Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Джаз, дзяўчаты і Чыкага (2010 г., Мастацтва)

Джаз, дзяўчаты і Чыкага (2010 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДЖАЗ, ДЗЯЎЧАТЫ І ЧЫКАГА

Хто і як адкрывае Амерыку?

press2010-159b Адна з апошніх па часе прэм’ер Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра – музычнае рэвю "Аднойчы ў Чыкага", створанае па матывах брадвейскіх мюзіклаў.

Агульнавядома, што ісціна нараджаецца як ерась, а памірае як забабоны. У 2003 годзе музыказнаўца Вольга Брылон апублікавала ў "Вячэрнім Мінску" досыць рэзкі артыкул, у якім даказвала, што музычны тэатр павінен звяртаць больш увагі на брадвейскія жанры. Да таго часу амерыканская спадчына ўжо ставілася на сцэне тэатра: "Хэло, Долі!" Джэры Германа (1992) і "Цалуй мяне, Кэт!" Кола Портэра (1998). Але найбольшыя спадзяванні і аўтар артыкула, і музычная грамадскасць звязвалі з першымі спробамі выпускнікоў "эксперыментальнага" курса Барыса Уторава, якія вучыліся ў Беларускай акадэміі мастацтваў (рэжысёр Настасся Грыненка, салісты Ілона Казакевіч, Кацярына Дзегцярова, Дзмітрый Якубовіч i Аляксей Грыненка).

Цікава, што вучні Уторава ажыццяўлялі свае творчыя пошукі на самых розных пляцоўках, але толькі не ў сябе "дома". Цягам апошняга дзесяцігоддзя імі былі паказаны мюзікл Рычарда i Роберта Шэрманаў "Мэры Попінс збірае сяброў" у малой зале Палаца Рэспублікі, "Папялушка" Рычарда Роджэрса ў канцэртнай зале "Мінск", рэвю "Прывітанне, Брадвей!" на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі (рэжысёр усіх пастановак – Настасся Грыненка). "Амерыканскія павевы" досыць доўга не былі запатрабаваныя ў Музычным тэатры. Калі сёлета, на пачатку года, там змянілася кіраўніцтва, нечакана высветлілася банальная ісціна: без амерыканскіх мюзіклаў, якія ставяцца па ўсім свеце і патрабуюць ад выканаўцаў высокай тэхнікі – спеўнай, танцавальнай, размоўнай, творчае жыццё тэатра будзе абмежаваным.

Чым жа адметны мюзікл? Для яго характэрныя вострыя драматычныя калізіі, вялікая дынамічнасць дзеяння, разнастайнасць музычна-песенных форм. Даследчыкі лічаць, што вытокі мюзікла – у такіх жанрах, як рэвю, мюзік-хол, шоу, мінстэл-шоу, а сам ён з’яўляецца адной з разнавіднасцей рок-оперы. Мюзікл – вядучы камерцыйны накірунак на лонданскіх і нью-ёркскіх сцэнах і моцна ўплывае на развіццё сусветнай забаўляльнай культуры. Да найбольш папулярных твораў гэтай плыні належаць два мюзіклы Эндру Лойда Уэбера – "Cats" ("Коткі") і "Phantom of the Opera" ("Фантом оперы"). Лонданская прэм’ера першага адбылася амаль 30 гадоў таму, першы паказ другога – больш за 20 гадоў таму. З таго часу яны не сыходзяць з вядучых сцэн свету.

Але вернемся ў Мінск. Сусанна Цырук, аўтар лібрэта і рэжысёр-пастаноўшчык "Аднойчы ў Чыкага", выкарыстала ў рэвю сюжэт знакамітай камедыі "У джазе толькі дзяўчаты" (1959). У Чыкага часоў Вялікай дэпрэсіі саксафаніст Джо (Дзмітрый Якубовіч) і кантрабасіст Джэры (Дзяніс Мальцэвіч) становяцца сведкамі злачынства, здзейсненага мафіяй. Каб выратаваць уласныя жыцці, яны ўладкоўваюцца ў джазавы аркестр Світ Сью (Святлана Мацыеўская). Але паколькі калектыў жаночы, сябры пераапранаюцца (Джо становіцца Джазэфінай, Джэры – Дафнай) і накіроўваюцца далей ад гангстараў у сонечнае Маямі. Там, акрамя камічных сітуацый, Джэры чакае празмерная ўвага з боку мільянера Осгуда Філдынга (Ігар Бычкоў), а Джо – каханне да салісткі Шугар Кейн (Настасся Цялежнікава-Шапо, Леся Лют).

Да гэтага сюжэта Сусанна Цырук звяртаецца не ўпершыню. У сезоне 2003/2004 яе спектакль пад назвай "У джазе толькі дзяўчаты", пастаўлены ў Новасібірску, нават атрымаў расійскую "Залатую маску". Прычым у тым спектаклі прымалі ўдзел саліст нашага тэатра Дзяніс Нямцоў і балетмайстар Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч. Але мінская прэм’ера не стала механічным пераносам. Рэжысёр перапісала асобныя дыялогі, дадала некаторыя музычныя нумары, ды і выканаўцы вядучых партый былі, натуральна, зусім іншыя. Зрэшты, такі падыход не выклікае здзіўлення. Цырук пачынала сваю дзейнасць менавіта ў Беларусі і паставіла тут шэраг цікавых спектакляў ("Травіята" дагэтуль ідзе ў Тэатры оперы і балета). Больш за дзесяць гадоў таму Валерый Гергіеў запрасіў Сусанну ў Марыінскі тэатр, і з таго часу рэжысёр існуе ў еўрапейскай сістэме каардынат.

Думаецца, менавіта гэты перыяд і сфарміраваў творчы почырк і асаблівасці працы Цырук. Заходнія рэжысёры не абавязаны заставацца з пэўнай трупай, яны ставяць па ўсім свеце, прычым кантракты заключаюцца на некалькі гадоў наперад. З аднаго боку, гэта стымулюе пастаноўшчыкаў адказна ставіцца да прафесіі, не расцягваць да бясконцасці ўласныя пошукі. З другога – такі падыход і жорсткі графік далёка не заўсёды спрыяюць творчым адкрыццям. Бо прымушаюць адшліфоўваць да бляску гатовы ці часткова падрыхтаваны прадукт, а не займацца вырабам нечага абсалютна новага.

Яшчэ да прэм’еры Сусанна Цырук прызнавалася, што якасць спектакля яна ацэньвае па прынцыпе "цікава – нецікава". Калі падыходзіць да "Аднойчы ў Чыкага" менавіта так, спектакль сапраўды трымае глядацкую ўвагу. Паміж музычнымі фрагментамі рэвю нельга знайсці прыкметных швоў, якія заміналі б прагляду (дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў). Дыялогі змяняліся музычнымі нумарамі, прычым ніводны з іх не выглядае як устаўны, дывертысментны. Цырук прадэманстравала высокі ўзровень прафесіяналізму.

Адмысловай і канструктыўна-зручнай аказалася і сцэнаграфія Таццяны Каралёвай (шкада, праўда, што яна чамусьці вельмі нагадвала вырашэнне Людмілай Ганчаровай новасібірскага спектакля). Канструкцыя, размешчаная на сцэне, пераўтваралася то ў памяшканне майстэрні, то ў будынак вакзала, то ў палубу яхты. Калі ў мюзікле добра рухаюцца танцоўшчыкі (балетмайстар-пастаноўшчык Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч), гэта зразумела, але такім жа пластычным аказаўся і хор (хормайстар-пастаноўшчык Святлана Пятрова), які рухаўся адпаведна дынаміцы, зададзенай рэжысёрам.

Акцёрскія працы пакінулі супярэчлівае ўражанне. З аднаго боку, у канкрэтна ўзятым спектаклі яны выглядалі выразна. У мужчынска-жаночых партыях напоўніцу выявіў уласныя таленты камедыйны дуэт Дзмітрыя Якубовіча і Дзяніса Мальцэвіча. Асабліва хочацца адзначыць першага. Колькі ў яго творчай біяграфіі можна налічыць "прынцаў" і рамантычных герояў! Здавалася б, штампы непазбежныя… Але і цяпер сцэны з удзелам саліста ўспрымаліся як кранальныя і шчырыя. З другога боку, некаторыя выканаўцы папросту капіравалі сябе ранейшых. Напрыклад, катэгарычная і рашучая з выгляду Світ Сью нагадвала харызматычна-адмоўных гераінь, якіх Святлана Мацыеўская спявала ў мюзіклах Настассі Грыненка.

Спектакль мае шмат станоўчых якасцей, але заслугоўвае і шэрагу крытычных заўваг. Рэвю, заснаванае на мюзікле "У джазе толькі дзяўчаты", чамусьці атрымала назву "Аднойчы ў Чыкага". Прычым дзеянне ў пазначаным горадзе адбываецца толькі ў першых сцэнах, а потым перамяшчаецца ў Маямі. Складваецца ўражанне, што пастановачная група спадзявалася такім чынам прывабіць публіку, якая, магчыма, і не заўважыць розніцы паміж гэтым спектаклем і знакамітым мюзіклам "Чыкага". Не зусім удала пабудавана сцэна, у якой гангстары незнарок забіваюць адзін аднаго. Па сюжэце яны ўрываюцца ўслед за дзяўчатамі ў жаночую прыбіральню, дзе чуюцца стрэлы. Палова гангстараў на чале з важаком Спатсам Палаца (Аляксандр Крукоўскі) забіты. Але куды падзеліся патэнцыйныя ахвяры? Няўжо ў памяшкання два ўваходы? Недарэчным, на маю думку, успрымаецца ўстаўны эпізод з медсястрой і старым у інваліднай калясцы.

У тым выпадку, калі музычны тэатр пэўнай краіны некаторы час існаваў адасоблена ад агульнаеўрапейскіх або амерыканскіх музычных традыцый, ён вымушаны праходзіць шлях паўтарэння і засваення дасягненняў сусветнай музыкі. Толькі тады ён можа зрабіцца паўнавартасным. Пастаноўка "Аднойчы ў Чыкага" далучае беларускага гледача да лепшых прыкладаў сусветнага мюзікла, а нашай публіцы ён амаль незнаёмы.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Мастацтва. – 2010. – № 12. – С. 22–23.

На здымку: Леся Лют (Шугар), Дзмітрый Якубовіч (Джо).



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: