Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Другое нараджэнне аперэты (1971 г., Літаратура і мастацтва)

Другое нараджэнне аперэты (1971 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДРУГОЕ НАРАДЖЭННЕ АПЕРЭТЫ

Спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "Спявае "Жаваранак" 

Мне давялося назіраць за нараджэннем гэтага спектакля. Літаральна на вачах ён мяняўся, набываў новыя абрысы. Скарачаліся вялікія кавалкі тэксту, часам цэлыя сцэны. Кампазітар дапісваў арыі і ансамблі. Абнаўлялася музычная драматургія, з'яўляліся фрагменты, важныя па сюжэтнай і вобразнай нагрузцы. Узнікалі новыя рэжысёрскія капцэпцыі. 

Гераічная музычная камедыя Юрыя Семянякі "Спявае "Жаваранак" некалькі гадоў ішла ўжо на сцэне былога Магілёўскага абласнога тэатра музкамедыі, дзе склаліся некаторыя яе выканаўчыя традыцыі (а часам і штампы), а літаратурны і музычны матэрыял мог здацца аўтарам "правераным на публіцы" і таму дасканалым. Але гэтага не здарылася. Аўтары працавалі патрабавальна, імкнучыся ўдасканаліць аперэту ва ўсіх кампанентах. 

Цяпер яна вынесена на суд гледачоў калектывам Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. 

Тэма, якую ўзнялі кампазітар Ю. Семяняка і аўтар п'есы Н. Калаптур, у нашы дні ўсё больш упэўнена займае месца ў савецкай музычнай камедыі. Гераізм подзвігу, рэвалюцыйная рамантыка, барацьба двух светаў, дзвух ідэалогій... Не так проста раскрыць усё гэта сродкамі музычнай камедыі, не адступіўшы ад закону жанру, не згубіўшы "камедыйнага запалу". Новы твор увогуле пазбегнуў гэтай небяспекі, хоць у ім гераічны пачатак і пераважае над камедыйным. 

Гераічныя сцэны трымаюць у напружанні гледача, гатовага, аднак, у любы момант "пераключыцца" на іншы настрой – камедыйны. У сцэнах гэтага плана ёсць шэраг цікавых знаходак, добрых дыялогаў. 

На жаль, іх не так многа. Тэкст тут занадта "прыземлены", мала ў ім іскрыстага, вынаходлівага, разумнага гумару, трапляюцца сцёртыя, банальныя, я сказала б, антымастацкія выразы. Напрыклад, абыгрыванне тэмы "куратніка", Дзед Пятро Бусел кажа: "Навошта мне, кураняты, калі ў мяне такая тлустая курачка ёсць" (гэта ён пра жонку). Макрына, у сваю чаргу, называе яго "пеўнем абдрыпаным". 

Іншы раз словы герояў не апраўданы ні паваротам сюжэту, ні іх характарам, яны выпадкова, безгустоўна ўстаўлены "дзеля гумару". Слаўка, напрыклад, кажа Сашы: "Сцеражыся, перад самім Астапам Бендэрам адказваць будзеш", а здраднік Віктор дэ Моль так каменціруе свае ўцёкі ад Савецкай Арміі: "Галоўнае ў нашай прафесіі – у час змыцца"... 

У аснову музычных нумароў твора – арый, песень, куплетаў – леглі вершы П. Харкова. Ёсць сярод іх удалыя, але, на жаль, трапляюцца радкі, у якіх сэнс падменены наборам рыфмаваных слоў: 

Я не птица, я певица, 
В том моя беда. 
Нет, я птица, птица, птица, 
Птица без гнезда... 
Жаворонок, жаворонок, 
Птичка неземная, 
Жаворонок, жаворонок, 
Птичка полевая. 

Асабліва непатрабавальны да сябе аўтар у камедыйных куплетах: 

Дима, Дима, командир, 
Наш общественный кумир... 
Дима, Дима, лейтенант, 
Я не девка, а талант, 
Для меня весь день плясать, 
Что для писаря писать. 

Хацелася б, каб аўтар яшчэ папрацаваў над некаторымі вершамі, давёўшы іх да такога ўзроўню, які можна было б назваць мастацкім. 

Меладычная, як і заўсёды ў Ю. Семянякі, музыка ўвабрала ў сябе духмяны водар беларускай народнай песні. Мне ўспамінаецца яго першая работа ў жанры аперэты – "Рабінавыя каралі". Несумненна, што ў сваім новым творы кампазітар зрабіў значны крок наперад. У "Жаваранку" выразна выяўляюцца ўсе элементы музычнай драматургіі. 

Да лепшых музычных нумараў, безумоўна, належаць партызанскі хор, які стаў гераічным лейтматывам твора; пяшчотны і кранальны хор дзяўчат "Ой, плыве па рэчцы месяц малады", арыя Ірыны "О, горад мой!", пабудаваная на псіхалагічных кантрастах, якія складаюць яркі мастацкі вобраз. Цікавыя песня Ірыны "Жаваранак", яе ж арыя-раманс "Здаецца, быццам я лячу". Усё гэта яркія ўзоры вакальнай лірыкі Ю. Семянякі. 

Хочацца яшчэ адзначыць меладычную выразнасць танцавальных нумараў – "Вальса", "Полькі", "Пасадобля", "Танга". 

Найбольш ярка раскрыта ў спектаклі галоўная гераіня – Ірына. Сутнасць вобраза Ірыны – адданасць Радзіме, мужнасць сапраўднай падпольшчыцы-патрыёткі, любоў да роднага краю, гарачае каханне да Дзмітрыя. Маска яе – беспрынцыповасць прадажнай спявачкі ў нямецкім казіно, якая робіць кар'еру ва ўмовах "новага парадку". Музычная характарыстыка вобраза поўная вастрыні, напружанасці, дынамікі. I разам з гэтым яна ўсхвалявана-трапяткая, пяшчотна-лірычная, поўная глыбокага шчырага пачуцця. 

Абедзве выканаўцы партыі Ірыны выступаюць удала. Артыстка Н. Гайда ўпэўнена вядзе ролю, свабодна адчувае сябе ва ўсіх сцэнічных сітуацыях. Безумоўнай і вельмі каштоўнай вартасцю актрысы з'яўляецца голас – лёгкі, багаты на адценні, прыгожага тэмбру. 

Ірына ў артысткі В. Мазур пакуль яшчэ бывае скаванай у сваіх сцэнічых паводзінах. Але яна таксама вельмі абаяльная і выдатна валодае голасам – сакавітым і глыбокім. Работы абедзвюх артыстак – удача спектакля. У дужках хацелася б заўважыць, што ў сваіх будучых творах для тэатра нашы кампазітары могуць смела арыентавацца на высокія вакальныя магчымасці спевакоў. 

Менш пашанцавала ў спектаклі выканаўцу ролі Дзмітрыя В. Бурцаву. Яго роля аказалася недастаткова дынамічнай і вострай. Але ў рамках магчымасцей створанага аўтарамі вобраза артыст увогуле ўдала спраўляецца з партыяй. У В. Бурцава – добрыя вакальныя дадзеныя. Хацелася б, каб артыст больш свабодна трымаўся на сцэне. У час выканання першай арыі, дзе ён расказвае пра светлыя і глыбокія пачуцці да Ірыны, Бурцаў стаіць спіной да сяброў, рукі амаль "па швах". Мабыць, маецца на ўвазе, што гзта яго ўнутраны маналог, звернуты да глядзельнай залы, але нас не пакідае ўражанне, быццам гучыць асобны канцэртны нумар, не звязаны а дзеяннем спектакля. Тэмпераментна вядуць свае ролі артысты Е. Мацісава (Макрына) і У. Ажарэльеў (Пятро Бусел). Праўда, трэба адзначыць, што ім часам нестае сапраўднай камедыйнасці, якую мы мелі падставы чакаць ад характарнай пары. Віна тут не толькі акцёраў, але і лібрэтыста. 

Яшчэ адзін дуэт – Сашка і Слаўка. Артысты Р. Курлыкова і В. Фаменка нядрэнна спраўляюцца са сваімі партыямі, хоць і ім драматургічны матэрыял не дазваляе больш поўна праявіць свае магчымасці (каб жа на ўзроўні музыкі быў і тэкст іх роляў!). 

Цікава пададзены ў спектаклі вобразы фашыстаў: аўтары пазбегнулі аднастайнасці ў псіхалагічнай абмалёўцы ворагаў. Побач з фігурай штурмбанфюрэра Гофмана, жорсткага і бязлітаснага прадстаўніка гестапа, выведзены Вілі фон Вітэнберг, кадравы афіцэр, граф, які ведае і любіць забароненага Гейне. I ў яго адносінах да Ірыны ёсць нешта шчырае – ён адчувае яе маральную чысціню і сілу і імкнецца зразумець, адкуль яна, гэтая сіла. Партыю Вітэнберга ўдала выконваюць А. Прыходзька і Ю. Лазоўскі. 

Выканаўцы ролі Гофмана па-рознаму трактуюць гэты персанаж. Ярчэй атрымаўся ён у У. Дзёгцева, артыста значнага драматычнага даравання. (Дарэчы, мінчане добра помняць выдатную работу Дзёгцева на сцэне тэатра аперэты Кузбаса – вобраз прафесара Хігінса ў мюзікле Ф. Лоу "Мая чароўная лэдзі"). Яго Гофман цынічны і жорсткі і разам з тым у яго паводзінах ёсць элемент істэрычнасці – з-за пастаяннага страху перад помстай партызан, перад расплатай за злачынствы. А акцёр Ю. Харытонаў у гэтай ролі больш стрыманы. Праўда, думаецца, што ён мае рацыю, калі ў сцэнах з арыштаванай Ірынай пазбягае натуралістычных падрабязнасцей, бадай, залішніх у Дзёгцева. 

Віктора дэ Моля, здрадніка і правакатара, мізэрнага ў сваёй угодлівасці перад фашыстамі, іграюць У. Цітэнка і В. Шаўкалюк. Створаны імі вобраз вызначаецца вострым малюнкам, яркай характарнасцю. 

Па-рознаму іграюць фрау Катарыну А. Цітэнка і Н. Гардзіенка. Першая з іх вядзе ролю па-артыстычнаму лёгка, з добрым густам. Гераіня ж Н. Гардзіенка выглядае крыху вульгарнай, і гэта ўспрымаецца не толькі як выяўленне сутнасці фрау Катарыны, але і як выканаўчы "націск". Абедзвюм артысткам нельга адмовіць у тэхнічным майстэрстве, партыя Катарыны вельмі складаная: у ёй спалучаюцца драматычная ігра, спевы і танец у складаным комплексе. 

Балетмайстры М. Красоўскі і Э. Піно вынаходліва паставілі "Пасадобль", "Танга", "Польку". Праўда, не заўсёды арыгінальныя шматлікія "прытанцоўкі" персанажаў. 

Прыемна адзначыць добрае гучанне хору, зусім нешматлікага па сваім складзе (хормайстар Н. Андросава). Нядрэнна справіўся са сваёй задачай і аркестр (галоўны дырыжор заслужаны артыст БССР П. Кірыльчанка, дырыжор Э. Арашкевіч). Адмоўна адбіваецца на яго гучанні адсутнасць літаўраў. Можна адзначыць і асобныя выканаўчыя пралікі. У "Пасадоблі", напрыклад, кастаньеты не змаглі перадаць рытмічны малюнак музыкі, застаўшыся на прымітыўным узроўні звычайнага адлічвання доляў такта. 

Спектакль ідзе ў добрым тэмпе, і гэта, безумоўна, заслуга рэжысёра У. Ажарэльева. Праўда, фінал спектакля – не навіна ў сучаснай рэжысуры, але тут У. Ажарэльеў, як кажуць, удала "выстраліў": пад урачысты марш ідуць байцы Чырвонай Арміі праз залу на сцэну, дзе адбываецца іх сустрэча з партызанамі. Гэты заключны эпізод выглядае заканамерным мастацкім акцэнтам спектакля. 

Першая работа тэатра цёпла прынята гледачамі. Яна выявіла здольнасці маладога калектыву, яго творчыя магчымасці. Безумоўна, спектакль яшчэ патрабуе дапрацоўкі. Але падрыхтоўчы перыяд ужо даказаў, што ў тэатры не баяцца цяжкасцей, не шкадуюць працы, умеюць прыслухоўвацца да крытычных заўваг і парад. Тут ёсць той творчы энтузіязм, які з'яўляецца зарукай далейшых поспехаў. 

Алена РАКАВА. 
Літаратура і мастацтва. – 1971. – 2 сак.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: