнай камедыі, мюзікле не можа састарэць. Яно захоўвае сілу свайго ўздзеяння ў розныя эпохі, на людзей розных пакаленняў. I доказ таму – аншлагі на ўсіх нашых спектаклях.

– Былі, ёсць і будуць сапраўдныя паклоннікі Вашага мастацтва. За што ж яны любяць аперэту?

– Думаю, перш за ўсё за музыку І. Штрауса, І. Кальмана, Ф. Легара, бо не паддацца яе гіпнозу немагчыма. Любяць і за тое, што могуць акунуцца ў добры, радасны свет кахання і даверу, вырвацца з жыццёвай паўсядзённасці і сцвердзіцца ў перамозе дабра і прыгажосці.

– Нярэдка тэатр уваходзіць у жыццё чалавека раптоўна: свет, невядомы раней, адкрываецца адразу. А ў гучанні слова "актрыса" ёсць нешта чароўнае, прыгожае. Вось Вы ў дзяцінстве марылі стаць настаўніцай, а як, калі Вы адкрылі для сябе тэатр?

– Так, ад дзіцячай мары адысці было не проста, але я вельмі рана пачала займацца ў драматычным гуртку, а тут яшчэ з'явіўся нядрэнны голас. Вось тады мне зноў давялося фантазіраваць, што я ўжо буду не настаўніцай, а актрысай. Вайна закінула мяне далёка ад роднага Мінска. Апынуўшыся ў Самаркандзе, я там пачала выконваць невялікія ролі ў драматычным тэатры. Але гэта былі толькі першыя крокі. Мяне пацягнула за сабой жыццярадаснае мастацтва аперэты, якое стала адзінай марай.

Пасля заканчэння Яраслаўскага музычнага вучылішча на "выдатна" за адзін год замест чатырох гадоў навучання мяне праслухалі і запрасілі працаваць у адзін з лепшых тэатраў музкамедыі – Свярдлоўскі. Потым праца ў Хабараўскім, Валгаградскім тэатрах. Нельга забыць і гады вучобы ў вядомым інстытуце імя Гнесіных, дзе маімі педагогамі былі такія майстры, як Н. Шпілер, М. Максакава, А. Маскаленка, В. Першына, Г. Мальцава, якія настойліва і захоплена вучылі мяне ўсёй складанай азбуцы вакальнага майстэрства.

I, урэшце, збылася мая даўняя мара – працаваць у родным Мінску. Вось ужо больш як чвэрць стагоддзя аддадзена тэатру музкамедыі, дзе я знайшла сваіх гледачоў і заўсёды рада сустрэчам з імі.

– Якая Вы дома, у жыцці, тое, чаго не могуць ведаць гледачы?

– Пра сябе расказваць цяжка. У жыцці я розная, як, напэўна, многія людзі. Ёсць свае радасці, клопаты, беды, захапленні. Вось раней я любіла падарожнічаць і пабывала ў многіх краінах, а сёння па фінансавых прычынах гэта рабіць стала складана. Але ведаеце, імкнуся не засмучацца, пастаянна стараюся жыць у згодзе з самой сабой.

Калі бывае цяжка, узгадваю вершы М. Забалоцкага: "Не позволяй душе лениться! Чтоб воду в ступе не толочь, душа обязана трудиться и день и ночь, и день и ночь".

Чытаеш гэтыя цудоўныя радкі і ўсё становіцца па плячы: праца на садовым участку, заняткі фатаграфіяй, элементарная хатняя праца.

Ведаеце, само жыццё пры ўсёй маёй любові да тэатра, сцэны ўсё ж багацейшае, асабліва ў наш няпросты час. Любоў да жыцця, да людзей, да сваіх блізкіх дапамагае мне лепш разумець сваіх гераінь, не заставацца абыякавай да ўсіх праяў жыцця.

– Дзякуй, Ніна Антонаўна, за гутарку.

– А я ў сваю чаргу хачу часцей бачыць у нашым тэатры вашых чытачоў і настаўнікаў нашай краіны. Хачу, каб у жыцці было больш радасных хвілін, а побач з імі заўсёды былі па-сапраўднаму добрыя сябры і таленавітыя вучні, каб іх было ўсё больш і больш. Сёння гэта асабліва неабходна. Бо толькі на добрых людзях трымаецца свет.

Гутарку вяла
Лідзія БЕСПРАЗВАННАЯ.
Настаўніцкая газета. – 1999. – 25 лют. – С. 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: