« Назад ДЗВЕСЦЕ АЎТАРАЎ ДЗІЦЯЧАЙ ОПЕРЫ
Аматары тэатральнага мастацтва ведаюць, што ў канцы мінулага года на базе тэатра музкамедыі адкрыўся дзіцячы музычны тэатр "Казка". Як сказаў мастацкі кіраўнік гэтага калектыву дырыжор Глеб Аляксандраў, надзённым пытанне яго адкрыцця было вельмі доўгі час, бо, у адрозненне ад усіх астатніх рэспублік былога Саюза, у нас на Беларусі не было свайго дзіцячага музычнага тэатра. А дзяржаўныя тэатры, якія знаходзяцца на датацыі, проста задыхаюцца ад недахвату сродкаў нават на элементарнае існаванне, не гаворачы ўжо аб пашырэнні дыяпазону творчасці.
I вось у гэтых умовах Глебу Аляксандраву ўдалося стварыць новы тэатр! Не будзем удавацца ў падрабязнасці гэтага шматпакутнага шляху, які доўжыўся многія гады, – зазначым толькі, што тэатр існуе і пацвярджае гэта сваёй паўнакроўнай дзейнасцю. Не прайшло і паўгода з дня яго афіцыяльнага адкрыцця, а ўжо выпушчаны тры спектаклі. Два першыя – "Асцярожна! Баба Яга!" і "Гісторыя Кая і Герды" ўжо вядомы юным прыхільнікам тэатральнага мастацтва. Опера С. Баневіча "Гісторыя Кая і Герды" – наогул вельмі адметны спектакль, проста неверагодна, што малады калектыў бліскуча справіўся з гэтай складанай пастаноўкай. Канешне, поспеху гэтага спектакля спрыяла тая акалічнасць, што за яго пастаноўку ўзяліся прызнаныя майстры сцэны з Санкт-Пецярбурга – рэжысёр Юрый Аляксандраў і сцэнограф Вячаслаў Окунеў, чые імёны добра вядомы нават за мяжой. Але відавочным быў і ўзросшы выканаўчы ўзровень нашых артыстаў. Яны атрымалі першы вопыт работы над опернай партыяй, і ён аказаўся паспяховым. Менавіта пасля гэтага спектакля пра тэатр "Казка" загаварылі ўсур'ёз. I вось апошняя прэм'ера, якая адбылася зусім нядаўна, 2 красавіка – спектакль "Чараўнік" на музыку англійскага кампазітара Дарла Рансуіка. Як бачым, пра беларускі дзіцячы музычны тэатр ведаюць нават у Лондане. Д. Рансуік быў на прэм'еры спектакля "Гісторыя Кая і Герды". Зацікавіўшыся гэтым тэатрам, вырашыў з ім супрацоўнічаць. Ён прапанаваў ажыццявіць на нашай сцэне пастаноўку сваёй дзіцячай оперы. Твор гэты вельмі своеасаблівы, бо ў яго канву павінна арганічна ўплятацца і творчасць саміх дзяцей. Рамкамі оперы служаць прэлюдыя і фінал, а ўсе шэсць цэнтральных сцэн павінны прыдумаць самі дзеці – распрацаваць сваю музыку і сваю пастаноўку. У партытуры ёсць толькі асноўныя ўказанні, у якім накірунку павінна працаваць кожная з шасці груп. Вось дзе адкрылася шырокае поле творчасці для дзяцей, у якіх ёсць цяга да музыкі і тэатральнага мастацтва! Па-першае, пры тэатры ўжо існуе дзіцячая студыя, а па-другое, з некалькіх мінскіх школ былі запрошаны групы дзяцей, якія займаюцца музыкай і харэаграфіяй. Такім чынам, у падрыхтоўцы спектакля "Чараўнік" было занята больш двухсот дзяцей. З імі працавалі іх педагогі і галоўны хорманстар дзіцячай студыі Тамара Гуліна. Каардынатарам паміж школамі і пастаноўшчыкамі стала Наталля Аляксандрава. Дзеці пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў унеслі істотныя змены ў лібрэта, унеслі і адзнакі нацыянальнага каларыту. Распрацоўваючы музыку да кожнай з шасці карцін, яны выкарыстоўвалі мелодыі беларускіх народных песень, спрабавалі сачыняць самі. I што адметна, спектакль гучыць на англійскай і беларускай мовах. Рэжысуру гэтага спектакля ажыццявіў Вячаслаў Цюпа. У гэтым спектаклі ёсць толькі адзін персанаж, ролю якога павінен выконваць прафесіянальны акцёр. Гэта Настаўнік музыкі, які потым ператвараецца ў Чараўніка і якога вельмі любяць дзеці за яго добразычлівасць і душэўную шчырасць. Гэту ролю выконвае заслужаны артыст рэспублікі Герман Казлоў. З уласцівай яму непасрэднасцю і дакладным адчуваннем сітуацыі ён вельмі арганічна ўліваецца ў гэту дзіцячую стыхію. Калі і далей такія формы работы з дзецьмі будуць пашырацца, то ў хуткім часе мы будзем мець нешта падобнае на славуты маскоўскі дзіцячы тэатр пад кіраўніцтвам Наталлі Сац. Можа, яшчэ рана праводзіць такія аналогіі, але ўпэўнены поступ маладога тэатра вельмі абнадзейвае. Зоя ЛЫСЕНКА. |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by