Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Дык усё ж – фазан ці сазан?... (1993 г., Мастацтва)

Дык усё ж – фазан ці сазан?... (1993 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДЫК УСЁ Ж – ФАЗАН ЦІ САЗАН?..

Адкрыцьцё свайго 23-га сезона Тэатр музычнай камедыі Беларусі адзначыў прэм'ерай – сьпектаклем "Хэло, Долі!" (мюзікл кампазітара Джэры Германа па п'есе Торнтана Уайдлера "Свацьця").

Агульнавядома, што рэпертуар тэатраў музычнай камедыі не абмяжоўваецца класічнымі аперэтамі і ўключае ў сябе творы сучасных аўтараў. Часьцей за ўсё гэтыя творы чамусьці называюцца мюзікламі, хоць многія зь іх з сапраўднымі мюзікламі нічога агульнага ня маюць. "Хэло, Долі!" – гэта класічны амерыканскі мюзікл, які быў створаны ў 1964 годзе ў Нью-Йорку і ў тым жа годзе пастаўлены на Брадвеі. Потым зьявіўся фільм са славутай Барбарай Стрэйзанд у галоўнай ролі. Дзякуючы гэтаму фільму мюзікл набыў вялікую папулярнасьць і ў Еўропе, асабліва праславіўся вядомы зараз усім шлягер у выкананьні Барбары Стрэйзанд і Луі Армстранга...

I вось гэта музыка гучыць сёньня са сцэны Тэатра музычнай камедыі Беларусі, які амаль праз 30 гадоў прапануе гледачам сваю версію вядомага твора. Паставіў сьпектакль рэжысёр В. Цюпа, які пасьля чатырохгадовага перапынку атрымаў, нарэшце, доўгачаканую магчымасьць зноў сустрэцца з артыстамі беларускай аперэты. У "Хэло, Долі!" пазнаецца яго рэжысёрскі почырк і пацьвярджаецца прыхільнасьць да таго творчага метаду, які ён абраў некалі ў час працы ў гэтым тэатры. В. Цюпа застаўся верны сабе ў сваім імкненьні мысьліць сучасна, нестандартна і яшчэ раз даказаў пераемную сувязь паміж створанымі ім тут сьпектаклямі мінулых гадоў і новай работай. Застаўся верны сабе В. Цюпа і ва ўменьні выклікаць сваімі пастаноўкамі вялікія спрэчкі і амаль процілеглыя меркаваньні. А вось гэта ўжо ўласьціва літаральна ўсім яго сьпектаклям (я маю на ўвазе і тыя, што ён ставіў таксама ў ДАВТе).

Сам па сабе гэты факт, на маю думку, – вартасьць, таму што спрэчка звычайна ўзнікае тады, калі для яе ёсьць цікавы прадмет. Калі сьпектакль адназначна шэры і бяздарны, тады і спрачацца няма пра што. Вакол сьпектакляў В. Цюпы спрэчкі заўсёды былі, ёсьць і будуць, і таму што яго работы нязьменным пастаянствам даюць для гэтага падставы, і таму, што сам В. Цюпа, паводле яго-ж уласнага прызнаньня, "заўсёды падманвае чаканьні", (гл. "МБ", 1991, № 8) бо заўсёды непрадказальны ў рэжысёрскім пошуку. Ня стаў выключэньнем і новы сьпектакль "Хэло, Долі!". В. Цюпа зноў падмануў чаканьні і паспрабаваў зрабіць ня проста займальнае шоў з ашаламляльнымі касьцюмамі і дэкарацыямі, але і паразважаць пра лёсы "маленькіх" людзей з натоўпу, кожны зь якіх па-свойму нешчасьлівы і адзінокі і таму адчайна імкнецца вырвацца зь бясконцага й надакучлівага кола паўсядзённых праблем, каб пазбавіцца ад адзіноты і знайсьці сваё шчасьце.

Вось такі нязвычайны ракурс вырашыў прапанаваць рэжысёр у добра вядомай гісторыі пра ўдачлівую свацьцю Долі Леві, якая адштурхвае ўсіх патэнцыяльных нявест ад самага выгаднага кліента, каб пакінуць яго для сябе. Па сутнасьці, В. Цюпа стварыў свой варыянт лібрэта, жадаючы падкрэсьліць у ім, што людзям, якія сёньня адчуваюць сябе адзінокімі й нешчасьлівымі, трэба таксама верыць у цуд. Бо аказаўся магчымым ён для няпрыкаяных дзівакоў, герояў сьпектакля "Хэло, Долі!": у сумным і бязрадасным жыцьці яны здолелі стварыць для сябе сьвята, знайсьці душэўны спакой і гармонію...

Такім хацеў пабачыць сьпектакль В. Цюпа. Але сцэнічнае ўвасабленьне гэтай канцэпцыі аказалася справай вельмі складанай.

Новая работа В. Цюпы – гэта ня першая спроба пастаноўкі амерыканскіх мюзіклаў на сцэне беларускай аперэты. У 1982 годзе ў рэпертуары тэатра зьявілася "Мая цудоўная лэдзі" Ф. Лоў (рэжысёр С. Штэйн) – сьпектакль тонкі, іранічны, пастаўлены зь вялікім густам і пачуцьцём меры. Вось ён, з пункту гледжаньня "чысьціні" жанру, быў сапраўды першым заходнім мюзіклам, зь якім тэатр пазнаёміў гледачоў. Але спробы засваеньня сьпецыфікі мюзікла ажыцьцяўляліся раней на аснове айчынных твораў (напрыклад, у сьпектаклі "Мост мары", які ў 1976 г. паставіў Б. Утораў, ці ў "Мілым сябры", створаным рэжысёрам К. Каўфманам у 1982 г.). Далей гэту эстафету ўпэўнена падхапіў В. Цюпа, які ў другой палове 80-ых, працуючы галоўным рэжысёрам Тэатра музкамедыі, фарміраваў ва ўласных сьпектаклях свой асаблівы стыль, які, на маю думку, быў вельмі блізкі да эстэтыкі мюзікла. Перш за ўсё гэта тычыцца славутага сьпектакля "Клоп", дзе быў дасягнуты якасна новы ўзровень работы ўсёй трупы, калі акцёрскія магчымасьці ўсіх удзельнікаў сьпектакля былі выкарыстаны максімальна. Акцёры-салісты станавіліся танцорамі і акрабатамі, артысты хору ўдзельнічалі ў сьпектаклі побач з выканаўцамі галоўных роляў, а артысты балета – сьпявалі. Усе ўдзельнікі "Клапа" адчувалі сябе як адно непарыўнае цэлае, і таму дасягаўся надзвычай высокі ўзровень сінтэзу музыкі, слова й пластыкі, што заўсёды ўласьціва эстэтыцы такога жанру, як мюзікл.

Сьпектакль "Хэло, Долі!" зьявіўся новым этапам засваеньня мюзікла. Гэта работа яшчэ раз пацьвердзіла высокі прафесіяналізм трупы тэатра. Я маю на ўвазе ня толькі акцёраў – выканаўцаў галоўных роляў, але і аркестр, хор, балет. У "Долі" шмат масавых сцэн, і ў іх амаль няма (асабліва ў 1-ай дзеі) статычных і другарадных персанажаў. Усе масавыя сцэны цэласныя, рытмічна арганізаваныя, а галоўнае – "жывыя". Кожны артыст так званай масоўкі іграе сваю маленькую ролю (і нават артысты аркестра!), у кожнага іх персанажа – свой характар, свае паводзіны, а ўсе разам яны паўстаюць як зьвёны аднаго непарыўнага ланцужка, бо існаваньне артыстаў на сцэне магчыма толькі ва ўзаемадзеяньні аднаго з адным. Усе масавыя сцэны ствараюць асаблівы, рухомы фон, які адцяняе разьвіцьцё асноўных падзей сьпектакля.

Мюзікл "Хэло, Долі!" ставіўся В. Цюпам разам з балетмайстрамі Дж. Нолан (Англія) і Н. Дзячэнка, якія імкнуліся ў сваёй працы трымацца традыцый заходніх шоў зь іх яркай відовішчнасьцю, сьвяточнасьцю, маляўнічасьцю. I тое, што масавыя сцэны сьпектакля атрымаліся такімі арганічнымі і цэласнымі, у вялікай ступені іх заслуга. Трэба бачыць, зь якім натхненьнем працуюць у сьпектаклі артысты балета, якія адточаныя, выразныя і дакладныя іх рухі, які нязвычайны пластычны малюнак танцаў!

Яшчэ адным сааўтарам рэжысёра (а таксама своеасаблівай дзейнай асобай сьпектакля) выступіў дырыжор Аляксандр Сасноўскі, для якога работа над "Долі" пазначыла вяртаньне ў Тэатр музычнай камедыі пасьля вымушанага пакіданьня яго. Цяжка знайсьці тыя ўхвальныя эпітэты, якімі можна было-б ахарактарызаваць работу дырыжора ў гэтым сьпектаклі. Аркестр пад кіраўніцтвам А. Сасноўскага – і ў прамым, і ў пераносным сэнсах – робіцца паўнапраўным удзельнікам сьпектакля. У прамым – гэта калі аркестранты, знаходзячыся на сцэне разам з А. Сасноўскім, акампаніруюць нечакана прыгожай і прывабнай Долі, якая зьяўляецца ў рэстаране "Гармонія" і сьпявае славуты шлягер, ці калі музыканты дыксіленда ператвараюцца ў "вулічных" музык, і адзін зь іх на пацеху публіцы раптам выходзіць у глядзельную залу з шапкай... Ну, а ў пераносным – калі аркестр быццам дыхае разам з артыстамі, калі тым лёгка і радасна сьпяваць і танцаваць пад яго акампанемент, таму што дырыжор адчувае кожнага зь іх, і аркестр пад яго кіраўніцтвам зьяўляецца чуйным і ўважлівым партнёрам. Наогул, тое, што стварыў у сьпектаклі А. Сасноўскі, можна назваць адным словам – фантастыка. Пачынаючы з цудоўных аранжыровак (а дакладней – зь перааркестроўкі ўсёй партытуры Дж. Германа), якія А. Сасноўскі зрабіў разам з Р. Уласюком, і заканчваючы амаль цыркавым трукам у апошняй сцэне сьпектакля, калі сьпяваюць хор, салісты, танцуе балет, аркестр іграе tutti, дырыжор пакідае аркестравую яму, каб пасьпець выбегчы на сцэну і кіраваць джаз-бэндам, які там знаходзіцца. I яшчэ ніводнага разу (цьфу-цьфу!) ня было так, каб у адсутнасьці дырыжора аркестр і артысты зьбіліся з рытму і памыліліся.

Заслуга А. Сасноўскага ў тым, што сьпектакль аказаўся літаральна прасякнуты музыкай, быццам сатканы зь яе. Бо ў "Долі" дзейнічаюць фактычна тры самастойныя аркестры: звычайны, які па традыцыі разьмяшчаецца ў аркестравай яме, а таксама дыксіленд і джаз-бэнд. А яшчэ ў сьпектаклі прымае непасрэдны ўдзел канцэртмайстар В. Крыштопенка, пра якога можна жартам сказаць, што ён "увесь вечар за раялем". В. Крыштопенка (дарэчы, музыкант з ласкі Божай) выконвае ў сьпектаклі ролю тапёра Гары – маўклівага сьведкі ўсяго таго, што адбываецца на сцэне. Свае думкі Гары давярае нязьменнаму сябру – раялю, з дапамогай якога ён мроіць і вандруе разам з астатнімі героямі сьпектакля.

Музыка ў "Долі", як мне здаецца, паслужыла адной з крыніц натхненьня для артыстаў. А якія нязвычайныя дэкарацыі зрабіў для "Долі" мастак У. Жданаў! Прастора сцэны ператвараецца то ў пусты й халодны вакзал (1-ая карціна 1-ай дзеі), то ва ўтульную капялюшную майстэрню Ірэн Молай (2-ая карціна 1-ай дзеі), то ў шыкоўны фешэнебельны рэстаран "Гармонія" (2-ая дзея). Але цікава, што пры ўсіх гэтых кантрастах мастак здолеў дасягнуць стылявога адзінства ў сваім бачаньні сцэнаграфіі сьпектакля. Творчай і вельмі ўдалай лічу і працу мастака па касьцюмах В. Жалонкінай. Усе касьцюмы – а іх вялікая колькасьць – выкананы з надзвычайным густам, яны сьведчаць аб нявычэрпнай фантазіі і пачуцьці гумару іх аўтара (напрыклад, "рухомыя" дэталі касьцюма Эрменгарды, якія яе жаніх, мастак-мадэльер, забаўна перамяшчае, чапляючы то да плячэй, то да грудзей; або падоўжаны жакет-накідка ў Міні Фэй, якая з шумам адрывае ад яго кавалкі, каб "замаскіраваць" Барнабі Такера). Як чараўніца, В. Жалонкіна быццам ператварае ўсіх герояў сьпектакля з брыдкіх качанят у цудоўных лебедзяў.

У "Хэло, Долі!" зноў працуюць разам тыя артысты, зь якімі некалі В. Цюпа пачынаў будаваць свой непаўторны тэатр. Праўда, жыцьцёвыя віхуры занесьлі ў далёкія краі двух цудоўных і незаменных акцёраў – Р. Харыка і А. Кузьмянкова, якія абавязкова ўдзельнічалі-б у сьпектаклі, калі-б заставаліся ў Менску. Але прыйшлі іншыя часы, зьявіліся новыя акцёры. Дзякаваць Богу, па-ранейшаму застаецца ў тэатры і радуе сваіх паклоньнікаў зорка нашай аперэты славутая Натальля Гайда, для якой і быў пастаўлены гэты сьпектакль. Яе гераіня Долі Леві лепш, чым хто, умее рабіць людзей шчасьлівымі, бо яна – прафесійная свацьця. Але ў асабістым жыцьці Долі самотная. Сьмерць любімага мужа на шмат гадоў пазбавіла яе шчасьця, і вось зараз яна спрабуе вярнуцца да жыцьця, быццам нарадзіцца наноў. Н. Гайда стварае вобраз глыбокі й шматгранны. Яе Долі можа быць і сумнай, і хітраватай, і журботнай, і іранічнай. А ўсе разам гэтыя адценьні і нюансы надаюць вобразу цэласнасьць і закончанасьць.

Артыст А. Ранцанц (Горэс Вандэргельдэр) упершыню працуе ў дуэце з Н. Гайдай. Яго герой і ёсьць той самы "кліент", на якога паставіла Долі. Менавіта паставіла, таму што такога Горэса, якім яго ўбачылі рэжысёр В. Цюпа і акцёр А. Ранцанц, наўрад ці можна пакахаць. Ён неверагодна прагны, сварлівы, запальчывы ды яшчэ і кульгавы. Напэўна, адзінае, што апраўдвае яго ў вачах Долі, – гэта яго самота. Такая-ж, як і ў яе. Долі імкнецца дапамагчы Горэсу зразумець усю надарэчнасьць яго характару, а калі бачыць, што гэта ёй не ўдаецца, пакідае яго. I вось тады ён, нарэшце, разумее, што значыць для яго гэтая дзівачка. Горэс у адчаі. Упяршыню гэты цяжкі чалавек дае волю сваім пачуцьцям...

Канец у сьпектакля шчасьлівы – Долі вяртаецца да Горэса; знаходзяць сваё каханьне і астатнія героі – Карнэлій і Ірэн, Барнабі і Міні, Эрменгарда і Эмброз. Але ва ўзаемаадносінах Долі і Горэса застаецца нейкая няпэўнасьць, якая дае падставы думаць, што Долі проста йдзе на кампраміс: яна не кахае Горэса, але ня хоча заставацца адна і зь дзьвюх бед выбірае меншую. Усім астатнім героям сьпектакля прасьцей. Яны знайшлі адзін аднаго адразу і, здаецца, на ўсё жыцьцё. Каханьне зьмяніла кожнага зь іх унутрана і зьнешне, а галоўнае, што ўсе яны засталіся дзівакамі-рамантыкамі, захавалі чысьціню сваёй душы й сэрца. Г. Казлоў, С. Лугава, В. Шабуня, З. Вяржбіцкая, С. Якавец, а таксама А. Касьцецкі (Рудзі) ствараюць вельмі ўдалы акцёрскі ансамбль. Кожнаму зь іх рэжысёр і балетмайстры прапанавалі арыгінальнае музычна-пластычнае вырашэньне роляў, і яны зь вялікім майстэрствам прадэманстравалі свае акцёрскія якасьці. На жаль, некалькі выбіваецца з ансамбля В. Сярдзюкоў, які іграе жаніха Эрменгарды мастака Эмброза. Гэтая роля не адпавядае ўзросту акцёра, і ён ня можа гэтага не разумець (як і глядач таксама). Але гэта й рэжысёрскі пралік.

Вось я і пачынаю паступова выкладаць свае прэтэньзіі да рэжысёра. Адна зь іх – з разраду кур'ёзаў. У рэстаране "Гармонія" Карнэлій, Барнабі, Ірэн і Міні заказалі 4 порцыі фазанаў. Для дэманстрацыі сьвежасьці апошніх героям прадстаўлены акварыум, дзе плешчацца "фазан". Але фазан, як вядома, – птушка сямейства курыных, тады як у акварыуме павінен плаваць сазан – рыба сямейства карпавых... Міжволі ўспамінаецца вядомае прыслоўе: "Сазан – отдельно, фазан – отдельно". Яшчэ адна незразумелая рэч: Эрменгарда, пляменьніца Горэса, марыць трапіць на сцэну, каб сьпяваць. Але са сцэны, у рэшце рэшт, сьпявае яе жаніх Эмброз...

Але гэтыя невялікія непаразуменьні адыходзяць на другі план перад куды большай супярэчнасьцю, якая, на мой погляд, зьяўляецца ў "Долі" галоўнай. З аднаго боку, В. Цюпа стварае цудоўны сьпектакль – тонкі, паэтычны, казачна прыгожы. З другога боку, рэжысёр імкнецца напоўніць яго занадта глыбокім зьместам, спрабуе адшукаць у лібрэта больш глыбокі сэнс. А ў выніку ўзьнікае ўражаньне, што В. Цюпа зьявіўся нявольнікам гэтай сваёй ідэі. Бо акцэнты ссунуліся, і асноўная фабула – даволі простая гісторыя Долі і Горэса – адыходзіць на другі план. В. Цюпа сьвядома грэбуе ёю дзеля сьцьвярджэньня нейкай агульнай сутнасьці, агульнай філасофскай канцэпцыі, якую не адразу і не заўсёды разумее глядач.

I яшчэ адна, апошняя кропля з лыжкі дзёгцю, якую я з прычыны сваёй зьедлівасьці апускаю ў бочку салодкага мёду. Гэты шыкоўны й дарагі сьпектакль зьявіўся дзякуючы спонсарам. Цудоўна, што яны ў тэатра ёсьць. Але мне як гледачу вельмі няпрыемна на вагончыках, якія зьяўляюцца галоўнымі элементамі сцэнаграфічнага вырашэньня 1-ай дзеі сьпектакля, бачыць гэткі гульлівы надпіс: "Sponsor – Firm "Osmey", "The President Eugene Keda" ці " Sponsor Jan Singer". Рэклама, вядома-ж, – рухавік прагрэсу, але-ж ня трэба блытаць Божы дар зь яечняй!

Тым ня менш я лічу сьпектакль "Хэло, Долі!" адной зь бязумоўна лепшых работ тэатра за апошнія гады. Так, у ім ёсьць супярэчнасьці. Так, не ўдалося яго стваральнікам пазьбегнуць некаторай расьцягнутасьці. Але галоўнае, што вабіць у гэтым сьпектаклі, – гэта паэтычнасьць, асаблівы рамантычны настрой, гэта феерверк сьвятла, фабраў, прыгажосьці. Нарэшце, адна толькі сустрэча з Натальляй Гайдай – цудоўнай актрысай, якая аддала сьпектаклю ўвесь свой талент і непаўторную чароўнасьць, скрэсьлівае многія недахопы сьпектакля і робіць яго прывабным і цікавым.


Вольга БРЫЛОН.
Мастацтва. – 1993. – № 5. – С. 14–17.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: