Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Гогаль-могаль" ды іншыя стравы (Дзяніс Марціновіч, "Мастацтва", 2012, № 8)

"Гогаль-могаль" ды іншыя стравы (Дзяніс Марціновіч, "Мастацтва", 2012, № 8)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ГОГАЛЬ-МОГАЛЬ" ДЫ ІНШЫЯ СТРАВЫ

Гастрольны марафон Свярдлоўскай музкамедыі

Адной з найбольш яркіх і важкіх падзей музычнага жыцця сталіцы зрабіліся летнія гастролі Свярдлоўскага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі з Екацярынбурга, якія прайшлі на сцэне Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра.

Хто да нас прыехаў?

Апошнім часам Мінск паступова трапляе ў актыўную фестывальна-гастрольную плынь. Спектаклі "Панарамы" і "ТэАРТа" высока ўзнялі планку ўяўленняў, якім можа быць сучасны драматычны тэатр. Гастролі музычных тэатраў надараюцца непараўнальна радзей. І таму ёсць шмат прычын ужыць з нагоды прыезду свярдлоўскага тэатра азначэнне "ўпершыню". Упершыню за 20 гадоў існавання незалежнай Беларусі да нас наведаўся адзін з найбольш аўтарытэтных тэатраў на постсавецкай прасторы (у мінулым стагоддзі ён прыязджаў у Мінск аднойчы, у 1955-м); ён першым сярод савецкіх музычных тэатраў займеў статус акадэмічнага (у 1986-м) і лічыўся творчай лабараторыяй савецкай аперэты. Упершыню мы ўбачылі калектыў, дзе часта адбываюцца сусветныя прэм’еры (восем за апошнія чатыры гады). Упершыню змаглі ўбачыць тры спектаклі, ганараваныя "Залатой маскай" (а ўсяго екацярынбуржцы атрымлівалі яе ў розных намінацыях ажно 16 разоў).

Славутыя трупы, якія прыязджалі ў Мінск (маскоўскі Вялікі тэатр, Тэатр балета Барыса Эйфмана), паказвалі пераважна адзін-два спектаклі, якія выглядалі як візітоўкі і сведчылі пра апошнія дасягненні. У выніку аншлаг забяспечвалі агульны ажыятажны настрой і тэатралы са стажам. Екацярынбуржцы выправіліся да нас на тры тыдні. Калектыў хацеў пазнаёміць беларусаў са сваімі спектаклямі і часткова акупіць гастролі. Таму тэатр прадставіў увесь жанравы дыяпазон, каб ахапіць шырокую аўдыторыю. З дзесяці мюзіклаў, што ідуць на тамтэйшай сцэне, былі паказаны пяць, з шасці класічных аперэт — дзве, з шасці спектакляў, напісаных савецкімі і расійскімі творцамі, — два. Дзякуючы гэтаму мінчане мелі ўнікальную магчымасць скласці грунтоўнае ўяўленне пра тэатр.

Сярод найбольш моцных пастановак — два мюзіклы: "Мёртвыя душы" і "www.сіліконавая дурніца.net". Яны створаны кампазітарам Аляксандрам Пантыкіным у садружнасці з паэтам і лібрэтыстам Канстанцінам Рубінскім. Першы са спектакляў атрымаў чатыры "Залатыя маскі" ў 2011 годзе, другі — дзве ў 2008-м.

Інтэлектуальная фантасмагорыя

Ключом для інтэрпрэтацыі "Мёртвых душ" з’яўляецца жанр, пазначаны як "гогаль-могаль". Стваральнікі спектакля дасціпна абыгрываюць назву кулінарнага дэсерту: тут і адсылка да аўтара паэмы, і заяўка на выкарыстанне іншых твораў Гогаля, і спалучэнне неспалучальнага, паколькі такога жанру ўвогуле не існуе.

Вызначальная рыса пастаноўкі — фантасмагарычнасць, якая праяўляецца ва ўсіх аспектах. Перш за ўсё, у сюжэце, які развіваецца імкліва і непрадказальна. Адпаведна яму, Чычыкаў знаёміцца з Хлестаковым, які раіць наведаць губернскі горад N, дзе ён толькі што здзейсніў свой падман. Фантасмагарычнасць характарызуе ўсю творчасць Гогаля і становіцца кодам для ўваходжання ў свет яго твораў. Нездарма ў мюзікле цытуюцца "Вечары на хутары паблізу Дзіканькі", "Тарас Бульба", "Рэвізор", прычым гэта выглядае натуральна, вытрымана ў адным стылі.

Вынаходлівасць і багацце фантазіі ўласціва і сцэнаграфіі Сяргея Аляксандрава. Адным з яе асноўных элементаў выступае шахматна-шашачная дошка (часам яе выкарыстоўваюць як більярдны стол), якая першапачаткова ўспрымаецца сімвалам умоўнасці і гульні. Чаргаванне белых і чорных клетак нагадвае пра зменлівы лёс Чычыкава: "зацепил — поволок, сорвалось — не спрашивай". Раз-пораз дошка ўзнімаецца і ператвараецца ў рашотку-браму, якая падзяляе душы жывыя і мёртвыя.

На агульную ідэю працуе харэаграфія. Артысты "Эксцэнтрык-балета Сяргея Смірнова" (калектыву, які існуе ў складзе тэатра) увасабляюць жудасна-тагасветныя скокі памерлых сялян. Але ў пэўныя моманты і чыноўнікі, і дамы губернскага горада пачынаюць ужываць гэткую пластыку. Тут шмат сэнсаў: некалі і яны, на жаль, стануць мёртвымі, а калі цяпер і жывыя, ці шмат у іх шчырых чалавечых памкненняў? Нездарма і твар Хлестакова, натхняльніка авантуры па пакупцы душ, хавае чорная маска.

Эфектнасць пастаноўцы надае багацце парадыйных і фарсавых эпізодаў. Вобраз капітана-спраўніка Дармідонтава высмейвае оперныя штампы. Сцэна пакаяння памешчыкаў прымушае згадаць руціну, якую, пэўна, ніколі не сагнаць з тэатральных падмосткаў. Губернатар надзіва падобны да Напалеона. Гумарыстычна перайначваюцца ў харавых спевах афарызмы класіка (кшталту "Рэдкі конь даляціць да сярэдзіны Дняпра").

Надзвычай цікава назіраць за галоўнымі героямі. Калі Чычыкаў — асоба, чый характар склаўся (Яўген Талстоў дэманструе неверагодную віртуознасць, увасабляючы разнастайныя адценні вобраза "абаяльнага прайдзісвета"), дык Лізанька (Марыя Вінянкова) зведвае нечаканую эвалюцыю — ад сарамлівай выхаванкі манастырскай школы да паненкі-авантурысткі, вартай Чычыкава смеласцю, цынізмам і прагай грошай. Норавы губернскага горада не здаюцца архаічнымі, а рэцэпты і сродкі дасягнення поспеху, на жаль, актуальныя і ў наш час.

Па жанры спектакль можа быць акрэслены як інтэлектуальны мюзікл, у якім праз іронію і сінтэтычнасць дзеі выяўляюцца рысы постмадэрнізму. Творы Гогаля неаднаразова натхнялі кампазітараў на стварэнне опер і балетаў. Пастановачная група на чале з Кірылам Стражнёвым знайшла нечаканы ракурс успрыняцця Гогаля. Пераканала: вобразы і сюжэты класіка ідэальна адпавядаюць законам і жанру мюзікла. Прычым зрабіла гэта так паспяхова, што цяпер здаецца, быццам Гогаль прысутнічаў там заўжды.

"Сілікон, паўсюль адзін сілікон!"

Rеаlіtу-мюзікл "www.сіліконавая дурніца.net" у першую чаргу адрасаваны моладзі. Яго дзеянне адбываецца ў звычайнай расійскай школе, дзе адны вучні (Міця Агееў, Нора Ісаніна) цікавяцца вучобай і кнігамі, а другія (Дурэмар, Іра Карташова) ужываюць наркотыкі і падпрацоўваюць у стрыптыз-клубе. Правяральшчык, які прыехаў з Масквы, правёў ананімнае анкетаванне. Спроба вызначыць, каму належаць анкеты, справакавала ў школе надзвычайную сітуацыю…

Поспех спектакля звычайна абумоўлівае сукупнасць усіх яго элементаў. Найперш — актуальнасць і злабадзённасць праблем, акрэсленых у лібрэта. Праблема выдатнікаў і слабых вучняў, узаемаадносіны класа і "белых варон", супярэчнасці паміж бацькамі, залежнасць правінцыйных настаўнікаў ад кожнага чыноўніка са сталіцы, роля ўсёмагутнай паперкі…

Рэжысура Кірыла Стражнёва пабудавана на кантрасце розных прастораў — віртуальна-ідэальнага свету, у якім існуюць Нора (Марыя Вінянкова) і Міця (Мікіта Тураў), і агрэсіўнага рэальнага асяродка з вучнямі-антыподамі і настаўніцкай радай, што выступае ў ролі суддзяў. Імклівае чаргаванне сцэн забяспечвае неабходны дынамізм. З другога боку, узнікае думка пра штучнасць, несапраўднасць адносін, якія пануюць у рэальным свеце.

Шматзначная назва спектакля, калі актуальнасць узнікае праз абыгрыванне адраса сайта. Але разгадка і ў харэаграфіі Сяргея Смірнова, дзе танцоўшчыкі ўвасабляюць адзінкі і нулікі, элементы моў праграмавання. Сучаснае грамадства не можа існаваць без інтэрнэту і віртуальнага свету. Але ж і тэатр па сваёй сутнасці з’яўляецца суцэльным віртуальным праектам. Абыгрыванне словазлучэння — праз выраз "сіліконавая дурніца" — сведчыць пра пастку, у якую трапіла Нора: дасведчаная і інтэлектуальна развітая дзяўчына, яна з цяжкасцю арыентуецца ў рэальным жыцці.

"Сілікон, паўсюль сілікон!" — прамаўляе адзін з герояў. Атрымліваецца, што выйсцем для герояў становіцца сыход у самоту або ў віртуальны свет. Нездарма сцэнаграфія Аляксандрава ўяўляе гарадскія гмахі, кватэры ў якіх нагадваюць адзіночныя офісныя памяшканні. Толькі ў адзіноце магчыма паўнавартаснае існаванне. Выхад у рэальную прастору, да людзей пераўтвараецца ў трагедыю…

Азарт і бляск

Спектаклі, паказаныя тэатрам, дазваляюць казаць пра існаванне своеасаблівага "фірменнага стылю". Сцэнаграфіі пастановак уласцівы шматфункцыянальныя канструкцыі. Актыўна працуе камп’ютарная графіка. Прадуманая светлавая партытура. Харэаграфія адметная эксперыментальнасцю, спалучэннем класічнай асновы і сучасных павеваў (рэпу, хіп-хопа). Акцёры ўтвараюць на сцэне ансамбль, які дае магчымасць кожнаму праявіць індывідуальныя рысы і падпарадкоўваецца агульным рэжысёрскім задачам. Цікава, што з дзевяці спектакляў, паказаных у Мінску, амаль усе пастаўлены Кірылам Стражнёвым (выключэнне — "Кацярына Вялікая"), гэта забяспечвае адзінства пошукаў і адначасова іх жанравы дыяпазон.

Так, далёка не ўсе спектаклі адпавядаюць высокім эстэтычным ідэалам (расчаравала "Кацярына Вялікая", музычныя хронікі часоў імперыі, іх калектыў паказаў на адкрыцці гастроляў). Але калі ацэньваць Свярдлоўскі тэатр па лепшых пастаноўках, відавочна: не ў кожным горадзе можа існаваць трупа такога ўзроўню. Ад сезона да сезона захапляючы азартам, раскаванасцю, высокай прафесійнасцю, екацярынбуржцы выхавалі і прывучылі да такога бляску сваю публіку. Напэўна, гэта і дазваляе тэатру ўвесь час быць у авангардзе пошукаў расійскай музычнай сцэны.

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Мастацтва. – 2012. – № 8.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: