Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Дэбютуе "Мінск-балет" (1994 г., Мастацтва)

Дэбютуе "Мінск-балет" (1994 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДЭБЮТУЕ "МІНСК-БАЛЕТ"

Першай прэм'ерай гэтага сезона ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі была не аперэта, не мюзікл, а чыста балетны сьпектакль. Гэта можа здацца крыху дзіўным, але для тых, хто ўважліва сочыць за тэатральным жыцьцём, яшчэ ў мінулым сезоне стала зразумела, што гэты тэатр не замыкаецца ў рамках свайго жанру, а паступова пашырае творчы дыяпазон. Вядома, што Тэатр музкамедыі пасьпяхова ажыцьцяўляе пастаноўкі дзіцячых музычных сьпектакляў. А на пачатку гэтага сезона на афішы прэм'ернага сьпектакля тэатра зьявілася назва "Мінск-балет". Гэта значыць, што балетная трупа тэатра, якую ўзначальвае заслужаная артыстка Расіі Ніна Дзьячэнка, цяпер зьяўляецца даволі дзейсным творчым арганізмам, здольным ажыцьцяўляць самастойныя пастаноўкі.

Як вядома, у тэатры музычнай камедыі балет звычайна адыгрывае другарадную ролю, ён зьяўляецца як бы фонам да асноўнага сцэнічнага дзеяньня. I танцоўшчыкі, якія маюць адпаведную харэаграфічную падрыхтоўку, без пастаяннай напружанай работы паступова страчваюць многія прафесійныя якасьці. Каб гэтага не здарылася з тымі маладымі артыстамі, якія ў апошнія два гады папоўнілі трупу і зараз складаюць яе большасьць, балетмайстар Ніна Дзьячэнка вырашыла ставіць з імі самастойныя балетныя сьпектаклі. Тым больш, што многіх маладых танцоўшчыкаў Ніна Мікалаеўна ведала яшчэ ў харэаграфічным вучылішчы, дзе выкладала. Такім чынам, у мінулым сезоне былі падрыхтаваны два аднаактовыя балеты: "Штраусіяна" і "Іспанскі дывертысьмент". Для пастаноўкі "Штраусіяны" запрасілі балетмайстра з Масквы Натальлю Васкрасенскую, якая ў свой час танцавала ў гэтым сьпектаклі на сцэне Музычнага тэатра імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі. У Мінску яна ажыцьцявіла перанос гэтай пастаноўкі. А "Іспанскі дывертысьмент" ставіла сама Ніна Дзьячэнка. За аснову гэтай пастаноўкі быў узяты двухактовы балет "Іспанскія мініяцюры", у якім яна сама танцавала на сцэне Пермскага тэатра оперы і балета і які паставіў славуты балетмайстар В. Херарда.

Адразу ж пасьля самой прэм'еры Ніна Дзьячэнка ўзялася за ажыцьцяўленьне новай маштабнай пастаноўкі. На гэты раз ёй вельмі хацелася паставіць "Шэхеразаду" М. Рымскага-Корсакава. Гэты балет Н. Дзьячэнка марыла ў свой час станцаваць сама, але яе мара так і не спраўдзілася. I цяпер, калі ў трупе зьявілася выдатная танцоўшчыца Тацьцяна Ерахавец, Ніна Мікалаеўна адразу зразумела, што лепшай выканаўцы галоўнай жаночай партыі проста не можа быць. Для пастаноўкі "Шэхеразады" была запрошана балетмайстар з Масквы заслужаная артыстка Расіі Ларыса Трэмбавельская, якая зьяўляецца таксама аўтарам лібрэта. Першы раз "Шэхеразада" была пастаўлена М. Фокіным у 1910 г. Прэм'ера балета адбылася ў парыжскай Оперы ў час Рускіх сезонаў, арганізаваных С. Дзягілевым. Балет гэты меў велізарны посьпех, вакол яго разгарэліся гарачыя спрэчкі. Справа ў тым, што пастаноўшчыкі балета выкарысталі музычны матэрыял – аднайменную сімфанічную сюіту Рымскага-Корсакава, – зыходзячы з асабістага ўспрыманьня. Былі зроблены вялікія купюры, а трэцяя частка сюіты наогул была цалкам выключана. Пасьля гэтай пастаноўкі было шмат іншых у розных тэатрах былога Саюза. Сярод самых значных – пастаноўка Н. Анісімавай у Ленінградскім Малым тэатры ў 1950 г.

I цяпер, калі Л. Трэмбавельская ажыцьцявіла пастаноўку ў нашым тэатры, цікава было даведацца, як яна ставіцца да таго спрэчнага моманту, які быў зьвязаны з першай пастаноўкай гэтага балета. Ні ў якім разе не імкнучыся аспрэчваць славутага балетмайстра Фокіна, яна, тым не менш, адзначыла, што гэта музыка настолькі адметная сваёй дасканаласьцю і вытанчанасьцю, а таксама разнастайнасьцю, якая спрыяе творчай фантазіі яе як аўтара лібрэта і пастаноўшчыка, што пра ніякія варыянты скарачэньняў не можа быць гаворкі. Хоць трэба адзначыць, што пэўныя цяжкасьці ў сувязі з гэтым у пастаноўцы маюцца. Напрыклад, паміж усімі чатырма карцінамі балетнага сьпектакля ўзьнікаюць паўзы, зьвязаныя са зьменай дэкарацый. Сама сюіта мае цыклічную музычную форму, яна складаецца з некалькіх кантрасных частак, таму і сцэнічна-харэаграфічнае вырашэньне падпарадкоўваецца гэтай цыклічнасьці, пераходу ад адной тэмы да другой. А сцэнаграфія сьпектакля мае даволі складанае вырашэньне. Сама літаратурная аснова (казкі "Тысячы і адной ночы"), як і музычная драматургія, вымагае ад мастака адпаведнага сцэнаграфічнага вырашэньня, перадачы непаўторнага ўсходняга каларыту, і прытым не толькі яго маляўнічасьці, але і тэматычнай суаднесенасьці. I мы бачым гэта ў кожнай з чатырох карцін балета: то маляўніча расьпісаны заднік з выявай марской стыхіі, на якім быццам струменяць хвалі, то панараму ўсходняга горада і інтэр'ер шыкоўкага палаца і г. д. Так што за непазьбежныя паўзы паміж карцінамі, якія як бы падзяляюць сьпектакль, глядач кожны раз узнагароджваецца маляўнічасьцю сцэнаграфічнага відовішча. Мастак-пастаноўшчык – заслужаны мастак Расіі Леў Саладоўнікаў. Зараз ён працуе ў Маскве, у Вялікім тэатры, а ў свой час яму давялося быць галоўным мастаком Каірскага балета. Вось адкуль ідуць вытокі тонкага разуменьня ўсходняга каларыту і стылю!

Галоўную партыю – Сіндбада – выконвае заслужаны артыст Беларусі Алег Карзянкоў, які ўжо тры гады працуе ў трупе Крамлёўскага тэатра балета. Сьпектакль гэты Карзянкоў не рэпеціраваў, больш таго – ён прыехаў у Мінск за чатыры дні да прэм'еры, раней ніколі гэтай пастаноўкі не бачыў і нават не быў знаёмы з музычным матэрыялам. Той танцоўшчык, на якога ставіўся сьпектакль, па прычыне пэўных абставін незадоўга да прэм'еры пайшоў з тэатра. Над прэм'ерай навісла пагроза зрыву. Але дзякуючы таму, што Н. Дзьячэнка ўдалося наладзіць кантакт з Карзянковым, прэм'ера адбылася ў тэрмін і прайшла проста выдатна, бо танцоўшчыка такога высокага класа ў гэтым тэатры яшчэ не бачылі. Нягледзячы на тое, што Карзянкову на падрыхтоўку да прэм'еры заставалася фактычна тры дні, ён усё ж пасьпеў засвоіць складаны музычны матэрыял і адпрацаваць усе чыста сцэнічныя моманты. Дуэт А. Карзянкова і Т. Ерахавец, несумненна, надае гэтай пастаноўцы значнасьць: высокі прафесіяналізм танцоўшчыкаў узьнімае на адпаведную вышыню і саму пастаноўку. Сярод маладых артыстаў вылучаюцца выканаўца партыі Джына К. Кузьняцоў і выканаўца партыі Шэхеразады Л. Кісялёва.

"Шэхеразада" – аднаактовы балет, і ён ішоў у другім аддзяленьні балетнага вечара. А першае нагадвала сабой канцэртны дывертысьмент. Яго цэнтральным нумарам зьяўляецца харэаграфічная мініяцюра "Па-дэ-катр" італьянскага кампазітара Ч. Пуньі. Гэты нумар лічыцца класічным узорам рамантычнага балета і зьяўляецца вельмі складаным у плане тэхнічнасьці.

Вядома, што "Па-дэ-катр" упершыню быў пастаўлены ў Лондане ў 1845 г. для чатырох найбольш славутых балерын таго часу: Марыі Тальёні, Карлоты Грызі, Фані Чэрыта і Люсіль Гран. Гэта была сапраўдная падзея ў тэатральным жыцьці Еўропы! Зразумела, што харэаграфічны малюнак таго балета не захаваўся, засталася толькі гравюра, створаная выдатным мастаком, сьведкам гэтага відовішча. Прыкладна праз сто гадоў англійскі харэограф Антон Долін аднавіў гэты балет. Паколькі самі танцы не захаваліся, у аснову пастаноўкі была пакладзена канцэпцыя сучаснага разуменьня рамантычнага балета. Такім чынам, пачынаючы з 40-ых гадоў нашага стагоддзя, "Па-дэ-катр" становіцца адной з папулярных класічных мініяцюр. Гэты нумар у свой час танцавала на сцэне Кіраўскага тэатра заслужаная артыстка Расіі Ксенія Тэр-Сьцяпанава, зараз – вядомы балетмайстар, якая і ажыцьцявіла перанос гэтай пастаноўкі на нашу сцэну. Як сьцьвярджае сама Ксенія Міхайлаўна, нашы маладыя танцоўшчыцы Т. Ерахавец, Ю. Дзятко, Д. Лапкоўская і К. Сямёнава выканалі гэты нумар на належным прафесійным узроўні.

Акрамя "Па-дэ-катра" ў першым аддзяленьні былі паказаны таксама фрагменты з балетаў, сярод якіх вылучаецца па-дэ-дэ з балета Р. Дрыго "Арлекінада" ў выкананьні Ю. Дзятко і К. Кузьняцова, а таксама цікавы, экспрэсіўны нумар "Тарэра" на музыку Ж. Бізэ – Р. Шчадрына. Апошні – не фрагмент са знакамітай "Кармэн-сюіты", гэты нумар Н. Дзьячэнка паставіла сама для маладога танцоўшчыка Ігара Ханцэвіча, якому ўласьціва пранікнёнае разуменьне стылю і манеры танца.

Увогуле прэм'ера зацьвердзіла за "Мінск-балетам" рэпутацыю самастойнага творчага калектыву. Дзякуючы вялікай арганізацыйнай і матэрыяльнай падтрымцы дырэкцыі тэатра трупа "Мінск-балет" наладзіла ў гэтым сезоне першыя гастролі па рэспубліцы.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Мастацтва. – 1994. – № 3. – С. 10–13.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: