Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Другое нараджэнне "Паўлінкі" (1973 г., Звязда)

Другое нараджэнне "Паўлінкі" (1973 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДРУГОЕ НАРАДЖЭННЕ "ПАЎЛІНКІ"

Напэўна, не знойдзецца ў Беларусі чалавека, які не ведаў бы цудоўнай камедыі Янкі Купалы "Паўлінка". За шэсцьдзесят гадоў свайго жыцця гэты спектакль набыў сапраўды ўсенароднае прызнанне і па праву лічыцца адным з лепшых твораў беларускага тэатральнага мастацтва. Іменна ім пачынае кожны свой новы сезон Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Свайго роду эталонамі цудоўнага драматычнага майстэрства даўно ўжо зрабіліся галоўныя героі "Паўлінкі" ў выкананні артыстаў-купалаўцаў. Многія ведаюць таксама кінаварыянт камедыі, а зусім нядаўна яна атрымала яшчэ адно жыццё – у якасці музычнай камедыі (музыка заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Юрыя Семянякі, лібрэта Алеся Бачылы). 

Трэба сказаць, што работа над новым спектаклем для абодвух аўтараў была надзвычай складаная. Тут ні на крок нельга было адысці ад тэксту класічнай п'есы Янкі Купалы і ў той жа час трэба было раскрыць у музыцы рысы герояў, абмаляваць іх яркімі штрыхамі, якія надоўга запомніліся б слухачам. 

Аўтары ўвялі ў тэкст лібрэта некалькі вершаў Купалы, не звязаных з яго камедыяй, але якія дапамаглі паказаць у спектаклі высокую годнасць чалавека працы. Так для лепшай абмалёўкі галоўнага героя новай музычнай камедыі – Якіма Сарокі ўзяты тэкст аднаго з першых купалаўскіх вершаў "Я – мужык", які значна паглыбіў сацыяльнае гучанне спектакля. Надзвычай удалае музычнае ўвасабленне гэтага верша стала лейттэмай Якіма, якая ў сваю чаргу зрабілася галоўнай для ўсёй музычнай камедыі. 

Другой тэмай, якой прасякнута ўся музыка спектакля, з'яўляецца рухавая, жыццярадасная тэма кірмашу. У гэтай лейттэме нібы сканцэнтроўваецца аптымізм народа, які ўмее абараніць свае пачуцці, адстаяць свае перакананні, проціпастаўляючы іх нікчэмнасці, душэўнай спустошанасці і фанабэрыстасці. 

Прытрымваючыся тэксту купалаўскай камедыі, аўтары захавалі і сцэну, дзе галоўныя героі даведваюцца пра арышт Якіма. Як жа гэта сцэна пасуецца да аперэты, дзе звычайна ўсё павінна канчацца ўсеагульным шчасцем і радасцю? Аўтары і пастаноўшчык знайшлі адзіна правільнае вырашэнне: адразу ж пасля заключных слоў Сцяпана Крыніцкага: "Каханенькія, родненькія, дзве дзюркі ў носе і сканчылося" на сцэне зноў узнікае відовішча кірмашу і перад гледачамі праходзяць усе дзеючыя асобы спектакля. Дарэчы, гэта "ўстаўная" сцэна ніколькі не парушае дзеяння спектакля, а, наадварот, аб'ядноўвае яго ў адзінае цэлае, дзякуючы таму, што яна пераклікаецца са сцэнай, якой пачыналася камедыя. 

Разглядаючы музычна-сцэнічны твор, у першую чаргу трэба расказаць пра яго музыку. Лепшыя рысы кампазітарскага почырку Ю. Семянякі ўвасобіліся ў музыцы "Паўлінкі" і яскрава сведчаць аб несумненным таленце кампазітара і яго ўменні вырашаць складаныя творчыя задачы. Музыка камедыі падкупляе сваёй шчырасцю, своеасаблівай напеўнасцю і жыццярадаснасцю. Удалымі, на наш погляд, з'яўляюцца і музычныя характарыстыкі галоўных дзеючых асоб спектакля, паяўленне якіх на сцэне суправаджаецца спецыяльнымі лейтматывамі ў аркестры. Ю. Семяняку ўдалося знайсці адпаведныя жанру музычнай камедыі сродкі музычнай выразнасці і стварыць даволі яркія і вельмі трапныя характарыстыкі асобных вобазаў. 

У першую чаргу гэта датычыць лейттэмы Якіма. Яна пабудавана на інтанацыях вядомай песні "Слуцкія ткачыхі", але гучыць інакш: больш гераічна, светла, упэўнена і мажорна. Да гэтай тэмы кампазітар у час спектакля звяртаецца некалькі разоў, і яна разам з тэмай кірмашу аб'ядноўвае музыку камедыі ў адно цэлае, надае ёй завершанасць. 

Тэма Адольфа Быкоўскага вельмі добра характарызуе нікчэмнага, але фанабэрыстага шляхціча. З сапраўдным гумарам напісана кампазітарам выхадная арыя Быкоўскага, у якой суседнічаюць напышлівая музыка з наўмысна бязглуздым тэкстам. 

Пры стварэнні музыкі кампазітар шырока карыстаўся беларускай народнай песняй і танцам. Пры гэтым частка іх падказана самім Янкам Купалам у аўтарскіх рэмарках да "Паўлінкі", як, скажам, песня "Чаму ж мне не пець" і некаторыя танцы. Другая частка ўведзена аўтарам музыкі самастойна. Так, для музычнай характарыстыкі Паўлінкі ўзяты аж некалькі песень. У другой яе песні на сцэне гучыць мелодыя "А ў полі ніўка", а ў песні з жаночым хорам у другой дзеі – лірычная "Ой, там у бору". 

Для дуэта Паўлінкі з Быкоўскім выкарыстана інтанацыя народнага танца "Крыжачок", а ў найбольш драматычна-напружанай фінальнай сцэне гучыць мелодыя цудоўнай песні Ю. Семянякі "Явар і каліна". У квінтэце з першай дзеі музычнай камедыі чуецца народная песня "Чаму з мне не пець", для характарыстыкі Якіма ў яго арыёза аўтарам выкарыстаны верш Я. Купалы "Як у лесе зацвіталі". 

Многія эпізоды музыкі новага твора напісаны надзвычай ярка, з вялікім густам, дасціпнасцю, сапраўдным гумарам. Так, напрыклад, нельга без смеху слухаць куплеты Агаты і Альжбеты, многія месцы партыі Быкоўскага. Падкупляе сваёй светлай, натхнёнай лірыкай вялікая арыя Паўлінкі. Добрымі якасцямі вылучаюцца фінал камедыі, пабудаваны на тэме Якіма ў моцным харавым гучанні, і шматлікія хоры камедыі. Гаворачы пра музыку "Паўлінкі", неабходна адзначыць яе шырокую напеўнасць, народнасць, што ў спалучэнні з добрым кампазітарскім майстэрствам аўтара пакідае моцнае ўражанне. 

Рэжысёр-пастаноўшчык заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР С. Штэйн удала спалучыў у новым спектаклі мастацкае слова і музыку, вакал і ігру акцёраў. Многія сцэны спектакля пастаўлены з добрым мастацкім густам. Гэта надае рабоце рэжысёра асаблівую прывабнасць. І толькі зрэдку адчуваецца, як яму здраджвае пачуццё меры. Не варта было, на нашу думку, у першай дзеі выводзіць Пустарэвіча з хамутом на шыі, які ён потым надзявае на жонку і, даўшы ёй у рукі дугу, прывязвае лейцы, робячы выгляд, быццам ён запрог яе замест сваёй кабылы, якая ўцякла. Пачуццё незадаволенасці пакідае таксама сцэна чакання ў другой дзеі, калі госці Крыніцкіх, усе разам, з шумам сёрбаюць гарбату, а потым, зноў жа ўсе разам і не менш шумна, аддыхваюцца. Думаецца, што гэтыя танныя прыёмы накіраваны толькі на тое, каб абавязкова рассмяшыць публіку, а між тым у купалаўскай камедыі і без таго дастаткова дасціпнага гумару, на які гледачы рэагуюць даволі актыўна. 

Нельга не ўхваліць работу музычнага кіраўніка спектакля, галоўнага дырыжора тэатра Н. {М.} Фоціна, які здолеў правільна раскрыць задуму аўтара і з добрым мастацкім густам правёў усю камедыю, дабіўшыся ад невялікага аркестра досыць поўнага гучання, якое, аднак, нідзе не заглушае салістаў ці хор. Упэўнена прагучалі таксама сольныя аркестровыя і балетныя эпізоды. 

Цікава вырашана мастацкае афармленне спектакля (мастак А. Марозаў). Перад гледачом паўстаюць надзвычай маляўнічыя дэкарацыі. 

А як жа справіліся са складанай задачай увасаблення купалаўскіх вобразаў на сцэне выканаўцы роляў? Перш за ўсё тут трэба адзначыць выканаўцу галоўнай партыі Н. Гайду. Яе Паўлінка амаль з першага ж выхаду на сцэну заваявала самыя шчырыя сімпатыі слухачоў. То пяшчотная і паэтычная, то гарэзлівая і свавольная, то смелая і знаходлівая, яна ўвесь час знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, адухоўлена стварае вобраз сваёй гераіні. Валодаючы выразным, моцным і гібкім голасам, артыстка бездакорна правяла і вакальны бок сваёй партыі. 

Добрым партнёрам для яе стаў артыст В. Бурцаў, які выступіў у ролі Якіма Сарокі, стварыўшы абаяльны вобраз энергічнага чалавека, што смела ідзе супраць уціску і няпраўды. 

Калі прысутныя ў зале прынялі Паўлінку адразу і, як кажуць, безагаворачна, то Сцяпану Крыніцкаму (артыст Ю. Лазоўскі), Альжбеце (Н. Равінская), Пранцысю Пустарэвічу (В. Шаўкалюк), Агаце (Т. Брагіна) і Адольфу Быкоўскаму (Я. Яўна) было значна цяжэй, бо многія добра памятаюць гэтыя вобразы ў выкананні вядомых артыстаў купалаўскага тэатра. Але ролі выконваліся пераканаўча і добра, і неўзабаве публіка не толькі прызвычаілася да новых выканаўцаў даўно вядомых роляў, а і пачала сімпатызаваць ім. 

Безумоўна, праца артыстаў і ўсяго пастановачнага калектыву заслугоўвае самага гарачага ўхвалення за смеласць, з якой ён узяўся за ўвасабленне складанага і нечаканага на сцэне тэатра музычнай камедыі спектакля. Перад слухачамі паўстала сапраўдная аперэта, створаная па ўсіх законах гэтага цікавага, вясёлага і надзвычай папулярнага жанра. Слухачы маглі пачуць у ёй і добрую музыку, і прывабную песню, і дуэты, і разгорнутыя арыі, і ансамблі, і хоры, паглядзець цікавыя танцы. Усё гэта, безумоўна, унесла новыя штрыхі ў абмалёўку традыцыйных купалаўскіх вобразаў, стварыла сапраўдную злітнасць музыкі і слова. З упэўненасцю можна сказаць, што "Паўлінка" нарадзілася яшчэ раз. 

Д. ЖУРАЎЛЁЎ, 
музыказнаўца, заслужаны работнік культуры БССР. 
Звязда. – 1973. – 19 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: