Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Дзесяць негрыцянят" для Арфея: няўжо легкадумна? (2008 г., Культура)

"Дзесяць негрыцянят" для Арфея: няўжо легкадумна? (2008 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ДЗЕСЯЦЬ НЕГРЫЦЯНЯТ" ДЛЯ АРФЕЯ: НЯЎЖО ЛЕГКАДУМНА?

Выступленне акцёра Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Аляксея Грыненкі – гэта заўжды "асабістае выказванне", якое спалучае ў сабе незвычайны драматызм і выключную музычнасць. Ягоныя ролі – П’еро ў "Бураціна.by", Кот у "Брэменскіх музыках", Арфей у рок-оперы-балеце "Арфей і Эўрыдзіка" – кожная, як "маленькі цэласны твор", дзе ўсё арганічна, захапляльна, выразна, сучасна. Адкуль гэткая рухавасць, густ? Няйначай справа ў грунтоўнай акцёрскай школе, якую прайшоў і засвоіў Аляксей. Аднак падчас гутаркі адкрылася і яшчэ адна акалічнасць: артыст з’яўляецца дыпламаваным лінгвістам і літаратурным даследчыкам. Да ўсяго, зараз ён піша дысертацыю па амерыканскай драматургіі. 

– Усё пачалося з майго дыплома ў лінгвістычным універсітэце, які быў прысвечаны праблемам перакладу англамоўных мюзіклаў на рускую мову,– распавёў артыст,– а далей усё гэта мяне проста зацягнула. 

– А як жа твая вучоба ў Акадэміі мастацтваў? 

– А ў Акадэміі я быў усяго вольным слухачом… 

– ?! 

– Здзіўляешся? Усё вельмі проста: я паступіў на перакладчыка з англійскай і французскай моў у "іняз", але штосьці мне сумнавата стала на першым курсе, і я пайшоў у Акадэмію паглядзець, чаму там вучаць. Прышоў да іх на "танец", ды так і застаўся. Калі быў на трэцім курсе ва універсітэце і на другім у акадэміі, мне прапанавалі здаць экстэрнам экзамены, каб я мог атрымаць дыплом. Аднак дужа ўтульна пачуваўся ў ролі "вольнага мастака", таму і застаўся "сам па сабе": хадзіў на ўсе спецпрадметы, здаваў іспыты, мяне абмяркоўвалі гэтаксама, як і маіх "сапраўдных" калег-аднакурснікаў, але напрыканцы вучобы я атрымаў не дыплом, а даведку "вольнага слухача" з адзнакамі. 

– Не шкадаваў потым? 

– Мае веды былі і ёсць са мной. Да ўсяго, вольнае становішча падчас вучобы спрыяла таму, што я мог выбіраць ролі. Так што, зусім не шкадую. 

– Цікава, а чаму ты абраў менавіта музычны тэатр? 

– Нельга сказаць, што я з дзяцінства марыў аб гэтым, але аднойчы зразумеў, што гэта маё, бо адразу стала вельмі цікава. Памятаю, як да нас падчас навучання прыходзіў Барыс Іванавіч Луцэнка, запрашаў да сябе ў тэатр, нават прапанаваў мне ролю Лаэрта ў "Гамлеце". Але падумалася: "Божа мой! Гэта ж ні разу не праспяваць!" Напэўна, тады канчаткова і зразумеў, што хачу быць менавіта акцёрам мюзікла. 

– І твае чаканні спраўдзіліся? Не расчараваў абраны шлях? 

– Калі пытаешся пра Лаэрта, дык сёння, мабыць, я б пагадзіўся яго сыграць ужо для таго, каб паспрабаваць сябе ў новым амплуа. А калі пытанне датычыцца ўвогуле акцёрскай справы – аніякіх шкадаванняў няма. Можна сказаць, што мне шчасціць па жыцці: я займаюся любімай справай, і даспадобы тыя ролі, якія я іграю ў музычным тэатры, атрымліваю задавальненне ад сваёй навуковай працы. А калі пытаешся пра расчараванні ў прафесіі… 

– Так, менавіта пра іх і пытаюся… 

– Даўно ўжо не атрымліваю задавальнення ад наведвання айчынных спектакляў: нават перастаў сачыць за тым, што адбываецца на нашай сцэне, а раней жа не прапускаў ніводнай прэм’еры! Па маім сціплым меркаванні, і наш музычны тэатр не асабліва імкнецца наперад. 
Ёсць неблагія пастаноўкі, але ж, калі быць шчырым, мы засталіся ў мінулым стагоддзі, "у аперэце", калі свет рушыў далей.

– Патлумач: "далей" – гэта куды? 

– У мюзікл, які ўвесь час развіваецца. Ён пачынаўся з таго, што ў сцэнічную аснову твора "ўстаўляліся" музычныя нумары. Сёння гэта сімбіёз, калі нават не зразумела, дзе заканчваецца музычны нумар, а дзе пачынаецца драматычны эпізод, але ў пастаноўцы ўсё цэльна, арганічна, адно вынікае з другога. Дзеянне не разбіваецца музыкай і танцамі, а плаўна пераходзіць з адной формы ў другую. Мэта музычных фрагментаў – не пазабаўляць слухача, а, хутчэй, раскрыць унутраны канфлікт герояў: тады песні становяцца часткай твора, а не "ўстаўнымі нумарамі". 

Мюзікл звяртаецца і да надзённых пытанняў. За гэтыя "лёгкія творы" атрымлівалі нават Пулітцэраўскую прэмію! Згадайма "Кабарэ", "Нядзелю ў парку з Джорджам" Стывена Сондхайма аб жыцці мастака-імпрэсіяніста Жоржа Сёра, "Кардэбалет", "Пацалунак жанчыны-павука", "У лесе". Вэбер і Сондхайм у 70-ыя зрабілі рэвалюцыю ў музычным тэатры, таму што карэнным чынам змянілі падыход да музычнай пастаноўкі. Аказваецца, мюзікл можа гаварыць і на такія тэмы, як расавая дыскрымінацыя, сацыяльная няроўнасць, крызіс камунікацыі, праблемы СНІДу, як гэта адбываецца ў мюзікле "Багема". 

На жаль, такі падыход не самы распаўсюджаны ў нашым тэатры, хаця не аспрэчыш: рэпертуар мусіць быць разнастайным… 

– Але ёсць жа паняцце "старой школы"… 

– Але паўстае і "новая". Напраўду я ўдзячны лёсу за тое, што маім педагогам быў Барыс Утораў. На занятках ён проста "выбіваў" з нас штучнасць, ненатуральнасць, пазёрства: прымушаў нас паглыбляцца ў Гогаля, Дастаеўскага, каб мы ўяўлялі, што працуем амаль што ў драматычным тэатры. І толькі потым, калі мы пачыналі ўсведамляць, што адбываецца ў душы героя, дазваляў нам спяваць. 

Мне становіцца вельмі сумна ад таго, што музычны тэатр у нас да гэтай пары атаясамліваецца са спеваком у баа, які гаворыць ненатуральным чынам і спявае выключна пра няшчаснае каханне. 

– І што ты прапануеш? Многія сур’ёзныя п’есы атрымаць не проста, само права на іх пастаноўку каштуе грошай. А гэта ж – толькі адна з шэрагу праблем… 

– Што да гэтага пытання, дык я апошнім часам часцяком з ім сутыкаюся. Мне зразумела, што добры твор, па-першае, знайсці нялёгка, па-другое, каштуе ён дорага, таму вырашыў пытанне радыкальна: разам з кампазітарам Ларысай Яканюк ствараю мюзікл па рамане Агаты Крысці "Дзесяць негрыцянят". 

– Згадваючы названую грамадскую значнасць мюзікла, што ж надзённага будзе ў тваім музычным творы? 

– А няўжо мой выбар падаецца легкадумным? Агата Крысці здольная не толькі выпісаць пакручасты сюжэт-загадку "А хто забойца?", але і трапна апісаць чалавечыя характары. У яе творах кожны персанаж прадуманы, выразна акрэслены, чаго часам вельмі бракуе тэлевізійным экранізацыям яе дэтэктываў. 

Я ўзяў раман "Дзесяць негрыцянят" таму, што мне хочацца праз яго звярнуцца да сумлення чалавека, задаць у гэтым мюзікле пытанні "Ці часта мы ўступаем у дыялог са сваім сумленнем?", "Як можам жыць са сваімі грахамі?", "Хто мае права судзіць нас?". Мне хочацца паразважаць на тэму "злачынства і пакарання", і, падаецца, "Дзесяць негрыцянят" даюць магчымасць востра паставіць гэтыя пытанні. 

Прызнаюся, "цісну" на кампазітара, бо для мяне вельмі важна, калі пачынае спяваць кожны з герояў, і што ён хоча сказаць у сваёй "споведзі". Мне хочацца стварыць асаблівы дыялог з публікай, каб кожны падчас прадстаўлення задаў сабе пытанне: "Хто забойца? Магчыма, гэта я?" 

– Сапраўды, твая задума інтрыгуе… І на якім вы зараз этапе? 

– Завяршаем працу над першым актам. У маім эксперыменце задзейнічаны акцёры і Купалаўскага тэатра, і нашага. Спадзяюся, што атрымаецца няблага. На днях мы хочам запісаць гатовы матэрыял для таго, каб прапанаваць яго да пастаноўкі… усім, каму гэта можа быць цікава. 

– Значыць, ты ўласным прыкладам спрабуеш выправіць становішча, якое цябе не задавальняе? 

– Мяркую, так і трэба рабіць. Можна колькі заўгодна гаварыць, што ўсё дрэнна, "седзячы ў запечку". А я выбіраю іншы шлях! Не ведаю, чым мая задума скончыцца, але быў бы вельмі рады ўбачыць свой твор на сцэне, пастаўленым наналежным узроўні рэжысёрам, які мысліць сучаснай сцэнічнай мовай. 

– Жадаю табе поспеху! 

– Дзякуй!

ДАВЕДКА 

Аляксей ГРЫНЕНКА нарадзіўся 29 сакавіка 1978 года ў горадзе Стоўбцы. Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага універсітэта як спецыяліст па англійскай і французскай мовах, магістр літаратуразнаўчых навук. Прайшоў курс навучання ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці "акцёр музычнага тэатра" (майстэрня Б. Уторава). Зараз піша дысертацыю на тэму "Амерыканская драматургія". Дыпламант Фестывалю-конкурсу школ грэчаскай драмы-98 у горадзе Пафас (Кіпр), І Міжнароднага конкурсу маладых акцёраў аперэты імюзікла імя Курачкіна (2006 г.) у Свярдлоўску (Расія). 

АНКЕТА "К"

1. Колер, які натхняе. 


Усе колеры. Любімых няма. 

2. У якую пару года падабаецца працаваць? 

У час, калі ідзе дождж. 

3. Любімы мастак. 

Жорж Сёра. 

4. Найбольш яркі акцёр, актрыса.

Мэрыл Стрып. Сярод мужчын ідэала няма. 

5. Любімы твор. 

"Атлант расправіў плечы" Айн Рэнд.

6. Што слухаеш? 

Музыку Стывена Сондхайма.

7. Радзіма – гэта што?

Тое месца, дзе адчуваеш інтэлектуальны камфорт. 

8. Любімая кветка. 

Алеандр.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ. 
Культура. – 2008. – 15 сак.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: