Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Фiлосаф у музыцы (2005 г., Рэспублiка)

Фiлосаф у музыцы (2005 г., Рэспублiка)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ФIЛОСАФ У МУЗЫЦЫ

Дырыжор Аляксандр Сасноўскі адзначыў свой двайны юбілей са зводным аркестрам і парадам дзесяці маэстра. 

Прафесія дырыжора – не з масавых. Сур'ёзныя знаўцы і прыхільнікі музычнага мастацтва ведаюць літаральна кожнага з той невялікай кагорты тых, хто працуе ў нашай краіне. Днямі яны сабраліся ў Беларускім музычным тэатры, каб адсвяткаваць 50-годдзе з дня нараджэння і 25-годдзе творчай дзейнасці яго галоўнага дырыжора Аляксандра САСНОЎСКАГА. 


Шлях у прафесію ў кожнага сур'ёзнага музыканта доўгі, тым больш у дырыжора, дзейнасць якога немагчыма ўявіць без грунтоўнай музычна-тэарэтычнай падрыхтоўкі. Так было і ў Аляксандра Сасноўскага: музычнае вучылішча ў родным Магілёве, потым – гады вучобы ў Беларускай і Ленінградскай кансерваторыях. Сярод ycіх cвaіх педагогаў Аляксандр Сасноўскі асабліва вылучае трох: у Беларускай кансерваторыі – Іосіфа Абраміса, які прывіў яму асновы дырыжорскага майстэрства, а ў Ленінградскай – Іллю Mycінa (бацьку ўcіх дырыжораў) і славутага Юрыя Цемірканава, пад кіраўніцтвам якога ён праходзіў асістэнтуру-стажыроўку. 

З Беларускім музычным тэатрам (на той час Тэатрам музычнай камедыі) Аляксандр Сасноўскі пачаў супрацоўнічаць у 1980 годзе, яшчэ будучы студэнтам Ленінградскай кансерваторыі. Яго першы настаўнік Іосіф Абраміс патэлефанаваў з Мінска і інтрыгуючым тонам сказаў: "Тэрмінова прыязджай – ёсць справа". Справа аказалася ў тым, што ў музкамедыі не было дырыжора для спектакля "Сільва". Сасноўскі без рэпетыцый, на якія ўжо не хапала часу, лёгка справіўся з пастаўленай задачай. З таго часу вось ужо 25 гадоў ён не парываў з гэтым тэатрам, а сёння з'яўляецца яго галоўным дырыжорам. 

Атрымаўшы некалі ад вядомых педагогаў каштоўныя ўрокі прафесіянальнага майстэрства, Аляксандр Сасноўскі цяпер шчодра аддае свой вопыт: ужо больш за 20 гадоў выкладае ў Беларускай акадэміі музыкі і мае cвaіх вучняў, якія ўжо caмі стаяць за дырыжорскім пультам, а некаторыя працуюць з маэстра ў адным калектыве. Аднак творчы дыяпазон Аляксандра Сасноўскага гэтым не абмяжоўваецца: ужо восьмы сезон ён з'яўляецца таксама галоўным дырыжорам сімфанічнага аркестра Брэсцкага тэатра драмы і музыкі (чарговы доказ таго, як шмат у жыцці паспяваюць зрабіць таленавітыя людзі). Дарэчы, урачыстасці з нагоды двайнога юбілею галоўнага дырыжора двух аркестраў пачаліся ў канцы верасня менавіта ў Брэсце, куды прыехалі вядучыя салісты музычнага тэатра на чале з яго дырэктарам і мастацкім кіpаўніком Аляксеем Ісаевым, каб прыняць удзел у святочным канцэрце. У музычным тэатры – другі віток урачыстасцей, ужо з удзелам прадстаўнікоў упраўлення культуры Мінгарвыканкома і Мінстэрства культуры, якія разам з віншаваннямі і падарункамі ўручылі юбіляру свае вышэйшыя ўзнагароды: Ганаровую грамату ўпраўлення культуры і Ганаровы знак Міністэрства культуры за значны асабісты ўклад у развіццё культуры Беларусі. 

Але сапраўднай уладарніцай гэтага вечара была яе вялікасць музыка. У выкананні зводнага аркестра з удзелам двух калектываў – мінскага і брэсцкага – гучалі творы розных жанраў і стыляў, ад класікі да мюзікла. Прыемнай нечаканасцю для прысутных стаў сапраўдны парад дырыжораў: аж дзесяць маэстра, змяняючы адзін аднаго, падымалюся на подыум перад аркестрам – кожны са сваёй адметнай выканальніцкай манерай і непаўторнай дырыжорскай пластыкай. Палова з іх – вучні Аляксандра Сасноўскага: ужо вопытны дырыжор Мікалай Макарэвіч, а таксама маладыя Аляксей Чарапко, Юрый Галяс, Марына Траццякова. Яшчэ адзін вучань юбіляра – Вячаслаў Чарнуха, які зараз з'яўляецца дырыжорам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Кагорту старэйшых знаных маэстра прадстаўлялі Пётр Вандзілоўскі – кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра і Андрэй Галанаў – галоўны дырыжор беларускай оперы, а таксама госці сталіцы: Аляксандр Куўшыннікаў – дырыжор Брэсцкага тэатра і Рыгор Сарока – дырыжор Маладзечанскага музычнага вучылішча. 

Сцвярджаюць, што дырыжор – гэта прафесія другой паловы жыцця: настолькі яна складаная і настолькі многа патрабуецца часу для таго, каб ёю па-сапраўднаму авалодаць. Таму сёння наш юбіляр можа лічыцца зусім яшчэ юным. Але ён здолеў ужо спасцігнуць у сваей прафесіі самае галоўнае: музыка – гэта вышэйшая філасофія. І нездарма менавіта самі дырыжоры называюць Аляксандра Сасноўскага філосафам у музыцы.

Зоя ЛЫСЕНКА.
Рэспублiка. – 2005. – 18 кастр.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: