« НазадДЗЕ КРЭСЛЫ, КІСА?У Музычным паставілі "12 крэслаў" У Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм’ера эсцэнтрычнага балета "12 крэслаў" на музыку Генадзя Гладкова. Гэты кампазітар вядомы як аўтар балетаў, опер, мюзіклаў, аперэт, а таксама музыкі да шэрагу культавых савецкіх кінафільмаў. Напрыклад, да пастаўленых Маркам Захаравым карцін "Звычайны цуд", "Дом, які пабудаваў Свіфт", "Формула кахання", "Забіць дракона". Але самым вядомым супольным праектам двух творцаў стаў фільм "12 крэслаў" з незабыўным Андрэем Міронавым у галоўнай ролі (прэм’ера стужкі адбылася ў 1976-м). Музычныя тэмы з папулярнай экранізацыі (асабліва "Нет, я не плачу, я не рыдаю…") сталі асновай партытуры балета, напісанага праз дзесяцігодзе і пастаўленага ў некалькі гарадах Расіі. Беларускі музычны тэатр і Генадзя Гладкова звязвае ўдалы вопыт пастаноўкі мюзікла для дзяцей і дарослых "Прыгоды брэменскіх музыкантаў". Таму не дзіўна, што стваральнікі таго спектакля (рэжысёр Анастасія Грыненка, харэограф Дзмітрый Якубовіч і дырыжор Мікалай Макарэвіч) зноў звярнуліся да творчасці маэстра. Адметна, што ў балеце прысутнічае падзел на функцыі паміж рэжысёрам і балетмайстрам. Наогул, гэта з’яўляецца сусветнай практыкай, але ў Беларусі такая з’ява, на жаль, пакуль што не распаўсюджана. А.Грыненка прапанавала сваё прачытанне балета. Яго дзеянне адбываецца ў канкрэтны гістарычны перыяд: канец 1920-х гадоў, калі ў грамадстве адбывалася сутыкненне масавай і асабістай свядомасці. Галоўнай ідэяй спектакля сталі ўзаемаадносіны паміж чалавечай індывідуальнасцю і дзяржавай. Стваральнікаў пастаноўкі цікавіў, паводле слоў рэжысёра, "новы тып асобы – "чалавек-вінцік" ў велізарным дзяржаўным механізме". Менавіта таму вандроўкі Астапа Бэндэра (Артур Іваноў) і Кісы Верабьянінава (Віталь Краснаглазаў) з’яўляюцца не толькі банальным пошукам скарбаў, схаваных у дванаццаці крэслах. Бэндэр паказаны, акрамя таго, і арыгінальным, творчым чалавекам, чые думкі і ідэі не знаходзяць водгуку і разумення ў тагачасным грамадстве. Своеасаблівымі ўводзінамі ў атмасферу балета з’яўляецца пачатак спектакля, які ўспрымаецца як камуністычная фантасмагорыя. Мастак Андрэй Меранкоў не толькі вырашыў "12 крэслаў" праз чырвоны колер, што сімвалізуе абнаўленне і, адначасова, чалавечую кроў. Ён ўжыў у сцэнаграфіі стылістыку 1920-х, напрыклад, знакамітыя "Вокны РОСТА". Канструкцыі на заднім плане, якія з’яўляліся месцам дзеяння асобных сцэн, нагадвалі мастацтва канструктывізму, якое панавала ў 20-я гады, а напрыканцы спектакля прымушалі ўспомніць лагернымі вышкі, куды якія праз гады трапяць, хутчэй за ўсё, большасць дзейных асоб. Харэограф Дзмітрый Якубовіч, для якога "12 крэслаў" сталі дэбютам у якасці балетмайстра асобнага спектакля, падзяліў балет на дванаццаць сцэн. Такая пабудова выконвае адначасова некалькі функцый. Па-першае, развівае сюжэт, калі глядач паслядоўна знаёміцца са знакамітымі героямі рамана (мадам Грыцацуевай, Элачкай Шчукінай, студэнтамі Колькам і Лізай, мастаком Ізнурэнкавым), у якіх знаходзяцца крэслы. Па-другое, рознахарактарныя сцэны яднаюцца эксцэнтрычнасцю агульнай дзеі, даюць выканаўцам магчымасць іх адметны стыль. Для звычайных гледачоў апошняя рыса з’яўляецца праявай характараў дзейных асоб. А вось тэатралы з асалодай сустракаюць у харэаграфіі прамыя адсылкі на стылістыку і харэаграфію таго часу, калі адбываецца дзеянне балета. Больш за тое, "12 крэслаў" успрымаюцца як вяртанне да эксперыментаў знакамітых балетмайстраў Леаніда Якабсона і Касьяна Галейзоўскага. Па-трэцяе, выкарыстаная структура надзвычай добра падкрэслівае адметнасці трупы і хавае асобныя недахопы. Не сакрэт, балетны калектыў тэатра часцей за ўсё заняты ў аперэтах і мюзіклах, або выконвае класіку (нешматлікія выключэнні, кшталту балета "Мефіста" ў пастаноўцы У. Іванова толькі пацвярджаюць правіла). Спроба "загрузіць" выканаўцаў працяглай па часе і складанай, малазнаёмай для іх сучаснай харэаграфіяй магла прывесці да супярэчлівых наступстваў, паколькі ўзровень далёка не ўсіх артыстаў адпавядае высокім патрабаванням акадэмічнай балетнай трупы. Менавіта таму Д.Якубовіч увёў у пастаноўку вялікую колькасцю дзейных асоб і сачыняў харэаграфію, улічваючы іх магчымасці. У выніку толькі асобныя партыі (Бэндэра, Кісы, Лізы, Элачкі) прадугледжвалі выкананне віртуозных і тэхнічна-складаных элементаў. Але ўвесь цуд заключаецца ў тым, што агульная структура балета, яго харэаграфія цалкам адпавядае пастаўленым задачам. Фактычна, балетная трупа здолела "пераскочыць" і пераўзысці ўласны ўзровень. Напрыклад, Анастасія Красоўская асабіста мяне не вельмі пераконвала і ўражвала ў галоўнай партыі "Кармэн-сюіта". А вось у ролі Элачкі адбылося чароўнае пераўвасабленне. Актрыса здолела стварыць вобраз капрызнай, самазакаханай асобы, перадаць яе характар праз пластыку і рытм чарльстона, дзякуючы чаму сцэна заззяла яркімі фарбамі. Найбольш вялікай удачай спектакля стаў, на маю думку, вобраз Кісы Верабьянінава (Віталь Краснаглазаў). На першы погляд, відавочны прасцяк, які амаль поўнасцю залежыць ад ідэй і рашэнняў Бэндэра. Але калі прыглядзецца бліжэй, становіцца бачныя абрысы дваранскага мінулага "бацькі рускай дэмакратыі", культура (хоць і выяўленая праз парадыйную пластыку) таго класу, носьбітам якога ён з’яўляецца. Вось толькі Кіса настолькі зжыўся з маскай прасцяка, што ўжо не ўяўляе свайго існавання без яе. У параўнанні з Кісай вобразу Бэндэра крыху не хапае харызмы. Складваецца ўражанне, што А.Іваноў тлумачыць паводзіны свайго героя праз яго ўчынкі, а не характар. Але думаецца, танцоўшчык яшчэ засвойваецца ў прасторы партыі. Варта адзначыць шэраг дэталяў, якія шмат у чым фарміруюць агульную мастацкую атмасферу пастаноўкі. Напрыклад, за цешчай Кісы, што памірае, прыходзіць чырвонаармеец, а за ягонай спінай… крылы анёла. Чым не сімволіка, не зрокавае ўвасабленне тых сацыяльных зменаў, якія не вытрымала жанчына? Шмат у "12 крэслах" камічных момантаў, яны дакладна перадаюць атмасферу знакамітага твора Ільфа і Пятрова. Напрыклад, у розных частках пляцоўкі разгортваюцца сапраўдныя "жарсці": адна адлюстроўвае сцэну ў ложку паміж маладымі – Астапам Бэндэрам і мадам Грыцацуевай, іншая сімвалізуе спробы Кісы з гэткім жа імпэтам авалодаць багаццем, прыхаваным у чарговым крэсле. Нястрымны смех узнікае ў зале і тады, калі партрэт юнай і грацыёзнай мадэлі, які малюе Ізнурэнкаў, нечакана аказваецца лапідарным "чорным квадратам". Глыбокім і надзвычай шматзначным успрымаецца фінал балета. На экране, прымацаваным на заслоне, узнікаюць кадры кінахронікі 1930-х гадоў, прычым, на іх рэдка калі можна ўбачыць твары людзей. Але амаль на ўсіх прысутнічаюць машыны, станкі, дзеянне іх механізмаў. Чым не глыбокая аналогія з "вінцікамі" сістэмы, у якія пераўтварыўся чалавек? Зразумела, што кожны спектакль нельга ўспрымаць як ідэальны твор мастацтва. Застаецца толькі ўяўляць, якімі яркімі фарбамі мог заззяць ён, калі б пастаноўшчык змог бы яшчэ больш ускладніць харэаграфію. Тым не менш "12 крэслаў" успрымаюцца як безумоўны поспех Музычнага тэатра і, без перабольшвання, прэтэндуюць на статус адной з галоўных тэатральных падзей года. Дзяніс МАРЦІНОВІЧ. На здымку: Астап Бэндэр (Артур Іваноў) і Кіса Верабьянінаў (Віталь Краснаглазаў). |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by