Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Галі Абайдулаў сцвярджае мюзікл у Мінску (1998 г., Культура)

Галі Абайдулаў сцвярджае мюзікл у Мінску (1998 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГАЛІ АБАЙДУЛАЎ СЦВЯРДЖАЕ МЮЗІКЛ У МІНСКУ

Напрыканцы сезона ў сталічным Тэатры музычнай камедыі ладзіцца прэм'ера – мюзікл "Цалуй мяне, Кэт!". Гэта – трэцяя пастаноўка галоўнага рэжысёра, мастацкага кіраўніка тэатра Барыса Лагоды, і паводле ягоных слоў – этапная. Дапамагчы ажыццявіць гэтую справу запрошаны вядомы ў мінулым танцоўшчык, харэограф Галі Абайдулаў з Пецярбурга. Напярэдадні прэм'еры я сустрэўся з пастаноўшчыцкім "тандэмам", каб пацікавіцца асаблівасцямі новай пастаноўкі.

– Гэта адзін з тых мюзіклаў, які можна адаптаваць да ўмоў нашай "постсавецкай" сцэны, – кажа Барыс Лагода. – Мюзікл – з'ява англа-амерыканская, дзе сістэма шкалення акцёраў іншая, чым у нас. Акцёр мюзікла – гэта спяваючы танцоўшчык ці танцуючы спявак, сінтэтычны артыст, які аднолькава добра ўмее рухацца, спяваць і валодае навыкамі майстэрства акцёра. I менавіта мюзікл "Цалуй мяне, Кэт!", на маю думку, можа быць адаптаваны больш-менш лёгка да ўмоў нашага тэатра, які дагэтуль падзяляецца на хор, балет, салістаў, дзе кожны нясе сваю функцыю. Цяпер мы паспрабуем звесці ўсіх разам.

– Барыс Барысавіч, вы працуеце ў Мінску другі год, відаць, вывучылі густы нашай публікі. Ці ўлічваеце вы іх у новай пастаноўцы?

– Хтосьці з вялікіх грэкаў сказаў: "Я пішу свае п'есы не дзеля таго, каб вучыцца ў вас, а каб вас вучыць". Густы публікі розныя, да нас ходзяць звычайныя гарадскія жыхары, яны ідуць сюды за казкай, каб адпачыць ад шэрых будняў. Але і іх таксама трэба вучыць, узнімаць узровень успрымання, глядацкага мыслення. Тым больш, што сёння яны бачаць па тэлебачанні і на відэа фільмы, напрыклад, з маладым Траволтай, ці раскошныя шоу ў "Мулен Руж" і "Лідо". На нашай сцэне пакуль што падобны матэрыял не паказваўся. Мы будзем імкнуцца змяніць гэтае становішча. Аднак гэта не значыць, што мюзікл зойме ў нашым рэпертуары галоўнае месца.

– Ці мелі вы на мэце выхаванне публікі ў папярэдніх сваіх пастаноўках – "Капялюш Напалеона" і "Цыганскі барон"?

– Дзве папярэднія работы былі выпрабавальнымі. Мне трэба было праверыць у працы магчымасці артыстаў, знайсці кропкі сутыкнення з трупай, як і трупе – са мной, выявіць акцёрскія магчымасці. Нельга было разбураць звычайны лад, тэатр быў у дастатковай ступені рэпертуарны, тут ішла амаль цалкам аперэтачная класіка. Да таго ж, гадоў сем у тэатры не было творчага лідэра, рэжысёра, што таксама негатыўна паўплывала на трупу. Таму я і называю новую працу этапнай.

Сёння мюзіклы ставіць неабходна, гэта патрэба часу, мы ж жывем не ў 60-я гады. Як і ў кожным мюзікле, у гэтым шмат пластыкі, гэта закон жанру, у нас каля 25 танцавальных нумароў.

– I менавіта вялікай колькасцю пластычных нумароў тлумачыцца запрашэнне на пастаноўку сусветна вядомага харэографа Галі Абайдулава?

– Так, гэта асоба сапраўды сусветнай вядомасці. Я шчаслівы, што маэстра Абайдулаў пагадзіўся прыехаць да нас і што давялося з ім працаваць. Не памылюся, калі скажу, што ён – адзіны харэограф на абшары былога Саюза, які ўмее ставіць джазавую музыку. Гэта наша першая сумесная работа, і я вельмі задаволены, што мае акцёры, хор і балет атрымалі магчымасць сутыкнуцца з такім майстрам у непасрэднай працы. I я бачу, якое задавальненне яны атрымліваюць.

– Барыс Барысавіч, хацелася б запытацца пра іншых сябраў ансамбля пастаноўшчыкаў.

– Астатнія сябры калектыву пастаноўшчыкаў нашы, свае. Вырашэнне дэкарацый будзе вельмі нечаканым для гледачоў. Сакрэта адкрываць пакуль не буду, няхай прыйдуць і ўбачаць. З прычыны недахопу сродкаў мы не здолелі цалкам рэалізаваць сцэнічны вобраз. Гонар і хвала мастаку Яўгену Іванавічу Ждану, іншы на ягоным месцы проста адмовіўся б працаваць, бо ў нас, напрыклад, у перапрацоўку пайшоў станок са старога спектакля. Я вельмі ўдзячны Яўгену Іванавічу, што ён на гэта пагадзіўся. 

Дырыжор-пастаноўшчык Аляксандр Сасноўскі таксама зрабіў вельмі шмат. Цяжка было здабыць партытуру, частку мне давялося проста набыць за ўласныя грошы.

Для гледачоў будзе яшчэ нечаканасцю, што, напрыклад, у галоўнай ролі заняты Анатоль Касцецкі, якога прызвычаіліся бачыць акцёрам эпізоду. Гэта быў сур'ёзны крок і з майго, і з ягонага боку. Ён не вакаліст, хаця мае і слых, і голас. I мы пайшлі ад ягоных дадзеных, не робячы аперэтачнага героя, а скарыстоўваючы камізм персанажа. Наогул, у асноўным, заняты ўсе маладыя артысты, нават тыя, хто ў тэатры нядаўна: Святлана Качанава, якая прыехала да нас з Екацярынбурга, Сяргей Пронін, якога я "прывёз" з Новасібірска. Сярод іншых – студэнты Беларускай акадэміі музыкі Анатоль Олех і Антон Зенчукоўскі {Заянчкоўскі}. А таксама Анжэла Чумакова, Леся Лют, Ірына Шыцікава, Ірына Цярэнцева – карацей кажучы, моладзь, на якую цяпер уся апора.

– Дарэчы, як вы ставіцеся да самастойнай дзейнасці балетнай трупы вашага тэатра? Мяркую, што новая пастаноўка бадай што ўпершыню дае танцоўшчыкам магчымасць цалкам выкарыстаць сваю падрыхтоўку не ў балетным спектаклі.

– Я спавядаю адну ідэю: чым больш умее рабіць артыст, тым ён больш каштоўны для мяне. Калі артысты нашага балета танцуюць класіку, гэта вельмі добра. Галі Абайдулаў, дарэчы, таксама выхаваны на класіцы. Важна ўмець пайсці далей, не замыкацца ў яе рамках. Для танцоўшчыкаў гэтая праца павінна быць цікавая сваёй стылістыкай. Тут няма вялікіх балетных нумароў, але адбываецца зліццё салістаў, хору і балета. Калі дазволяць сродкі і рэалізуюцца далейшыя планы, гэтую працу з балетам мы ўзмацнім і ўзбуйнім. А што тычыцца гастрольнай дзейнасці, гэта трэба, патрэбныя паездкі, конкурсы. Аднак, з іншага боку, вы бачыце, што адбываецца ў нашым Вялікім тэатры, які цяпер цалкам раз'яднаны: балет – сам па сабе, опера – таксама, аркестр абслугоўвае два калектывы, а камбінат наогул застаўся па-за ўсімі. Для мяне гэта дзіўна: тэатр павінен аб'ядноўваць, а не наадварот. Нельга тэатр расцягваць па цэхах: цэх аркестра, цэх хору, цэх балета і салістаў. Усе мы – вялікая сям'я, кожны адказвае за сваю функцыю, але ў складзе агульнай справы. Таму для мяне было б пажадана, каб калектыў пачаў выязджаць цалкам. Цяпер для гэтага ёсць падставы. Калі ўсё атрымаецца добра, у лістападзе ў Швейцарыю балет паедзе разам з аркестрам. Потым, калі пацвердзіцца фармальная дамова аб культурным мосце паміж Пецярбургам і Мінскам, мы плануем павезці тры-чатыры назвы ў Піцер. Дарэчы, гэтая дамова стала магчымай дзякуючы асацыяцыі "Мир в XXI век", якая выступіла таксама і спонсарам спектакля "Цалуй мяне, Кэт!".

Размова з харэографам Галі Абайдулавым пачалася, зразумела, з пастаноўкі, а скончылася – таксама тэатральнымі стасункамі паміж Мінскам і Пецярбургам.

– Галі Мягазавіч, што вас зацікавіла ў гэтай працы? I, дарэчы, нагадайце, чым вы займаецеся апошнім часам?

– Пяць гадоў таму я скончыў сваю кар'еру танцоўшчыка і цяпер займаюся толькі пастановачнай дзейнасцю. У асноўным гэта работы ў Санкт-Пецярбургу. Летась у мяне было пяць спектакляў толькі ў Вялікім драматычным тэатры (БДТ). Наогул, драматычныя тэатры цяпер зразумелі, што без пластыкі не абысціся, час "радыётэатра" мінуў, артысты жадаюць спяваць і танчыць. Што да музычнага тэатра, дык пастаноўка ў Мінску – мая трэцяя праца. Перад гэтым былі два спектаклі ў Новасібірску – "Баль у Савоі" і "Сільва" – разам з Юрыем Аляксандравым. У Новасібірску мы і пазнаёміліся з Барысам Барысавічам. Ягоная жонка Ірына Шыцікава была там занята ў адной з пастановак. У той час Барыс Барысавіч і прапанаваў сумесную працу, а калі я пабачыў на свае вочы магчымасці Ірыны, пераканаўся, што трэба спрабаваць. Яна выдатна рухаецца, танчыць, маладая і прыгожая. Гэта тое, што патрэбна для сцэны, для мюзікла. Якой жа была мая радасць, калі я прыехаў у Мінск і ўбачыў, што тут такіх шмат!

Малады кардэбалет працуе вельмі ахвотна і азартна. Цудоўна працуе хор, спачатку існавала лёгкае напружанне ад невядомасці – што ж будзе? Аднак мы пачалі працаваць, пераходзячы з нумара ў нумар, і яны супакоіліся. Усё для іх стала арганічным і натуральным. Наогул, справа ў працаздольнасці. Чым больш жадання і душы ўключае ў працу артыст, тым большае задавальненне ён ад гэтага атрымлівае.

– Была названа неверагодная колькасць танцавальных нумароў у гэтым мюзікле. Мяркую, з кардэбалетам вы размаўлялі на зразумелай для абодвух бакоў мове. А вось з хорам ды спевакамі як? На пальцах?

– Не – і напэўна таму, што ў мяне вялікі вопыт працы з нетанцоўшчыкамі. Першае, дзе мне давялося з гэтым сутыкнуцца, быў драматычны тэатр, а потым кіно, дзе я рабіў вельмі шмат пастановак яшчэ ў той час, калі на "Ленфільме" здымалі па 40 стужак на год. Ужо тады я зразумеў спецыфіку працы з людзьмі, якія ніколі не займаліся танцам прафесійна. Дарэчы, у гэтым тэатры салісты вельмі добра падрыхтаваныя. Што казаць, вось прыклад: у свой першы прыезд у красавіку за 20 дзён я зрабіў з імі амаль увесь матэрыял, і яны яго вывучылі, хаця спачатку і сумняваліся, ці зручна будзе ім спяваць. А мы свядома пайшлі па прынцыпе мюзікла, інакш і не варта было пачынаць. У нас акцёры пражываюць і прапяваюць свае партыі ў танцы. Зразумела, тут няма супер-скачкоў і супер-падтрымак, гэта – наперадзе. Але тое, як мы пачалі, мне вельмі падабаецца.

– Тэатральныя сувязі паміж Пецярбургам і Мінскам трывала развіваюцца. Нядаўна ў БДТ з'ехаў наш лепшы рэжысёр Мікалай Пінігін...

– Так, і дарэчы, сваю нядаўнюю працу ў БДТ "Прихоти Марианны" паводле Мюсэ ён рабіў разам са мной. Ваш рэжысёр – выдатны, вельмі далікатны, вельмі тэатральны, інтэлігентны. З ім прыемна і лёгка працаваць.

Прэм'ера "Цалуй мяне, Кэт!" будзе паказана чатыры разы, 17, 18, 21 і 23 чэрвеня, ёй Тэатр музкамедыі закрые сезон, які вылучыўся значнымі і разнастайнымі падзеямі ў жыцці трупы. Спадзяюся, і завяршэнне будзе годным.

З пастаноўшчыкамі новага спектакля ў Тэатры музычнай камедыі размаўляў
Ігар КЛОКАЎ.
Культура. – 1998. – 13-19 чэвр. – С. 3, 5.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: