Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Гераіні аднаго спектакля (1986 г., Тэатральны Мінск)

Гераіні аднаго спектакля (1986 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГЕРАІНІ АДНАГО СПЕКТАКЛЯ

Дзве жанчыны сядзяць у тэатральнай грымёрцы, гартаюць фатаграфіі, старыя праграмкі спектакляў і разам з імі гартаюць старонкі свайго жыцця. Авацыі, прэм'еры і доўгая напружаная праца перад імі...

Дасведчаны тэатрал адразу ж пазнае сітуацыю са спектакля купалаўцаў "Тэатр – любоў мая" і... памыліцца. Гераіні гэтага нарыса працуюць у іншым тэатры – музычнай камедыі, – ды і на сцэну ім выходзіць не даводзіцца. Людзі іх прафесій з'яўляюцца на ёй толькі ў дні вялікіх тэатральных юбілеяў. Будуць у нашай маладой мінскай аперэты наперадзе яшчэ высокія "круглыя даты", і верыцца, што зусім не ў апошнім радзе вялікага тэатральнага прэзідыума будуць сядзець на сцэне Юлія Канстанцінаўна Раброва і Галіна Нікіфараўна Сердзюкова – грымёр і касцюмер.

Зусім розным быў іх шлях у тэатр, аднак ёсць у ім адно агульнае: невыпадковасць абранай прафесіі і немагчымасць існавання без музыкі, без мастацтва тэатра.

Прызванне. Нават самыя напышлівыя развагі аб ім успрымаюцца натуральна, калі гаворка ідзе пра акцёраў, рэжысёраў, музыкантаў. А тут – прафесіі, быццам бы, нятворчыя, у тэатральнай справе другарадныя. I раптам – прызванне. Ну што ж, паглядзім.

Ю. Раброва – сібірачка. У далёкім Омску прайшло яе школьнае дзяцінства, там і выспела нясмелае, але, як аказалася, неадольнае жаданне працаваць у тэатры. Напачатку быў Омскі музычны тэатр і была практычная вучоба, стараннае засваенне азоў прафесіі грымёра. У 1970 г. калектыў быў на гастролях у Мінску, дзе якраз фарміраваўся тэатр музычнай камедыі. Ю. Раброва атрымала запрашэнне загадваць у ім грыміравальным цэхам і нечакана для многіх прыняла яго. Як вядома, напачатку мінскі тэатр не меў уласнага памяшкання, а яго небагатая гаспадарка была раскідана па розных закутках.

"Як сёння памятаю," – расказвае Юлія Канстанцінаўна, – падводзяць мяне да дзвярэй і кажуць: вось ваш цэх. З хваляваннем пераступаю парог – і бачу пусты пакой... Так, цяжкасцей было багата, але пераадольваць іх дапамагаў энтузіязм, вера ў тое, што мы ствараем свой тэатр, што праз 2-3 гады будзем мець уласны будынак. На жаль, гэтыя гады расцягнуліся на дзесяцігоддзе, і ўсё ж з тэатра я не пайшла.

Азіраючыся назад, здзіўляюся сёння самаадданасці нашых салістаў і танцоўшчыкаў, якія ў мароз і вецер вярталіся часам дадому ў складаным, нязмытым у тэатры іспана-арыентальным грыме з "Баядэры" ці "Пацалунка Чаніты" – не было гарачай вады... Чаму я не пайшла з тэатра? Бо з тэатра пайсці немагчыма, калі ты любіш яго і калі ты ў ім – чалавек невыпадковы. А выпадковыя людзі ў нас не затрымліваюцца, яны выяўляюцца, як бы доўга і спрытна ні маскіраваліся. Вось зараз мы маем утульныя пакоі, абжыліся на спецыфічны інструментарый, і ўсё ж нядаўна некалькі маіх маладых супрацоўніц падалі заявы на звальненне. На развітанне сказалі мне: "Вось вы працуеце "па прызванні", а мы за гэткія грошы гібець над парыкамі не збіраемся!"

Мая субяседніца гаворыць гэта амаль спакойна – адбалела. А я ўсхвалявана думаю аб тым, што вось і прагучала другі раз гэта дзіўнае слова – прызванне. Прагучала ў іранічным кантэксце, але каб толькі ведалі тыя дзяўчаты, наколькі ў дадзеным выпадку дакладна.

Ю. Раброва – сапраўдны прафесіянал, у значнай ступені сааўтар сцэнічнага вобраза. Задоўга да прэм'еры пачынае яна пошукі грыму, парыка, дастасоўвае іх да вопраткі героя, сцэнаграфіі, светлавога афармлення. А знайшоўшы, стараецца тактоўна пераканаць акцёраў у неабходнасці менавіта такога малюнка, які падкрэсліць канцэптуальны стрыжань ролі і адначасова не будзе замінаць выканаўцу. Сярод апошніх цікавых работ Юлія Канстанцінаўна называе грым Сірано дэ Бержэрака (Р. Харык) і Кутузава (А. Ранцанц). Смела скажам, што гэтыя работы атрымаліся. Зрэшты, гледачы могуць пераканацца ў гэтым самі.

З асаблівай увагай ставіцца грымёр да артыстаў-дэбютантаў, якім трэба дапамагчы не толькі знайсці свой адметны і эфектны (спецыфіка жанру!) сцэнічны воблік, але і дадаць псіхалагічнай упэўненасці ў сабе.

Сярод самых дарагіх успамінаў майстра – памяць пра сумесную працу з Марселем Марсо і фотаздымкі з яго аўтографамі. Юлія Канстанцінаўна гаворыць, што найбольш уразілі яе сціпласць славутага міма, яго сардэчнасць у адносінах да яе, здавалася б, радавой памочніцы.

Сціпласць – і яе адметная рыса. Тактоўная, інтэлігентная, заўсёды "ў форме" – іншай у тэатры яе не бачылі. I я ўсё ж памыліўся, калі напісаў, што Ю. Раброва гаварыла са мной спакойна. Яна ўнутрана хвалявалася. I не толькі таму, што рэдка дае інтэрв'ю. А таму, што гаварыла аб самым дарагім – аб тэатры...

Больш доўгім і ў нечым нечаканым быў шлях у аперэту Г. Сердзюковай. Цікава і шчасліва пачынаўся творчы лёс артысткі Дзяржаўнага ансамбля песні і танца Калмыцкай АССР. Канцэрты, гастролі, прызнанне: Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета аўтаномнай рэспублікі, Юбілейная грамата ўрада Бурацкай АССР. I раптам нечаканы паварот лёсу "пакрыжаваў" творчыя планы. Муж – саліст-вакаліст – паступае ў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскву, і Галіна Нікіфараўна вырашае ахвяраваць артыстычнай кар'ерай дзеля сям'і. Замест святла рампы – сціплая і фізічна нялёгкая праца ў студэнцкім гардэробе, а затым яшчэ і праца дворніка. Пасля заканчэння ВНУ муж накіроўваецца салістам у тэатр музычнай камедыі БССР, уладкоўваецца сюды на дапаможную працу і Г. Сердзюкова.

– Не шкадуеце аб тым сваім даўнім рашэнні? – з гэтага пытання, па сутнасці, пачынаецца наша размова. Пасля хвіліны роздуму субяседніца адказвае: "Ведаеце, не. Я цвёрда была ўпэўнена ў адным: што не змагу быць далёка ад музыкі. I тут, у аперэце, я яе знайшла. А што не на сцэне, дык гэта не так важна. Там спявае муж, там іграюць людзі, для якіх я рыхтую касцюмы. I ўсе мы робім адну агульную справу. I я, дарэчы, лічу, што пэўны элемент творчасці ёсць і ў маёй працы касцюмера. У чыстым, старанна адпрасаваным і добра падагнаным сцэнічным касцюме артысту і іграць лягчэй. Акрамя таго, нам трэба быць, у нейкай ступені, і псіхолагамі: мы – апошнія, хто гаворыць з артыстамі перад іх выхадам на сцэну, і трэба не сапсаваць ім настрою, не ўзнерваваць, бо ўсё гэта так ці інакш выявіцца ў спектаклі. Даводзіцца часам залагоджваць іх пэўную рэзкасць, выкліканую своеасаблівым хваляваннем "перад стартам". А ўвогуле хочацца, каб усе мы былі заадно, каб вялікіх і малых нятворчых канфліктаў у тэатры было як мага менш".

I зноў, як бачым, гаворка ідзе аб прафесіяналізме і адданасці сваёй справе – двух кітах тэатральнага мастацтва. I для Г. Сердзюковай гэта не адцягненыя паняцці. Усе работнікі тэатра ведаюць яе як чалавека нераўнадушнага, прынцыповага, як энергічнага і клапатлівага загадчыка такой неспакойнай гаспадаркі, як касцюмерны цэх.

Рыхтуецца прэм'ера – і Галіна Нікіфараўна разам з калегамі сочыць за камплектаваннем касцюмаў, выбірае з акцёрамі ў магазінах горада адпаведны абутак, дапамагае падагнаць вопратку, выправіць недахопы пашыву. Ідзе чарговая "Мая чароўная лэдзі" – і галоўны касцюмер тэатра не пакідае кулісаў сцэны, ледзь паспяваючы па 5-6 разоў пераапранаць Элізу Дулітл. Аб сапраўдным, нефармальным аўтарытэце Г. Серзюковай сведчыць і тое, што да яе нярэдка звяртаюцца акцёры з просьбай акінуць крытычным вокам іх сцэнічны касцюм.

Усе сказаныя вышэй добрыя словы пацвердзіла і Наталля Віктараўна Гайда, якая адзначыла высокую адказнасць абедзвюх жанчын, іх чалавечую сардэчнасць і цеплыню. "Яны ўзнімаюць настрой, яны дапамагаюць нам выйсці да гледачоў са шчодрай усмешкай", – сказала славутая артыстка.

З вялікай прыхільнасцю пра агульную высокую пастановачную культуру тэатра гавораць і староннія людзі: удзельнікі Усесаюзнага фестывалю творчай моладзі, які праходзіў на базе нашай аперэты, гледачы і крытыкі з Ленінграда, Сочы, Калінінграда, дзе тэатр апошнім часам гастраляваў. I зноў – у гэтым вялікая заслуга грымёра і касцюмера.

"Што б я пажадала сабе на будучае?" – Г. Сердзюкова думае нядоўга: "Больш зручных і прасторных памяшканняў для працы, ну і, вядома, яскравых, цікавых спектакляў у нашым тэатры".

А я, размаўляючы з Ю. Рабровай і Г. Сердзюковай, з жанчынамі, якіх мы не бачым на сцэне, у думках пажадаў многім з тых, хто на ёй красуецца, хоць часцінку іх бескарыслівай адданасці любімай справе.

...Дзве жанчыны гартаюць у грымёрцы тэатральныя фатаграфіі, гартаюць старонкі ўспамінаў. I, відаць, не вельмі памыліцца той глядач, які прыме іх за гераінь спектакля купалаўцаў з простай і гучнай назвай: "Тэатр – любоў мая".

В. КАРАТАЙ.
Тэатральны Мінск. – 1986. – № 5.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: