Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Эмігранты ў цырку: "Містэр Ікс" у Музычным (Дзяніс Марціновіч, Мастацтва", 2013, № 7)

Эмігранты ў цырку: "Містэр Ікс" у Музычным (Дзяніс Марціновіч, Мастацтва", 2013, № 7)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЭМІГРАНТЫ Ў ЦЫРКУ: "МІСТЭР ІКС" У МУЗЫЧНЫМ

13-185a Агульнавядома, што сярод жанраў тэатральнага мастацтва ў найбольшым крызісе цяпер знаходзіцца аперэта. На гэта ўплываюць шмат якія абставіны. Прадказальнасць сюжэта з абавязковым шчаслівым фіналам. Тры пары выканаўцаў (герой – гераіня, прастак – субрэтка, дуэт сталых салістаў), вобразы якіх даўно пераўтварыліся ў штампы. А яшчэ тры абавязковыя дзеянні, якія доўжацца тры гадзіны. Гэта не заўсёды прымальна для сучаснага гледача, які прызвычаіўся да іншых, больш лаканічных спектакляў. Характэрна, што адзін з лепшых калектываў постсавецкай прасторы, Свярдлоўскі тэатр музычнай камедыі, які летась завітаў у Мінск з гастролямі, здзівіў узроўнем сваіх мюзіклаў. А вось іх аперэта выглядала абсалютна традыцыйна.

У такой сітуацыі бачыцца некалькі варыянтаў выхаду з крызісу.

Самы просты – пакінуць усё, як ёсць. Нездарма для савецкіх музычных спектакляў было характэрна арыентацыя на кананічны тэкст (лібрэта і музычны), прычым крок налева ці направа кваліфікаваўся як крамола. Нядзіўна, што спробы Барыса Эйфмана выкарыстаць падчас стварэння музычнай асновы харэаграфічнага спектакля метад калажу ўспрымаўся крытыкамі ў штыкі. Праява менавіта кананічнага падыходу ў рэпертуары Музычнага – "Лятучая мыш". Пастаўленая ў 1981-м і ўзноўленая ў 2001-м, яна напоўніцу адлюстроўвае савецкую тэатральную эстэтыку.

Сучасныя тэндэнцыі падказваюць іншыя варыянты. Адзін з іх прадугледжвае трансфармацыю трох дзей у дзве, за кошт чаго дасягаецца кампактнасць і скарачаюцца эпізоды, якія запавольваюць дзеянне. Рэалізацыю такога падыходу – як больш удалую ("Сільва"), так і менш паспяховую ("Граф Люксембург") – прадэманстравала ў Музычным тэатры Сусана Цырук.

Магчымы варыянт, пры якім агульны фармат застаецца амаль некранутым. Але каб зрабіць спектакль больш актуальным для гледача, падзеі аперэты могуць быць перанесены ў іншыя час і месца, а ў лібрэта ўнесены пэўныя змены. Напрыклад, дзеянне "Лятучай мышы", пастаўленай у маскоўскім Вялікім тэатры Васілём Бархатавым, адбываецца на лайнеры.

Менавіта гэтым шляхам у "Містэры Ікс" пайшла Ганна Маторная. Таму апеляцыя да лібрэта, вядомага гледачам па савецкіх пастаноўках і экранізацыях, як мінімум, недарэчная. Рэжысёрскія пошукі знаходзіліся ў рэчышчы агульнаеўрапейскіх тэндэнцый. Таму крытэрый мусіць быць іншы – не "навошта нам змены?", а "Ці адпавядваюць змены логіцы дзеяння?".

Канцэпцыя Маторнай выглядала дастаткова арыгінальнай. Рэжысёр трактавала цырк як мадэль свету, а герояў аперэты – як эмігрантаў, якія прыехалі ў Парыж, але адчуваюць сябе чужымі гэтаму гораду. Пэўныя змены ў лібрэта мусілі іначай расставіць акцэнты ў спектаклі. Што датычыцца трансфармацый у апошнім "Містэры Ікс", дык выглядаюць яны па-рознаму. Так, сваяцтва Пуасон з маркізай Пампадур успрымаецца як абсалютна штучнае. Але сам вобраз мадэмуазэль Пуасон – адзін з самых яркіх у спектаклі. Пераўтварэнне сакратара ў сакратарку надало пастаноўцы дадатковую інтрыгу, а для Лідзіі Кузьміцкай роля стала творчай удачай.

На жаль, канцэпцыя Ганны Маторнай спрацавала хутчэй у сцэнаграфіі (мастак Любоў Сідзельнікава). А вось у самім спектаклі яе не адчувалася. Цяжка сказаць, чыя тут віна: выканаўцаў, якія працягвалі існаваць у межах традыцыі, або рэжысёра, якая не змагла давесці да артыстаў уласнае разуменне вобразаў Імрэ Кальмана. Фактычна гледачы ўбачылі як навацыі, так і элементы старой "Прынцэсы цырка" ў новых інтэр’ерах. Але змены ў лібрэта (напрыклад, тое ж перайменаванне рэстарана) былі зроблены менавіта пад новую канцэпцыю. А паколькі яна не спрацавала, асобныя сюжэтныя хады проста павіслі ў паветры.

Згадзіцеся, тэатру было куды прасцей паставіць традыцыйны касавы спектакль. Замест гэтага Ганна Маторная паспрабавала ажыццявіць арыгінальную інтэрпрэтацыю кальманаўскай аперэты, але ўзняла занадта высокую планку, якую не змагла ўзяць. А ў выніку засталася ў палоне аперэтачнай традыцыі, з якой хацела вырвацца. Спадзяюся, рэжысёр яшчэ атрымае магчымасць наступную, удалую спробу ў Музычным тэатры.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ. 
Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ. 
Мастацтва. – 2013. – № 7. – С. 13.

На здымку: Тоні (Аляксандр Гелах), Мары (Ірына Кучынская).



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: